Бялыніцкі абраз Маці Божай
Бялыніцкі абраз Маці Божай — твор выяўленчага мастацтва XVII ст., хрысьціянская сьвятыня. Паходзіць з кляштару кармэлітаў ў мястэчку Бялынічах. Ушаноўваецца як цудоўны, сьвяткаваньне 12 красавіка.
| |
Бялыніцкі абраз Маці Божай, | |
Паходжаньне
рэдагавацьІснуюць два розныя паданьні — праваслаўнае і каталіцкае, якія апавядаюць пра гісторыю абраза. Праваслаўнае паданьне мае дзьве вэрсіі. Адна з вэрсіяў кажа, што пасьля разгрому Кіева татарскімі войскамі Батыя некалькі манахаў, узяўшы з сабой старажытны абраз бізантыйскага пісаньня, сышлі, ратуючыся, у лесе. Свой доўгі шлях яны завяршылі на ўзвышшы ля ракі Друць — правым прытоку Дняпра, дзе і заснавалі царкву Сьвятога Ільлі Прарока і мужчынскі манастыр. Ужо ў першую ноч на абраным месцы ад іконы пачало зыходзіць незвычайнае зьзяньне. Цуд паўтараўся і ў наступныя ночы, якія сталі ад зьзяньня белымі. У памяць аб гэтым цудзе мястэчка, дзе быў заснаваны манастыр, нібыта і атрымала назву Бялынічы. Пазьней абраз быў выкрадзены манахамі-кармэлітамі.
Паводле іншай вэрсіі ікона была выкрадзена каталікамі з варот праваслаўнага Аршанскага Куцеінскага манастыра і перададзена ў кармэліцкі кляштар. Бялыніцкі касьцёл і кляштар каталіцкага манаскага ордэну кармэлітаў абутых быў заснаваны Лявом Сапегам — вялікім канцлерам літоўскім ў 1622 годзе. Лічыцца, што фундацыя была знакам падзякі Богу за перамогу ў 1618 годзе над войскамі маскоўскага цара.
Абедзьве вэрсіі каталіцкага паданьня гавораць, што абраз зьявіўся ў кармэліцкім Бялыніцкім кляштары цудоўным чынам. Па адной вэрсіі абраз быў намаляваны анёлам на ваконнай аканіцы. Па іншай — абраз напісаў пілігрым-жывапісец падчас сьпеваў манахамі літаніі Божай Маці. Жывапісец завяршыў сваю працу да моманту сканчэньня сьпеваў. Жывапісцам быў анёл.
Большасьць гісторыкаў схільныя лічыць, што цудатворны абраз у Бялынічах быў напісаны ў 1634—1635 гадох невядомым мастаком.
Гісторыя
рэдагавацьУ час вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай кармэліты ў 1655 г. перавезьлі абраз ва ўмацаванае мястэчка — Ляхавічы, якое доўгі час потым знаходзілася ў аблозе войскаў цара Аляксея Міхайлавіча. Аблога Ляхавічаў была зьнятая пасьля перамогі польска-літоўскіх войскаў пад Палонкай 2 ліпеня 1660 году. Вызваленьне Ляхавічаў было прыпісана камандзірам фартэцыі Мікалаем Юдзіцкім цудоўнай сіле Бялыніцкага абразу Божай Маці, перад якой быў выкананы падзячны гімн «Te Deum» («Цябе, Бога хвалім»).
Камісіі Віленскага біскупа ў 1755 г. было прад’яўлена 9 сьведчаньняў цудаў Бялыніцкага абразу: 1) напісаньне яго анёлам; 2) аблога Ляхавіцкай фартэцыі; 3-9) сьведчаньні вылячэньняў ў 1671, 1706, 1720, 1737, 1722 гадох.
Абраз знаходзіўся ў Ляхавічах да 1760 г. У 1760 г. абраз урачыста перанесьлі ў Бялынічы ў ізноў пабудаваны касьцёл. Яшчэ падчас знаходжаньня цудатворнага абразу ў Ляхавічах біскуп Віленскі Міхаіл Зяньковіч атрымаў у 1754 годзе дазвол і булы Папы рымскага Бэнэдыкта XIV на каранацыю абраза. Залатыя кароны з гербамі Сапегаў і Агінскіх былі выраблены на сродкі гэтых магнацкіх родаў.
Урачыстая каранацыя абраза адбылася 20 верасьня 1761 г. Для правядзеньня сьвята перад домам Агінскіх пабудавалі альтанку з трыюмфальнымі варотамі, куды быў зьмешчаны абраз. Каранацыю па даручэньні біскупа Зяньковіча зьдзейсьніў біскуп смаленскі Ежы Мікалай Гільзен. Пропаведзь зьдейсьніў вядомы дамініканскі прапаведнік — Ваўжынец Аўлачымскі.
Пасьля ўскладаньня карон абраз быў перанесены ў храм. Сьвята працягвалася цэлы тыдзень. У ім прымалі ўдзел жыхары Шклова, Амсьціслава, Воршы, Віцебску.
Каранацыя пашырыла славу цудатворнага Бялыніцкага абразу Панны Марыі. У кляштар у сьвяты Ўшэсьця Гасподняга, Сашэсьця Сьвятога Духа, Шкаплернай Божай Маці, сьв. Ільлі і Раства Багародзіцы ішлі шматлікія групы паломнікаў з Галоўчына, Кудзіна, Царкавішча, Эсьмонаў, Цяцерына, Бялевічаў, Княжычаў.
Пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) Бялынічы ўвайшлі ў Расейскую імпэрыю. Паўстаньне 1831 г. паслужыла падставай да закрыцьця ў 1832 г. толькі ў Магілёўскай губэрні 23 каталіцкіх кляштароў, у тым ліку і ў Бялынічах. Касьцёл быў перададзены дысацэзіяльнаму духавенству.
У 1861 годзе ў выданьне «Pieśni nabožnyja» («Песьні набожныя») былі ўключаны такія радкі[1]:
Ty Białynicka Najczystsza Dziewa,
Świataja Maci sirockaho rodu,
Litwy i Rusi možna Karalewa,
Uprasi Syna, kab dau nam Swabodu.
Пасьля паўстаньня 1863—1864 гг. многія пакінутыя дзеючымі касьцёлы былі зачынены і перададзены праваслаўнай царкве.
У 1876 г. адбылася перадача Бялыніцкага касьцёлу з цудатворным абразом Расейскай Праваслаўнай царкве. Лічаць, што апошні парафіяльны сьвятар ксёндз Люцыян Гадлеўскі схаваў арыгінал і пакінуў у касьцёле копію. Арыгінал жа, — піша ксёндз Тадэвуш Крагель (Беласток), — па здагадцы некаторых знаходзіцца ў Волі-Гутоўскай.
Глыбокая пашана беларусаў да цудатворнага Бялыніцкага абразу знайшла адлюстраваньне ў створаных шматлікіх жывапісных копіях, эстампах, якія беражліва захоўваюцца ў хрысьціянскіх храмах. Перад абразом Найсьвяцейшай Багародзіцы моляцца аб вылячэньні ад хваробаў, аб суцяшэньні ў скрусе.
Галерэя
рэдагаваць-
З Снова, XVII ст.
-
Гравюра XVII ст.
-
З Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі, XVII—ХIX стагодзьдзі
-
Гравюра, 1755 г.
-
Зь Вільні, XVIII ст.
-
Зь вёскі Каменкі, XVIIІ ст.
-
З Магілёўскага абласнога музэю, XVIII—XIX ст.
-
З Новага Двара, XIX ст.
-
З Докшыцаў, 1-я пал. XIX ст.
-
Літаграфія. М. Фаянс, 1850—1890 гг.
-
П. Гарытнаў, 1891 г.
-
Літаграфія з кнігі «O cudownym obrazie Matki Boskiej w kościele oo. karmelitów w Białyniczach», 1899 г.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Pieśni nabožnyja. 1861.