Крывічанін (часопіс)

віленскі беларускі часопіс 1918 року

«Krywičanin», «Крывіча́нін» — беларускі палітычна-літаратурны часопіс. Выдадзены ў кастрычніку 1918 году ў Вільні, надрукаваны беларускім варыянтам лацініцы ў друкарні Марціна Кухты. Рэдактар-выдавец Вацлаў Ластоўскі[1].

Крывічанін
Тэматыка мастацкая літаратура, палітыка
Адрас Вільня
Выдавец Вацлаў Ластоўскі
Галоўны рэдактар Вацлаў Ластоўскі
Дата заснаваньня Кастрычнік 1918
Мова беларуская

Выйшаў 1 нумар. Часопіс паслужыў правобразам часопісу «Крывіч».

У звароце ад імя рэдакцыі ставілася задача тэарэтычнай распрацоўкі беларускага нацыянальнага пытаньня і яго папулярызацыі сярод грамадзянства. Увага акцэнтавалася на эканамічным асьпекце пазнаньня Беларусі і духоўнай сферы, у тым ліку прыгожага пісьменства і мастацтва; выказвалася думка, «што Беларусь мае ўсе эканамічныя шансы да незалежнага дзяржаўнага будаваньня...».

Апублікаваў артыкулы «Нацыянальнае пытаньне», гістарычны нарыс «Тураўскае княства», статыстычны агляд тэрыторыі і насельніцтва Беларусі ў яе этнаграфічных межах, кароткі аналіз этнічнай сітуацыі на Віленшчыне, мастацкія творы (прытчу Ластоўскага «Прыповесьць аб старым мужу і гожай дзеве», ананімную паэму «Энэіда навыварат», апавяданьне «Русалкі» З. Бядулі, «Санэт» М. Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыюса («Помнік»). Зьмясьціў аналітычны разбор легенды «Жалезны воўк» пра заснаваньне Вільні і нататак пра герб «Пагоня», пра наданьне ў 1274 годзе на Другім Ліёнскім саборы імя патронкі Беларусі Праксэдзе-Ефрасіньні Полацкай. Апублікаваў інфармацыйны матэрыял пра заснаваньне ў Вільні арганізацыі «Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэньня беларускага народу», пра зьезд каталіцкіх святароў Дзісенскага дэканату. На вокладцы часопісу зьмешчаны графічны і тэкставы плян эвакуацыі на усход ад Бярэзіны германскіх акупацыйных войскаў паводле Берасьцейскага міру 1918 году.

Літаратура

рэдагаваць
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць