Глускі замак
Помнік абарончай архітэктуры | |
Глускі замак
| |
Глускі замак і кляштар бэрнардынаў, каля 1760 г.
| |
Краіна | Беларусь |
Мястэчка | Глуск |
Каардынаты | 52°53′28″ пн. ш. 28°41′19″ у. д. / 52.89111° пн. ш. 28.68861° у. д.Каардынаты: 52°53′28″ пн. ш. 28°41′19″ у. д. / 52.89111° пн. ш. 28.68861° у. д. |
Заснавальнік | Аляксандар Гіляры Палубінскі |
Статус | Ахоўная зона |
Глускі замак | |
Глускі замак на Вікісховішчы |
Глу́скі за́мак — помнік гісторыі і архітэктуры XVI—XVII стагодзьдзяў у Глуску. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на беразе ракі Пцічы. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ пачатку XVI ст. Юры Гальшанскі-Дубровіцкі сабраў у сваіх руках землі Глускай воласьці і збудаваў драўляны замак, які стаў цэнтрам новаўтворанага мястэчка Глуск Дубровіцкі (цяпер Глуск). Замак заклалі на месцы гарадзішча часоў Русі[1].
Па сьмерці князя Сямёна Юр’евіча Гальшанскага, сына заснавальніка мястэчка, у 1558 годзе замак ажно да 1626 году быў падзеленым паміж нашчадкамі і ня меў адзінага ўладальніка. Усталяваць адзінаўладзьдзе ў мястэчку Глуску і яго замку атрымалася ў Канстантына Палубінскага. У 1646 годзе замак успадкаваў ягоны сын Аляксандар Гіляры. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у сакавіка 1655 году драўляны замак спалілі казакі.
Па спаленьні Глуску казакамі сойм Рэчы Паспалітай надаў мястэчку падатковыя льготы. Сваім парадкам Аляксандар Палубінскі пачаў узвядзеньне на месцы былога драўлянага замку магутнай бастыённай фартэцыі. Паводле прывілею 1667 году, на тэрыторыі фартэцыі выдзялялася месца для касьцёла, кляштару і саду манахаў бэрнардынаў. Сам бастыённы замак маглі збудаваць паміж 1670 і 1675 гадамі.
У 1690 годзе па сьмерці дачкі Аляксандра Палубінскага Ганны Марыі Глуск і бастыённы замак перайшлі ў валоданьне да яе мужа Дамініка зь нясьвіскіх Радзівілаў. Яго ўнук Альбрэхт Радзівіл (1717—1791) адзіны з Радзівілаў абраў Глуск для сталага пражываньня. У 1784 годзе ён праз суд спрабаваў аспрэчыць права манахаў-бэрнардынаў на зямлю на тэрыторыі замку.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьПа другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Глуск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, пачаўся заняпад замка.
Найноўшы час
рэдагавацьПа Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зьнішчылі разьмешчаны пасярод замка кляштар бэрнардынаў. Значную школу ўчынілі будаўнічыя працы 1970-х гадоў.
У 1988 годзе на Глускай фартэцыі пачаліся археалягічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Генадзя Сагановіча. У гэты ж час з ініцыятывы мясцовых уладаў на яго тэрыторыі пачалося будаваньне спартовага комплексу ўлучна з стадыёнам і крытым фізкультурна-аздараўленчым комплексам, што прывяло да значнага пашкоджаньня помніка. Пачынаючы з 1996 году ініцыятыва ў дасьледаваньні Глускага замка перайшла да археоляга Ірыны Ганецкай.
Архітэктура
рэдагавацьСыстэма абароны першага драўлянага замка грунтавалася на драўляна-земляных фартыфікацыях: навокал замак абводзіўся ровам і земляным валам, на якім стаялі сьцены-гародні з блянкаваньнем. Замак меў дзьве драўляныя вежы, вежу-браму, а таксама невялікую фортку ў бок ракі Пцічы.
Новы бастыённы замак збудавалі ў традыцыях папулярнай на той час у Рэчы Паспалітай старагаляндзкай школы фартыфікацыі: 5-гранны паводле форме ўнутраны двор атачалі насыпаныя зь пяску і гліны курціны і бастыёны. Яны ўзвышаліся на ўзровень 5—7 мэтраў над дваром і прыкрывалі абаронцаў ад артылерыйскага абстрэлу. З боку мястэчка у курціне бліжэй да паўднёвага бастыёна збудавалі 3-павярховую мураваную вежу-браму, якая запіралася, апроч варотаў з двух абітых жалезам палотнішчаў, таксама каванымі герсамі і пад’ёмным мастом-узводам. Унутры замка знаходзіліся розныя гаспадарчыя і жылыя памяшканьні, а таксама цэйхгаўз, збудаваны ў тэхніцы «прускага муру», і комплекс мураваных касьцёла і кляштару бэрнардынаў. З боку Пцічы ў фартэцыю можна было патрапіць праз двухпавярховую Водную браму.
Галерэя
рэдагавацьГістарычныя здымкі
рэдагаваць-
1906 г.
-
1906 г.
-
1920 г.
-
1930-я гг.
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Паўночна-заходняя курціна фартэцыі, 2008 г.
-
Рэшткі паўднёвага землянога бастыёна і археалягічныя раскопкі на яго тэрыторыі, 2008 г.
-
Ахоўная шыльда
-
Стадыён на Замшчышчы
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Ганецкая І. Характарыстыка крыніц па вывучэньні Глускага замка // Castrum, urbis et bellum. — Баранавічы, 2002.
- Ганецкая І. Вежа-брама Глускага замка па дадзеных археалогіі і пісьмовых крыніц // Badania archeologiczne w Polsce północno-wschodniej i na zachodniej Białorusi w latach 2000—2001. Materiały z konferencji, Białystok 6-7 grudnia 2001 roku. — Białystok. 2002.
- Ганецкая І. Глускі замак (гісторыя аднаго помніка у асобах) // Беларускі гістарычны часопіс. № 9, 2006.
- Ткачоў М. Глускі замак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Jelski A. Hłusk // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 78—79.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 513В000404 |