Сант’яга-дэ-Чылі

сталіца Чылі
(Перанакіравана з «Сант'яга-дэ-Чылі»)

Сант’я́га-дэ-Чы́лі альбо Сант’я́га (па-гішпанску: Santiago de Chile) — сталіца Чылі і самы буйны горад краіны. Насельніцтва места на 2017 год складала 6 269 384 чалавекі. Не зважаючы на тое, што Сант’яга ёсьць сталіцай дзяржавы, і ў ягоных межах засядаюць выканаўчыя і судовыя ўлады, заканадаўчыя органы зьбіраюцца ў Вальпараіса. Горад быў закладзены ў 1541 годзе і з тых каляніяльных часоў ён быў сталіцай чылійскага рэгіёну. У цэнтры гораду маецца ​​нэаклясычная архітэктура XIX стагодзьдзя, нэаготыка і зьвілістыя вулачкі.

Сант’яга-дэ-Чылі
гішп. Santiago de Chile
Сант’яга-дэ-Чылі
Герб Сант’яга-дэ-Чылі Сьцяг Сант’яга-дэ-Чылі
Дата заснаваньня: 1536
Краіна: Чылі
Рэгіён: Сталічны рэгіён
Кіраўнік: Irací Hassler[d]
Плошча: 641 км²
Вышыня: 521 м н. у. м.
Насельніцтва (2009)
колькасьць: 5 145 599 чал.
шчыльнасьць: 8027,46 чал./км²
Часавы пас: UTC−3
Тэлефонны код: +56 2
Паштовы індэкс: 8320000
Геаграфічныя каардынаты: 33°26′15″ пд. ш. 70°39′0″ з. д. / 33.4375° пд. ш. 70.65° з. д. / -33.4375; -70.65Каардынаты: 33°26′15″ пд. ш. 70°39′0″ з. д. / 33.4375° пд. ш. 70.65° з. д. / -33.4375; -70.65
Сант’яга-дэ-Чылі на мапе Чылі
Сант’яга-дэ-Чылі
Сант’яга-дэ-Чылі
Сант’яга-дэ-Чылі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.gobiernosantiago.cl/

Устойлівы эканамічны рост Сант’яга за апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў ператварыў яго ў сучасны мэгаполіс. У горадзе на сёньня маюцца шмат рэстарацыяў, тэатраў, шырокая загарадная забудова, дзясяткі гандлёвых цэнтраў. Менавіта ў Сант’яга месьціцца самы высокі будынак у Лацінскай Амэрыцы, вядомы як Гран-Торэ Сант’яга. У горадзе базуюцца некалькі буйных унівэрсытэтаў і распрацаваная сучасная транспартная інфраструктура, у складзе якой дзейнічае мэтрапалітэн Сант’яга-дэ-Чылі, найбольш шырокая сыстэма мэтро ў Паўднёвай Амэрыцы. Сант’яга ёсьць культурным, палітычным і фінансавым цэнтрам Чылі, у ім месьцяцца шматлікія рэгіянальныя штаб-кватэры многіх транснацыянальных карпарацыяў.

Гісторыя

рэдагаваць

У мінулым на тэрыторыі сучаснага гораду пражывалі плямёны інкаў. У сьнежні 1540 году ў даліну ракі Мапоча з Пэру прыбылі гішпанскія каляністы пад правадырствам канкістадору Пэдра дэ Вальдывіі, які апасьля стаў першым губэрнатарам Чылі, які 12 лютага 1541 году заклаў горад пад назвай Сант’яга-дэ-Нуэва-Эстрэмадура. Назва гораду паходзіць ад імя сьвятога Якава Зевядзеева, які лічыцца заступнікам Гішпаніі.

 
Закладаньне гораду Выльдывіям працы мастака Пэдра Ліры.

Вальдывія празь некалькі месяцаў адышоў на поўдзень разам з сваім войскам, распачаўшы Араўконскую вайну. Такім чынам Сант’яга застаўся без абароны, чым вырашылі скарыстацца карэнныя народы ў ваколіцах, атакаваўшы новае места. 11 верасьня 1541 году горад быў зруйнаваны, але гішпанскі гарнізон, які складаўся з 55 чалавек, здолеў абараніць форт. Супрацівам кіравала Інэс дэ Суарэс, каханка Вальдывіі. Апасьля нападу горад марудна адбудоўваўся, бо значна большую ролю пачаў набываць новазакладзенае места Кансэпсьён, дзе месьціўся на той час каралеўскі суд у Чылі. Тым ня меш, сталася небясьпека, зь якой сутыкаўся Кансэпсьён, часткова праз ягоную блізкасьць да тэрыторыяў, дзе ўсьцяж трывала Араўконская вайна. Апрача таго пасьлядоўнасьць разбуральных землятрусаў не дазволіла функцыянаваць суду ў Кансэпсьёне, таму ён быў зачынены і пэўны час Чылі ня мела ўласнага суду. Новы суд быў арганізаваны толькі ў 1609 годзе і ягоная сядзіба гэтым часам месьцілася ў Сант’яга. У першыя гады існаваньня гораду гішпанцы адчувалі сур’ёзны недахоп харчаваньня і іншых прыпасаў, праз аддаленнасьць ад іншых гішпанскіх местаў. На зважаючы на ўсе цяжкасьці і перашкоды горад стала павялічваўся і мацьнеў. У 1580 годзе пачалі ўзвышацца першыя буйныя будынкі ў горадзе, гэтак яшчэ ў 1561 годзе быў закладзены падмурак Катэдры, а таксама будынак Царквы Сан-Францыска ў 1572 годзе. Разьвіцьцю горада ў XVI—XVII стагодзьдзях перашкаджала сэрыя катастрофаў, як то землятрус, эпідэмія воспы ў 1575, 1590, 1608 і 1618 гадах, паводка Мапочы і, нарэшце, разбуральны землятрус 13 траўня 1647 году, падчас якога загінулі больш за 600 чалавек, а колькасьць пацярпелых пераўзвысіла 5000 чалавек.

 
Мост Каліканта, узьведзены над ракой Мапоча.

У 1767 годзе Люіс Мануэль дэ Саньярту распачаў працы па будаўніцтве мосту Каліканта і набярэжных умацаваньняў з мэтай абароны ад паводак. Не зважаючы на тое, што аб’екты былі скончаныя, але апірышчы мосту ўвесь час пашкоджваліся ракой. У 1780 годзе губэрнатар Агустын дэ Хаўрэгі загадзіў італьянскага архітэктара Хаакіна Таэскі, які, сярод іншых важных работ, спраектаваў фасад катэдры, Палац дэ Ля-Манэда, канал Сан-Карляс і скончыў будаўніцтва набярэжныя ўмацаваньні за часам ураду Амброзіё О’Гігінза. Гэтак жа за ўрадам О’Гігінза таксама была ўведзеная ў эксплюатацыю дарога ў Вальпараіса ў 1791 годзе, якая злучала сталіцу з галоўным портам краіны. 18 верасьня 1810 году была абвешчана Першая ўрадавая хунта ў Сант’яга, якая заклала пачатак працэсу ўсталяваньня незалежнасьці Чылі. Не зважаючы на тое, што ў гэты час у горадзе былі створаныя Нацыянальны інстытут і Нацыянальная бібліятэка, пасьля цяжкай паразы прыхільнікаў незалежнасьці ў бітве пры Ранкагуа ў 1814 годзе, установы былі зачыненыя. Раялісты кіравалі Сант’яга і дзяржавай да 1817 году пакуль паўстанцы не атрымалі перамогу ў бітве пры Чакабуцы і не занялі места. Аднак, канчаткова перамога ў вайне не была гарантаваная, бо ў наступным годзе гішпанскія сілы атрыміла шэраг перамог. Тым ня менш, іхны паход на Сант’яга быў спынены, а Чылі атрымала незалежнасьць ад гішпанскае кароны. З сканчэньнем вайны пасаду галоўнага кіраўніка Чылі заняў герой вайны за незалежнасьць Бэрнарда О’Гігінз, сын былога губэрнатара Амброзіё О’Гігінза. Зачыненыя ўстановы былі зноўку адчыненыя.

Два новыя землятрусы адбыліся ў горадзе, то бок адно 19 лістапада 1822 году, а іншае 20 лютага 1835 году. Тым ня менш, на хуткае павелічэньне гораду гэта не паўплывала, то бок у 1820 годзе ў горадзе налічвалася 46 тысяч, а ўжо ў 1854 годзе колькасьць насельніцтва складала крыху больш за 69 тысяч чалавек. Паводле перапісу насельніцтва ў 1865 годзе ў месце налічвалася 115 тысяч жыхароў. Расьлі гарадзкія прадмесьці на поўдзень і на захад ад сталіцы. У горадзе былі закладзеныя Чылійскі ўнівэрсытэт, Звычайная школа настаўнікаў, Школа мастацтваў і рамёстваў, Музэй выяўленчага мастацтва і Нацыянальны музэй натуральнай гісторыі. У 1851 годзе была наладжаная першая тэлеграфная сыстэма, якая злучыла сталіцу з портам Вальпараіса[1]. Значныя зьмены горад зьведаў за часам кіраваньня лібэральнага мэра Бэнхаміна Вікуньні Макены. У 1873 годзе эўрапейскія майстры стварылі парк О’Гігінза, які адразу стаў гарадзкой славутасьцю, дзякуючы садам, азёрам і сьцяжынкамі паміж імі. Быў узьведзены муніцыпальны опэрны тэатар, а ў 1875 годзе ў горадзе ладзілася міжнародная выстава. Сант’яга стаў галоўным вузлом нацыянальнай чыгуначнай сыстэмы, злучыўшы Вальпараіса і паўночныя рэгіёны краіны. Дарогі месты былі забрукаваныя, а гарадзкі трамвай абслугоўваў 45 тысяч чалавек штодня.

Гарады-сябры

рэдагаваць
  1. ^ Anson Uriel Hancock (1893). «A History of Chile». C. H. Sergel. — С. 17.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць