Сабор Пакрова Багародзіцы (Горадня)
храм | |
Сабор Пакрова Багародзіцы
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Горадня |
Адрас | Ленінскі раён, вул. Ажэшкі, д. 23[1] |
Каардынаты | 53°41′4″ пн. ш. 23°50′29″ у. д. / 53.68444° пн. ш. 23.84139° у. д.Каардынаты: 53°41′4″ пн. ш. 23°50′29″ у. д. / 53.68444° пн. ш. 23.84139° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Гарадзенская |
Тып будынка | базыліка |
Архітэктурны стыль | тонаўскі |
Аўтар праекту | Міхаіл Прозараў |
Будаўнік | Іван Савельеў |
Заснавальнік | Галоўны штаб Расейскай імпэратарскай арміі |
Першае згадваньне | 1904 |
Дата заснаваньня | 30 верасьня 1907 (117 гадоў таму) |
Будаваньне | 1904—лета 1907 |
Асноўныя даты: 23 жніўня 1915 — закрыцьцё
1919 — узнова набажэнстваў 1920 — вяртаньне званоў 1921 — пераўтварэньне ў катэдральны сабор 1944 — перанос часьцінак Гаўрыіла Беластоцкага 19 студзеня 1944 — хрэсны ход 25 000 чалавек 24 чэрвеня 1995 — асьвячэньне храма княгіні Вольгі 2007 — атрыманы прыходзкі дом | |
Будынкі: сабор • храм княгіні Вольгі • прыходзкі дом
| |
Прыбудоўкі | 3 |
Рэліквіі і сьвятыні | грабніца з часьцінкамі Гаўрыіла Беластоцкага, копія крыжа Эўфрасіньні Полацкай, абразы 10 новапакутнікаў ХХ стагодзьдзя |
Апошні плябан | Мікалай Лабынько |
Статус | гісторыка-культурная каштоўнасьць |
Стан | дзейны |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Сабор Пакрова Багародзіцы | |
Сабор Пакрова Багародзіцы на Вікісховішчы |
Сабо́р Пакро́ва Багаро́дзіцы — хрысьціянскі храм аднайменнага праваслаўнага прыходу, адчынены ў верасьні 1907 году ў Горадні (цяпер Беларусь).
На 2021 год набажэнствы ладзілі штодня а 7:30—19:00[2]. Сабор можа зьмяшчаць да 2000 чалавек. Зь 2002 году ў саборы праводзіцца міжнародны фэст «Калоскі дабравест». Зьяўляецца помнікам архітэктуры і гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Сабор выкананы ў тонаўскім стылі, які ў рамках эклектычнага дойлідзтва спалучаў рысы новабізантыйскага стылю ва ўнутраным убраньні[3].
Сьвятары
рэдагавацьНа 2021 год у саборы Пакрова Багародзіцы ў Горадні служылі:
- кіроўны архірэй — гарадзенскі архіяпіскап Антоні (ад 9 чэрвеня 2021 году);
- настаяцель — протаярэй Мікалай Лабынько;
- прычт:
- мітрафорны протаярэй — Аляксандар Наздрын, духаўнік Гарадзенскай япархіі (пастыр турмы № 1);
- 4 протаярэі — Андрэй Бандарэнка (духаўнік япархіі, кампазытар і старшыня журы фэсту «Калоскі дабравест»), Аляксандар Хомбак (настаяцель храма Лукі Сымфэропальскага), Уладзімер Пятручык (прэс-сакратар) і Ўладзімер Барысевіч (духаўнік сястрынства Юльяны Альшанскай);
- 3 ярэі — Павал Касьпяровіч (сьвятар для нарказалежных), Міхаіл Перац (тэрапэўт і духаўнік Пакроўскага таварыства цьвярозасьці) і Аляксей Саўко (кіраўнік Сафійскага моладзевага брацтва);
- протадыякан — Зьміцер Шэпелеў (рэгент Пакроўскага сьвятарскага хору);
- дыякан — Барыс Барадзінчык (выкладнік апалягетыкі на катэхізатарскіх курсах)[4].
Сьвятыні
рэдагавацьНа 2021 год сабор Пакрова Багародзіцы ў Горадні зьмяшчаў:
- грабніцу з часьцінкамі мошчаў Гаўрыіла Беластоцкага;
- копію крыжа Эўфрасіньні Полацкай;
- 18 абразоў — Панцеляймона Ацаляльніка (1882), Апанаса Берасьцейскага (ХІХ ст.), Казанскай Божай Маці (1915), Жыровіцкай Божай Маці (копія 1996 году), Інакенція Аляскінскага (1997), Івана Кармянскага (1998), Міколы Цудатворцы (2006 году зь Нямеччыны) і Лаўрэнція Тураўскага (2007)[5], а таксама 10 новапакутнікаў (2007) Ціхана Маскоўскага, Веньяміна Казанскага, Уладзімера Кіеўскага, Пятра Палянскага, Паўліна Магілёўскага, Яна Рыскага, Гермагена Табольскага, Мітрафана Астраханскага, Івана Мазырскага і Серафіма Жыровіцкага[6].
Дойлідзтва
рэдагавацьСабор Пакрова Багародзіцы ў Горадні меў выгляд мураванай 12-калённай базылікі. Над прытворам месьцілася 10-мэтровая 8-гранная званіца, накрытая шатром з цыбулепадобным купалам на барабане. Абапал званіцы былі меншыя шатры з купаламі. Над алтарнай апсыдай месьцілася 5 цыбулепадобных купалоў на 8-гранных барабанах з удаванымі вокнамі-блендамі, завершанымі какошнікамі. Над рызьніцай знаходзілася 2 шатры з макаўкамі[3]. Галоўны фасад храма меў сымэтрычны выгляд і быў накіраваны на паўночны захад[7]. Паўцыркульныя вокны аздабляліся какошнікамі. Высокі ганак перад уваходам у храм упрыгожваўся разнымі 3-кутнімі навісямі і калёнкамі. Бабінец быў перакрыты высокімі крыжовымі скляпеньнямі і меў мазаічную падлогу. Плоская столь асноўнага аб’ёму была ўпрыгожанай 3-ма размаляванымі пляфонамі, а сьцены — магутным карнізам з сухарыкамі. Інтэр’ер аздабляўся разным драўляным алтаром і размалёўкай[8].
На 4-х кутах паніжаных частак сабору стаялі вежкі з пазалочанымі макаўкамі, як над вежай званіцы. У сабор вялі 3-е дзьвярэй — з галоўнага фасаду і 2 з бакавога. Унутране памяшканьне сабору падзялялася 2-ма шэрагамі па 6 калёнаў з аркамі на 3 нэфы. Па кірунку сярэняга і бакавых нэфаў месьціліся прытворы і ход на званіцу, а ззаду 3 прыдзелы зь іканастасамі. Сярэдні іканстас і адзін бакавы з прастоламі прызначаліся для набажэнства, а трэці для рызьніцы. Пад алтаром сабору знаходзілася сьветлае сутарэньне для царкоўных вартаўнікоў і для складу царкоўных прыладаў. Для абагрэву сабору працавала 8 кафляных печаў. Падлога сабору была выкладзеная метласкімі плітамі на бэтоннай аснове, а ў алтарнай частцы была паркетнай. Сьцены сабору быў расьпісаныя бізантыйскім арнамэнтам. Сабор акаляў жалезны плот[3].
Званіца
рэдагавацьНа 2021 год на званіцы сабора Пакрова Багародзіцы ў Горадні знаходзілася 10 званоў, зь якіх 4 усталявалі ў 2007 годзе. Найстарэйшы звон вырабілі ў 1885 годзе. Вышыня званіцы складала каля 30 мэтраў. Зь 2010 году сталі ладзіць 2-месячныя курсы званароў, якімі кіруе Юлія Мінчанка[9].
Правядзеньне таінстваў
рэдагавацьНа 2021 год у саборы Пакрова Багародзіцы праводзіліся таінствы хрышчэньня і вянчаньня[10]. Хрысьцілі пасьля 2-х сумоўяў таго, хто прымаў хрышчэньне, або хросных бацькоў са сьвятаром у будынку Паломніцкага цэнтру. Першае сумоўе праводзілі ў аўторкі і пятніцы а 18:00, а 2-е — у панядзелкі і серады а 18:00. Пры гэтым, хросныя бацькі мелі быць ахрышчанымі ў праваслаўнай царкве і ўцаркоўленымі. На 1-м сумоўі раскрываліся гісторыя і сэнс хрышчэньня, успрыемніцтва пры хрышчэньні дзяцей і сымбаль веры. На 2-м сумоўі апавядалі пра абавязкі хросных бацькоў (успрыемнікаў) і запісвалі на хрышчэньне, якое ажыцьцяўлялі штодня[11]. Таінства хрышчэньня ажыцьцяўлялі ў царкве княгіні Вольгі пры саборы. Асобе, якая прымала хрышчэньне, патрэбна было мець: 1) асьвечаны ў праваслаўнай царкве нацельны крыж; 2) чыстую, белую, хрысьцільную кашулю; 3) ручнік; 4) 2 прасьціны; 5) тэпці; 6) ніжнюю бялізну (плаўкі) або 2 падгузьнікі для немаўля. На хросных мелі быць нацельныя крыжы[12].
Вянчалі на беларускай мове. Папярэдне праводзілі 2 сумоўі ў будынку нядзельнай школы на 2-м паверсе. Першае сумоўе ладзілі штосуботу а 15:00, а другое — штонядзелю а 15:00[13].
Асьвета
рэдагавацьНа 2021 год пры саборы Пакрова Багародзіцы ў Горадні дзейнічала 8 асьветных установаў[14].
- Міранская багаслоўская калегія імя Лявонція Карповіча. Заснаваная ў 1996 годзе ў якасьці «Місіянэрска-катэхізічных курсаў для міранаў». Прадугледжвала 7-гадовае навучаньне, зь іх 2 гады пачатковай ступені і 5 гадоў асноўнага курсу. Ажыцьцяўляла штогадовы набор 60—80 чалавек пры 237 студэнтах на 2019 год (каардынатар — дыякан Барыс Барадзінчык)[15].
- Курс «Асновы новагрэцкай мовы». Заснаваны ў 2016 годзе наконт старажытнагрэцкай мовы. Штогадовы набор складаў 15—20 чалавек. Курс вёў выпускнік багаслоўскага факультэту Атэнскага ўнівэрсытэту Яўген Коваль[16].
- Нядзельная школа. Заснаваная ў 1994 годзе. Прадугледжвала 10 гадовае навучаньне 2-х ступеняў для дзяцей 7—12 і 12—17 гадоў з далейшым пераходам у моладзевае брацтва. Навучальны год доўжыўся зь сярэдзіны верасьня да канца траўня. Заняткі ладзілі ў прыходзкім цэнтры насупраць сабора. Набажэнства праводзілі ў царкве княгіні Вольгі. Штогод ладзіўся дзіцячы зьлёт «Пакроў». На 2018 год налічвала 210 вучаніц і вучняў (духаўнік Аляксій Саўко, кіраўніца Юлія Барадзінчык)[17].
- Унівэрсытэт сямейных ведаў «Радзіна». Створаны ў 2015 годзе. Выкладаліся 4 прадметы навучаньня бацькоў, такія як мэдычнае здароўе дзяцей і сям’і, пэдагагічныя ўзаеміны са школай, псыхалёгія дзяцей і падлеткаў, а таксама вывучэньне беларускіх традыцыяў праваслаўнай царквы і Бібліі[18].
- Біблійныя чытаньні. Закладзеныя ў 2015 годзе. Ладзіліся штоаўторак а 18:15 па Акадэмічнай вул., д. 2, аўд. 1[19].
- Дзіцячая іканапісная студыя «Пакроў». Утвораная ў 2013 годзе для падлеткаў 10—15 гадоў. Заняткі праходзілі ў клясе прыходзкага дома тройчы на тыдзень па 2 гадзіны. Прадугледжваўся ўдзел у міжнародных конкурсах (выкладніца Дар’я Пестунова)[20].
- Клюб праваслаўнай размовы. Заснаваны ў 2008 годзе. Праводзіўся штонядзелю пасьля вечаровага набажэнства ў Актавай залі прыходзкага дома. Ладзіць вечарыны музыкі і паэзіі, а таксама абмеркаваньні і лекцыі з удзелам мастакоў і творцаў[21].
- Бібліятэка. Створаная ў 1996 годзе. Месьцілася ў прыходзкім будынку насупраць сабору. Працавала з панядзелка па пятніцу а 9:00—18:30 і па суботах ды нядзелях да 18:00 і 17:30. Кніжны фонд складаў 9389 тамоў. На пачатак 2017 году налічвалася 1746 чытачоў. Выкарыстоўваліся паліца кнігаабмену і 2 стэнды навінак[22].
Таксама пры саборы дзейнічала Сафійскае моладзевае брацтва, якое зьбіралася штоаўторак а 18:50 каля храма княгіні Вольгі. Брацтва ладзіла зьлёты і паходы, паломніцтва і місіянэрства, нарады і сэмінары, дабрачыннасьць і экскурсіі. Яго працу вёў ярэй Аляксій Саўко[23].
Дабрачыннасьць
рэдагавацьНа 2021 год прыхаджане сабору Пакрова Багародзіцы ў Горадні ажыцьцяўлялі дабрачыннасьць у рамках 3-х установаў[24].
- Сацыяльная служба. Заснаваная ў 2016 годзе. Дапамагала насельнікам Гарадзенскага дома начнога перабываньня[25].
- Пакроўскае таварыства цьвярозасьці. Створанае 11 лістапада 2011 году. Ладзіла паломніцтва па сьвятых мясьцінах, далучэньне да споведзі і прычасьця, а таксама выкрыцьцё ўтоенага ўзьдзеяньня на падсьвядомасьць, якое ўчыняюць дзеля гвалту над асобай чалавека. Заняткі праводзілі штосераду а 18:30 у прыходзкім доме насупраць сабору і штонядзелю а 17:00 (духаўнік Міхаіл Перац). Да 2019 году рэабілітацыю прайшлі каля 95 хворых на алькагалізм[26].
- Сястрынства імя Юльяны Альшанскай. Дзейнічае з 1993 году. Сёстры прыбіралі падсьвечнікі і кветнікі, а таксама сабор. Набывалі ежу і лекі самотным пажылым прыхаджанам, а таксама гатавалі ім і наведвалі іх у лякарні. Зьбіралі і дастаўлялі ежу і цёплую вопратку ў Гарадзенскі дом начнога знаходжаньня. Выпякалі прасфор для набажэнства і зьбіралі пасылкі для вязьняў і дзіцячых прытулкаў. Сёстры насілі белую хустку, вышываны фартух і бэйдж. Духаўнік — Уладзімер Барысевіч. На лістапад 2020 году налічвала 22 сястры[27].
Гісторыя
рэдагавацьУ студзені 1900 году было прынятае рашэньне аб будоўлі вайсковага сабора ў Горадні (Паўночна-Заходні край). Братчыкі Сафійскага брацтва Горадні прапанавалі пабудаваць сабор на скрыжаваньні Кірачнай і Мураўёўскай вуліцаў. Дойлід інжынэрнай управы Віленскай вайсковай акругі Міхаіл Прозараў распрацаваў рысунак сабора, паводле якога пазьней пабудавалі царкву Аляксандра Неўскага ў Сувалках і сабор Барыса і Глеба ў Дзьвінску (Віцебская губэрня). У 1904 годзе будаўніцтва пачалося сіламі Гарадзенскай вайсковай інжынэрнай дыстанцыі пад кіраўніцтвам гарадзенскага інжынэра-капітана Івана Савельева. У будоўлі таксама ўдзельнічаў губэрнскі дойлід Іван Плотнікаў. Да восені 1905 году ўзьвялі сьцены і перакрыцьці, паклалі дахоўку і ўсталявалі купалы. Сафійскае брацтва Горадні ахвяравала сабору абразы ХІХ стагодзьдзя — «Багародзіца Адыгітрыя», «Бог Саваоф», «Бог Саваоф і анёлы» і «Сашэсьце Сьвятога Духа»[28]. Камісія задавальненьня рэлігійных патрэбаў вайсковых частак пры Галоўным штабе Расейскай імпэратарскай арміі выдаткавала на будоўлю сабора Пакрова Багародзіцы ў Горадні 157 972 рублі[3]. Улетку 1907 году на званіцу паднялі 9 званоў агульнай вагой 485 пудоў. Найбольшы зь іх важыў 301,5 пудоў[9] (каля 5 тонаў). 30 верасьня (13 кастрычніка паводле ст.ст) 1907 году асьвечаны сабор Пакрова Багародзіцы аддалі 101-му і 103-му пяхотным палкам[3]. 23 жніўня 1915 году са званіцы сабору зьнялі званы і вывезьлі на ўсход у сувязі з адступленьнем расейскага войска ў ходзе Першай сусьветнай вайны. У 1919 годзе набажэнствы ўзнавілі, а замест адсутных званоў сталі выкарыстоўваць гукаімітатары. У 1920 годзе на званіцы ўсталявалі некалькі малых званоў[9].
У 1921 годзе сабор Пакрова Багародзіцы стаў катэдральным у сувязі з закрыцьцём Сафійскага сабора. Адтуль перанесьлі абразы Хрыста Ўсемагутнага, Прысьвятой Багародзіцы, Яна Хрысьціцеля і Сьвятой Тройцы, а таксама абраз Панцеляймона Ацаляльніка, напісаны ў Атонскім манастыры Сьвятога Панцеляймона (Грэцыя). 30 верасьня 1934 году сабор наведаў варшаўскі мітрапаліт Дыянісі[29]. Настаяцель сабору Ананій Сагайдакоўскі пачаў збор медзі на адліцьцё сьвяточнага звона. 1 кастрычніка 1935 году звоналіцейны завод братоў Фільчынскіх у Перамышлі (Львоўскае ваяводзтва) адліў галоўны звон для сабору ў Горадні. Новы звон важыў 100 пудоў і каштаваў 7500 злотых. На звоне быў надпісы: «Сьвяты, сьвяты, сьвяты, Гасподзь Бог – Саваоф» і «звон гэты адліты на ахвяраваньні Гарадзенскага Сафійскага праваслаўнага брацтва жыхароў г. Горадні і япархіі і на добраахвотныя лепты рабоў Божых Алены, Аляксія, Ануфрыя, Ёсіфа і прыхаджан сабора, 1935 г. у 1-ы дзень кастрычніка пры праасьвяшчэньнейшым япіскапе Антоніі стараньнем мітрафорнага протаярэя Ананія Сагайдакоўскага і саборнага кцітара Яна Ярмаловіча»[9]. На Пакроў 1938 году ў сабор прынесьлі абраз Жыровіцкай Багародзіцы. У міжваенны час на Хрышчэньне Гасподняе ладзіўся хрэсны ход ад сабора да Нёмана, які зьбіраў да 10 000 чалавек[29]. У 1944 годзе ў сабор зь Менску перанесьлі часьцінкі Гаўрыіла Беластоцкага. У сьнежні 1944 году супрацоўнікі Народнага камісарыяту ўнутраных справаў арыштавалі большасьць сьвятароў сабору, якіх пазьней зьняволілі ў ГУЛАГ, хоць тыя дапамагалі савецкім партызанам падчас Нямецка-савецкай вайны[30].
9—12 траўня 1946 году ў саборы Пакрова Багародзіцы адбыўся зьезд дабрачынцаў Гарадзенскай япархіі. На Хрышчэньне Гасподняе 1947 году хрэсны ход ад сабора да Нёмана для асьвячэньня вады сабраў каля 25 000 чалавек, што было найбольшым лікам за ўвесь час. 14—20 сакавіка 1950 году менскі мітрапаліт Пірыцім наведаў Горадню, дзе правёў некалькі набажэнстваў у саборы Пакрова Багародзіцы. На сьвята Сьвятой Тройцы ў саборы малілася каля 800 чалавек, зь іх каля 200 маладзёнаў. У 1959 годзе савецкі ўрад пад кіраўніцтвам Хрушчова забараніў выкарыстаньне званоў і вымаўленьне пропаведзі. На загад ўпаўнаважанага ў справах рэлігіі ў саборы Пакрова Багародзіцы лік набажэнстваў скарацілі да 3-х на тыдзень замест штодзённых. У 1965 годзе настаяцель Барыс Піліхоўскі прыцягнуў у хор каля 20 прыхаджанаў і наведвальнасьць вырасла да 600 чалавек на сьвяты[31]. 21 верасьня 1992 году пачаўся хрэсны ход з часьцінкамі Гаўрыіла Беластоцкага ад сабора Пакрова Багародзіцы ў Горадні да Мікольскага сабора ў Беластоку. У 1994 годзе на прапанову настаяцеля сабора Генадзя Яблонскага пачала дзейнічаць нядзельная школа. 24 чэрвеня 1995 году маскоўскі патрыярх Аляксій II асьвяціў храм княгіні Вольгі пры саборы Пакрова Багародзіцы. Марыя Яфімава, якая загадвала яго ўзьвядзеньнем, стала старшынёй прыходзкай рады і старастай сабору. У 1996 годзе пры саборы адчынілі 3-гадовыя місіянэрска-катэхізічныя курсы, на якія штогод сталі набіраць звыш 100 чалавек. Лік навучэнцаў нядзельнай школы перавысіў 300 чалавек. Гарадзенскі япіскап Арцемій заклаў прыходзкую бібліятэку, якой перадаў некалькі сотняў кніг з уласнага збору. Лік яе чытачоў перавысіў 1000 чалавек. У 2001 годзе адрадзілі Сафійскае саборнае брацтва, якое задзіночыла дзейнасьць моладзі прыхода. У 2007 годзе старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка перадаў прыходу Пакрова Багародзіцы суседні будынак па Акадэмічнай вул., д. 2, які стаў прыходзкім домам[32].
У 2007 годзе ў саборы Пакрова Багародзіцы разьмясьцілі 10 абразоў новапакутнікаў і спаведнікаў, якія пацярпелі ад перасьледу савецкай улады. На гэтых абразах чырвонаармейцы і супрацоўнікі НКУС расстрэльваюць сьвятароў, якія захавалі хрысьціянскую веру насуперак пагрозе сьмерці. Абразы стварыў Антоні Дайнэка на прапанову гарадзенскага архіяпіскапа Арцемія[33].
Настаяцелі
рэдагаваць- Зьміцер Унукаў (1907—1908)
- Міхаіл Радугін (1909—1915)[28]
- Кірыл Зайц (1919—1922)
- Віктар Казлоўскі (1 лістапада 1923 — 2 лістапада 1925)
- Мікалай Смольскі (22 траўня 1927 — 1930)
- Аляксандар Лячыцкі (27 верасьня 1930 — 1 верасьня 1934)
- Ананій Сагайдакоўскі (1 верасьня 1934 — 12 сьнежня 1938)
- Георгі Барышкевіч (4 студзеня 1939 — 1944), пазьней гомельскі япіскап Рыгор[30]
- Фёдар Валікоўскі (1944)
- Васіль Бяляеў (22 кастрычніка 1946 — сьнежань 1953), пазьней архіяпіскап Віктарын
- Уладзімер Пілінога (7 сьнежня 1953 — 1956)
- Анатоль Пятроўскі (1956—1960)
- Барыс Піліхоўскі (1965—1972)
- Расьціслаў Сьцепуржынскі (1972—1973)
- Уладзімер Урлік (1973—1992)
- Генадзь Яблонскі (1992 — 28 лістапада 2004)[34]
- Аляксандар Наздрын (28 лістапада 2004 — 16 ліпеня 2015)
- Георгі Рой (16 ліпеня 2015[35] — ліпень 2021)
- Мікалай Лабынько (зь ліпеня 2021 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантакты // Пакроўскі сабор Горадні, 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Храм // Пакроўскі сабор Горадні, 14 чэрвеня 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ а б в г д А.А. Чувак. Катэдральны сабор Пакрова Божай Маці ў Горадні // Партал «Праваслаўная архітэктура Беларусі», жнівень 2012 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Духавенства // Пакроўскі сабор Горадні, 14 чэрвеня 2021 г. Праверана 28 ліпеня 2021 г.
- ^ Сьвятыні // Пакроўскі сабор Горадні, 14 чэрвеня 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Іконы навамучанікаў // Пакроўскі сабор Горадні, 17 жніўня 2016 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Сяргей Багласаў, Алена Пятросава, Эдуард Савіцкі, Тамара Чарняўская. Забудова вуліцы Ажэшкі (Дом № 23, Пакроўская царква) // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гарадзенская вобласьць / гал.рэд. Сяргей Марцалеў. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя, 1986. — С. 55—57. — 371 с. — 7500 ас.
- ^ Алена Пятросава. Гарадзенская Пакроўская царква // Архітэктура Беларусі: энцыкл. даведнік / рэд.кал.: Анатоль Воінаў і Б.І. Сачанка, маст. Генадзь Мацур. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1993. — С. 169-170. — 620 с. — 10 000 ас. — ISBN 5-85700-078-5
- ^ а б в г Георгі Рой. Званіца // Пакроўскі сабор Горадні, 13 жніўня 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Сумоўі // Пакроўскі сабор Горадні, 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Таінства хрышчэньня // Пакроўскі сабор Горадні, 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Расклад, асноўныя патрабаваньні і парады (пры хрышчэньні) // Пакроўскі сабор Горадні, 8 кастрычніка 2015 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Таінства вянчаньня // Пакроўскі сабор Горадні, 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Адукацыя // Пакроўскі сабор Горадні, 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Агульная інфармацыя, лекцыі (Міранская багаслоўкая калегія імя Лявонція Карповіча) // Пакроўскі сабор Горадні, 2019 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Агульная інфармацыя (Асновы новагрэцкай мовы) // Пакроўскі сабор Горадні, 9 жніўня 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Агульная інфармацыя, кантакты (Нядзельная школа) // Пакроўскі сабор Горадні, 9 жніўня 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Агульная інфармацыя (Унівэрсытэт сямейных ведаў «Радзіна») // Пакроўскі сабор Горадні, 11 жніўня 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Біблейскія чытаньні ў «Пакроўскім» // Пакроўскі сабор Горадні, 11 жніўня 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Агульная інфармацыя (Дзіцячая іканапісная студыя «Пакроў») // Пакроўскі сабор Горадні, 28 верасьня 2015 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Клюб праваслаўнай размовы // Пакроўскі сабор Горадні, 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Агульныя зьвесткі (бібліятэка) (рас.) // Пакроўскі сабор Горадні, 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Сьвята-Сафійскае маладзёвае брацтва // Пакроўскі сабор Горадні, 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Агульная інфармацыя (дапамога) // Пакроўскі сабор Горадні, 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Агульная інфармацыя (Прыходзкая сацыяльная служба) // Пакроўскі сабор Горадні, 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Праваслаўнае таварыства цвярозасьці «Пакроўскае» // Пакроўскі сабор Горадні, 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Агульная інфармацыя (Сястрынства ў гонар сьв. Юльяны Альшанскай) // Пакроўскі сабор Горадні, 14 лістапада 2020 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ а б Гісторыя Сьвята-Пакроўскага сабору места Горадні ў сынадальны пэрыяд (рас.) // Пакроўскі сабор Горадні, 24 лютага 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ а б Георгі Рой. Польскі пэрыяд: 1920 – 1939 гг. (рас.) // Пакроўскі сабор Горадні, 24 лютага 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ а б Георгі Рой. У гады Вялікай Айчыннай вайны (рас.) // Пакроўскі сабор Горадні, 24 лютага 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Георгі Рой. Савецкі пэрыяд (рас.) // Пакроўскі сабор Горадні, 24 лютага 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Георгі Рой. Сучасны пэрыяд (рас.) // Пакроўскі сабор Горадні, 6 жніўня 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Праўладныя актывісты абурыліся іконамі пакутнікаў, у якіх страляюць супрацоўнікі НКУС // Партал «Наша ніва», 12 красавіка 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Георгі Рой. Сынодзік спачылых саборных настаяцеляў, сьвятароў і прычотнікаў (рас.) // Пакроўскі сабор Горадні, 6 жніўня 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- ^ Георгі Рой. Прасапаграфія настаяцеляў Гарадзенскіх праваслаўных саборных храмаў (рас.) // Пакроўскі сабор Горадні, 11 студзеня 2017 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000005 |
- Расклад набажэнстваў // Пакроўскі сабор Горадні, 14 чэрвеня 2021 г. Праверана 29 чэрвеня 2021 г.
- Анонсы
- Турыстычнае бюро
- Паломніцтвы
- Задаць пытаньне