Міхаіл Рымінскі
Міхаіл Рымінскі (1769; Ігумен, цяпер Менская вобласьць, Беларусь — 1797; Львоў, цяпер Украіна) — танцор, сьпявак і актор. З канца 1770-х гг. выступаў у Гарадзенскім тэатры падскарбія дворнага літоўскага Антонія Тызэнгаўза (Троцкае ваяводзтва, ВКЛ; цяпер Беларусь). У 1785—1794 гг. быў галоўным танцорам балета ў Каралеўскім народным тэатры Варшавы(pl) (Польскае каралеўства)[1].
Міхаіл Рымінскі | |
Род дзейнасьці | актор |
---|---|
Дата нараджэньня | 23 сьнежня 1769[1] |
Месца нараджэньня | Ігумен, Менскі павет, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая |
Дата сьмерці | 1 студзеня 1797 (27 гадоў)[2] |
Месца сьмерці | Львоў, Каралеўства Галічыны і Ўладзімерыі, Габсбурская манархія |
Занятак | актор, танцоўшчык, сьпявак |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і прыгонных падскарбія дворнага літоўскага Антонія Тызэнгаўза (1765—1785). З канца 1770-х гг. выступаў у Гарадзенскім тэатры Тызэнгаўза (Троцкае ваяводзтва, ВКЛ; цяпер Беларусь), дзе адначасна навучаўся ў музычна-тэатральнай школе ў Крывой афіцыне. Як старэйшы вучань, навучаў танцу балярыну П. Грабскую і сьпявачку Т. Марчынскую. У 1782—1785 гг. навучаўся ў Пастаўскай балетнай школе Тызэнгаўза (Ашмянскі павет, Віленскае ваяводзтва, ВКЛ; цяпер Віцебская вобласьць, Беларусь) пад кіраўніцтвам балетмайстра зь Міляна (Мілянскае княства, Габсбурская манархія) Франсуа-Габрыеля ЛеДу[2].
31 сакавіка 1785 г. у складзе балетнай трупы ЛеДу пераехаў у Варшаву (Польскае каралеўства) да караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1764—1795), якому Тызэнгаўз завяшчаў «15 танцорак і 18 танцораў» (17 дарослых ва ўзросьце ад 16 да 21 году і 16 дзяцей). 24 верасьня 1875 г. упершыню выступіў на сцэне Каралеўскага народнага тэатру Варшавы(pl) у галоўнай ролі балета ЛеДу «Гілас і Сільвія» паводле опэры Франсуа-Жозэфа Госэка(fr) (1734—1829) «Выгоды Гіласа і Сільвіі» (франц. Les agréments d'Hylas et Sylvie, 1768). У 1785—1794 гг. быў галоўным танцорам балета ў Каралеўскім народным тэатры Варшавы, дзе выконваў партыі: Капітан Сандор («Капітан Сандор на востраве Караліна»), Алонза («Кора і Алонза», 1782; Ёган-Готліб Наўман(de)), Адоніс («Вэнэра і Адоніс»), Марк Антоні («Клеапатра і Марк Антоні»)[2].
У 1795 г. выступаў у варшаўскіх пастаноўках С. Галчынскага і К. Аўсінскага. У 1795—1797 гг. выступаў у Львове (Каралеўства Галічыны і Ўладзімерыі, Габсбурская манархія) у складзе балетнай трупы[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 23 сьнежня 2014. — № 243 (27853). — С. 12. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г Рымінскі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13. — С. 510. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4