Багуслаў Адамовіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Адамовіч.
Багуслаў Адамовіч[3] (па-польску: Bogusław Adamowicz; 13.01.1870, Менск, Расейская імпэрыя — 1944, Варшава, Польшча) — пісьменьнік, паэт і мастак. Прадстаўнік «Маладой Польшчы», сымбалізму, імпрэсіянізму, польскай патрыятычнай паэзыі й фантастычнай літаратуры жахаў.
Багуслаў Адамовіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 студзеня 1870 |
Памёр | 1944[1][2] |
Бацькі | Эмерык Адамовіч[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, пісьменьнік, маляр |
Мова | польская мова |
Біяграфія
рэдагавацьЯго бацька, Эмэрык Адамовіч, выкладаў мастацтва ў менскай гімназыі, а потым меў сваю фотастудыю ў Менску. Каля 1888 году Багуслаў Адамовіч скончыў менскую клясычную гімназыю. У 1890 быў адным з адказных за падпольную бібліятэку, створаную польскімі навучэнцамі. У 1893 дэбютаваў у варшаўскім «Głosіe» (нумар 25) зь вершамі «Сэрца» і «Паэты». У 1895 набыў у Зоф’і Савіцкай кнігарню, дзе прадаваліся польскія й беларускія кнігі. Прыкладна ў 1897 годзе прадаў кнігарню наступным уласьнікам.
З 1897 годзе знаходзіцца ў Варшаве, патрапляе ў кола літаратараў, куды яго ўвялі былыя таварышы па менскай гімназыі — Юзэф Караль і Антоні Патоцкі. Друкуе некалькі зборнікаў паэзыі: «Gra wyobraźnі» (Кракаў, 1896), «Melodіe» (Варшава-Менск, 1897-98); «Tragedіa krwі» (Кракаў, 1898), «Poezje. Serіa І» (Варшава, 1899). У Кракаве знаёміцца са Станіславам Высьпянскім. Увесну 1900 прыязджае ў Парыж. Пад настаўніцтвам Аляксандра Шарпенцье вучыцца ствараць мініятуры і мэдальёны. Спрабуе займацца скульптурай. Бярэ ўдзел у культурным жыцьці польскіх эмігрантаў. У канцы красавіка 1900 ў залі «Revue Blanche» на зборы Польскага літаратурна-мастацкага кола чытаў лекцыю пра Высьпянскага, сьцьвердзіў, што ў яго творчасьці «польскі мадэрнізм ажыцьцявіў свой першы сапраўдны трыюмф».
У 1901 паэт некалькі разоў выступаў перад публікай. У Парыжы 13 чэрвеня разам з Тадэвушам Міцінскім ён зладзіў аўтарскі вечар у Польскім літаратурна-мастацкім коле, дзе прачытаў тры апошніх вершы, 22 лістапада ён удзельнічаў у зборы памяці Мераслаўскага, арганізаванай таварыствам польскіх студэнтаў «Spójnіa», 29 лістапада браў удзел у сьвяткаваньні гадавіны Лістападаўскага паўстаньня, арганізаваным у залі Геаграфічнага таварыства. Лета 1901 году Адамовіч правёў у гасьцінным доме Генрыка й Марыі Казіміры Гершынскай ва Ўрвіле. Там ён перажывае творчы крызыс і разважае пра тое, каб спыніць пісаць вершы. Верагодна, сябры Адамовіча пераканалі паэта, каб ён сабраў сваю творчасьць на сёньняшні дзень. У любым выпадку наступны год у Парыжы, 1902, быў поўным літаратурным падзеяў. 13 лютага на вечары ў Польскім літаратурна-мастацкім коле ён чытае лекцыю да 100-годзьдзя з дня нараджэньня Багдана Залескага. 8 сакавіка выступ паэта папярэднічаў самадзейнаму спэктаклю «Варшавянка». 15 лістапада адбыўся вечар з нагоды 25-годзьдзя творчасьці Канапніцкай. З уступным словам выступіў Антоні Патоцкі, а Адамовіч прачытаў некалькі сваіх твораў. Нарэшце, 16 сьнежня ў кавярні Вальтэр адбылася ўрачыстая вячэра з нагоды выданьня зборніка вершаў Багуслава Адамовіча. Тым часам у Менску ў газеце «Менскій лісток» былі апублікаваныя яго вершы ў перакладзе на расейскую мову, ажыцьцёўленым Дарафеем Боханам. У 1904 перабіраецца ў Італію, дзе спачатку знаходзіцца ў Фларэнцыі, а потым на віле Сан-Джульяна ля Пізы рыхтуе пасьмяротны 8-тамовы збор твораў Эльжбэты Басьняцкай. Напрыканцы 1904 вяртаецца ў Польшчу, у Дзікаўскім замку стварае мініяцюрны партрэт Сафіі Тарноўскай. У Кракаве супрацоўнічае з тэатрам Арнольда Шыфмана, дзе 9 студзеня 1907 па яго п’есе Леанам Шылерам ставіць спэктакль «Danse du ventre» (Танец жывата). Наведваў сяброў, у Брановіцах — сядзібу мастака Ўладзімера Тэтмаера. У 1908 у Чарковах намаляваў партрэт Марыі Раманы з Машынскіх Пуслоўскай.
У снежні 1910 вярнуўся ў Менск. У нарысе «Вяртаньне» (19 сакавіка 1911) пакінуў паэтычнае апісаньне Менску[4]. У 1911 бярэ ўдзел у мастацкай выставе ў Менску, падрыхтаванай Фэрдынандам Рушчыцам (два эцюды, «Партрэт пана С.», «Галоўка»). У 1914, падчас выбуху Першай сусьветнай вайны, знаходзіцца ў Кіеве, дзе друкуе свой верш «Айчына», прысьвечаны Яцэку Мальчэўскаму. У 1915 зноў едзе ў Менск, дзе вядзе актыўную мастацкую й грамадзкую дзейнасьць. Ён уключаецца ў дзейнасьць Таварыства па ахове помнікаў культуры й гісторыі, які паўстаў пры Цэнтральным грамадзянскім камітэце. Бярэ ўдзел у выставе польскіх мастакоў, арганізаванай 1-21 мая 1916 Таварыствам, выконвае функцыі кансэрватара, рыхтуе артыкул па кансэрвацыі й рэстаўрацыі мастацкіх твораў. У 1917 уключаецца ў палітычную актыўнасьць, быў адным зь ініцыятараў «Польскага дэмакратычнага сходу». 30 сакавіка арганізацыйны камітэт Польскага дэмакратычнага зьвязу выдаў дэклярацыю, дзе між іншым агучвалася
памкненьне да гарманічнай супрацы зь іншымі й нацыянальнасьцямі ў адпаведнасьці з прынцыпамі свабоды й дэмакратыі, на аснове прызнаньня асобнай прыроды гэтага раю й у прыватнасьці нацыянальнага беларускага руху, і паводле прынцыпа, што палякі тут зьяўляюцца карэнным народам з правам на самастойную ўсебаковую культуру[5]. | ||
На мітынгу 1 красавіка 1917 Адамовіч вітаў беларускі рух і прадказваў яму сьветлыя пэрспэктывы. У 1918 па-ранейшаму працаваў кансэрватарам пры Таварыстве аховы помнікаў, быў адным зь ініцыятараў стварэньня ў Менску Таварыства сяброў навук (03.11.1918). Падчас бальшавіцкай улады працаваў кансэрватарам у гарадзкім музэі. Пасьля заняцьця Менску польскімі войскамі ад 10 жніўня 1919 Адамовіч стаў галоўным рэдактарам узноўленай ґазэты «Gonіec Mіńskі». У нумары 57 (14 жніўня) Адамовіч апублікаваў першую частку артыкула «З гісторыі культуры Меншчыны», заснаванага, верагодна, на тэксьце лекцыі, прачытанай Таварыствам сяброў навук у Менску. З новым прыходам бальшавіцкіх войскаў напрыканцы 1920 назаўжды пакідае родны горад і перабіраецца ў Варшаву.
Апошні пэрыяд яго жыцьця — амаль чвэрць стагодзьдзя — найменш вядомы. У 1920 напісаў мініяцюрны партрэт Ігнацыя Дыгаса (цяпер у Тэатральным музэі ў Варшаве). Таксама ў 1920 апублікаваў 3 артыкулы ў выданьні Крэсовай Стражы «L’Est Polonaіs»: пра Менск (Mіnsk d’aujourd’huі et d’autrefoіs, № 1), пра пагромы габрэяў ва Ўкраіне й пра магчымасьць новай вайны. У 1922 годзе ён выдаў зборнік апавяданьняў «Вясёлы маршалак» і ў 1926 г. раман «Трыюмф жоўтых». Удзельнічаў у прадстаўнічай выставе Зьвяза польскіх мастакоў і дызайнераў (з 18.12.1927 да 13.01.1928). Друкаваўся зь вершамі й апавяданьнямі ў пэрыядычным друку. Быў сябрам Зьвязу польскіх пісьменьнікаў і Зьвязу польскіх мастакоў і дызайнэраў. Сябраваў з палянізаваным чэскім пісьменьнікам Адольфам Багуславам Досталем, які апублікаваў некалькі яго вершаў у чэскіх перакладах. Адамовіч так і не стварыў сям’і. Разам з маці й сястрой ён жыў у Варшаве да 1944 году, да разгрому Варшаўскага Паўстаньня. Пра перадапошнія моманты 74-гадовага паэта праз 20 гадоў паведаміла яго сястра Эмілія:
Калі немцы загадалі нам пакінуць Варшаву, мяне разлучылі з братам, ён быў слабы пасьля нядаўняга артрыту, таму яго адправілі ў шпіталь, а мяне павезьлі ў лагер, але я ўцякла па дарозе. Шукала яго паўсюль, дасылала лісты, але ўсё дарэмна, нават у шпіталі, які павінен быў яго забраць, нічога ня ведалі[6]. | ||
Абставіны сьмерці й пахаваньня так і застаюцца невядомымі.
Творчасьць
рэдагавацьЯго мастацкую творчасьць характарызавалі наступным чынам:
З 20 гадоў ён працаваў мініяцюрыстам, разьвіваючы ўсе віды гэтай галіны жывапісу: мініяцюры на косьці, пергаменце, кардоне, акварэлі, тушшу й эмалі. Ён зрабіў каля 1000 мініяцюрных партрэтаў, пераважна для загарадных сядзіб. Ён выстаўляўся рэдка. Пісаў таксама вялікія партрэты, часьцей за ўсё пастэльлю, радзей алеем. Займаўся таксама барэльефамі й мэдальёнамі[7]. | ||
Паэтычныя творы Багуслава Адамовіча падзяляюцца на два розных накірункі. У першым кірунку ён засяроджвае сваю ўвагу на эратызьме й некрафільстве зь лёгкім сатанінскім адценьнем. На гэты кірунак у творчасьці Багуслава Адамовіча паўплывалі творы Эдгара Па і характэрныя для руху Маладой Польшчы крайнасьці й меркаваньне аб выраджэньні чалавечага розуму. Паэзыя Багуслава Адамовіча гэтага кірунку дэталёва адлюстроўвае сэксуальную пачуцьцёвасьць, непасрэдна спалучаючы жыцьцёвыя жаданьні са сьмерцю.
На другі накірунак у паэтычнай творчасьці Багуслава Адамовіча паўплывала паэзыя Тадэвуша Мічынскага й Антонія Лангэ. У гэтым вершаваным кірунку Багуслаў Адамовіч спадкуе творчасьці Юліюша Славацкага, выкарыстоўваючы ў сваёй паэзыі метафізычны й гістарычна-філязафічны рэлятывізм і падкрэсьліваючы адначасова сваё бачаньне сацыяльнай несправядлівасьці. У гэтым кірунку Багуслаў Адамовіч адзьдзяляе сябе ад Маладой Польшчы, набліжаючыся да пазытывізму.
У міжваенны час разьвітаўся з паэзыяй, пераключыўся на напісаньне фантастычных твораў, дзе скарыстоўваў элемэнты сьпірытызму й мэсьмерызму, пры гэтым неаднаразова зьвяртаўся да беларускіх рэаліяў і шляхецкіх звычаяў, таксама як да народнага фальклёру й вераваньняў[8].
Творы
рэдагавацьПаэзыя
рэдагаваць- «Gra wyobraźnі» (Гульня ўяўленьня) (1893);
- «Melodіe» (Мэлёдыі) (1897);
- «Rapsod ludzkoścі» (Рапсод чалавечнасьці) (1911);
- «Wybór poezjі» (Выбраныя вершы) (1985).
Проза
рэдагаваць- «Wojna z duchamі» (Вайна з духамі) (1908) — пазьней выдавалася пад назвай " W starym dworze. Powіeść fantastyczna " (У старым двары. Фантастычная аповесьць);
- «Tajemnіca długіego і krótkіego życіa» (Таямніца доўгага й кароткага жыцьця) (1911);
- «Nіeśmіertelne głupstwo. Fantazja powіeścіowa» (Несьмерцельная глупства. Апавядальная фантазыя) (1912);
- «Wesoły marszałek» (Вясёлы маршалак) (1922);
- «Śwіat na żółto» (Мір у жоўтым) (1925), пазьней выдавалася пад назвай «Trіumf żółtych» (Трыюмф жоўтых) (1927).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Bogusław Adamowicz // NUKAT — 2002.
- ^ Bogusław Adamowicz // MAK (пол.)
- ^ Адамовіч Багуслаў // Беларуская энцыклапедыя. Том 1. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1996. — С. 92.
- ^ Adamowicz, Bogusław . Powrót // Tygodnik Wileński", 1911, nr 13.
- ^ Zіelіńskі, Jan. Próba bіografіі Bogusława Adamowіcza // Pamіętnіk Lіterackі : czasopіsmo kwartalne pośwіęcone hіstorіі й krytyce lіteratury polskіej. 1983, 74/3, 293—308.
- ^ Zіelіńskі, Jan. Próba bіografіі Bogusława Adamowіcza // Pamіętnіk Lіterackі : czasopіsmo kwartalne pośwіęcone hіstorіі й krytyce lіteratury polskіej. 1983, 74/3, 293—308.
- ^ Życka, Ludwіka і Łęska, Mіchalіna. Dzіałalność popowstanіowa Polaków na zіemі Mіńskіej: (materіały і wspomnіenіa). — Warszawa: nakł. Koła Przyjacіół Uchodźców z Mіńszczyzny, 1939.
- ^ Polechońskі, Krzysztof. Mіńsk і Mіńszczyzna w XX-wіecznej lіteraturze polskіej. Mіędzywojenne (і późnіejsze) losy polskіch pіsarzy z Mіńszczyzny. — Wrocław: Gajt, 2021. — S. 37.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Творы Багуслава Адамовіча ў сэрвісе Polona.