Адкрыць галоўнае мэню

Вязынка (Маладэчанскі раён)

вёска ў Маладэчанскім раёне

Вя́зынка[1] — вёска ў Маладэчанскім раёне Менскай вобласьці, на рацэ Вязынка, прытоку Іліі. Вёска знаходзіцца за 38 км ад Менску, 40 км ад Маладэчна і 7 км ад шашы Менск — Маладэчна.[2] Уваходзіць у склад Радашкавіцкага сельсавету. Назву атрымала ў гонар 90-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы ад назвы былога фальварку, у якім нарадзіўся вялікі беларускі паэт.[2]

Вязынка
трансьліт. Viazynka
Хата, у якой нарадзіўся паэт Янка Купала
Хата, у якой нарадзіўся паэт Янка Купала
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Маладэчанскі
Сельсавет: Радашкавіцкі
Насельніцтва: 341 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1773
Паштовы індэкс: 222322
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°6′29″ пн. ш. 27°11′24″ у. д. / 54.10806° пн. ш. 27.19° у. д. / 54.10806; 27.19Каардынаты: 54°6′29″ пн. ш. 27°11′24″ у. д. / 54.10806° пн. ш. 27.19° у. д. / 54.10806; 27.19
Вязынка на мапе Беларусі ±
Вязынка
Вязынка
Вязынка
Вязынка
Вязынка
Вязынка
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

ЭтымалёгіяРэдагаваць

Адно з найбольш распаўсюджаных тлумачэньняў назвы ракі і мясьціны заснавана на слове «вязаць». Магчыма, мелася на ўвазе месца, дзе ў старыя часы вязалі плыты (для сплаву па рэчцы) ці плоты. Іншая вэрсія бачыць крыніцу сучаснай назвы вёскі ў вязах, што ў вялікай колькасьці расьлі ў навакольлі.[3]

ГісторыяРэдагаваць

На левым беразе ракі Вязынка за 100—200 м на ўсход ад вёскі захаваўся курган-гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі II—V стагодзьдзяў (мясцовая назва «Замэчак»).[4] Яшчэ адно гарадзішча знойдзена за 500 м на паўночны ўсход ад вёскі на левым беразе Вялейска-Менскай воднай сыстэмы.[5]

Першая пісьмовая згадка пра Вязынку датаваная 1528 годам.[6][7] Фальварак Вязынка Менскага павету да 1815 году належаў сям’і Пшазьдзецкіх, а потым — Замбржыцкім.[8] Станіслаў Замбржыцкі (1823—1907) — беларускі краязнавец, фальклярыст, зь сям’і беларускіх шляхціцаў. Паколькі быў інвалідам, здаваў свой фальварак у арэнду. Замбржыцкі захапляўся вывучэньнем мясцовых курганаў і першым апісаў гарадзішча ў Вязынцы.[9] У 1909 годзе ў фальварку было чатыры двары і 26 жыхароў.[8]

У 1920—1930-я гады тут жыла беларускі этнограф і фальклярыст А. І. Сьвіневіч, якая зьбірала народныя песьні ў навакольлі, арганізоўвала ў Маладэчне, Радашкавічах, Вільні выставы беларускіх тканінаў і нацыянальнага адзеньня, дасьледавала творчасьць А. Міцкевіча.[6]

З 1920 году фальварак увайшоў у склад Сярэдняй Літвы, а ў 1922 годзе — у склад Польшчы. З пачаткам другой сусьветнай вайны фальварак адышоў да БССР. З 1940 па 1960 год знаходзіўся ў складзе Радашкавіцкага раёну, а ад студзеня 1960 году — у складзе Маладэчанскага раёну.[8]

У 1972 годзе ў гонар 90-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы[2] былы фальварак, вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі былі аб’яднаныя ў адну вёску Вязынка.[8]

НасельніцтваРэдагаваць

  • 2010 год — 341 чалавек
  • 1999 год — 390 чалавек
  • 1997 год — 428 чалавек, 181 двор[8]

Сучаснае абліччаРэдагаваць

Аснову сучаснай забудовы Вязынкі складаюць старыя дамы сядзібнага тыпу, але апошнім часам зьявілася цэлая вуліца сучасных катэджаў. Цэнтральная вуліца вёскі асфальтаваная, на астатніх вуліцах — гравійнае пакрыцьцё. Вязынка ня мае цэнтральных камунальных камунікацыяў — вадой жыхароў забясьпечваюць сьвідравіны і калодзежы. Каналізацыя мясцовая. Прыродны газ да вёскі не падведзены. Вязынка забясьпечана асноўнымі аб’ектамі сацыяльнае інфраструктуры: у вёсцы працуюць школа, амбуляторыя, паштовае аддзяленьне, бібліятэка.[10]

Вязынка і Янка КупалаРэдагаваць

 
Адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі на хаце ў Вязынцы, ў якой нарадзіўся Я. Купала, 30 чэрвеня 1946 году; у першым радзе (справа налева): жонка паэта Уладзіслава Луцэвіч; яго пляменьніца Ядвіга Раманоўская і пляменьнік паэта Янка Раманоўскі; на руках у Янкі Раманоўскага — унучатая пляменьніца паэта Жанна; сястра паэта Леакадзія Раманоўская (Луцэвіч)

«У хатцы маленькай радзіўся паэт,
Дзе чадна дыміла лучына.
Раз першы адгэтуль ён глянуў на свет
Праз вокны вось гэтай хаціны».

Канстанцыя Буйло «У Вязынцы»

Вязынка — малая радзіма Янкі Купалы. Пасьля пераезду ў 1881 годзе з Паморшчыны бацька будучага паэта Дамінік Луцэвіч разам са сваім братам Міхалам арандаваў зямлю ў Вязынцы ў Станіслава Замбржыцкага. У Вязынцы тады жылі родзічы Янкі Купалы па бацьку: дзядзькі Антон, Юльян, Міхал і Адам, бабуля Валерыя, цёткі Марыя, Эмілія і Садалія Луцэвічы.[2] У Вязынцы 7 ліпеня (25 чэрвеня паводле старога стылю) 1882 году ў сям’і Дамініка Луцэвіча і Бянігны Валасевіч нарадзіўся сын Янка, будучы паэт Янка Купала. Прабыла ў Вязынцы пасьля нараджэньня Янкі сям’я Луцэвічаў няпоўны год — пасьля заканчэньня арэнды Луцэвічы пераехалі ў 1883 годзе ў маёнтак Юзафова.[8][11]

Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік і філія Літаратурнага музэю Янкі КупалыРэдагаваць

Філія Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Вязынцы зьяўляецца першай і найболей вядомай з усіх філіяў музэю. Утворана ў жніўні 1945 году[12]. Ініцыятарам увекавечаньня месца, дзе нарадзіўся вялікі беларускі паэт, была яго жонка і першы дырэктар музэю Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч.[3] Мэмарыяльная дошка была ўсталявана на доме паэта 30 чэрвеня 1946 году[2]. Філія музэю адкрылася для наведвальнікаў 20 чэрвеня 1948 году.

Агульная плошча будынкаў філіі музэю (хата, сьвіран, хатка дваровых) — больш за 230 м². Плошча экспазыцыі — 185 м².[4] Экспазыцыя складаецца з мэмарыяльнай і гісторыка-літаратурнай часткаў.

 
Мэмарыяльны пакой у хаце, у якой у 1882 годзе нарадзіўся Янка Купала

У мэмарыяльнай частцы філіі музэю ўзноўлены інтэр’ер сялянскае хаты канца XIX стагодзьдзя (печ, мэбля, калыска, хадунок, посуд), экспануюцца асабістыя рэчы бацькоў Янкі Купалы. З дапамогай навуковых архіўных апісаньняў, успамінаў сучасьнікаў, фатаздымкаў, чарцяжоў і плянаў тут усё ўзноўлена ў такім выглядзе, як гэта было ў гады жыцьця маладой сям’і Луцэвічаў.[13]

У другой палове хаты, дзе некалі жыў брат паэта Міхал, створана гісторыка-літаратурная экспазыцыя аб дзяцінстве і юнацтве будучага першага народнага паэта Беларусі (абноўлена ў 2002 годзе). Тут зьберагаюцца аўтабіяграфічныя матэрыялы, рукапісы, кнігі, копіі архіўных дакумэнтаў, фатаздымкі, графічныя працы мастакоў Э. Агуновіча, Я. Раманоўскага, В. Шаранговіча, якія распавядаюць пра сям’ю Луцэвічаў, дзіцячыя, юнацкія гады і пачатак літаратурнай дзейнасьці Янкі Купалы. У экспазыцыі прадстаўленыя радавод Луцэвічаў да XVII стагодзьдзя, адноўлены дзедам паэта Ануфрыям, і герб «Навіна», які належаў роду Луцэвічаў.[4]

У красавіку 1972 году адначасова з утварэньнем вёскі Вязынка створаны Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік з плошчай 21 га.[14] Аўтарамі праекту запаведніка былі архітэктары С. Мусінскі і А. Канаваленка.[4]

У мэмарыяльным запаведніку захаваны натуральны ляндшафт і пляніроўка былой сядзібы, а таксама найбольш старыя дрэвы. Акрамя хаты, ў якой нарадзіўся Янка Купала, захаваныя хатка дваровых, сажалка, крыніца, частка фруктовага саду, ліпавая алея, якая вяла да сядзібнага дома Замбржыцкіх. На тэрыторыі запаведніку можна ўбачыць мэмарыяльныя валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў паэта, дуброву, пасаджаную беларускімі пісьменьнікамі да стагодзьдзя з дня нараджэньня песьняра, жывую альтанку зь ліпаў, канцэртную эстраду, вялікую пляцоўку для правядзеньня паэтычных сьвятаў, выставаў народных майстроў і масавых гуляньняў.[4] У цэнтры запаведніку стаіць бронзавы бюст Янкі Купалы (1972 г., скульптар З.Азгур).

У адноўленым будынку сьвірна з 1992 году дзейнічае этнаграфічная экспазыцыя[13]. У адной палове сьвірна створана сэзонная экспазыцыя «Народныя сьвяты ў творчасьці Янкі Купалы». Тут адлюстраваныя народныя звычаі і абрады, апісаныя паэтам і ўвасобленыя ў творах народных майстроў: разьба па дрэве, ткацтва, графічныя работы, вышыўка, салома- і лозапляценьне, шыцьцё, габэлены і інш. У другой палове будынку разьмешчаныя этнаграфічныя артэфакты: кросны, куфры, прылады для апрацоўкі лёну, скрыні для захаваньня збожжа, мукі і іншыя прылады працы і рэчы хатняга ўжытку.[4]

З 1972 году штогод на тэрыторыі запаведніку ў дзень нараджэньня паэта (7 ліпеня) праводзяцца сьвяты паэзіі, песьні і народных рамёстваў, а з 1976 году — традыцыйныя зьлёты студэнтаў-філёлягаў БДУ. Запаведнік уключаны ў шматлікія турысцкія маршруты.[4]

Штогод Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік «Вязынка» наведвае каля 100 тысячаў чалавек.[2] Працуе філія музэю штодзень, акрамя панядзелка, з 10 да 17 гадзінаў.

Вязынка ў паэтычным і выяўленчым мастацтвеРэдагаваць

«Толькі Вязынку, хату Купалы
Наш народ захавае навек,
Бо і сёння адгэтуль нямала
Пачынаецца песенных рэк».

Пімен Панчанка «Вязынка»

Вязынцы як калысцы славутага беларускага песьняра прысьвяцілі свае вершы шматлікія паэты Беларусі (Рыгор Барадулін, Канстанцыя Буйло, Анатоль Вялюгін, Сяргей Законьнікаў, Еўдакія Лось, Сяргей Панізьнік, Пімен Панчанка, Пятро Прыходзька, Максім Танк, Станіслаў Шушкевіч і інш.), Украіны (М. Луконін, М. Камісарава, Л. Хаўстаў), Латвіі (Ю. Ванаг), Армэніі (А. Грашы), Вялікабрытаніі (Ўолтэр Мэй), Баўгарыі (А. Тодараў), Польшчы (Я. Гушча) і інш.[2]

Ціхаму і ўтульнаму хараству краявідаў Вязынкі прысьвяцілі свае мастацкія творы беларускія мастакі М. Бельскі, Р. Віткоўскі, В. Вярсоцкі, В. Грамыка, А. Гугель, А. Даўгяла, С. Каткоў, І. Карасёў, М. Кірэеў, А. Кішчанка, М. Макаранка, Я. Красоўскі, А. Кроль, А. Крохалеў, М. Купава, У. Пашчасьцеў, І. Пратасеня, І. Пушкоў, Ю. Тышкевіч, К. Харашэвіч, В. Цьвірка і інш.[2]

Для турыстаўРэдагаваць

Аўтамабільная дарога ад Менску да Вязынкі цалкам асфальтаваная — спачатку гэта маладэчанская шаша, потым 6 км дарогі мясцовага значэньня. У вёску рэгулярна ходзяць прыгарадныя аўтобусы і маршрутныя таксі.[10] Да вёскі можна даехаць і па чыгунцы: электрацягніком Менск — Маладэчна да станцыі «Вязынка».[15]

ГалерэяРэдагаваць

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 291
  2. ^ а б в г д е ё ж Энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Вязынка». — Мн., БелСЭ, 1986. — С. 137.
  3. ^ а б Вязынка — брэнд Беларусі Deutsche Welle Праверана 4 лістапада 2011 г.
  4. ^ а б в г д е ё Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік «Вязынка» Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал Праверана 31 кастрычніка 2011 г.
  5. ^ Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, Т. 2. — Мн.: БелЭн, 1994. — Артыкул «Вязынка (гарадзішчы)» / Аўтар А.Мітрафанаў. — С. 385—386
  6. ^ а б Вязынка сайт radzima.org Праверана 4 лістапада 2011 г.
  7. ^ Вязынка – «сталіца фэрмерскай рэспублікі» Радыё «Свабода» Праверана 4 лістапада 2011 г.
  8. ^ а б в г д е Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4 // Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн., БелЭн, 1997. — С. 341.
  9. ^ Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Замбржыцкі» — С. 239.
  10. ^ а б Вязынка сайт t-s.by Праверана 4 лістапада 2011 г.
  11. ^ Вязынкаўскія калыханкі газэта Туризм и отдых Праверана 4 лістапада 2011 г.
  12. ^ Тэкст пастановы Савету Народных Камісараў Беларускай ССР і Цэнтральнага Камітэту КП(б) Беларусі № 1139-292 ад 04.08.1945 г. «Аб ушанаваньні памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы» газэта «Звязда» Праверана 31 кастрычніка 2011 г.
  13. ^ а б Філія «Вязынка» Літаратурнага музэю Янкі Купалы litmuseums.iatp.by Праверана 31 кастрычніка 2011 г.
  14. ^ Вязынка. Літаратурны музэй Янкі Купалы Праверана 31 кастрычніка 2011 г.
  15. ^ Расклад руху прыгарадных цягнікоў (электра- і дызельных) па чыгуначным прыпынку «Вязынка» сайт railwayz.info Праверана 4 лістапада 2011 г.

ЛітаратураРэдагаваць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1997. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0090-0 — Артыкул «Вязынка». — С. 341.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 1999. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0155-9 — Артыкул «Купалаўскі мемарыяльны запаведнік „Вязынка“». — Аўтар — Ж. Дапкюнас. — С. 29.; Артыкул «Купалы Янкі Літаратурнага музея філіял „Вязынка“». — Аўтар — Ж. Дапкюнас. — С. 31-32.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0. — Артыкул «Вязынка» / Аўтар — Г. Каханоўскі. — С. 386; Артыкул «Вязынка (гарадзішчы)» / Аўтар — А.Мітрафанаў. — С. 385—386;
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Вязынка» / Аўтар — Ж. Дапкюнас. — С. 137; Артыкул «Замбржыцкі» / Аўтар — Г. Каханоўскі. — С. 239.
  • На радзіму Янкі Купалы: Турысц. схема / [Гал. ўпр. геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў СССР; Тэкст Я. Ю. Раманоўская ]. — Мн., 1972.
  • Каханоўскі Г. А. На запаветнай зямлі: [аб радзіме беларускага пісьменніка Я. Купалы] / Мінскае абласное упраўленне культуры, Мінскі абласны краязнаўчы музей. — Мн., 1974.
  • Вязынка: [Экспазіцыя філіяла музея Янкі Купалы / Тэкст і склад. А. А. Есакова; Маст. У. С. Басалыга. — Мн., 1974.
  • Вязынка: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік: [Фотаальбом /Тэкст і склад. Л. Т. Хадкевіча; Фота В. Бараноўскага]. — Мн., 1982.
  • Чырскі М. А. Купалаўскі запаведнік «Вязынка» [Фота В. А. Бараноўскага]. 2-е изд., испр. и доп. — Мн., Полымя, 1986. — 53 с.
  • Чырскі, М. А. Купалавым гасцінцам: Купал. парк. Вязынка. Ляўкі. Акопы. — Мн., 1996.
  • Лукша, Ул. Э. Сцежкамі Купалы: Замалёўкі з натуры: Альбом. — Мн., 1997.
  • Чырскі М.А. Гасцінцам Купалы // Выд. «Універсітэцкае» ― Мн., 2002. ― 36 с.

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць

  Вязынка (Маладэчанскі раён)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў