Вальпараі́са (па-гішпанску: Valparaíso) — горад і порт Чылі, цэнтар трэцяй паводле велічыні аглямэрацыі краіны. Ён разьмешчаны за 111,8 км на паўночны захад ад Сант’яга-дэ-Чылі і зьяўляецца адным з самых важных марскіх партоў краіны. Горад зьяўляецца сталіцай рэгіёну Вальпараіса і вобласьці Вальпараіса. Хоць Сант’яга і зьяўляецца афіцыйнай сталіцай Чылі, Нацыянальны кангрэс Чылі месьціцца ў Вальпараіса з 1990 году. У 2003 гістарычная частка гораду, зь яе архітэктурай XIX—XX стагодзьдзяў, была ўключана ў Сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.

Вальпараіса
гішп. Valparaíso
Вальпараіса
Герб Вальпараісы Сьцяг Вальпараісы
Дата заснаваньня: 1536
Краіна: Чылі
Рэгіён: Вальпараіса
Плошча: 401,6 км²
Вышыня: 10 м н. у. м.
Насельніцтва (2012)
колькасьць: 284 630 чал.
шчыльнасьць: 708,74 чал./км²
Часавы пас: UTC−4
летні час: UTC−3
Тэлефонны код: 32
Паштовы індэкс: 2340000
Геаграфічныя каардынаты: 33°2′46″ пд. ш. 71°37′11″ з. д. / 33.04611° пд. ш. 71.61972° з. д. / -33.04611; -71.61972Каардынаты: 33°2′46″ пд. ш. 71°37′11″ з. д. / 33.04611° пд. ш. 71.61972° з. д. / -33.04611; -71.61972
Вальпараіса на мапе Чылі
Вальпараіса
Вальпараіса
Вальпараіса
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.municipalidaddevalparaiso.cl/

Гісторыя

рэдагаваць

Затока Вальпараіса, верагодна, спачатку была заселеная тубыльцамі пікунчэ, якія займаліся сельскай гаспадаркай, або племенем чанга, якія былі качоўнікамі і займаліся рыбалоўствам і вандравалі ў рэгіёне паміж сучаснымі гарадамі Кальдэрай і Кансэпсьёнам. Гішпанскія дасьледчыкі, якія лічацца першымі эўрапейскімі першаадкрывальнікамі Чылі, прыбылі сюды ў рэгіён у 1536 годзе на караблі, які быў выпраўлены Дыега дэ Альмаграм, каб забясьпечыць гішпанцаў прыпасамі. Ачольваў групу Хуан дэ Саавэдра, які і даў назоў паселішчу, нарокшы яго ў гонар сваёй роднай вёскі Вальпараіса-дэ-Арыба ў правінцыі Куэнка. У гішпанскія каляніяльныя часы Вальпараіса заставаўся маленькай вёскай, у якой налічвалася ўсяго некалькі дамоў і царква. Часам на вёску зьдзяйсьняліся напады з боку піратаў, як то Фрэнсіс Дрэйк атакаваў паселішча ў 1578 годзе. Пазьней ягоны стрыечны брат Рычард Гокінз рабаваў вёску ў 1594 годзе. У 1810 годзе адзін заможны купец пабудаваў першую ў горадзе прыстань. Паміж 1810 і 1830 гадамі ў Вальпараіса была пабудаваная вялікая частка існага на сёньня гарадзкога порту.

 
Вальпараіса ў 1863 годзе.

У 1814 годзе ля гораду адбылася марская бітва паміж амэрыканскімі і брытанскімі караблямі, якія ўдзельнічалі ў вайне 1812 году. Па здабыцьці Чылі незалежнасьці ад Гішпаніі ў 1818 годзе, пачынаючы з рэспубліканскай эры, Вальпараіса стаў галоўнай гаваньню краіны, дзе быў створаны чылійскі вайскова-марскі флёт і зьявіліся магчымасьці разьвіцьця міжнароднага гандлю, якія раней абмяжоўваліся Гішпаніяй і іншымі ейнымі калёніямі. Неўзабаве Вальпараіса пунктам прыпынку суднiнаў, якія абыходзілі Паўднёвую Амэрыку праз Магеланаву пратоку і мыс Горн. Асабліва у горад заходзілі шмат караблёў за часам Каліфарнійскай залатой ліхаманкі з 1848 па 1858 гады. Як буйны марскі порт, Вальпараіса прымаў шмат імігрантаў з шматлікіх эўрапейскіх краінаў, у асноўным зь Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Францыі, Швайцарыі і Італіі. У 1851 годзе ў месцы была ўтвораная Асацыяцыя добраахвотных пажарнікаў. На наступны год у Вальпараіса зьявілася тэлеграфная служба, якая зьвязвала горад з Сант’яга. У 1880 годзе была зафундаваная першая тэлефонная служба ў Чылі. У горадзе жыло шмат брытанскіх мігрантаў, аднак ужо да 1895 году італьянскія імігранты сталі пераўзыходзіць брытанцаў. Паводле стану на 1907 год колькасьць як італьянцаў, гэтак і немцаў стала пераўзвышасьць колькасьць брытанцаў. Ужо да 1920 году асноўная брытанская супольнасьць у Чылі месьцілася ў сталіцы Сант’яга[1]. Іміграцыя зьмяніла мясцовую культуру, то бок брытанцы прывезьлі ў краіну футбол, першая прыватная каталіцкая царква была закладзеная францускай суполкай, а імігранты з Шатляндыі і Нямеччыны заснавалі першыя прыватныя сьвецкія школы.

18 жніўня 1906 года ў Вальпараіса адбыўся моцны землятрус, які значна пашкодзіў маёмасьць і забіў тысячы чалавек. Чылійскі лекар Карляс Ван Бюрэн, які меў амэрыканскае паходжаньне, займаўся мэдычнай дапамогай пацярпелым. Пазьней ён заснаваў сучасны шпіталь у 1912 годзе. Залаты век Вальпараіса скончыўся пасьля таго, як пачаў сваю эксплюатацыю Панамскі канал у 1914 годзе. Выкарыстаньне порту і перавозкі значна скараціліся, што прывяло да заняпаду эканомікі гораду.

Эканоміка

рэдагаваць

Асноўнымі галінамі прамысловасьці зьяўляюцца турызм і грузавыя перавозкі. Каля 50 міжнародных круізных суднаў заходзяць ў Вальпараіса падчас 4-месячнага чылійскага лета. Порт Вальпараіса зьяўляецца важным цэнтрам па транспараваньні кантэйнерных грузаў. Праз горад праходзяць віно, медзь і свежая садавіна, якая ідзе на экспарт.

Гарады-сябры

рэдагаваць
  1. ^ Edmundson, William (2009). «A History of the British Presence in Chile: From Bloody Mary to Charles Darwin and the Decline of British Influence». New York: Palgrave MacMillan. — С. 110—115. — ISBN 9780230114838.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць