Але́на Васі́леўна Ала́дава (у дзявоцтве Пук[1]; 22 траўня 1907, Пружаны, Расейская імпэрыя — 29 траўня 1986, Менск) — заслужаная дзяячка мастацтваў БССР (1966), мастацтвазнаўца, дырэктарка Дзяржаўнага мастацкага музэю БССР (1944—1977), заслужаная дзяячка культуры Польшчы[2].

Алена Аладава
Памятная манэта Нацбанку Беларусі «А. В. Аладава. 100 год»
Імя пры нараджэньні Алена Васільеўна Пук
Род дзейнасьці мастацтвазнаўца
Дата нараджэньня 22 траўня 1907
Месца нараджэньня Пружаны, Гарадзенская губэрня
Дата сьмерці 29 траўня 1986 (79 гадоў)
Месца сьмерці Менск
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак мастацтвазнаўка
Бацька Васіль Пук
Маці Алена Карпызава
Сужэнец Мікалай Аладаў
Дзеці Гельмір, Вальмен, Радаслава
Узнагароды
Ордэн Сяброўства народаў
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
Мэдаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Мэдаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Мэдаль «За працоўную доблесьць» Мэдаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Мэдаль «У адзначэньне 100-годьдзя з дня нараджэньня Ўладзімера Ільліча Леніна»
Мэдаль «У адзначэньне 100-годьдзя з дня нараджэньня Ўладзімера Ільліча Леніна»

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзілася А. В. Аладава ў Пружанах 22 траўня [ст. ст. 9 траўня] 1907 у сям’і настаўнікаў гарадзкой чатырохкляснай школы Васіля Ісаевіча Пука (1882—1931) і Алены Сільвестраўны Пук (Карпызавай) (1885—1925). У Пружанах прайшло раньняе дзяцінства Аладавай. У 1916 сям’я пераехала ў мястэчка Парычы пад Бабруйскам, куды на пасаду загадчыка школы быў пераведзены бацька Алены Васілеўны. У 1922 Алена скончыла Парыцкую школу другой ступені. У 1925 памерла яе маці. Бацька ажаніўся другі раз, і сям’я пераехала ў Жлобін.

У 1922—1928 гадах навучалася на натуральна-гістарычным аддзяленьні пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. З наведваньняў вячэрняе працоўнае студыі пры Доме мастака пачалося яе знаёмства з мастакамі і захапленьне выяўленчым мастацтвам. У 1925 упершыню паспрабавала сябе ў якасьці экскурсавода і кансультанта на Першай Усебеларускай мастацкай выставе, пачынае публікавацца ў беларускай прэсе.

Сябра творчага аб’яднаньня «Літаратурна-мастацкая камуна» (1927), а затым моладзевага аб’яднаньня беларускіх мастакоў «Прамень»[1] (1929—1932). У 1930 годзе яе бацька расстраляны ў Воршы па абвінавачаньні ў контрарэвалюцыйнай дзейнасьці (рэабілітаваны пасьля XX зьезду КПСС).

Па сканчэньні ўнівэрсытэту Алена выйшла замуж за кампазытара Мікалая Аладава, зь якім пазнаёмілася ў студэнцкія гады. У 1937 пачала працаваць навуковым супрацоўнікам арганізацыйнай групы па стварэньні Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР, а ў 1939 годзе стала загадчыцай аддзелу беларускага і расейскага мастацтва ўжо заснаванай галерэі. За ўдзел у правядзеньні выставы «Ленін і Сталін — арганізатары беларускай дзяржаўнасьці» Алена была ўганараваная Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР. Навучалася на завочным аддзяленьні мастацтвазнаўца Інстытута філязофіі, літаратуры і мастацтва імя Чарнышэўскага ў Маскве, аднак дыплём атрымаць не пасьпела з-за выбуху вайны зь Нямеччынай.

У вайну Алена Васілеўна эвакуяваная ў Саратаў разам з творамі зь віцебскіх і менскіх галерэяў. Не знайшоўшы сьпярша працы па спэцыяльнасьці, пайшла на курсы кіроўцаў, уладкавалася кіроўцам грузавіку на рыбзавод. Пасьля атрымала пасаду намесьніцы дырэктара па навуковай частцы і адначасова галоўнага захавальніка Дзяржаўнага мастацкага музэю імя А. М. Радзішчава.

У 1944 годзе Аладава прымала ўдзел у рабоце Камісіі па стратах, нанесеных нямецкімі войскамі музэям БССР. Прызначаная дырэктаркай Музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У тым жа годзе ўзначаліла адноўленую Дзяржаўную карцінную галерэю і некаторы час кіравала абодвума музэямі. У 1957 годзе на базе карціннай галерэі быў створаны Дзяржаўны мастацкі музэй БССР, які А. В. Аладава ўзначальвала да 1977 году, а потым да сьмерці была яго навуковым кансультантам.

Чалец КПСС з 1964 году, чалец праўленьня Саюзу мастакоў БССР з 1966 году.

Пахаваная з мужам на Ўсходніх могілках Менску[a].

У 1943 у Саратаве афіцыйна ажаніліся зь Мікалаем Ільічом Аладавым, зь якім ужо мелі двох сыноў, народжаных да вайны, — Вальмэна[b] і Гэльміра. У 1945 нарадзілася дачка Радаслава[c].

Дзейнасьць

рэдагаваць

Дзякуючы Алене Аладавай была адноўлена калекцыя Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі, сярод экспанатаў якой — карціны сусьветна вядомых майстроў У. Баравікоўскага, К. Брулова, В. Трапініна, І. Айвазоўскага, І. Рэпіна, В. Сурыкава, М. Урубеля, палотны слынных мастакоў-беларусаў — І. Аляшкевіча, А. Гараўскага, І. Хруцкага, С. Жукоўскага й іншых. Пасьля вайны ўласна езьдзіла па Савецкім Саюзе, набываючы экспанаты для музэю ў прыватных калекцыянэраў. Найбольшая з сабраных калекцый — больш за 400 твораў — калекцыя В. Бялыніцкага-Бірулі, на яе аснове быў адкрыты музэй мастака ў Магілеве.

За Аладавай музэй правёў 30 экспэдыцыяў, дасьледваў больш за 700 касьцёлаў і цэркваў заходніх раёнаў Беларусі[3]. Фонд музэю, адноўлены намаганьнямі мастацтвазнаўца, у 1977 г. налічваў 15 тысячаў экспанатаў[4].

Алена Васілеўна — аўтарка і складальніца шматлікіх працаў па беларускім савецкім мастацтве: «Дзяржаўны мастацкі музэй БССР» (1958), «Іван Восіпавіч Ахрэмчык» (1960), «Павал Нікіфаравіч Гаўрыленка» (1963), «Народны мастак БССР В. К. Цьвірка: На зямлі беларускай» (1963), «Беларускі савецкі жывапіс» (1978) і інш.

У 1976 годзе А. В. Аладава і супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музэю Ірына Мікалаеўна Паньшына і Тацяна Іванаўна Сьцёпіна дамагліся таго, каб зрабіць у Раўбіцкім касьцёле філію музэю, уратаваўшы такім чынам касьцёл ад зьнішчэньня: у яго муры ўжо былі закладзеныя запалы, каб падрываць[5].

Захавалася ліставаньне Алены Аладавай з мастацтвазнаўцамі, калекцыянэрамі, рэстаўратарамі, мастакамі, сярод якіх Ігар Грабар, Вольга Канчалоўская, Вера Мухіна, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Аляксандар Грубе, Міхаіл Керзін, Марыя Максакава, Ільля Зільберштэйн, Надзея Хадасевіч-Лежэ і інш.

Узнагароды

рэдагаваць
  • Ордэн Дружбы народаў
  • 2 ордэны «Знак Пашаны»
  • Заслужаная дзяячка мастацтваў БССР (1966)
  • мэдаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
  • мэдаль «За працоўную доблесьць»
  • юбілейны мэдаль «Трыццаць гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
  • юбілейны мэдаль «За доблесную працу (За вайсковую доблесьць). У азнаменаваньне 100-годзьдзя зь дню нараджэньня Ўладзімера Ільіча Леніна»
  • мэдаль «За заслугі перад польскай культурай»[6]
  • дзьве Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савету БССР
  • Ганаровыя граматы Вярхоўных Саветаў Украіны і Летувы

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 траўня 1998 году № 801 «Аб ушанаванні памяці былога дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Аладавай Алены Васілеўны» 26 чэрвеня 1998 году на будынку Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусь адбыўся ўрачысты акт устаноўкі бронзавай дошкі з барэльефам Аладавай, выкананай па праекце скульптара Івана Міско.

 
Мастацкая капэрта «Белпошты» з арыгінальнай маркай, прысьвечанай 100-годзьдзю з дня нараджэньня Алены Аладавай

2007 у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі быў абвешчаны годам Алены Аладавай[7].

22 траўня 2007 у паштовы зварот выдадзеная мастацкая капэрта з арыгінальнай маркай «100 год з дня нараджэння А. В. Аладавай»[8] і адмысловы паштовы штэмпель.

25 ліпеня 2007 Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэньне срэбную і медна-нікелевую памятныя манэты «А. В. Аладава. 100 год»[9].

26 кастрычніка 2007 году памятная дошка ў гонар 100-годзьдзя з дня нараджэньня ўрачыста адкрытая на радзіме Алены Васілеўны Аладавай — у Пружанах (Берасьцейская вобласьць) — на будынку архітэктурнага помніка сярэдзіны XIX стагодзьдзя музэю-сядзібы «Пружанскі палацык».

Адна з вуліцаў менскага мікрараёну Дамброўка названая зборным імем Аладавых[10].

  1. ^ Муж Аладавай Мікалай Ільіч (1890—1972) — беларускі кампазытар.
  2. ^ Доктар архітэктуры, аўтар спарткомплексу ў Раўбічах, Камароўскага рынку.
  3. ^ Беларуская музыказнаўца.
  1. ^ а б «Голас Радзімы» № 34 от 16.09.2004 Архіў СМІ. Інфармацыйна-адукацыйны партал Bymedia.net. Праверана 18 красавіка 2010 г. Архіўная копія ад 30 жніўня 2011 г.
  2. ^ Аладава, Алена Васільеўна (мастацтвазнавец; 1907—1986) Даведка. Каталёг ЦНБ НАН Беларусі. Праверана 15 красавіка 2019 г.
  3. ^ Віктар Корбут. (17 жніўня 2007) Искусство видеть шедевры (рас.) Культура. «Советская Белоруссия» №69 (23460). Праверана 15 красавіка 2019 г.
  4. ^ 22 мая — 100 год з дня нараджэння А. В. Аладавай (1907—1986), мастацтвазнаўца. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 15 красавіка 2019 г.
  5. ^ Глеб Лабадзенка (11 сакавіка 2010) Раўбіцкі касцёл: быць музею ці вярнуць храм?. Блог Глеба ЛабадзенкіПраверана 15 красавіка 2019 г.
  6. ^ Аладова Е. В. Автобиография. — Мн.: Архив НХМ РБ, 1981. — С. 11.
  7. ^ Год Алены Аладавай Навіны / Архіў 2007 г.. Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусі (2007). Праверана 15 красавіка 2019 г.
  8. ^ 100 лет со дня рождения Е. В. Аладовой. Информационный листок № 09 (266) (рас.). Белпошта (11 траўня 2007). Праверана 15 красавіка 2019 г.
  9. ^ Памятныя манэты «А. В. Аладава. 100 год». Нацыянальны банк Рэспублікі БеларусьПраверана 15 красавіка 2019 г.
  10. ^ Грышанава, Дыяна (6 ліпеня 2007) У назвах сталічных вуліц — знакамітыя імёны. «Советская Белоруссія». Праверана 15 красавіка 2019 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Здановіч І. Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Пружаны: 2003. — 144 с.
  • Алена Васілеўна Аладава // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 416—417.
  • Елена Аладова. Музей - её судьба / под редакцией Бориса Крепака. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2006. — 319 с. — ISBN 985-02-0884-8

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Алена Аладавасховішча мультымэдыйных матэрыялаў