Глуск — колішняя сталіца графства на гістарычнай Случчыне (частка Наваградчыны), каля мяжы з Панізоўем. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятой Ганны пры кляштары бэрнардынаў, збудаваны ў 1667 у стылі барока і зьнішчаны савецкімі ўладамі ў 1930-я.

Касьцёл Сьвятой Ганны і кляштар бэрнардынаў

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Замак і касьцёл

Назва «Глуск» у пісьмовых крыніцах пачынае сустракацца з другой паловы XV ст. Першым гаспадаром вотчыны з цэнтрам Стары Глуск (з XIX ст.Гарадок) быў Юры Гальшанскі. Па яго сьмерці ўладаньні падзялілі паміж сабой спадкаемцы. Каля 1520 Юры Гальшанскі-Дубровіцкі выдзяліў сваю частку ў асобнае ўладаньне з цэнтрам у Глуску Дубровіцкім, які ўпершыню ўпамінаецца ў 1522 у каралеўскім прывілеі на заснаваньне замка.

У 1525 Глуск атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Старога прывілей на правядзеньне кірмашоў. Па сьмерці Юрыя Гальшанскага-Дубровіцкага паселішчам валодалі спачатку ягоныя сыны Януш і Уладзімер, потым Сямён, якія ўсе сышлі беспатомнымі. У 1558 усю рухомую і нерухомую маёмасьць князёў Гальшанскіх-Дубровіцкіх падзялілі паміж дочкамі Юрыя — князёўнамі Гальшанскімі Настасьсяй Заслаўскай і Соф’яй Палубінскай. Гэты падзел замацаваны лістом Жыгімонта Аўгуста ад 23 траўня 1558. Па сьмерці Настасьсі ў 1561 ейная доля перайшла ўнукам Янушу і Міхаілу Заслаўскім, якія праз 10 гадоў саступілі палову сваёй часткі цётцы Ганне Чартарыйскай, дачцэ княгіні Настасьсі, якая ў 1581 выкупіла ў пляменьнікаў і іх палову. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) Глуск увайшоў у Наваградзкі павет (Слуцкае княства) Наваградзкага ваяводзтва. У 1568 Ян Хадкевіч атрымаў тытул «графа на Шклове, Быхаве, Мышы і Глуску». На 1571 у мястэчку было 124 дамы і 12 крамаў[1].

 
Плян мястэчка, 1833

У канцы XVI стагодзьдзя Глускам супольна валодалі Палубінскія, і Чартарыйскія. У 1626 М. Ю. Чартарыйскі прадаў сваю частку Глуску К. А. Палубінскаму, які стаў адзіным яго ўладальнікам. На 1638 у мястэчку было 7 вуліцаў і 332 пляцы. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у сакавіку 1655 Глуск «агнём і мячом датла» разбурылі казакі[2], па вайне ўлады Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі мястэчка ад падаткаў тэрмінам на 10 гадоў[1]. Па пажары замак, умацаваны гароднямі, у 1670-х ператварылі ў замак зь землянымі валамі і пяцьцю бастыёнамі. У 1667 князь Палубінскі заснаваў у мястэчку кляштар бэрнардынаў. У 16721677 у Глуску жыў гравёр А. Тарасевіч, які меў тут сваю майтэрню. У 1673 мястэчка атрымала паўторнае вызваленьне ад падаткаў яшчэ на 12 гадоў. Па сьмерці князя Палубінскага Глуску перайшоў да ягонай дачкі Ганны, жонцы Дамініка Мікалая Радзівіла. З гэтага часу і да канца XVIII ст. мястэчка знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў, за якімі Глуская воласьць мела назву «графста». На 1727 тут было 36 крамаў, у сярэдзіне XVIII ст. — 320 двароў. Пабудовы разьмяшчаліся на 12 вуліцах, сярод якіх былі дарогі на Менск, Слуцак, Мазыр, Бабруйск. Кампазыцыйным цэнтрам зьяўляўся 12-кутны Рынак, дзе разьмяшчаліся драўляныя Ўваскрэсенская і Траецкая цэрквы, 47 крамаў і 25 камораў, якія ўтваралі замкнёныя гандлёвыя рады. Існавала прадмесьце Карпілаў, разьмешчанае на скрыжаваньні 2 дарог. У 1775 Глуск пацярпеў ад пажару. У 1791 ён увайшоў у Случарэцкі павет Наваградзкага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Касьцёл бэрнардынаў

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Глуск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце. На 1798 тут было 143 двары, замак, 2 касьцёлы, 3 царквы, гаспадарскі двор, 48 крамаў, паштовая станцыя, працаваў медналіцейны завод. З 1800 мясьціна знаходзілася ў валоданьні графа Юдзіцкага, пазьней перайшла да Бжастоўскіх. У 1861 у Глуску было 430 двароў, мураваныя касьцёл і кляштар, 2 драўляныя цэрквы, 5 малітоўных дамоў. У 1885 у мястэчку працавалі 5 скураных заводаў і 82 крамы.

Паводле вынікаў перапісу (1897) у Глуску было 675 двароў; працавалі 2 народныя вучэльні, царкоўнапрыходзкая школа, лячэбніца, паштова-тэлеграфная кантора, 125 крамаў, 9 заезных дамоў, 3 медаварні; дзейнічалі 2 цэрквы, касьцёл, 5 сынагог. На 1907 — 870 двароў. У Першую сусьветную вайну у лютымсьнежні 1918 мястэчка займалі нямецкія войскі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Глуск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР. У 1921 пачалі працаваць аптэка і тэлеграф, у 1922 — 7-гадовая школа, хата-чытальня і вэтэрынарны пункт, у 1923 — лякарня. 17 ліпеня 1924 Глуск стаў цэнтрам раёну (у 19621966 уваходзіў у склад Бабруйскага раёну). З 1927 пачала працаваць мэтэаралягічная станцыя, з 1929 — народны дом. З прадпрыемстваў найбольш значнымі былі паравы і вадзяны млыны, электрастанцыя, стужкавая (269 работнікаў), абутковая (57 работнікаў) і кравецкая (70 работнікаў) арцелі.17 верасьня 1938 паселішча атрымала афіцыйны статус гарадзкога пасёлку. У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1944 у Глуску пачалі працаваць 2 электрастанцыі, 2 паравыя млыны, 2 лесапільні, ваўначоска і сукнавальня, аднавілі працу гарбарны завод, лякарня, амбуляторыя, аптэка. У 1956 адбыўся ўвод у эксплюатацыю плодаагародніннага, у 1971 — масласырзавода, у 1975 — мэблевай фабрыкі.

  1. ^ а б Грыцкевіч Ю. Глуск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 537.
  2. ^ Грыцкевіч А. Глуск // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 48.

Літаратура

рэдагаваць