Антон Борык
Анто́н Бо́рык (7 ліпеня 1894[a], в. Сьвілы, цяпер Воранаўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь[1][b] — пасьля 1939) — беларускі палітычны і вайсковы дзяяч. Удзельнік Першай сусьветнай вайны. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну. Капітан.
Антон Борык | |
Род дзейнасьці | вайсковец, палітык |
---|---|
Дата нараджэньня | 7 ліпеня 1894 |
Месца нараджэньня | Сьвілы, Лідзкі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | пасьля 1939 |
Месца пахаваньня |
|
Занятак | вайсковец, палітык, публіцыст, дыплямат |
Сябра ў | Беларускі нацыянальны камітэт, Віленская беларуская рада і Беларуская вайсковая камісія |
Біяграфія
рэдагавацьЗ 1917 году працягваў службу ў польскіх легіёнах Доўбар-Мусьніцкага. У 1918 годзе пакідае вайсковую службу і пераяжджае ў Вільню. Уваходзіць у склад Віленскай беларускай рады. Ён адзін з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага камітэту ў Горадні. Уваходзіць у беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.
У канцы сакавіка 1919 году ў гарадзенскім клюбе «Беларуская хатка» на ўрачыстай вячэры ў гонар беларускага ўраду ўзьняў тост: «Няхай жыве Беларусь з Польшчай!», падтрыманы некаторымі прысутнымі[2].
Першы афіцыйны пасланьнік БНР у Нямеччыне. 23 сакавіка 1919 году прыбыў у Бэрлін з Горадні як кіраўнік Беларускай вайсковай місіі па справах ваеннапалонных. Напачатку красавіка Борык наладзіў сувязь зь Міжнароднай камісіяй па справах ваеннапалонных. Распачаў працу сярод беларусаў-вайскоўцаў. Дапамагаў яму ў працы генэрал Кіпрыян Кандратовіч, які ўваходзіў у склад дэлегацыі БНР на Парыскую мірную канфэрэнцыю[3]. 30 чэрвеня 1919 году разам з Кузьмом Цярэшчанкам заклаў «Аддзел збліжэньня палоненых беларусаў у Нямеччыне з родным краем».
Увесну 1920 году Борык знаходзіўся ў Рызе. Нечакана выявілася, што ён мае два пашпарты: беларускі пад № 29 ад 29 студзеня 1920 году і расейскі пад № 285 ад 13 красавіка 1920 году, які выдала расейская дэлегацыя ў Бэрліне. Беларусы абвінавацілі яго ў здрадзе. Борык заявіў, што ня лічыць сябе ні беларускім, ні расейскім грамадзянінам…[4].
Да лета 1920 году працуе выканаўчым дырэктарам бэрлінскай фірмы «Сындыкат Сапегі для Эўропы і Азіі ў Беларусі»", уласьнікам якой быў Станіслаў Леў Сапега-Ваявода і які пэўны час дапамагаў БНР грашыма[3]. Знаходзячыся ў Нямеччыне, перадаваў грошы і сродкі беларускім школам. У сярэдзіне лета 1920 году зьяжджае з Бэрліна ў Латвію. Пасьля едзе ў Горадню на запрашэньне беларускіх вайскоўцаў. Узначальвае агульны аддзел Беларускай вайсковай камісіі ў Лодзі.
У канцы лістапада на чале з Кузьмом Цярэшчанкам прыбыў у званьні капітана з Лодзі ў Семежава для ўдзелу ў Слуцкім збройным чыне (разам зь ім прыбылі яшчэ 3 афіцэры з 12 пасланых — капітаны Андрэй Якубецкі, Антон Сокал-Кутылоўскі, паручнік Тодар Янушэнка). Прымаў удзел у Слуцкім Збройным чыне, ўзначальваў штаб 1-й Слуцкай брыгады. Быў праціўнікам супольных дзеяньняў з атрадамі Станіслава Булак-Балаховіча. Падаваў нататкі пра паўстаньне ў газэты «Наша думка» і «Беларускае слова».
Разам з прыхільнікамі генэрала Булак-Балаховіча — Хведашчэням, Арсенем Паўлюкевічам і паручнікам Мацелі, Борык (магчыма зьмяніў адносіны да Булаховіча, пасьля адхіленьня ад пасады шэфа штаба Слуцкай брыгады), адступіў з Морача, апошняга апорнага пункту случчакоў, у Давыд-Гарадок. Тамака паўстанцы і балахоўцы, якія да іх далучыліся, былі абяззброеные палякамі[5].
Пасьля заканчэньня паўстаньня — у Латвіі, пасьля ў Коўне, Вільні, Варшаве. У апошняй быў адным з арганізатараў Таварыства беларускай школы.
У канцы 30-х жыў у Вільні, працаваў у кіраўніцтве Віленскай чыгункі. Зьвесткі губляюцца з пачаткам Другой сусьветнай вайны. Лічыцца, што згінуў напачатку 40-х[6].
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Латышонак 2014. С. 359.
- ^ Андрэй Чарнякевіч. Паліто за чатыры мільёны(недаступная спасылка) // Наша Ніва №10, 2007
- ^ а б Уладзімір Сакалоўскі. Беларуская місія ў Берліне // Новы Час 28 сакавіка 2009
- ^ А. М. Чарнякевіч. Уплыў працэсаў урбанізацыі на развіццё беларускага нацыянальнага руху ў Гродне (1918—1939) // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навук. артыкулаў / Гродз.дзярж. ун-т; рэдкалегія: І. П. Крэнь, І. В. Соркіна (адк. рэдактары) [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2007.
- ^ Алег Латышонак. Цімафей Хведашчэня — атаман і настаўнік(недаступная спасылка) // «Пагоня» 25.11.2008 г.
- ^ Сяргей Чыгрын. Зь беластоцкай зямлі. — Беласток: Offset Print, 2009. С. 20
Літаратура
рэдагаваць- Алег Латышонак Жаўнеры БНР. — 3-е. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 373 с. — 500 ас. — ISBN 978-5-00076-003-1
- Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3
- Сяргей Чыгрын. Зь беластоцкай зямлі. — Беласток: Offset Print, 2009. — 308 с. ISBN 978-83-925904-5-3. С. 15—20,
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАнтон Борык — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў