Чэмпіяна́т Эўро́пы па футбо́ле 2016 го́ду — 15-ы чэмпіянат сярод нацыянальных зборных Эўропы, арганізаваны УЭФА. Праходзіў у Францыі з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2016 году. Упершыню ў фінальнай частцы спаборніцтваў бралі ўдзел 24 каманды. Чэмпіянат Эўропы праходзіў у Францыі ў трэці раз, папярэднімі былі чэмпіянаты 1960 і 1984 гадоў. У фінале зборная Партугаліі перамагла зборную Францыю і ўпершыню ў сваёй гісторыі выйграла чэмпіянат Эўропы.
Чэмпіянат Эўропы па футболе 2016 году Францыя Championnat d'Europe de football 2016
Адборачны турнір праходзіў зь верасьня 2014 году да лістапада 2015 году. У ім бралі ўдзел 53 зборныя краінаў, якія ўваходзяць у УЭФА. Зборная Францыі трапіла на чэмпіянат без адбору як гаспадыня спаборніцтваў.
24 каманды-ўдзельніцы мусілі да 31 траўня 2016 году падаць заяўкі на ўдзел у фінальным турніры, якія складаюцца з 23 гульцоў, зь якіх 3 мусяць быць брамнікамі. Да першага матчу каманды на турніры замены ў заяўцы магчымыя толькі з прычыны траўмы ці хваробы гульца, якія пацьверджаныя доктарам каманды, а таксама доктарам мэдычнай камісіі УЭФА.
На групавым этапе каманды падзеленыя на 6 групаў па 4 каманды. У 1/16 фіналу трапяць па дзьве найлепшыя каманды з кожнай групы, а таксама чатыры найлепшыя з камандаў, якія зоймуць трэція месцы. Лёсаваньне групавога этапу адбылося 11 сьнежня 2015 году ў Парыжы.