Стафан Збараскі
Стафан Андрэевіч Збараскі[a] (каля 1518—1586[3]) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Ваявода віцебскі (1555—1564), кашталян троцкі (з 1564) і ваявода троцкі (1566—1585). Аўтар «Дзёньніка літоўскіх паслоў»
Герб Збараскі | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1518 |
Памёр | 1585 або 1586[1] |
Род | Збараскія |
Бацькі | Андрэй Збараскі Алена з Гербуртаў |
Дзеці | Пётр Збаражскі[d][2] і Барбара са Збаражскіх[d] |
Дзейнасьць | дыплямат |
Біяграфія
рэдагавацьЗ княскага роду Збараскіх гербу ўласнага, сын Андрэя Сямёнавіча і Алены з Гербуртаў. Быў дзедзічам суміліскіх, жосьлінскіх, рудніцкіх і дарсуніскіх маёнткаў. Стаў князем збараскім па 1528 годзе. З 1543 году быў прыдворным караля і вялікага князя.
У 1556 ачольваў пасольства ў Маскву, дзе склаў мірную ўмову на шэсьць гадоў. Падзеі пасольскага падарожжа апісаў у «Дзёньніку літоўскіх паслоў». За часам Стафана Баторыя браў удзел у вайне з Іванам Тыранам і пад Полацкам, разам з Астафіем Валовічам, камандаваў пяхотаю.
Выступаў на карысьць складаньня Люблінскай уніі. Быў адным з рускіх магнатаў, якія засталіся ў Любліне па ад’езьдзе зь места літоўскіх паслоў у ноч на 28 лютага 1569 году, пастанавіўшы перайсьці зь літоўскага на польскае падданства. 22 траўня сын Стафана — Пётар Збараскі — быў адным зь першых рускіх князёў, які прысягнуў на вернасьць каралю польскаму. Сам Стафан склаў яе 26 траўня.
У час безкаралеўя 1574 году, перадаў мястэчка Міжрэчча Падляскае, якое належала Кароне Польскай, да Берасьцейскага ваяводзтва, так што прыбыткі зь яго належалі Вялікаму Княству Літоўскаму.
Пабіраўся шлюбам тройчы: першы раз з княгіняй Ганнай Забярэзінскай, другі — з княгіняй Анастасіяй Мсьціслаўскай, трэці — з Даротай Фірлей, кальвінсткай, дачкой люблінскага кашталяна. Ад першай жонкі меў сына Пятра. Сваю дачку Варвару аддаў за кузэна, Габрыеля Тышчынскага.
Стафан Збараскі быў ахрышчаны праваслаўным, але перайшоў у кальвінізм. У 1552 годзе спрыяў заснаваньню кальвінскага збора ў Віцебску. Выступаў адным з галоўных пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Спрыяючы пашырэньню кальвінізму на сваіх землях, адначасна выдаткоўваў сродкі на будаваньне і падтрымку праваслаўных манастыроў. Перад сваёй сьмерцю ў 1585 годзе, прыняў каталіцтва.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Таксама: Стэфан Збараскі
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795 (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Kraków: 1885. — С. 59.
- ^ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku (пол.) / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 120.
- ^ Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — С. 174.
Літаратура
рэдагаваць- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — Менск: Кнігазбор, 2007. — 608 с.
- Войтович Л. Князівські династії Східної Європи (кінець IX — початок XVI ст.): склад, суспільна і політична роль. Історико-генеалогічне дослідження (укр.) — Львів, 2002.
- Пасочнік В. Ціна віри. Опіум для народу на службі в людей з народу: століття XVI та XVII (укр.) // День, № 129, 4 серпня 2006 року
- Яковенко Н. Паралельний світ. Дослідження з історії уявлень та ідей в Україні XVI—XVII ст. (укр.) — Київ: Критика, 2002.