Зямля (карціна Фэрдынанда Рушчыца)
«Зямля» (па-польску: Ziemia) — карціна мастака Фэрдынанда Рушчыца, скончаная 1898 і ўпершыню выстаўленая на пэрсанальнай выстаўцы Рушчыца ў 1899 годзе. Цяпер карціна выстаўленая ў Нацыянальным музэі Варшавы[1]. Адзін зь лепшых і найбольш вядомых твораў мастака. Карціна перадвызначыла кірунак нацыянальнага пэйзажнага жывапісу ў XX стагодзьдзі і стала сымбалем Беларусі[2].
Зямля | |
па-польску: Ziemia | |
Мастак | Фэрдынанд Рушчыц |
---|---|
Год | 1898 |
Тып | палатно, алей |
Месцазнаходжаньне | Нацыянальны музэй у Варшаве |
Гісторыя
рэдагавацьКарціна была створаная Рушчыцам па вяртаньні ў радавы маёнтак Багданава з доўгага падарожжа па Заходняй Эўропе з мэтай удасканаленьня свайго мастацтва. Была скончаная ўвосень 1898, а ў наступным годзе выстаўленая на першай пэрсанальнай выстаўцы Рушчыца ў Вільні. Увесну 1899 году «Зямля» ўпершыню выстаўлена ў Пецярбурскай акадэміі мастацтваў, дзе вызвала нэгатыўную рэакцыю[3], а ўзімку – у Варшаве, дзе яе адразу ж закупіла галерэя «Захэнта». Менавіта гэтая карціна прынесла мастаку шырокую вядомасьць[4].
Апісаньне
рэдагавацьНіжнюю частку палатна запоўніў плаўна закруглены цёмна-карычневы пагорак, расьсечаны барознамі толькі што зааранай зямлі. На вяршыні пагорка два вала запрэжаных у хамуты і араты-селянін, які, выбіваючыся з апошніх сіл, паганяе іх, бо імкнецца хутчэй узараць сваё поле. Зямля зьяўляецца сымбалем вечнасьці, адраджэньня і прыроды-маці. Яна сымбалізуе настойлівасьць і стабільнасьць, пануе над матэрыяльнымі рэчамі, ростам, сьмерцю, багацьцем і ўрадлівасьцю. На заднім пляне, агромністае неба зь пераднавальнічнымі валавянымі хмарамі, што навісьлі над карычневым полем.
Канфлікт і сымбіёз стыхіяў зямлі і паветра, зьніжэньне дэталізацыі, мінімум формаў і фарбаў, выкарыстаньне шырокіх мазкоў — усё гэта стварае характэрны мэлянхалічны настрой невыноснай катаржнай працы[4]. Нягледзячы на гэта, ўпарты сейбіт застаецца непераможаным і, здаецца, здольны пераадолець сам час[5].
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Gallery of Polish Painting Masterpieces...
- ^ Сто твораў ХХ стагодзьдзя. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля.
- ^ Фердынанд Рушчыц Спадчына Беларусі: гісторыя і мастацтва
- ^ а б Александр Белый, Земля Фердинанда Рущица
- ^ Бoгдaнoв П.С., Бoгдaнoвa Г.Б.,Рущиц Фердинанд
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Konrad Niciński (сакавік 2011) Ferdynand Ruszczyc "Ziemia" (пол.). Culture.pl. Праверана 2011-12-23 г.