Ігумен

горад у Беларусі
(Перанакіравана з «Чэрвень (горад)»)

Ігу́мен (з 1923 году — Чэ́рвень[a]) — места ў Беларусі, на рацэ Ігуменцы. Адміністрацыйны цэнтар Ігуменскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9619 чалавек[1]. Знаходзіцца за 62 км на паўднёвы ўсход ад Менску, за 30 км ад чыгуначнай станцыі Пухавічы (лінія Менск — Асіпавічы), каля аўтамабільнай дарогі Менск — Магілёў.

Ігумен
лац. Ihumien
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Ігумену Сьцяг Ігумену
Першыя згадкі: 1387
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Ігуменскі
Вышыня: 160 м н. у. м.
Насельніцтва: 9619 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1714
Паштовы індэкс: 223232
СААТА: 6258501000
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°42′28″ пн. ш. 28°25′56″ у. д. / 53.70778° пн. ш. 28.43222° у. д. / 53.70778; 28.43222Каардынаты: 53°42′28″ пн. ш. 28°25′56″ у. д. / 53.70778° пн. ш. 28.43222° у. д. / 53.70778; 28.43222
Ігумен на мапе Беларусі ±
Ігумен
Ігумен
Ігумен
Ігумен
Ігумен
Ігумен
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.cherven.gov.by

Ігумен — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся будынак вязьніцы, помнік гісторыі і архітэктуры XVIII ст. 26 чэрвеня 1941 году ва ўрочышчы Цагельні каля Ігумену карнікі НКВД расстралялі каля трох тысячаў яе вязьняў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму драўляныя касьцёл Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа і царква Раства Багародзіцы, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Традыцыйная гістарычная назва места — Ігумен[2][3], часам сустракаецца форма Ігумень[4][5] (польск. Ihumeń). На думку географа Вадзіма Жучкевіча, гэты тапонім мае повязі з назвай манастырскай пасады[6]. Этнограф Павал Шпілеўскі запісаў народнае паданьне, паводле якога паселішча некалі належала праваслаўнаму жаночаму манастыру, заснаванаму грэцкай ігуменьняй. Імаверна, назва места першапачаткова гучала як Ігумень — у сэнсе 'той, што належыць ігуменьні'[2]. Тым часам мовазнаўца Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на тое, што тапонім хутчэй за ўсё ўтварыўся ад слова гумно. Гэта пацьвярджаецца бракам гістарычных зьвестак пра манастыр у Ігумене, вытворнымі ад кораня гумно ў беларускай геаграфічнай тэрміналёгіі (гумяньнё, падгу́меньне, гу́мнішча — назва поля або ўрочышча), прыкладамі зь беларускай тапанімікі (вёска Гумны пад мястэчкам Крупкамі, сяло Гумня на возеры Гумне ў Полацкім ваяводзтве), а таксама ўпамінам пра Ігуменскую воласьць у сярэдзіне XV ст. як districtum Humyen[7].

У 1923 годзе бальшавікі перайменавалі Ігумен у «Чэрвень» у гонар месяца захопу мястэчка — чэрвеня 1920 году[7][8] (хоць напраўду захапілі яго толькі 9 ліпеня[9]). Гэтая назва не ўнікальная: старажытны горад з такой назвай, сталіца ўдзельнага княства і гістарычнага рэгіёну, існаваў да канца XIII ст. на мяжы сучасных Польшчы і Ўкраіны, таксама аднайменнае сяло знаходзіцца ў Тарнопальскай вобласьці Ўкраіны.

З часоў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Ігумен у якасьці афіцыйнай[10].

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Першы пісьмовы ўпамін пра Ігумен датуецца 1387 годам. У 1-й палове XV ст. ён знаходзіўся ў валоданьні Кезгайлаў. 21 кастрычніка 1430 году (паводле іншых зьвестак, у 1447 годзе[3]) упамінаецца воласьць Гумен (лац. districtum Humyen), якая належала біскупу віленскаму (царкоўнае мястэчка). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

 
Плян места, 1830 г.

У 1595 годзе ў Ігумене зьбіраліся харугвы Вялікага Княства Літоўскага дзеля змаганьня з казацкімі набегамі Налівайкі. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі разрабавалі і моцна разбурылі мястэчка[3]. Пад 1669 годам упершыню ўпамінаецца касьцёл. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у мястэчку спыняўся кароль Швэцыі Карл XII.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Герб, 1843 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ігумен апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Віленскага біскупства. У 1795 годзе Ігумен атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету. 22 студзеня 1796 году месту даравалі герб: «у блакітным полі срэбны кушч грачыхі, над якімі пяць залатых пчол»[11]. На 1800 год у Ігумене было 85 двароў, 263 будынкі, дзеялі 2 царквы і касьцёл, працавалі 3 прадпрыемствы, 2 карчмы, 10 крамаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) тут дзеяў паўстанцкі аддзел на чале з Б. Сьвентаржэцкім. На 1905 год у Ігумене было 664 жылыя дамы, працавалі 6 пачатковых школаў, лякарня, аптэка і аптэчная крама, вадзяны і паравы млыны, некалькі майстэрняў, штогод праводзілася 6 кірмашоў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ігумен занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ігумен абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, а жыхары места, Пярэжырскай і Ўзьдзенскай воласьцяў Ігуменскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[12]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Ігумен увайшоў ў склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Менскага раёну[13]. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году места займалі польскія войскі. 9 ліпеня 1920 году яго занялі бальшавікі[9]. 18 верасьня 1923 году савецкія ўлады перайменавалі Ігумен у Чэрвень (у гонар месяца чэрвень). У 1924 годзе места стала цэнтрам раёну.

У Другую сусьветную вайну 26 чэрвеня 1941 году на выхадзе з Ігумену ва ўрочышчы Цагельні НКВД расстраляла каля трох тысячаў вязьняў Чэрвеньскай перасыльнай турмы — беларусаў, палякаў, летувісаў і іншых[14]. Неўзабаве места акупавалі войскі Трэцяга Райху. 1 лютага 1942 году на ўскрайку Ігумену нацысты расстралялі габрэяў з гета (цяпер на гэтым месцы помнік[15]).

У 1989 годзе грамадзкасьць даведалася пра тое, што Ігумен стаў другімі Курапатамі — вакол места знаходзяцца пахаваньні тысячаў ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў. 18 красавіка 2001 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб[16].

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 560 чал. (266 муж. і 294 жан.), у тым ліку і 12 цыганаў; апроч таго, існавалі прыпісаныя да места жыды (37 муж. і 54 жан.), што жылі ў арандаваных імі корчмах павету[2]
  • XIX стагодзьдзе: 1825 год — каля 900 чал.; 1866 год — каля 2400 чал.; 1882 год — да 3 тыс. чал.[17]; 1897 год — 4573 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 5121 чал.; 1907 год — 5390 чал.[18]; 1939 год — 6,4 тыс. чал.; 1959 год — 8,2 тыс. чал.; 1970 год — 10,2 тыс. чал.; 1991 год — 11,6 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 10,8 тыс. чал.[19]; 2006 год — 10,1 тыс. чал.; 2008 год — 9,9 тыс. чал.; 2009 год — 10 150 чал.[20] (перапіс); 2016 год — 9718 чал.[21]; 2017 год — 9656 чал.[22]; 2018 год — 9619 чал.[1]

Дзеюць касьцёл Узвышэння Святога Крыжа (1995 год, мураваны) і Сьвята-Мікалаеўская царква (1993—2003 гады, мураваная).

Адукацыя

рэдагаваць

У Ігумене працуюць 4 сярэднія школы, дашкольныя ўстановы.

Культура

рэдагаваць

Дзеюць дом культуры, бібліятэкі.

Забудова

рэдагаваць

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва
Аляксандра Неўскага вуліца Гуменная вуліца
Барыкіна вуліца Шпітальная вуліца
Гарбачова вуліца Бабруйская вуліца
Зяневіча вуліца Бярэзінская вуліца
Карла Лібнэхта вуліца Азёрская вуліца
Карла Маркса вуліца Пляцавая вуліца
Леніна вуліца Пухавіцкая вуліца
Луначарская вуліца Школьная вуліца
Маякоўскага вуліца Крупенская вуліца
Пралетарская вуліца Паліцэйская вуліца
Свабоды плошча Рынак пляц
Савецкая вуліца Горлаўская вуліца
Флегантава вуліца Больнічная вуліца[23]

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы харчовай, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Ігумена
  • УП «Чэрвеньскі ДАК»
  • ДЛГУ «Чэрвеньскі лясгас»
  • УП «Чэрвеньская друкарня»
  • ПУП «Чэрвеньскі гароднінасушыльны завод»
  • ААТ «Чэрвеньскі леспрамгас»

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць
 
Цэнтар места да зьнішчэньня дома Кудзіна

Інфраструктура

рэдагаваць

Дзее Ігуменскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Чэрвень»[24].

Помнікі: вызваленьня; землякам; моладзі і інш.

Славутасьці

рэдагаваць
  • Вязьніца «Кацярынінская» (XVIII ст.; цяпер пераробленая пад гандлёвы цэнтар)
  • Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Могілкі: старыя каталіцкія; магіла Афанасія Мякоты — дзеда Максіма Багдановіча на хрысьціянскіх могілках; юдэйскія
  • Памятныя месцы: загубу грамадзянаў Беларусі, Польшчы й Летувы — ахвяраў бальшавіцкага тэрору; зьнішчэньня габрэяў нацыстамі

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  • Дом Кудзіна (пачатак XX ст., мураваны; зьнесены ў 2019 годзе)
  • Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1799—1800)
  • Сынагога
  • Царква Раства Багародзіцы (1833)
  • Царква Сьвятога Юрыя (1875)
  1. ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ а б в Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на / Уклад.: Г. М. Аўласенка, З. І. Малейка. — Мн.: БЕЛТА, 2000.
  3. ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 748.
  4. ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 229.
  5. ^ Каўка А. Недыпламатычныя нататкі // Дзеяслоў. № 24, 2006 г.
  6. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 400.
  7. ^ а б Вячорка В.Пра назвы Сьветлагорск і Шацілкі, Чэрвень і Ігумен, Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2016 г.
  8. ^ Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 150.
  9. ^ а б Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 22.
  10. ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы, Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
  11. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 165.
  12. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  13. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  14. ^ Квяткоўскі С. Чэрвень — другія Курапаты, Радыё Свабода, 27 чэрвеня 2005 г.
  15. ^ Тамкович Ю. Маршрут: дворцы и храмы недалеко от Минска, 34TRAVEL.ME, 31.05.2019 г.
  16. ^ Геральдика, Червенский районный исполнительный комитет
  17. ^ Jelski A. Ihumeń // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 250.
  18. ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
  19. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 330.
  20. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
  24. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць