Беларускі альфабэт

кірылічны альфабэт для беларускай мовы

Белару́скі альфабэ́т — альфабэт беларускае мовы. З савецкіх часоў афіцыйна ўжываецца толькі кірылічны беларускі альфабэт. Таксама гістарычна склаўся традыцыйны лацінскі альфабэт, які выкарыстоўваецца часткай носьбітаў беларускае мовы. Апроч таго, у мінулым татары Вялікага Княства Літоўскага пісалі на беларускай мове арабскім пісьмом — арабіцай.

Беларускі альфабэт
Тып кірылічныя альфабэты[d]
Мовы беларуская мова
Зьвязаныя пісьменствы
Паходжаньне
Характарыстыка
Кірунак пісьма зьлева направа
Знакаў 32
Літары А Б В Г Ґ (Дж) (Дз) Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ў Ф Х Ц Ч Ш Ы Ь Э Ю Я
Глядзіце таксама
Беларускі лацінскі альфабэт · Беларускі арабскі альфабэт

Альфабэт

рэдагаваць

Сучасны беларускі кірылічны альфабэт быў складзены ў канцы XIX стагодзьдзя й мае 32 літары[1].

Пазыцыя 1 2 3 4[a] 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32
Вялікая літара А Б В Г Ґ Д Дж Дз Е Ё Ж З І Й К Л М Н О П Р С Т У Ў Ф Х Ц Ч Ш Ы Ь Э Ю Я
Маленькая літара а б в г ґ д дж дз е ё ж з і й к л м н о п р с т у ў ф х ц ч ш ы ь э ю я

Дз і Дж ёсьць дыграфамі (літаразлучэньнямі) і абазначаюць згукі-афрыкаты «дж» і «дз». Таксама ў беларускай кірыліцы выкарыстоўваецца знак апострафа (’). Літара «ў» (у нескладове, у кароткае) з усіх славянскіх альфабэтаў прадстаўленая толькі ў беларускім, таксама яна фігуруе ва ўзбэцкай мове, дунганскай і мове азіяцкіх эскімосаў. У 2003 годзе ў гонар гэтае літары ў Полацку быў усталяваны помнік.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Трэці Літоўскі статут (1588 год) яскравы ўзор кірылічнага друкарскага шрыфту на аснове скорапісу

Беларускі альфабэт склаўся на аснове старажытнага славянскага альфабэту — кірыліцы. У раньні пэрыяд старабеларуская графіка мела ўсе кірылічныя літары. Аднак у працэсе разьвіцьця беларускае мовы літарны склад альфабэту перастаў адпавядаць гукавой сыстэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, зьявілася патрэбнасьць у графічных сродках для зычнага афрыката «дж», гукаў «о» пасьля мяккіх і «е» пасьля цьвёрдых зычных[2].

 
Першы нумар «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага, надрукаваны лацінкай, 1863 г.

Разьвіцьцё старабеларускае графікі было зьвязана з пошукамі найбольш зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасьцяў жывое мовы. На беларускай глебе выйшлі з ужытку некаторыя літары, узьніклі графэмы «э» (канец XV ст.) і «й» (канец XVI ст.), у дзелавой пісьмовасьці перасталі выкарыстоўвацца некаторыя знакі й інш[2]. Выдатным дасягненьнем старабеларускае графікі стала стварэньне Францішкам Скарынам друкарскага варыянту альфабэту, які стаў узорам для іншых усходнеславянскіх друкароў. Шрыфт «Статута Вялікага Княства Літоўскага» ёсьць адзіным узорам славянскага друкарскага шрыфту на аснове скорапісу.

За часам Вялікага Княства Літоўскага графічная сыстэма стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадзтва й перастала зазнаваць манапольны ўплыў традыцыяў царкоўнаславянскае кніжнасьці[2]. Аднак удасканаленьне графікі адбывалася стыхійна й ніякіх рэформаў датычна ейнага ўнармаваньня так і не адбылося. У зьвязку з заняпадам старабеларускае пісьмовасьці вялікае пашырэньне на Беларусі ў XVIII — пачатку XX ст. атрымаў лацінскі альфабэт (лацінка), які дагэтуль служыў толькі для афармленьня польскіх і лацінскіх тэкстаў[2]. Лацінкаю была надрукаваная славутая «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага й творы Яна Чачота, Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча й інш. Як адзначыў Станіслаў Станкевіч, лацінка была выключнаю для першых твораў беларускае адраджэнскае літаратуры[3].

 
Вокладка кнігі Ўсевалада Гаршына «Сыгнал» у перакладзе Ядвігіна Ш. (1891 год), надрукаваная адаптаваным для беларускае мовы расейскім грамадзянскім шрыфтом.

З узьнікненьнем легальнае беларускае прэсы для перадачы гукавое сыстэмы беларускае мовы быў прыстасаваны расейскі грамадзянскі шрыфт. Беларускі альфабэт канчаткова замацаваўся як адзіны графічны сродак пісьмовае формы беларускае літаратурнае мовы толькі пасьля кастрычніцкага перавароту[2].

Браніслаў Тарашкевіч упершыню ўвёў меркаваны выклад беларускага лацінскага альфабэту й колькі зьвязаных граматычных правілаў у 5-е (неафіцыйнае) выданьне сваёй граматыкі (Вільня, 1929 год).

Вы́клад беларускага лацінскага альфабэту
(Тарашкевіч, 1929)
Aa Bb Cc Ćć Čč Dd Ee Ff Gg Hh
Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń Oo Pp
Rr Ss Śś Šš Tt Uu Ŭŭ Ww Yy Zz
Žž Źź

У беларускім мовазнаўчым асяродку канца XIX — першае трэці XX ст. рабіліся шматлікія спробы ўдасканаленьня беларускае графікі, якія былі ґвалтоўна затарможаныя ў 1930 годзе й цалкам прыпыненыя па рэформе беларускага правапісу 1933 году. Так, адмысловы праект беларускае азбукі падрыхтаваў літаратар і паэт Карусь Каганец, які за аснову свайго альфабэту ўзяў расейскі варыянт традыцыйнае кірыліцы, надаўшы неўласьцівы гукавы сэнс літарам «е», «ъ», «ѡ», «ѣ» ( ). Таксама ён прапанаваў тры новыя літары: «ε», «γ», « » (падрабязьней: Праект беларускай азбукі Каруся Каганца). Істотнаю падзеяй у гэтым кірунку дзейнасьці стала Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі (14—21 лістапада 1926 году). Аб рэформе азбукі на гэтай канфэрэнцыі былі зробленыя два даклады: Язэпа Лёсіка й Паўла Растаргуева.

Язэп Лёсік прапанаваў сем тэзаў рэформы беларускае азбукі: 1) гукі [дз'], [дж] пісаць праз «д», «ж» з дыякрытычнымі знакамі зьверху (птушкамі); 2) выбухны гук [г] (g) азначаць «ґ»; 3) замест «й» увесьці «j»; 4) ётаваныя «е», «ё», «ю», «я» пісаць праз «јэ», «јо», «ју», «ја» (јэлі, мајо, маја); 5) калі ж «е», «ё», «ю», «я» азначаюць мяккасьць зычных, то яны мусяць быць застаўленыя: «песьня», «сёлы», «ганю», «неба»; 6) выкінуць літару э й замяніць э адваротным (є); 7) выкінуць літару «ы» й замяніць яе «и»[4].

Павал Растаргуеў у сваім дакладзе выступіў за рэформу беларускае азбукі наступным чынам: 1) афрыкаты [дз'] і [дж] азначаць літарамі сэрбскага альфабэту «ђ» (ђед), «ћ» (хаћу); 2) выкінуць «й» і ўвесьці «j» у тых выпадках, у якіх прапанаваў яго ўжываць Язэп Лёсік[4].

 
Праект У. Дубоўкі па напісаньні літараў «дж» і «дз» у беларускім альфабэце (1928 год)

Сыходзячы з вышэйазначаных тэзаў беларускі паэт і мовазнавец Уладзімер Дубоўка адзначыў, што перш чым уводзіць адпаведныя літары трэба засяродзіць увагу на пэўных «вымогах». Новыя знакі, паводле ягонага меркаваньня, павінны былі: гарманаваць з рэштаю літараў беларускага альфабэту; быць лёгкімі й эканомнымі (у часе) для друку й пісьма; не абавязкова выходзіць з аднаго якога-небудзь альфабэту[5]. У 1928 годзе У. Дубоўка ў часопісе «Узвышша» апублікаваў уласны праект для літараў «дз» і «дж», які з № 5 пачаў друкаваць зь імі асобныя матэрыялы, а з № 2 за 1929 год згодна з пастановаю агульнага сходу ад 14 лютага 1929 году, ужо ўвесь часопіс друкаваўся з новымі літарамі[6], аднак пазьней гэтае новаўвядзеньне не атрымала заканадаўчага афармленьня. Таксама У. Дубоўка прапаноўваў замяніць створанае М. Карамзіным «ё» на «ö» (öн, лöн, Лöндан);[7] увесьці на ўзор украінскае графікі «ї» для перадачы спалучэньня «йі» (їкаўка, їм, паїла)[8].

У 1962 годзе эмігранцкі мовазнаўца Ян Станкевіч прапанаваў цалкам адрозны ад іншых вы́клад лацінскага альфабэту беларускае мовы.

Вы́клад беларускага лацінскага альфабэту
(Станкевіч, 1962)
Oo Aa Ee Bb Cc Ćć Čč Dd Ff Gg
Hh Chch Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń
Pp Rr Śś Šš Tt Vv Uu Ŭŭ Dzdz Dźdź
Dždž Zz Źź Žž

На сёньняшні дзень сярод ідэяў графічных удасканаленьняў беларускага альфабэту можна вылучыць прапанову беларускага мовазнаўца Вінцука Вячоркі ў ягоным праґрамным артыкуле «Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі» ў № 5 часопісе Спадчына за 1995 год, дзе ён, абґрунтоўваючы пазначэньне асыміляцыі ў спалучэньні «дзьдз» сьцьвярджае:

  ...па-трэцяе, мы прапануем застацца пры гэтым напісаньні, зважаючы на пэрспэктыву, бо рана ці позна адбудзецца графічная рэформа і для гукаў [дз'] і [дж] будуць уведзеныя асобныя літары, прыкладам, для [дз'] — літара z, вядомая ня толькі ў лацінцы, але і ў старой кірыліцы і ўжываная ў навуковай транскрыпцыі. З увядзеньнем аднае літары для гэтага характэрнага беларускага зычнага гука лягічнасьць падоўжаных напісаньняў стане відавочнаю...[9]  
  1. ^ У клясычным правапісе беларускае мовы таксама фігуруе літара Ґ , якая абазначае выбухны гук. Выкарыстоўваецца факультатыўна; пры разьмеркаваньні словаў у альфабэтным парадку літара ґ роўная г.
  1. ^ Беларускі альфабэт, літары й гукі. Гавары са мной па-беларуску. Базавы курс беларускае мовы. Праверана 8 лістапада 2023 г.
  2. ^ а б в г д Аляксандр Булыка Беларускі алфавіт. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 23 верасьня 2011 г.
  3. ^ Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы, Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, Варшава 2004.
  4. ^ а б Некрашэвіч, С. Акадэмічная Канфэрэнцыя па рэформе правапісу і графікі і вынікі яе працы // Наш край. — 1927. — № 1 (16). — С. 3—9.
  5. ^ Дубоўка, У. Проэкт літар для згукаў «Дз» і «Дж» // Узвышша. — 1928. — № 4. — С. 170.
  6. ^ Куліковіч, У. Праект Уладзіміра Дубоўкі. Да пытання аб удасканаленні моўнай сістэмы. // Роднае слова. — С. 27—29.
  7. ^ Узвышша. 1929. №1. — С. 111.
  8. ^ Дубоўка, У. Некаторыя прыватныя выпадкі мілагучнасці нашае мовы // Узвышша. — 1927. — № 4. — С. 91.
  9. ^ Вячорка, В. Правапіс. Спроба сучаснае нармалізацыі // Спадчына. — 1995. — № 5. — С. 260—261.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць