Юры Радзівіл «Геркулес»

дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага
(Перанакіравана з «Юры Радзівіл Літоўскі Геркулес»)

Ю́ры Радзіві́л (мянушкі Віктар, Пераможца, Літоўскі Геркулес[1]; каля 1480 — красавік 1541[2]) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падчашы вялікі літоўскі (1509—1517), ваявода кіеўскі (1510/1511—1514), гетман польны літоўскі (1520—1523), кашталян троцкі (1522—1527) і віленскі (з 1527), маршалак дворны літоўскі (з 1528), гетман вялікі літоўскі (з 1531). Заснавальнік біржанска-дубінкаўскай (таксама вядомай як пратэстанцкай) лініі роду Радзівілаў. Здабыў шырокую вядомасьць дзякуючы сваім вайсковым дасягненьням (атрымаў перамогу ў 30 бітвах[2]) і мастацтву палітыка[3].

Юры Радзівіл
лац. Jury Radzivił
Юры Радзівіл «Геркулес»
Юры Радзівіл «Геркулес»

Герб «Трубы»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1480(1480)
Памёр красавік 1541
Род Радзівілы
Бацькі Мікалай Радзівіл «Стары»
Соф’я з Манівідаў
Жонка Барбара з Кішкаў
Барбара з Колаў
Дзеці ад 2-га шлюбу: Мікалай, Ганна Альжбета, Барбара
Дзейнасьць дыплямат

Быў адным з найбагацейшых магнатаў Вялікае Княства. Валодаў маёнткамі Сьвірам, Міхалішкамі, Жупранамі, Барунамі, Геранёнамі ў Ашмянскім павеце, Індурай, Котрай, Таболай у Гарадзенскім, Жырмунамі, Дакудавым, Сяльцом і Зблянамі ў Лідзкім, Уселюбам і Ліпскам у Наваградзкім, Вязыньню, Налібакамі і Каменем Харэцкім у Менскім паветах, вялікай колькасьцю маёнткаў на тэрыторыі сучаснай Летувы. З 1500-х гадоў быў старостам-намесьнікам вяленскім, майшагольскім, мерацкім, уцянскім, мазырскім (1511—1514), гарадзенскім[2] (з 1514), беліцкім (з 1528), валынскім, лідзкім, скідальскім, крынкаўскім і азёрскім.

Біяграфія

рэдагаваць
 
Разьбяны партрэт Ю. Радзівіла, XVI ст. (?)

З шляхецкага роду Радзівілаў гербу «Трубы», сын Мікалая Радзівіла «Старога», ваяводы віленскага і канцлера вялікага літоўскага, і Соф’і з Манівідаў. Меў братоў Мікалая, князя Сьвятой Рымскай імпэрыі на Гонядзях і Мядзелах[4], ваяводу віленскага і канцлера вялікага літоўскага, Яна, кашталяна троцкага, Войцеха, біскупа віленскага, і сястру Ганну, жонку Конрада III Рудога, апошнюю ўдзельную мазавецкую княгіню[4].

 
Барбара з Колаў

З 1508 году браў удзел у вайне з Масковіяй. У 1511 годзе з слуцкім князем Юрыем Алелькавічам разьбіў крымскіх татараў ва ўрочышчы Рутцы за 20 міляў ад Кіева. 28 красавіка 1512 году браў удзел у пераможнай бітве з татарамі пад Лапушнай (каля ўкраінскага Вішняўцу). У Аршанскай бітве 1514 году камандаваў лёгкай коньніцай на левым флянзе. У 1517 годзе браў удзел у паходзе пад Пскоў, а ў 1519 годзе — у баёх з маскоўскім войскам каля Крэва. У 1519—1521 годзе браў удзел у вайне супраць Тэўтонскага ордэну. На чале невялікага корпусу ўзяў некалькі ордэнскіх замкаў — Голянд, Квідзын, Мелшак, Любаву, Брандэнбург і іншыя[5]. 27 студзеня 1527 году разам з Канстантынам Астроскім разьбіў татараў у бітве на рацэ Альшаніцы за места Канеў. Камандаваў войскам Вялікага Княства ў вайне супраць Маскоўскай дзяржавы 1534—1537 гадоў. У 1535 годзе войска на чале зь Юрыем Радзівілам і каронным вялікім гетманам Янам Тарноўскім вызваліла Гомель і Старадуб.

 
Фрагмэнт карціны Бітва пад Воршай, 1524—1530 гг.

За шматлікія перамогі над ворагамі атрымаў мянушку «Геркулес», таксама быў называны «Віктар» (лац. Victor — пераможац)[5].

У 1509 годзе атрымаў урад падчашага вялікага літоўскага, у 1510 або 1511 годзе стаў ваяводам кіеўскім. У 1520 годзе атрымаў булаву гетмана польскага літоўскага. У 1522 годзе стаў кашталянам троцкім, у 1527 годзе — віленскім, у 1528 годзе — маршалкам дворным літоўскім. У 1526 годзе, будучы сябрам Рады магнатаў, зьвярнуўся да вялікага князя Жыгімонта Старога з прапановаю аднаўленьня Каралеўства Літвы пад кіраваньнем гаспадарскага сына Жыгімонта Аўгуста[3]. У 1531 годзе атрымаў булаву гетмана вялікага літоўскага. У 1530-х гадох разам з сваім братам Янам амаль цалкам кантраляваў унутраныя справы Літвы[3].

Першы раз ажаніўся з Барбарай Кішчанкай (пам. 1513[6]), другі — каля 1515 году[7] з Барбарай, дачкой ваяводы падольскага Паўла Колы. У другім шлюбе нарадзіліся дзеці:

У апошнія гады цяжка хварэў, памёр незадоўга да Вялікдня (17 красавіка 1541)[8].

У картцы да артыкула прыводзіцца партрэт 1-й паловы XVII ст. пэндзля невядомага мастака зь Нясьвіскай партрэтнай галерэі, які цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

  1. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 146.
  2. ^ а б в Грыцкевіч А. Радзівіл Юрый // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 499.
  3. ^ а б в Bajer P. P. Een korte geschiedenis van de familie Radziwill (Short history of the Radziwill Family) // Oost-Europaverkenningen. № 162, 2000. P. 39—53.
  4. ^ а б Рудзкі Э. Барбара Радзівілянка — другая жонка Жыгімонта Аўгуста / Пераклад з: Edward Rudzki. Polskie Krolowie. Zony Piastow i Jagiellonow. — W-wa, 1985 // Спадчына. № 5, 1994. — Эл. рэсурс www.pawet.net Праверана 8 кастрычніка 2010 г.
  5. ^ а б 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
  6. ^ Сліўкін В. Найстаражытнейшыя пасяленьні Лідчыны // Лідзкі летапісец. № 3, 4, 6. — Эл. рэсурс www.radzima.org Праверана 8 кастрычніка 2010 г.
  7. ^ Jerzy Radziwiłł (пол.). Genealogia dynastyczna. Праверана 3 кастрычніка 2010 г.
  8. ^ Błaszczyk G. Radziwiłł Jerzy h. Trąby (ok. 1480—1541) // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk : Zakład Narodowy Imienia Ossolińskich, Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1987. — T. XXX/2, zeszyt 125. S. 228.  (пол.)

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць