Бялынічы

горад у Беларусі

Бялы́нічы — места ў Беларусі, на рацэ Друці. Адміністрацыйны цэнтар Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9887 чалавек[2]. Знаходзяцца за 44 км на захад ад Магілёва, на аўтамабільнай дарозе Менск — Магілёў.

Бялынічы
лац. Białyničy
Музэй В. Бялынікага-Бірулі
Музэй В. Бялынікага-Бірулі
Герб Бялынічаў Сьцяг Бялынічаў
Першыя згадкі: 1577
Магдэбурскае права: 4 кастрычніка 1634
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Бялыніцкі
Плошча: 185,27 км² [1]
Вышыня: 182 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 9887 чал.[2]
шчыльнасьць: 53,37 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2232
Паштовы індэкс: 213055
СААТА: 7204501000
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 53°59′44.09″ пн. ш. 29°42′34.49″ у. д. / 53.9955806° пн. ш. 29.7095806° у. д. / 53.9955806; 29.7095806Каардынаты: 53°59′44.09″ пн. ш. 29°42′34.49″ у. д. / 53.9955806° пн. ш. 29.7095806° у. д. / 53.9955806; 29.7095806
Бялынічы на мапе Беларусі ±
Бялынічы
Бялынічы
Бялынічы
Бялынічы
Бялынічы
Бялынічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Бялынічы — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі. Цудоўны абраз Маці Божай, што захоўваўся ў касьцёле, зьнік з Магілёўскага музэю ў Другую сусьветную вайну.

Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Бялынічы ўтварыўся ад уласнага прозьвішча Бялыніч[3].

Гісторыя

рэдагаваць
Асноўны артыкул: Гісторыя Бялынічаў

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Упершыню Бялынічы ўпамінаюцца ў XVI ст. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва[4]. З 1577 году яны знаходзіліся ў складзе маёнтку Цяцерына, якім валодалі князі Збараскія. Стэфан Збараскі заснаваў тут замак (Белагародак) і мястэчка[4]. Па сьмерці С. Збараскага ў 1591 годзе Бялынічы перайшлі ў распараджэньне Льва Сапегі, апякуна маладой уладальніцы Барбары Збараскай. У 1603 годзе ён набыў у валоданьне частку мястэчка. На 1620 год тут быў 331 вулічны і 16 гандлёвых пляцаў[4].

У 1624 годзе Леў Сапега заснаваў у Бялынічах кляштар кармэлітаў — адзін з найбагацейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. У кляштары знаходзіўся цудоўны абраз Божай Маці, шанаваны хрысьціянамі розных канфэсіяў. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтвы да яго Бялынічы зваліся «Беларускай Чанстаховай» (абраз зьнік у Другую сусьветную вайну з Магілёўскага краязнаўчага музэю). У 1624 годзе коштам Казімера Льва Сапегі алтар касьцёла аздобілі срэбрам, а абраз Маці Божай — каштоўнымі камянямі. Ён жа заснаваў у мястэчку друкарню[5].

З 1627 году Бялынічы сталі цэнтрам маёнтку. У мястэчку знаходзіўся Рынак, вакол якога месьціліся 12 мяшчанскіх двароў. Ад Рынку адыходзілі вуліцы Віленская з 42 дварамі на ёй, Манастырская з 19 дварамі, Цяцерынская з 20, Крукава з 25, Плітніцкая з 56, Татарская з 36, Гайная з 28 і Красная з 22 дварамі. Апроч таго, за царквой знаходзілася вуліца Глініцкая альбо Слабада (29 двароў), да мяшчанскіх гумнаў ішла новая (яшчэ, відаць, неназваная) вуліца з 20 дварамі, яшчэ адна новая вуліца з 6 дварамі на ёй вяла ад Рынку да «кладовішчаў жыдоўскіх» (юдэйскіх могілак). Насупраць Плітніцкай была яшчэ адна вуліца з 8 дварамі, зь якіх 4 былі ўласнасьцю царквы Сьвятога Ільлі, а ўжо за мястэчкам, на канцы ворыўных валокаў ля балота Бушкарова ўтварылася яшчэ адна новая вуліца з 38 дварамі. Такім чынам, Бялынічы на той час зьмяшчалі 361 двор і маглі лічыцца даволі значным паселішчам[6]. На 1630 год тут налічвалася 513 дымоў[4]. 4 кастрычніка 1634 году згодна з прывілеем караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы мястэчка атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб.

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Бялынічаў ліцьвінамі: «литвин <…> в роспросе сказался: Савастьяном зовут Иванов // Оршанского повету из-ыменья пана Казимеря Сапеги из Белынич» (1636 год)[7].

 
Маці Божая Бялыніцкая

У вайну Маскоўскае дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 24 жніўня 1654 году непадалёк ад Бялынічаў адбылася бітва паміж абаронцамі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Янушам Радзівілам і маскоўскімі захопнікамі (Бітва пад Шапялевічамі), у якой колькасна большае маскоўскае войска ўпершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў атрымала перамогу над невялікім літоўскім войскам. На 1667 год у Бялынічах засталося 327 дамоў, за часамі вайны яны страцілі 2/3 насельніцтва. У 1685 годзе Ўладзіслаў Язапат Сапега прадаў Бялынічы Кацярыне Радзівілавай.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 14 ліпеня 1708 году непадалёк ад Бялынічаў (каля Галоўчына) адбылася бітва паміж расейцамі і швэдамі, якая скончылася перамогай апошніх. З 1733 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Агінскіх. На 1734 год тут было 180 двароў. Па вялікім пажары (1742), у выніку якога згарэў драўляны кляштарны комплекс, пачалося ўзьвядзеньне мураванага касьцёла ў гонар Унебаўзяцьця Маці Божай, якое завяршылася ў 1760 годзе. 13 красавіка 1756 году Папа Рымскі падпісаў Булу аб каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай. У 2-й палове XVIII ст. у мястэчку дзеяў невялікі кляштар марыявітак, пры якім існаваў пансіянат (навучальная ўстанова) для шляхцянак[4]. Апроч таго, у гэты час працаваў мытны пункт, падпарадкаваны галоўнай мытні ў Магілёве[4].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Бялынічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Беларускай, з 1801 году Магілёўскай губэрні. На 1773 год у мястэчку дзеялі тры ўніяцкія царквы (Раства Багародзіцы, Сьвятога Ільлі і Святога Мікалая) і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[a]. На 1785 год у Бялынічах было 108 двароў, працаваў млын, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1803—1832 гадох дзеля вяртаньня сабе правоў жыхароў вольнага мястэчка бялынічане накіравалі спачатку ў Магілёўскі павятовы суд, а потым у Сэнат арыгіналы двух прывілеяў на Магдэбурскае права — фундацыйны (1634 год) і канфірмацыйны (1703 год). Аднак расейскія ўлады назвалі гэтыя дакумэнты «несапраўднымі». Каб адбіць у местачкоўцаў ахвоту бараніць свае законныя правы, найбольш актыўных бялынічанаў залічылі ў прыгонныя, як «летуценьнікаў пра ўяўную вольнасьць» (рас. «возмечтавших о мнимой вольности»), а двух найбольш актыўных змагароў прылюдна высеклі бізунамі і выслалі на катаргу ў Сыбір[8]. Паводле інвэнтару, у 1825 годзе ў мястэчку Бялынічы было 287 дымоў, у аднайменным фальварку — 71 дым. На 1845 год налічвалася 992 двары ў мястэчку і 89 — у фальварку. з 1855 году працавала піваварня.

У 1864 годзе ўлады Расейскай імпэрыі з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага адкрылі ў Бялынічах народную вучэльню, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове. У 1876 годзе яны гвалтоўна зачынілі касьцёл і кляштар кармэлітаў і перадалі іх у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). На 1880 год у мястэчку было 279 драўляных будынкаў; дзеялі 2 царквы, працавалі лякарня, аптэка, бровар, крупадзёрка. У 1909 годзе адкрылася бібліятэка, у 1913 годзе ўтварылася таварыства цьвярозасьці.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Бялынічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

Найноўшы час

рэдагаваць

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бялынічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня году Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзу Бялынічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну. 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

У Другую сусьветную вайну з 6 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году Бялынічы знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1960-я гады савецкія ўлады зьнішчылі помнік архітэктуры барока — касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармэлітаў.

23 сьнежня 2009 году да Бялынічаў далучылі вёску Міхайлоў[9]. 19 сьнежня 2016 году Бялынічы атрымалі статус места[10] (пастанова набыла моц 17 студзеня 2017 году[11]). У 2020 годзе тут прайшоў Дзень беларускага пісьменства. З гэтай нагоды праводзілася аднаўленьне аб’ектаў інфраструктуры і рэканструкцыя музэю В. Бялыніцкага-Бірулі, а Белпошта выдала спэцыяльны сьвяточны канвэрт[12].

Насельніцтва

рэдагаваць

Дэмаграфія

рэдагаваць
  • XVIII стагодзьдзе: 1785 год — 831 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1823 год — 556 чал.; 1827 год — 1085 чал.; 1846 год — 940 чал.[13]; 1861 год — 1945 чал.[14]; 1880 год — 859 чал.; 1897 год — 2215 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1926 год — 2425 чал.; 1959 год — 4244 чал.[15]; 1977 год — 6,6 тыс. чал.; 1995 год — 10,7 тыс. чал.[16]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 10,1 тыс. чал.; 2005 год — 9,9 тыс. чал.[17]; 2006 год — 9,8 тыс. чал.; 2008 год — 9,7 тыс. чал.; 2009 год — 10 688[18] чал. (перапіс); 2015 год — 10 316 чал.[19]; 2016 год — 10 220 чал.[20]; 2017 год — 10 035 чал.[21]; 2018 год — 9887 чал.[2]

Адукацыя

рэдагаваць

У Бялынічах працуюць 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў.

Культура

рэдагаваць

Дзеюць цэнтар культуры, 2 бібліятэкі.

У Бялынічах выдаецца раённая газэта «Зара над Друцьцю».

Забудова

рэдагаваць

Бялынічы разьвіваюцца паводле генэральнага пляну і праектаў дэталёвага плянаваньня цэнтру. Галоўная вось места забудоўваецца 1—2-павярховымі дамамі, утварыўся мікрараён з 3—5-павярховай жылой забудовай.

Вуліцы і пляцы

рэдагаваць
Афіцыйная назва Гістарычная назва
Ленінская вуліца Віленская вуліца (частка)
Манастырская вуліца (частка)[22]
Сялянская вуліца Глініцкая вуліца[22]

Паводле інвэнтару 1627 году, у Бялынічах таксама існавалі вуліцы Гайная, Красная, Крукава, Плітніцкая, Татарская і Цяцерынская. Гістарычны Рынак у наш час ня мае афіцыйнай назвы.

Мясцовасьці

рэдагаваць

Гістарычныя мясцовасьці Бялынічаў: Глінішча[23], Пяскі[23], Слабада, Сьвінтар[24].

Эканоміка

рэдагаваць

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Бялынічаў
  • Філія «Бялыніцкая» ААТ «Бабулін гарлачык»
  • Прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Бялыніцкі камбінат каапэратыўнай прамысловасьці»
  • Унітарнае камунальнае вытворчае прадпрыемства «Бялыніцкі вэтсанутыльзавод»

Турыстычная інфармацыя

рэдагаваць
 
Маці Божая Бялыніцкая. Каменная статуя-анёл, інагураваная з нагоды Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах (6 верасьня 2020)

Інфраструктура

рэдагаваць

Дзее Бялыніцкі раённы мастацкі музэй імя В. Бялыніцкага-Бірулі. Спыніцца можна ў гатэлі[25].

Славутасьці

рэдагаваць
  • Могілкі юдэйскія
  • Парк пры былой сядзібе Агінскіх (1740-я)

Страчаная спадчына

рэдагаваць
  1. ^ LVIA. F. 1177, ap. 1, b. 4373.
  1. ^ «Об установлении границ некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 8 августа 2016 г. № 21-4 (рас.)
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 24.
  4. ^ а б в г д е Насевіч В. Бялынічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 363.
  5. ^ Насевіч В. Бялынічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 166.
  6. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бялыніцкага р-на. — Мн.: Вышэйшая школа, 2000.
  7. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 139.
  8. ^ Карпечанка М. Вольнае мястэчка Бялынічы // Бялыніцкая даўніна. № 1 (15), кастрычнік 2007 г. С. 2—3.
  9. ^ «Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 23 декабря 2009 г. № 17-16 (рас.)
  10. ^ Круглае і Бялынічы атрымалі статус гарадоў раённага падпарадкавання, Наша Ніва, 19 сьнежня 2016 г.
  11. ^ «Об отнесении поселков городского типа Белыничи и Круглое Могилевской области к городам районного подчинения». Решение Могилевского областного Совета депутатов от 19 декабря 2016 г. № 24-4 (рас.)
  12. ^ Минсвязи выпустит конверт с оригинальной маркой «День белорусской письменности в Белыничах», Зара над Друцьцю, 19 жніўня 2020 г.
  13. ^ Насевіч В. Бялынічы // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 167.
  14. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 333.
  15. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 336.
  16. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 403.
  17. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 5. Кн. 1. — Менск, 2008. С. 330.
  18. ^ Перепись населения — 2009. Могилевская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ а б Несцярэнка Ю. Маё мястэчка ў часе і прасторы. — Менск: Выдавец Зміцер Колас, 2015. С. 31.
  23. ^ а б Несцярэнка Ю. Маё мястэчка ў часе і прасторы. — Менск: Выдавец Зміцер Колас, 2015. С. 48.
  24. ^ Несцярэнка Ю. Маё мястэчка ў часе і прасторы. — Менск: Выдавец Зміцер Колас, 2015. С. 19.
  25. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  26. ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 199.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць