Уладзімер Полацкі
Уладзімер Полацкі (1140-я—1216) — князь менскі (да 1182—1186) і полацкі (1186—1216). Сын Валадара Глебавіча.
Уладзімер Полацкі | |
Князь полацкі | |
---|---|
1186 — 1216 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 1140-я |
Памёр | 1216 , |
Дынастыя | Рагвалодавічы |
Бацька | Валадар Глебавіч |
Імя
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Уладзімер
Рускае імя Ўладзімер (Вальдэмар) выводзяць адначасна з славянскіх і германскіх моваў. Фармант -валд- ёсьць агульным зь імёнамі Рагвалод і Валадар, фармант -мер- — зь імём Казімер.
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Владимирко Володаревич, Woldemaro de Ploceke (Кроніка Лівоніі Генрыха Латвійскага, дзе ён называецца «каралём Полацку»[1]).
Біяграфія
рэдагавацьАсоба князя
рэдагавацьСын Валадара Глебавіча і Рыкісы. Вакол асобы князя ідуць спрэчкі, бо ён пэўна вядомы толькі з Хроніцы Лівоніі Генрыка Лета, але сумнявацца ў гістарычнасьці асобы Ўладзімера няма падставаў. Дасьледнікі высунулі шмат кандыдатур на яго ролю.
Шмат хто зь іх грунтуе свае высновы на тым, што Генрык Лет памылкова называў Вальдэмарам князя зь нейкім іншым імем. Напрыклад, Мікола Ермаловіч лічыць, што гэта Валодша якога ў 1159 годзе менскія Глебавічы пасадзілі ў поруб, пры гэтым дасьледчык памылкова лічыць Валодшу сынам Рагвалода-Васіля. Аднак гэткія высновы хібныя. Па-першае, вядома, што Генрык Лет вельмі пільна ставіўся да транскрыпцыі іншаземных імёнаў. Па-другое, Валодша нарадзіўся ў 1110-ых гадох і неверагодна каб ён дажыў да 1216 году.
Іншыя лічаць, што гэта Уладзімер Рурыкавіч, але гэта, вядома, недарэчнасьць, бо ён толькі нарадзіўся ў 1187 годзе калі Ўладзімер Полацкі ўжо дзейнічаў. Яшчэ адна кандыдатура — Уладзімер-Войцах малодшы сын Барыса Давыдавіча, храналягічна магчымы варыянт, але невядома ці быў ён дастаткова дарослы ў 1186 годзе. Да таго ж, палачане кепска ставіліся да яго і яго маці Сьвятохны. Таксама высоўваюць кандыдатуру Валадара Васількавіча, але гэтая асоба ўвогуле ня гістарычная, бо ён ня згадваецца ні ў адзінае крыніцы і зьяўляецца вынікам творчасьці самых дасьледчыкаў.
Адзіным пэўным Уладзімерам зьяўляецца Ўладзімерка Валадаравіч згаданы Тацішчавым, крыніца якога — Полацкі летапіс не захавалася. Тацішчаў паведамляе, што Ўладзімерка ў 1182 годзе ваяваў Падляшша — зямлю дарагічынскага князя Васількі Яраполкавіча, які паклікаў на дапамогу палякаў і на Бузе адбылася жорсткае сутыкненьне — Уладзімерка быў разьбіты і адступіў у Менск. Васілька ўзяў Берасьце, пакінуў там польскую залёгу і вярнуўся ў Дарагічын. Уладзімерка зьвярнуўшыся па дапамогу да палачан і зноў адваяваў Берасьце, а пасьля рушыў на Васільку, які з польскім войскам стаяў на Нуры за Дарагічынам. У баі Ўладзімерка перамог, ня вытрымаўшы націску полацка-менскага войска палякі адступілі да лесу, Уладзімерка амаль усіх іх пасек у пагоні. Васілька ўцёк да свайго цесьця Лешкі і пры яго падтрымцы ў рэшце рэшт прагнаў з Падляшша Ўладзімерку. Што адбылося далей Тацішчаў не паведамляе. Да меркаваньня, што Ўладзімер Полацкі быў Глебавічам схіляецца, напрыклад, Л. Аляксееў.
Да 1186 году
рэдагавацьВядомая барацьба за полацкі сталец паміж менскімі Глебавічамі і віцебскімі Васількавічамі карыстаўшыміся падтрымкаю смаленскіх князёў. Таму цікавае пытаньне, чаму Глебавічы зьмянілі Васількавічаў у Полацку. Відаць, чыньнікам была зьмена ў 1180 годзе палітычнай арыентацыі Васількавічаў з смаленскай на чарнігаўскую — у выніку яны былі пазбаўленыя смаленскай падтрымкі. Відаць адразу пасьля гэтага Ўсяслаў Васількавіч пры падтрымцы Смаленска быў зьменены на Барыса Давыдавіча, які быў таксама з віцебскіх князёў, але не Васількавіч. Барыс Давыдавіч у 1180-ых быў ужо састарэлы, у крыніцах паведамляецца, што таму для вайсковых справаў палачане запрашалі менскіх і друцкіх князёў, сярод якіх відаць і быў Уладзімерка Валадаравіч.
Недзе да 1186 году нешта здарылася ў Полацку — магчыма памёр Барыс Давыдавіч, а магчыма палачане вырашылі зьмяніць яго на кагосьці з Васількавічаў. Як бы там ні было, гэта выклікала незадаволенасьць смаленскіх князёў (згаданы Давыд і Мсьціслаў), якія разам са сваімі новымі хаўрусьнікамі — менскімі Глебавічамі (згаданы Васілька Валадаравіч) і друцкімі Барысавічамі (згаданы Усяслаў Друцкі), зрабілі вайсковую выправу на Полацак. Палачане не жадаючы вайны сустрэлі іх на мяжы, далі вялікія падарункі і відаць прынялі нейкія іх умовы, бо князі згадзіліся на мір. Магчыма, у выніку гэтых умоў менскі князь Уладзімерка і апынуўся на полацкакім стальцы.
Дзейнасьць
рэдагавацьВа ўладараньне Ўладзімера для Полацку пачаліся цяжкія часы. У 1186 годзе Ўладзімер дазволіў немцу Мэйнарду — каталіцкаму манаху, прапаведваць хрысьціянства сярод полацкіх даньнікаў ліваў у вусьці Дзьвіны. Але спачатку нічога кепска з гэтага не было, бо Мэйнард цалкам прызнаваў уладу Полацку.
У 1191 годзе Ўладзімер сустрэўся ў Вялікіх Луках з наўгародзкім князем Яраславам Уладзімеравічам. Навошта яны сустракаліся цяжка казаць, але дамовіліся аб сумесным паходзе на літоўцаў або на чудзь у наступным годзе. Магчыма, што яны дамовіліся аб двух сумесных паходах — на Літву і на Чудзь, але гэтыя пляны чамусьці ня зьдзейсьніліся. У 1192 годзе Ўладзімер адзін хадзіў на Літву, а наўгародцы з пскавічамі самастойна на чудзь. Невядома навошта Ўладзімер хадзіў на літоўцаў, якіх менскія князі звычайна выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах, магчыма ён прыняў удзел у нейкай унутрылітоўскае свары. Аднак вядома, што Ўладзімер і далей выкарыстоўваў літоўскія аддзелы ў вайсковых мэтах.
Узімку 1198—1199 гадоў полацкія войскі ў якіх былі вялікія літоўскія аддзелы напалі на ноўгародзкі горад Вялікія Лукі, спалілі яго і парабавалі ваколіцы. У адказ вялікае войска наўгародцаў, пскавічоў, ладжанаў, наваторжцаў рушыла на Полацак. Уладзімер, каб не дапусьціць спусташэньня сваіх земляў, наладзіў паслоў якія сустрэлі гэтае войска ля возера Каспля, дарамі і грашыма задобрылі ноўгародзкага князя.
У 1201 годзе, калі падуладныя Полацку летоны выправіліся ў рабаўніцкі паход на падуладных Полацку жа земгалаў, Уладзімер увёў свае войскі ў Летонію, вымусіўшы летонаў вярнуцца ў свае межы. Тым самым ён прадухіліў вайну паміж сваімі даньнікамі на пярэдадні сваёй вайны зь немцамі ў Лівоніі.
Выправа 1203 году
рэдагавацьУ 1203 годзе Ўладзімер пачаў адкрытую вайну зь немцамі, якая была відаць выклікана тым, што біскуп Альбэрт адмовіўся плаціць даніну Полацку, тым самым высунуўшы прэтэнзіі на самастойнасьць, чаго не рабілі яго папярэднікі.
Выправа 1203 году болей падобная на палюдзьзе сярод непакорлівых даньнікаў, чым на вялікую вайсковую кампанію. Відаць войска Ўладімера складалася з уласнай дружыны і дружынаў Усевалада Герцыцкага і Вячкі Кукенойскага. Спачатку ім спрыяў посьпех, пасьля аблогі замку Іксэкуль лівы, які троху раней прызналі ўладу біскупа, выплаціць патрэбную даніну Полацку. Але пад Гольмам рыцары з самастрэлаў паранілі ў палачанаў шмат коней і Ўладзімер не рызыкнуў пад абстрэлам перапраўляцца цераз Дзьвіну. Палачане адступілі ад Гольма, але Ўсевалад Герцыцкі зь летонамі зрабіў напад на Рыгу і парабаваў рыскія ваколіцы. Відаць, Уладзімер, жадаў толькі напалохаць немцаў малымі сіламі і гэта ў яго атрымалася, але толькі часткова — Альбэрт прызнае Ўладзімера ўладаром Лівоніі, і выплачвае яму даніну за ліваў. Аднак, відаць, гэта не задавальняе Ўладзімера цалкам, бо сам біскуп не жадае плаціць даніны за самога сябе, а толькі за ліваў – гэта значыць уласна сам не жадае быць падданым Полацку.
Пасольства ліваў і выправа 1206 году
рэдагавацьУ 1206 годзе да Ўладзімера прыбыло ліўскае пасольства. Паслы скардзіліся на немцаў, што тыя не трымаюць мір, нападаюць на ліваў, прымушаюць іх прымаць новую веру. Уладзімер разаслаў па ўсёй Полацкай зямлі загад зьбіраць войска для вялікае выправы на Лівонію. Князь вырашыў на караблях і плытах спусьціцца да Рыгі і захапіць яе, тым самым адным разам выкінуць немцаў са сваіх уладаньняў.
Нейкім чынам пра пасольства ліваў даведаўся Альбэрт, і ён, пасылае да Ўладзімера сваё пасольства на чале з Тэадорыхам, які відаць быў добра вядомы Ўладзімеру яшчэ з часоў Мэйнарда. Па дарозе на пасольства напалі летоны і адабралі дары для полацкага князя, але самі паслы дабраліся ў Полацак. Прымаючы іх, Уладзімер вырашыў выкрыць хлусьню немцаў, што нібыта Ордэн не парушаў мір і не нападаў на ліваў. Для гэтага ён паклікаў і ліўскіх паслоў — тыя пацьвердзілі свае словы. Князь загадаў немцам выйсьці на двор і чакаць ягонага рашэньня. Тэадорыху ўдалося паслаць Альбэрту вестку аб рыхтуючайся выправе.
Альбэрт даведаўшыся, што Ўладзімер рыхтуецца да паходу на Рыгу, затрымаў у Лівоніі крыжакоў, што зьбіраліся ўжо вяртацца ў Нямеччыну. У сваю чаргу і Ўладзімер даведаўся пра ўчынак Тэадорыха, і зразумеўшы, што яго намер выкрылі адклаў вялікую выправу на будучыню. Ён адпусьціў Тэадорыха, а разам зь ім адправіў у Лівонію полацкіх урадоўцаў, каб яны, выслухаўшы абодва бакі — немцаў і ліваў, вырашылі, хто зь іх кажа праўду. Прыбыўшы ў Лівонію, полацкія ўрадоўцы спыніліся ў Кукенойсе, а разам з Тэадорыхам у Рыгу паслалі дзяка Стэфана, каб выклікаць Альбэрта на разьбіральніцтва 30 траўня 1206 году на раку Вогу. Альбэрт назваўшы ўрадоўцаў пасламі прапанаваў ім прыехаць да яго ў Рыгу, як да гаспадара гэтае зямлі — ехаць на разьбіральніцтва ён адмовіўся.
Да прызначанага тэрміну на Вогу сабралася вялікая колькасьць ліваў. З Гольма на караблі прыбылі іх старэйшыны, што жылі ў гэтым замку. Па дарозе яны спрабавалі хітрасьцю выманіць з Ікескуля немцаў, запрашаючы тых сесьці да іх на карабель, але немцы не згадзіліся. Тады лівы, абьяднаўшыся зь летамі з Тарэйды і з Вэйкалы, напалі на Гольм і захапілі яго. Адсюль яны накіраваліся на Рыгу, але крыжакі які былі ў Рызе лёгка разьбілі ліваў, вярнулі сабе Гольм.
Адмова Альбэрта прыбыць на разьбіральніцтва — выяўленьне ім незалежніцкіх тэндэнцыяў, выклікала ў Ўладзімера абурэньне. Ён сабраў войска і на караблях спусьціўся ўніз па Дзьвіне. Пры высадцы ля Ікескуля шмат каго ў полацкім войску немцы паранілі з самастрэлаў. Уладзімер ня стаў браць гэты замак, а нечакана падышоў да Гольма і акружыў яго з усіх бакоў. Некалькі дзён паміж немцамі і палачанамі доўжыўся бой. Крыжакі адбіваліся з дапамогай самастрэлаў, палачане, вопытныя ў стральбе з лукаў, закідалі замак стрэламі. Спрабавалі палачане падпаліць умацаваньні — расклалі вялікае вогнішча пад сьценамі, але бязвынікова. Не прынес посьпеху камнякід, які зрабілі палачане па ўзору нямецкіх, бо ён быў зроблены няўдала. Уладзімер плянаваў захапіць Гольм, Іксэкуль і Рыгу — гэтым самым выкінуўшы немцаў зь Лівоніі. Гэтыя пляны спраўдзіліся бы, бо немцаў было ня шмат. Аднак, Уладзімеру прыйшлося адмовіцца ад гэтых задум, бо ён даведаўся аб набліжэньні флёту крыжакоў зь Нямеччыны, а таксама дацкага кароля Вальдэмар з войскам, якое ён зьбіраў тры гады і зь якім высадзіўся на Эзэлі. Суадносіны сіл перамяніліся — Уладзімер адступіў.
Гэтая сытуацыя прычынілася да таго, што ў 1207 годзе ўся краіна ліваў — Лівонія, апынулася ва ўладзе крыжакоў. Яны падступілі да межаў Кукейноскага княства. Вячка Кукенойскі нават перадае палову свайго княства біскупу, бо ў яго не хапала сілы супрацьстаяць нямецкай агрэсіі і каб зусім не пазбавіцца княства, ён пайшоў на кампраміс з Альбэртам.
Але ні Ўладзімер, ні Вячка не зьмірыліся з гэтым становішчам. Вячка, даведаўшыся што крыжацкае войска адплыло на караблях у Нямеччыну, распраўляецца з крыжакамі, якія былі ў той палове замка, што ён перадаў біскупу. Трафэі ён адпраўляе Ўладзімеру, паведамляючы, што крыжакі сышлі зь Лівоніі і прапануючы аднавіць наступ. Але па волі лёсу, сустрэчны вецер затрымаў крыжакоў у вусьці Дзьвіны. Крыжакі даведаўшыся пра ўчынак Вячкі вярнуліся каб адпомсьціць. Вячка, не чакаючы падыходу крыжакоў, спаліў свой замак і сышоў на Русь, а крыжакі завалодалі Кукенойскім княствам.
Падзеі 1209 году
рэдагавацьПасьля гэтага ў першым шэрагу барацьбы з націскам крыжакоў апынуўся Ўсевалад Герцыцкі. У восень 1209 году разьбіўшы ля Герцыке Ўсеваладаву дружыну крыжакі захапілі Герцыке, герцыцкі князь выратаваўся на супрацьлеглым беразе Дзьвіны і адтуль назіраў як гарыць яго горад, але яго жонка і дачка трапілі ў палон. Біскуп Альбэрт прапанаваў Усеваладу мір, а таксама вярнуць палонных і нарабаванае дабро, але той павінен быў перадаць яму палову свайго княства, пазьбягаць зносінаў з паганцамі — летонамі, паведамляць аб плянах русінаў. У Ўсевалада не было іншага выйсьця, як згадзіцца з гэтымі ўмовамі. Але Ўсевалад, атрымаўшы назад сваё дабро, не зьбіраўся служыць біскупу.
Мір зь біскупам
рэдагавацьМіру паміж Рыгай і Полацкам так і не было, што шкодзіла полацкаму гандлю, бо крыжакі кантралявалі вусьце Дзьвіны. А Ўладзімер, відаць, не дазваляў рыскім купцам гандляваць ў Полацкай зямлі.
У 1210 годзе да Ўладзімера прыбылі паслы біскупа на чале з рыцарам Арнольдам. Ведаючы зацікаўленасьць Полацку ў гандлі па Дзьвіне, біскуп прапанаваў Уладзімеру заключыць з Рыгай мір і адчыніць рыскім купцам доступ у свае ўладаньні. Каб абмеркаваць умовы пагадненьня, Уладзімер адправіў да Альбэрта багатага чалавека Людольфа са Смаленска. Гэта, магчыма сьведчыць, што за Ўладзімерам стаяў ня толькі Полацак, але і Смаленск таксама зацікаўлены ў вольным гандлі па Дзьвіне. Уладзімера хвалявала ліўская даніна, якую Полацак страціў — біскуп Альбэрт згаджаецца выплочваць яе за ліваў. Гэта вяртае адносіны да стану на 1203 год, але з улікам таго, што Полацак ужо страціў Кукенойс і пацярпелі яго правы ў Герцыке. Гэтая дамова хоць і зрабіла палёгку полацкаму гандлю, але разьвязала рукі біскупу які цяпер без хваляваньня за свае падзьвінскія ўладаньні мог ваяваць эстаў. Але яна ня вырашала пытаньня прызнаньня біскупам полацкае ўлады, бо хоць ён згаджаўся плаціць даніну за ліваў, але не за сябе — гэтым самым настойваючы на сваёй незалежнасьці. На самой жа справе, відаць, біскуп нават не плаціў даніну і за ліваў, аргумэнтуючы гэта не жаданьнем ліваў служыць адразу двум уладарам.
Магчыма для вырашэньня гэтага пытаньня Ўладзімер выклікаў Альбэрта на сустрэчу. Сустрэча адбылася ў Герцыке, што вядома дазволіла захаваць твар абоім бакам, бо гэтае месца дазваляла пазьбегнуць недарэчнасьці падобнай адбыўшайся ў траўні 1206 году. Уладзімер, які лічыў сябе ўладаром гэтых мясьцін, мог выклікаць да сябе біскупа які дэ-юрэ жыў у яго ўладаньнях, а біскуп мог зьявіцца на сустрэчу ня страціўшы дэкляруемага статусу, бо герцыцкі князь дэ-юрэ быў яго васалам і Герцыке быў часткова біскупавым горадам. Спачатку амаль не пачалося вайсковае сутыкненьне, якое цудам было прадухіленае. У выніку гэтае сустрэчы князь прызнаў дэ-юрэ маючыяся дэ-факта валоданьне біскупам Лівоніяй — ён перадаў яе біскупу. Пры гэтым была дамоўленасьць аб волі гандлю па Дзьвіне і пра сумесную ахову гандлёвых шляхоў. Але зьмірыцца са стратай Лівоніі Ўладзімер ня мог, ён захоўваючы мір зь біскупам пачаў дзейнічаць супраць яго праз Усевалада Герцыцкага і летонаў. Ужо ў тым жа 1210 годзе летоны нападаюць на Рыгу, а ў 1211 годзе яны двойчы ваююць біскупскія ўладаньні.
У 1214 годзе біскуп перайшоў у наступ, абвінаваціўшы Ўсевалада ў тым, што ён ужо шмат гадоў не зьяўляецца да яго і заўжды дапамагае летонам парадай і справай. Зь біскупава бласлаўленьня крыжакі зь летамі ў 1214 выправіліся на Ўсевалада і хітрасьцю завалодалі Герцыке. Горад быў разрабаваны, а жыхары, якія не пасьпелі ўцячы ў замак, узятыя ў палон.
Падзеі 1216 году
рэдагавацьУ 1216 годзе да Ўладзімера зьвярнуліся эсты з просьбай, каб ён з войскам прыйшоў ваяваць Рыгу. Самі эсты абяцалі адначасова пачаць вайну супраць ліваў і летаў, а таксама заперці гавань у Дзюнамюндэ. Верагодна такога прыдатнага моманту і чакаў Уладзімер. Ён пачаў зьбіраць войска з Полацку, Менску, Літвы, Смаленску, Віцебску і Друцку. Сабралася вялікае войска, але Ўладзімер, ужо ўзышоўшы на карабель, раптоўна памёр.
Па сьмерці
рэдагавацьВыправа на Рыгу была сарваная, бо паміж прысутнымі князямі пачалася барацьба за полацкі сталец. У гэтай барацьбе ўдзельнічаў і Васілька Валадаравіч — малодшы брат Уладзімера. Асноўнымі супраціўнікамі Васількі былі смаленскія князі — паведамляецца, што ў гэты час у Полацку адбыліся сутычкі смаленцаў зь літоўцамі, верагодна з Васількавай дружыны. Смаленскія князі спачатку нібыта перамаглі, а літоўцы парабавалі ваколіцы Полацку, але канчаткова перамог Васілька, бо ён як полацкі князь згадваецца ў 1217/1218 годзе. Але ўсе гэтыя падзеі, а пасьля захоп Полацку смаленскімі князямі, прычыніліся да таго, што Полацак канчаткова страціў Лівонію, а Ўсевалад Герцыцкі ў 1225 годзе прызнаў нямецкую ўладу.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Загарульскі Э. Заходняя Русь: ІХ–ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Менск, 1998, — 260 с.
- Сагановіч Г. Полацк і нямецкая калонія на Дзвіне (паводле хронікі Генрыха) // БГА. Т. 5, Сш. 1 (8), чэрвень 1998.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
- Алексеев Л.В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975.
- Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. Введение, перевод и комментарии С. А. Аннинского. 2-е изд. — М. — Л.: Издательство Академии Наук СССР, 1938.