Афанасі Філіповіч
Афанасі Берасьцейскі[2] (Апанас Берасьцейскі[1]; каля 1595[3], Берасьцейшчына — 5 (15) верасьня 1648[3][4]) — сьвяты Беларускага экзархату і Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы[1], грамадзка-рэлігійны дзяяч, публіцыст, пісьменьнік-палеміст першай паловы XVII ст. Прадстаўнік антыўніяцкага супрацьстаяньня ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Афанасі Берасьцейскі | |
Апанас Берасьцейскі[1] | |
Афанасі Берасьцейскі | |
Сьвяты | |
---|---|
Сьвецкае імя | Афанасі Філіповіч |
Нарадзіўся | каля 1595 |
Памёр | 15 верасьня [ст. ст. 5 верасьня] 1648 |
Шануецца | Беларускі экзархат, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква[1] |
У ліку | прападобнамучанікаў |
Дзень памяці | 20 ліпеня, 5 верасьня і ў трэці тыдзень па Пяцідзясятніцы (паводле юліянскага календара) |
Патрон | Люблінска-Холмская япархія ПАПЦ |
Працы | «Дыярыюш» (аўтабіяграфічны твор) |
Падзьвіжніцтва | барацьба з уніятамі |
Аўтар «Дыярыюша» (па-руску: Діаріушъ, албо списокъ дѣевъ правдивыхъ) — аднаго зь першых узораў аўтабіяграфічнага жанру і адзінай палемічнай аўтабіяграфіяй у даўняй беларускай літаратуры[5]. Разглядаецца як апошні прадстаўнік праваслаўнага (Кіеўская мітраполія Канстантынопальскага патрыярхату) кірунку ў палемічнай літаратуры XVII стагодзьдзя[6] і «апошні беларускамоўны пісьменьнік» таго часу[7].
Сьвята ў гонар вялебнага мучаніка Афанасія Берасьцейскага адзначаецца праваслаўнай Царквой некалькі разоў на год: 5 верасьня (18 верасьня паводле новага стылю) — у дзень сьмерці, 20 ліпеня (2 жніўня) — у дзень знаходжаньня мошчаў, а таксама ў дзень Сабору Беларускіх сьвятых (3-я нядзеля па Пяцідзясятніцы).
Біяграфія
рэдагавацьРаньнія гады
рэдагавацьДакладных біяграфічных зьвестак пра Афанасія Філіповіча да 1627 году няма. Год яго нараджэньня вагаецца недзе паміж 1595—1600 гадамі[8]. Таксама невядома дакладнае месца нараджэньня. Адны дасьледнікі мяркуюць, што Афанасі Філіповіч нарадзіўся на Берасьцейшчыне, іншыя — на Гарадзеншчыне[9]. Зрэшты, тое, што ён быў берасьцейскім ігуменам, сьведчыць пра паходжаньне зь Берасьцейшчыны, бо паводле царкоўных правілаў XVII ст. такі вялікі пост у праваслаўнай герархіі мог займаць, з рэдкім выянткам, толькі чалавек, які нарадзіўся на гэтай тэрыторыі[8]. Такую думку пацьвярджаюць і радкі з эпітафіі на сьмерць Афанасія Філіповіча: «забитый // В Берестю Литовском, на своей отчизни»[10].
Існуе дзьве гіпотэзы пра сацыяльнае паходжаньне сьвятара. Так, М. Кастамараў лічыў, што А. Філіповіч паходзіў зь сям’і беднага шляхціча, бо служыў пры двары Льва Сапегі, што маглі, на думку дасьледніка, толькі выхадцы з шляхты[11]. Гэтай самай думкі прытрымліваюца А. Мельнікаў[12] і К. Тарасаў, які мяркуе, што чалавека без шляхецкага тытулу не запрасілі б у хатнія настаўнікі да «царэвіча»[13]. Зь іншага боку, А. Філіповіч у сваім «Дыярыюшы» падкрэсьлівае, што ён «нендзный человек, простак, гарбарчик». Зыходзячы з гэтага, А. Коршунаў лічыць, што сьвятар быў выхадцам з гарадзкой сям’і рамесьніка-гарбара[5], аднак гэтыя словы маглі быць сказаныя ў адпаведнасьці зь перакананьнямі праваслаўнага манаха, які, каб паказаць веліч Бога і Праваслаўнай царквы і выявіць падданьніцкія пачуцьці і павагу да караля, павінен падкрэсьліваць сваю «нэндзнасьць»[5].
У дзяцінстве атрымаў праваслаўную адукацыю, відаць, у віленскай брацкай школе пры Сьвята-Духавым манастыры[9]. Магчыма, потым навучаўся ў Віленскім езуіцкім калегіюме[8][14]. Бліскуча валодаў польскай, лацінскай, грэцкай, царкоўнаславянскай і старабеларускай мовай[9]. З маладых гадоў быў настаўнікам «по науках церковно-русских»[15].
У 1620—1627 А. Філіповіч працаваў пры двары Льва Сапегі ў якасьці «інспэктара» (дамашняга настаўніка) Яна Фаўстына Лубы — сына польскага шляхціца Дз. Лубы, якога польскія прыдворныя колы, з дазволу Жыгімонта Вазы, рыхтавалі на маскоўскага гаспадара, каб зноў узьняць смуты ў Маскоўскай дзяржаве. Ян Фаўстын мусіў быць унукам Івана IV Жахлівага ад яго малодшага сына Дзьмітрыя, пад імем якога ў 1604—1612 выступалі некалькі самазванцаў[5]. Аднак, упэўнены ў сваёй місіі выхаваньня маскоўскага цэсарэвіча, запросины да двара Сапегі Афанасі Філіповіч разглядаў як акт перамогі праваслаўнай царквы[16]. Па пэўным часе ён здагадаўся пра паходжаньне «цэсарэвіча» і балюча перажываў свой нявольны грэх[8].
Манаскі пострыг
рэдагавацьНеўзабаве, «зрозумевши омыльность света того», А. Філіповіч пакінуў службу пры двары і ў 1627 ад’ехаў у Віленскі Сьвята-Духаў манастыр, дзе прыняў манаскі пострыг ад ігумена Ёсіфа (Бабрыковіча)[17]. Затым пераехаў спачатку ў Куцеінскі манастыр пад Воршай, а пасьля — у Межыгорскі пад Кіевам, у ігумена Камэнтарыя і Самуіла. У тым жа 1627 (паводле А. Мельнікава — у 1632[14]) вярнуўся ў Вільню, дзе быў узьведзены ў сан ераманаха[5]. Пра жыцьцё А. Філіповіча ў 1627—1633 зьвестак не захавалася.
У 1633 прыехаў у Дубойскі манастыр пад Пінскам, стаў намесьнікам ігумена Лявонція Шыціка і на працягу трох гадоў вёў упартае змаганьне за манастыр, які ўрэшце на загад А. Радзівіла быў адданы езуітам. Факт гвалтоўнага адабраньня манастыра аказаў моцнае ўражаньне на Афанасія[17]. У сувязі з гэтым Афанасі пісаў, што «як в захвиценю яком будучи» бачыў на небе таямнічыя праявы — «седм огнов пекелных», а ў пятым агні — «жаристом гневи» — трох асобаў: панскага легата, караля Жыгімонта Вазу і канцлера Льва Сапегу[15]. Пасьля пераехаў у суседні Купяціцкі манастыр, дзе стаў намесьнікам ігумена[9] Іларыёна Дзянісавіча[14]. У лістападзе 1637, на загад мітрапаліта Пятра Магілы, разам з сваім паслушнікам Анісімам Ваўкавіцкім адправіўся на збор ялмужны — ахвяраваньняў на рамонт Купяціцкай царквы. Пад выглядам збору міласьціны А. Філіповіч праз Слуцак-Воршу адправіўся ў Маскву шукаць аховы для праваслаўнай Царквы ў маскоўскага цара[9]. Пра мэту і вынікі гэтай паездкі ён напісаў у сваім першым публіцыстычным творы «Гісторыя падарожжа ў Маскву», у якім у своеасаблівай форме, выкарыстоўваючы арыгінальныя паэтычныя прыёмы, расказаў пра цяжкае становішча праваслаўнага насельніцтва Беларусі і Ўкраіны ў складзе Рэчы Паспалітай[8]. Паведаміў цару Міхайлу Раманаву пра падрыхтоўку ілжэцарэвіча[5], за што быў адораны багатай ялмужнай[17]. Хацеў пераканаць цара пачаць вайну з Рэччу Паспалітай у абарону праваслаўнай веры, спачылаючыся на Божую Маці, якая нібыта сказала: «О Афанасий! Иди до цара Михаила и рци ему: звитяжай неприятели наши, бо юж час пришол». 16 чэрвеня 1638 вярнуўся ў Вільню, а ў ліпені ўжо быў у Купяціцкім манастыры[14].
Барацьба за манастыр і першы арышт
рэдагавацьУ 1640—1643 гадах А. Філіповіч паводле жаданьня праваслаўнага берасьцейскага брацтва быў ігуменам Сьвята-Сімяонава манастыра ў Берасьці. Тут пачаўся новы пэрыяд у жыцьці сьвятара, ён вёў актыўную барацьбу супраць уніяцкай царквы[5]. У верасьні 1641 г. А. Філіповіч паехаў на Варшаўскі сойм, дзе яму ўдалося здабыць у каралеўскай канцылярыі прывілей, які пацьвярджаў папярэднія граматы і дазваляў набыць участак у Берасьці для пабудовы царквы, аднак канцлер Радзівіл і падканцлер Трызна адмовіліся ратыфікаваць дакумэнт, «нават за трыццаць цьвёрдых талераў»[17].
У 1643 А. Філіповіч ізноў прыбывае ў Варшаву на чарговы вальны сойм. Адначасова з купяціцкім дыяканам Лявонціем Божжам 10 сакавіка ўвайшоў у сэнат і пасольскі двор. Перапыніў судовую справу, на якой быў Уладзіслаў IV, і раздаў каралю і сэнатарам сьпісы на палатне Купяціцкай іконы Божае Маці з надпісам-перасьцярогай, які сьведчыў пра прыгнёт праваслаўных у Рэчы Паспалітай[17] (тое ж зрабіў дыякан Божжа на пасольскім двары). Сьвятар патрабаваў у караля, «абы вера правдивая грецкая грунтовне была успокоена, а унея проклятая вынещена и внивеч обернена!»[18], пагражаючы ў адваротным выпадку Судом Божым. На другі дзень кароль загадаў выдаць праваслаўным прывілей[5].
За ўчынак Афанасія вышэйшыя праваслаўныя ўлады абвясьцілі сьвятара вар’ятам і запатрабавалі яго на суд, дзе абвінавацілі ў тым, што Філіповіч самавольна, без парады і дазволу старэйшых рызыкнуў зьявіцца на сойм і мець ультыматыўнае слова ад імя ўсёй праваслаўнай царквы[9]. Пазьней А. Філіповіч адзначаў: «Юж-юж и сами отцеве наши старшии в вере православной о помноженю хвалы бозское не дбают»[15]. Прысутныя на сойме праваслаўныя герархі і ігумены вялікіх манастыроў баяліся наступстваў ад рэзкіх выказваньняў і неардынарных паводзінаў Афанасія, таму распарадзіліся пасадзіць прападобнага пад варту[17] разам зь яго паплечнікам дыяканам Лявонціем у доме каралеўскага брамніка Яна Жалязоўскага на некалькі тыдняў — да соймавага разьезду[14]. У адказ на гэта А. Філіповіч 25 сакавіка 1643 зьбег у адным клабуку і парамандзе, выдаючы сябе за юродзівага, выкачаўшыся ў гразь і з такім выглядам, б’ючы сябе кіем, бегаў па Варшаве з крыкамі: «беда проклятым и неверным! Vae maledictus et infidelibus»[5].
За непрыстойныя паводзіны А. Філіповіч быў «сужоный, декретованый, з презвитерства и игуменства деградованый» і адпраўлены ў Кіеў на разьбіральніцтва кансысторыі. У час зьняволеньня падрыхтаваў «Тлумачальную запіску суду духоўнай кансысторыі». Суд, які праходзіў пад старшынствам рэктара Кіева-Магілянскай калегіі Інакенція Гізеля, пастанавіў, што Афанасі выкупіў свой «грэх» зьняволеньнем, і праз тое яму ўзычваецца свабода і вяртаецца сьвятарскі сан[14]. 20 чэрвеня гэтае рашэньне пацьвердзіў мітрапаліт П. Магіла. На просьбу братчыкаў Сімяонаўскага манастыра А. Філіповіч накіроўваецца туды ігуменам[5].
Паўторны арышт і публіцыстычная дзейнасьць
рэдагавацьПа вяртаньні ў Берасьце працягнуў дамагацца хадайніцтва аб завярэньні каралеўскага прывілея берасьцейскаму брацтву. У 1644 А. Філіповіч наведаў у Кракаве наваградзкага ваяводу Мікалая Крыштафа Сапегу, на землях якога знаходзіўся манастыр, з мэтаю атрыманьня ахоўнага ліста, але зварот аказаўся безвыніковым[5]. Не знайшоўшы неабходнай падтрымкі ва ўладных структурах Рэчы Паспалітай, А. Філіповіч аддаў маскоўскаму паслу ў Кракаве ліст Яна Фаўстына Лубы, які стаў рэчывым доказам у нашумелай тады «справе Дзьмітравіча»[9]. Выкліканы з Кракава ў Варшаву лістом варшаўскага юрыста Зычэўскага, які паведамляў 3 траўня 1644 году, што ягонымі намаганьнямі грамата, даручаная Афанасіем да завярэньня ў канцлера, ужо забясьпечана неабходнымі пячаткамі, і патрабаваў выкупіць прывілей за шэсьць тысячаў злотых, аднак, прыехаўшы ў Варшаву, А. Філіповіч выявіў, што прывілей ня ўнесены ў каралеўскую мэтрыку і ня мае законнай сілы[14]. Вярнуўшыся ў Берасьце з Варшавы, Афанасі замовіў у бэрнардынскім кляштары копію Купяціцкай іконы і разьмясьціў яе ў сваёй кельлі[14]. Рыхтуючыся да выступу на варшаўскім сойме 1645, у лістападзе 1644 быў арыштаваны ў Берасьці як дзяржаўны злачынец па справе Я. Ф. Лубы і адпраўлены пад канвоем у Варшаву[9].
У затачэньні Афанасі Філіповіч знаходзіўся больш за год, за гэты час напісаў шэраг твораў: «Навіны», «Фундамэнт непарадку касьцёла Рымскага», «Супліка», «Прыгатаваньне на суд», «Парада пабожная», «Пра фундамэнт царкоўны», у якіх выклаў свае погляды на гісторыю Берасьцейскай уніі і паказаў яе згубнасьць для праваслаўя і самой дзяржавы Рэчы Паспалітай. Тады ж ён склаў «Параду» каралю Ўладзіславу IV, у якой прапанаваў канкрэтныя шляхі «замірэньня Цэркваў» і дасягненьня добрага ладу ў дзяржаве. Найперш А. Філіповіч раіў пазбавіцца ад уплыву езуітаў, зьвярнуцца празь лісты да пяці патрыярхаў Усходняй Царквы і на Саборы вярнуць законныя правы сьвятога праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім[17].
3 лістапада 1645 году паводле загаду каралеўскага ўнівэрсалу ігумен быў адпраўлены ў Кіеў пад нагляд П. Магілы, які пакінуў Афанасія ў Кіева-Пячорскім манастыры. Тут быў створаны «Дыярыюш», у тым выглядзе, у якім ён апублікаваны, акрамя апошняй часткі[5]. У ім аб’яднаныя ў адно цэлае дарожныя і тлумачальныя запіскі аўтара, яго ўспаміны, дзёньнікі і аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым і перажытым, легенды і містычныя відзежы, пасланьні і лісты А. Філіповіча, яго выкрывальныя прамовы, канспэктыўныя накіды асобных артыкулаў, філязофскія трактаты багаслоўскага характару, вершы, прысьвечаныя барацьбе, і нават напеў гімнападобнага канта — аднаго з найбольш раньніх нотных запісаў у беларускай музыцы[8].
Трэці арышт і забойства А. Філіповіча
рэдагавацьПасьля сьмерці мітрапаліта Пятра Магілы ў 1647 годзе Афанасі вярнуўся ў Берасьце. У абставінах казацкага паўстаньня 1648 году супраць праваслаўных узьнялася новая хваля ганеньняў[17]. Па даносе капітана каралеўскай гвардыі п. Шумскага[19] суботнім днём 1 чэрвеня 1648 А. Філіповіч быў арыштаваны падчас літургіі ў храме Раства Прачыстай Дзевы Марыі па абвінавачаньні ў супрацоўніцтве з Б. Хмяльніцкім[20], нібыта за «посылане якихсь листов и пороху до козаков»[21]. У адказ на абвінавачаньне А. Філіповіч запатрабаваў сьведчаньняў мытнікаў: «Нехай они признают, если я коли колвек куды порохи проводил. А стороны листов, нехай ми тут довод який на тое покажет, абым их посылал, яко поведает»[21]. Неўзабаве ў берасьцейскіх манастырах былі праведзены вобыскі, якія, аднак, ня далі станоўчых вынікаў. Тады ў віну сьвятару паставілі тое, што «унею святую ганил и проклинал»[5]. У адказ на апошняе абвінавачаньне Афанасі адказаў: «Проклятая есть теперешняя унея ваша. И ведайте о том запевне, если еи з панства своего не выкорените, а православной церкви всходней не успокоите, гневу божого над собою заживете»[21].
Пасьля дзёрзкага выступленьня ігумена на некалькі месяцаў кінулі ў турму. У пачатку верасьня А. Філіповіча прывялі да берасьцейскага ваяводы А. Масальскага, які ня хочучы браць яго да сябе, сказаў: «По що-сте его до мене привели? Маете юж в руках своих, чините ж собе з ним що хощете!»[21]. У ноч з 4 на 5 верасьня 1648[5] А. Філіповіча вывелі ў лес каля вёскі Гершановічы і пасьля катаваньняў («там его напрод пекли огнем. И казали — мушкет набили двова кулями... И дол казали наготовили»[21]) жаўнеры берасьцейскага ваяводы А. Масальскага забілі сьвятара[22]. Паводле сьведчаньняў відавочцаў, паранены дзьвюма пулямі ў лоб навылёт, нейкі час стаяў, прытуліўшыся да яліны, пакуль ня быў сьпіхнуты ў вырутую сваімі рукамі магілу[15]. Перад сьмерцю не адмовіўся ад сваіх словаў: «Што юж рекл, том рекл, и з тым умираю». Адкапаць цела А. Філіповіча ўдалося толькі праз восем месяцаў. 7 траўня 1649 з дазволу палкоўніка Ф. Тышкевіча інакі перанесьлі яго ў свой манастыр і з пашанаю пахавалі ля правага кліраса ў галоўным храме берасьцейскага манастыра сьвятога Сімяона Стоўпніка[17].
Ушанаваньне
рэдагавацьПрападобны Афанасі быў прызнаны сьвятым хутка пасьля сваёй мучаніцкай сьмерці (кананізаваны паміж 1658 і 1666). 5 студзеня 1658 Кіева-Пячорскі архімандрыт Інакенці Гізель і Ляшчынскі ігумен Ёсіф Нелюбовіч-Тукальскі паведамілі цару Аляксею Міхайлавічу, што над мошчамі прападобнага мучаніка Афанасія неаднаразова зьзяла цудоўнае сьвятло[14]. У 1666 былі адкрытыя мошчы мучаніка. З гэтай нагоды ў Берасьці было складзена «Жыціе» на польскай мове, у якім ігумен Афанасі называецца «сьвятым і прападобнамучанікам». Неўзабаве пасьля гібелі былі складзеныя царкоўныя хваласьпевы ў гонар Афанасія. Інсуе таксама напісаны 30 жніўня 1819 архімандрытам Маркіянам трапар і кандак[14]. Калі было зацьверджана афіцыйнае сьвяткаваньне — невядома, аднак Афанасі Берасьцейскі называецца прападобным мучанікам, прылічаным да ліку кіеўскіх сьвятых, яшчэ ў «Гісторыі аб уніі» сьвяціцеля Георгія Каніскага[14]. У 1805 у Кіеўскай духоўнай акадэміі «Жыціе» было перакладзена на расейскую мову[17].
8 лістапада 1815 году пры пажары ў Сімяонаўскай царкве расплавілася медная рака з мошчамі сьв. Афанасія. На наступны дзень сьвятар Самуіл Лісоўскі знайшоў часьцінкі мошчаў прападобнамучаніка і паклаў іх на цынавым сподку пад алтаром манастырскай трапэзнай царквы[14]. У 1823 годзе іх сапраўднасьць была засьведчана паказаньнямі сямі братчыкаў, якія былі пры зьбіраньні часьцінак мошчаў пасьля пажару[14]. У гэтым жа годзе для мошчаў зрабілі драўляны каўчэг і паставілі ў царкве.
У лістападзе 1856 году каўчэг з мошчамі прападобнага Афанасія вылечыў сына памешчыка Паліванава, які быў вымушаны спыніцца ў Берасьці з прычыны нечаканай хваробы свайго дзесяцігадовага сына. У 1857 годзе ў падзяку за вылячэньне сына памешчык ахвяраваў для мошчаў каштоўны срэбраны каўчэг. Пасьля закрыцьця манастыра каўчэг быў перавезены ў Антырэлігійны музэй мастацтваў, разьмешчаны ў Данскім манастыры,[Крыніца?] а адтуль у 1935 годзе паступіў у Дзяржаўны гістарычны музэй Расеі.
26 верасьня 1893 году быў узьведзены храм у імя сьвятога прападобнамучаніка сьвятога Афанасія Берасьцейскага ў Гарадзенскім Барысаглебскім манастыры (не захаваўся), а ўвосень наступнага году часьцінка яго сьвятых мошчаў была перанесеная ў Лесьнінскі жаночы манастыр у Польшчы[14]. У канцы Другой сусьветнай вайны манастыр (разам зь сьвятымі мошчамі) пераехаў спачатку ў Сэрбію, а потым ў Францыю. У 1995 годзе частка мошчаў была прывезена ў Беларусь і перададзена ў берасьцейскія Сімяонаўскі катэдральны сабор, Брацкую Сьвята-Мікалаеўскую царкву і ў Сьвята-Афанасеўскую капліцу ў в. Аркадзія пад Берасьцем[23].
У кастрычніку 2005 году ў Берасьці на праспэкце Машэрава каля катэдральнага сабора Сімяона Стоўпніка быў усталяваны помнік «нябеснаму заступніку» Афанасію Берасьцейскаму (Філіповічу). Аўтары помніка — берасьцейскія скульптары Алеся Гуршчанкова і яе муж Павал Герасіменка.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Апанас Берасьцейскі // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2015 г. Праверана 15 лістапада 2015 г.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 267.
- ^ а б Цітавец А. А. Афанасій Брэсцкі // Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск, 2001. С. 26.
- ^ Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст. / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Менск: Беларуская навука, 2011. — С. 79. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 ас. — ISBN 978—985-08-1291-9
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Менск: Беларуская навука. 2006. С. 586—611.
- ^ Гедзімін Л. А. Палемічныя творы Афанасія Філіповіча // V Международные Кирилло-Мефодиевские чтения, посвященные Дням славянскай письменности и культуры: Материалы чтений (Минск, 24-26 мая 1999 г.). В 2 ч. Ч. 1 / Европейский гуманитарный ун-т, Бел. ун-т культуры; Редкол.: Бендин А. Ю. (отв. ред.) и др. — Мн.: Бел. ун-т культуры, 2000. — С. 146. — 245 с.
- ^ Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларус. мінуўшчыны / Маст. А. У. Алекандровіч і інш. — 2-е выд., дап. — Менск: Полымя, 1993. — С. 145. — 270 с.
- ^ а б в г д е 410 год з дня нараджэння Афанасія Брэсцкага (Філіповіча Афанасія; каля 1595 ці каля 1596 ці 1597(?) - 1648), святога беларускай праваслаўнай царквы, грамадскага, палітычага і царкоўнага дзеяча, пісьменніка-публіцыста. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 11 жніўня 2012 г.
- ^ а б в г д е ё ж Лідзія Кулажанка Филиппович Афанасий. belchrist.narod.ru. Праверана 11 жніўня 2012 г.
- ^ Коршунов А. Ф. Афанасий Филиппович. Жизнь и творчество. — Мн., 1965. С. 179.
- ^ Костомаров Н. И. Афанасий Филиппович — борец за православную веру в Западной Руси // Исторические монографии и исследования. СПб.; М., 1881. И. 14. С. 1—42.
- ^ Мельников А. Путь непечален. С. 205.
- ^ Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны. — Менск, 1990. С. 130.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н Мельников, А. А. Преподобномученик Афанасий, игумен Брестский : празднование памяти 5 сент. (18 сент. по н. ст.) // Путь непечален. — Минск, 1992. С. 205—216.
- ^ а б в г Чаропка В. Афанасій Філіповіч // Полымя. — 2002. — № 1. — С. 184—189.
- ^ Коршунов А. Ф. Афанасий Филиппович. Жизнь и творчество. — Мн., 1965. С. 29.
- ^ а б в г д е ё ж з і Святы прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі. blagobor.by. Праверана 11 жніўня 2012 г.
- ^ Коршунов А. Ф. Афанасий Филиппович. Жизнь и творчество. — Мн., 1965. С. 117.
- ^ Хрысціянства і беларуская культура: Матэрыялы III Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый» (Мінск, 21-25 мая, 4-7 снежня 2000 г.) / Рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2001. — С. 97. — 208 с.
- ^ Афанасій Філіповіч // Старажытная беларуская літаратура (XII-XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — С. 466. — 608 с.
- ^ а б в г д Пятроў М., Жук. М. «…То не чалавек стаяў, стаяла вера» // Беларуская думка. — 1997. — № 3. — С. 159—165.
- ^ Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 326. — 671 с.
- ^ Асіноўскі С. Такія розныя аднолькавыя лёсы // Беларуская Мінуўшчына. № 3, 1997. С. 31—37.
Літаратура
рэдагаваць- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2001. — 386 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАфанасі Філіповіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў