Павал Жаўрыд
Па́вал Я́каўлевіч Жаўры́д (13 чэрвеня [ст. ст. 1 чэрвеня] 1889, в. Цецяроўка, цяпер Менская вобласьць, Беларусь — 11 траўня 1939, пас. Княж-Пагост, Комі АССР, ГУЛАГ) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, журналіст. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну.
Павал Жаўрыд | |
П. Жаўрыд у гады Першае сусьветнае вайны | |
Камісар Слуцкага павету БНР | |
---|---|
1920 — 1920 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
13 чэрвеня 1889 вёска Цецяроўка, Слуцкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя |
Памёр: |
11 траўня 1939 пасёлак Княж-Пагост, Комі АССР, Расейская СФСР, СССР |
Партыя: | Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў |
Дзеці: | трое |
Адукацыя: | Слуцкая гімназія (1909), Варшаўскі ўнівэрсытэт, Віленская вайсковая вучэльня (1917, Палтава) |
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 13 чэрвеня 1889 году ў фальварку Цецяроўка Слуцкага павету. Жаўрыды паходзілі зь зьбяднелае шляхты Цялядавіцкае воласьці. У 1905 годзе ягоны бацька, Якаў Жаўрыд, скарыстаўшыся пазыкай сялянскага банку, набыў хутар Магільскі ў Старобінскай воласьці. Такім чынам сям’я набыла 45 дзесяцінаў малапрыдатнай для земляробства зямлі. Жаўрыды знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, бо былі вымушаныя плаціць вялікія грошы банку. Праз гэта яны не маглі дапамагчы сыну, які ў той час вучыўся[1].
Адукацыю Павал Жаўрыд пачаў набываць у народнай вучэльні Грэску. У 1909 годзе скончыў Слуцкую гімназію. У Слуцку Павал жыў у доме Асьвяцімскіх, дзе пасябраваў зь вядомым беларускім эсэрам Маркам Асьвяцімскім. Таксама ў Слуцкай гімназіі Павал блізка пазнаёміўся з Фабіянам Шантырам. З Шантырам ён ужо з 4-й клясы зьбіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуры й рабіў даклады на рэвалюцыйную тэму. Гімназісты далі яму мянушку «Арганізацыя»[1].
Вучыўся на юрыдычным факультэце Варшаўскага ўнівэрсытэту. У 1916 годзе мабілізаваны ў расейскае войска. У 1917 годзе скончыў Віленскую вайсковую вучэльню, эвакуіраваную ў Палтаву. Накіраваны ў Туркестан, пазьней на Румынскі фронт, пасьля Лютаўскае рэвалюцыі абраны старшынём палкавога камітэту[2]. На тым участку вайны сканцэнтравалася амаль 100 тысячаў беларусаў[1]. Ад беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Першы Ўсебеларускі зьезд 1917 году ў Менску[2]. У тэрмін у Менск ён не пасьпеў праз транспартныя цяжкасьці, прыехаў толькі пад самы канец працы зьезду. На фронт больш не вярнуўся, бо старая армія развалілася. У час Кастрычніцкае рэвалюцыю й нямецкае акупацыі жыў у бацькоўскім хутары[1].
З 1918 году працаваў юрысконсультам у Слуцкага павятовага зямельнага аддзелу, сябра БПСР. Старшыня Цэнтральнага бюро Камуністычнае партыі Беларусі Карл Ландэр уключыў Жаўрыда ў склад камісіі па праверцы дзейнасьці Слуцкае ЧК. Жаўрыд выкрыў шматлікія злоўжываньні. У адплату летам 1919 году арыштаваны ЧК, абвінавачаны ў дапамозе Дзянікіну. Спачатку апынуўся ў Слуцкай турме, з надыходам польскае арміі — у Бабруйскай крэпасьці, пазьней у Смаленскай ЧК. Вызвалены ў сьнежні 1919 году разам з польскімі ваеннапалоннымі, якіх польскі бок абмяняў на расейскіх зьняволеных[1]. Вярнуўся ў Слуцак, дзе быў абраны старшынём Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэту. У ліпені 1920 году мабілізаваны ў чырвоную армію (памочнік камандзіра Слуцкае кавалерыйскай роты)[2].
У канцы 1920 году Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускае рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920 году. У 1921 годзе знаходзіўся ў Вільні, сябра тамтэйшага Беларускага нацыянальнага камітэту ды Беларускае школьнае рады[2].
Потым вярнуўся на Случчыну. У 1923—1930 гадох працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Інбелкульце, рэдакцыі газэты «Зьвязда» (пад час арышту стыльрэдактар).
Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1930 году па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 году асуджаны за «шкодніцтва і антысавецкую агітацыю» да 5 гадоў ППК. Вызвалены 21 чэрвеня 1934 году. Пасьля выхаду зь лягеру жыў у ссылцы ў Сарапуле, Удмурцкая АССР. Зноў арыштаваны ў 1937 годзе і асуджаны на 10 гадоў лягераў, верагодна, этапаваны ў Паўночна-чыгуначны канцлягер НКУС Комі АССР (пас. Княж-Пагост), дзе памёр ад хваробы.
Рэабілітаваны паводле першага абвінавачаньня судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суду БССР 10 чэрвеня 1988 году, паводле другога — Кіраўскім абласным судом. Групавая справа Жаўрыда і іншых № 20951-с з фатаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Быў жанаты, гадаваў траіх дзяцей.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Ніна Стужынская (27 лістапада 2014) Слуцкі збройны чын. «Deiminoris — малодшыя багі». naviny.by. Праверана 19 чэрвеня 2015 г. Архіўная копія ад 19 чэрвеня 2015 г.
- ^ а б в г Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 296—297. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3
Літаратура
рэдагаваць- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьПавал Жаўрыд — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў