Няміга

рака ў Менску

Нямі́га — рака ў Менску, правы прыток ракі Сьвіслачы. Дала назву вуліцы і гістарычнай мясцовасьці вакол яе.

Рака
Няміга
лац. Niamiha
Былое вусьце калектару Нямігі на рацэ Сьвіслачы
Былое вусьце калектару Нямігі на рацэ Сьвіслачы
Агульныя зьвесткі
Вусьце калектар «Цэнтар»
Каардынаты вусьця 53°54′24.22″ пн. ш. 27°33′16.9″ у. д. / 53.9067278° пн. ш. 27.554694° у. д. / 53.9067278; 27.554694Каардынаты: 53°54′24.22″ пн. ш. 27°33′16.9″ у. д. / 53.9067278° пн. ш. 27.554694° у. д. / 53.9067278; 27.554694
Краіны басэйну Беларусь
Вобласьці Менск
Даўжыня 4,5 км

Гісторыя

рэдагаваць

Упершыню рака Няміга ўпамінаецца ў «Слове пра паход Ігараў» у апавяданьні пра бітву паміж сынамі кіеўскага князя Яраслава Мудрага і полацкім князем Усяславам Чарадзеем, які «разшибе славу Ярославу, скочи влъкомъ до Немиги съ Дудутокъ. На Немизѣ снопы стелютъ головами, молотятъ чепи харалужными… Немизѣ кровави брезѣ не бологомъ бяхуть посѣяни, посѣяни костьми рускихъ сыновъ». У зьвязку зь бітвай рака таксама ўпамінаецца ў Аповесьці мінулых часоў пад 1067 годам. Тоеснасьць падзеяў, апісаных у «Слове» і «Аповесьці», бясспрэчная, аднак месца знаходжаньня летапіснай Нямігі пэўны час выклікала сумневы. Першыя выдаўцы «Слова» ўслед за расейскім гісторыкам Васіліем Тацішчавым[1] атаясамлівалі Нямігу зь Нёманам. Такой жа думкі прытрымліваўся Мікалай Карамзін[2]. Існавалі і іншыя здагадкі, Уладзімер Ператц, напрыклад, дапускаў, што Няміга — адна з рэк каля Пінску[3]. Нарэшце, у 1821 годзе Зарыян Даленга-Хадакоўскі атоесьніў Нямігу з пратокай у Менску[4]. Неўзабаве да такой жа думкі прыйшлі іншыя дасьледнікі.

Да XIX ст. Няміга моцна зьмялела, рэчышча высахла і назва стала ўжывацца да вуліцы. Але яшчэ ў першай палове XIX ст. пад Няміскай вуліцай, у накрытай драўляным насьцілам канаве працякаў ручай — рэштка высмаглай ракі. Гэты ручай па ліўневых дажджах, а таксама ўвесну і ўвосень разьліваўся, затапляў вуліцу і найбліжэйшы пляц. Дзеля прадухіленьня паводак мескія ўлады пастанавілі заключыць Нямігу ў бэтонныя трубы. У 1926 годзе раку ў яе ніжняй плыні ўзялі ў калектар, на Няміскай вуліцы паклалі брукаванку, ходнікі заасфальтавалі. У 1955 годзе ў калектар заключылі дзялянку верхняй плыні ракі, якая праходзіла ў раёне Грушаўскай вуліцы. У час пракладкі другой лініі мэтро Нямігу перанакіравалі ў ліўневы калектар «Цэнтар», які ўпадае ў Сьвіслач у раёне стадыёну Дынама. Старое вусьце, якое часта памылкова завуць вусьцем калектара Няміга, у наш час выкарыстоўваецца дзеля адводу вады з дрэнажнай сыстэмы станцыі мэтро «Няміга».

У падземным пераходзе аднайменнай станцыі мэтро 30 траўня 1999 году адбылася масавая таўкатня, у якой загінула 53 чалавекі і 196 чалавек атрымалі цяжкія траўмы.

Геаграфія

рэдагаваць
 
Рака Няміга на мапе 1903 г.

Да нашага часу не захавалася дакладных зьвестак пра першапачатковае разьмяшчэньне рэчышча Нямігі на ўсім яго працягу, таксама невядомыя дакладныя месцы вытоку і вусьця Нямігі. Існуюць некалькі меркаваных месцаў вытоку Нямігі. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што выток з часам высыхаў і перасоўваўся ніжэй па плыні. Паводле адной з вэрсіяў, першапачатковы выток Нямігі месьціўся ўва ўрочышча Добрых Мысьляў ў паўночнай частцы Вірскай вуліцы. На карысьць гэтай вэрсіі кажа сама назва вуліцы Вірскай, якая магчыма ўтварылася ад слова вір. Паводле іншай вэрсіі, выток знаходзіўся далей на паўднёвы ўсход, у месцы, дзе цяпер знаходзяцца Палац чыгуначнікаў. Яшчэ ў пачатку XX ст. у гэтым месцы было шырокае Францішканскае балота.

Дакладна вядома, што Няміга цякла ўздоўж Разінскага завулка, дзе дагэтуль захаваліся сьляды рэчышча і забалочанае месца, якое таксама зьяўляецца адным зь меркаваных вытокаў Нямігі. Рака перасякала вуліцу Грушаўскую, потым рабіла крук у 90 градусаў і пэрпэндыкулярна перасякала Рамізьніцкі завулак поруч з будынкам гарадзкога ДАІ. Далей рэчышча пралягала праз тэрыторыю Менскай друкарні, перасякала чыгуначныя шляхі. Рака цякла паміж сучасных вуліцаў Мясьнікова і Нямігі, потым уздоўж вуліцы Няміскай. За Петрапаўлаўскай царквой Няміга расьцякалася на два рукавы, абцякаючы Замкавую гару. Правы рукаў упадаў у Сьвіслач у раёне моста на вуліцы Багдановіча, левы рукаў агінаў Замчышча з поўначы і ўпадаў у Сьвіслач недалёка ад Гарбатага моста (цяпер гэта мост на Востраве сьлёз).

Сучаснасьць

рэдагаваць

У наш час словам «Няміга» жыхары Менску завуць раён, які пачынаецца ад гістарычнага Нізкага Рынку ўздоўж аднайменнай вуліцы. Часта гэта назва выкарыстоўваецца як агульная назва мясцовасьці, якая ўлучае ў сябе абодва берагі Сьвіслачы насупраць Траецкага прадмесьця, пляцы на праспэкце Пераможцаў аж да Палаца спорту. Калектар, у якім у наш час цячэ «Няміга», зьяўляецца папулярным месцам для менскіх дыгераў[5]. У час залеваў вуліцу Нямігу і прылеглую тэрыторыю часта падтапляе[6]. Дзеля прадухіленьня гэтых затапленьняў ўлады Менску плянуюць у найбліжэйшай будучыні збудаваць новы калектар «Няміга»[7], аднак пакуль не паведамляецца будзе гэта збудаваньне дадаткам да існага, або заменіць існы калектар, збудаваны яшчэ ў 1926 годзе.

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ История Российская. — М., 1963. Т. 2. С. 84.
  2. ^ История государства Российского. — СПб., 1842. Т. 1. С. 43.
  3. ^ Перетц В. Слово о полку Ігоревім. Пам’ятка феодальної України-Руси XII віку / Вступ. Текст. Коментар. — Київ, 1926. С. 295.
  4. ^ Прийма Ф. Я. «Слово о полку Игореве» в русском историко-литературном процессе первой трети XIX века. — Л., 1980. С. 124.
  5. ^ р. Немига (48 фото) — Диггеры  (рас.)
  6. ^ На Нямізе зноў патоп - фотарэпартаж. Наша Ніва (28.06.2010). Праверана 14 кастрычніка 2013 г.
  7. ^ Строительство коллектора «Немига» в Минске начнется в апреле | Региональные новости | Беларусь | БЕЛТА  (рас.)