Мікола Цудатворца

хрысьціянскі сьвяты

Міко́ла Цудатво́рца (270, Патара, цяпер правінцыя Анталья,Турэччына — 343, цяпер Дэмрэ, правінцыя Анталья, Турэччына) — мірлікійскі архіяпіскап IV стагодзьдзя[1].

Мікола Цудатворца
грэц. Άγιος Νικόλαος
Сьвяты
Нарадзіўся 15 сакавіка 270
Патара, правінцыя Лікія і Памфілія, Рымская імпэрыя
Памёр 6 сьнежня 343
Міра, правінцыя Лікія, прэтарыянская прэфэктура Ўсходу, Рымская імпэрыя
Шануецца гістарычнымі цэрквамі
У ліку сьвяціцеляў
Галоўная сьвятыня базыліка Сьвятога Міколы (Бары, Італія)
Дзень памяці 9 (22) траўня, 29 ліпеня (11 жніўня), 6 (19) сьнежня
Патрон вандроўнікаў, дзяцей і плыўцоў
Атрыбуты Дабравесьце ў руках

Таксама вядомы як Сьвяціцель або Сьвяты Мікола, Мікола Мірлікійскі і Мікола Ўгоднік[2]. 9 (22) траўня 1087 году яго мошчы перавезьлі ў італьянскі горад Бары. У выніку гэты дзень стаў адным зь дзён яго памяці[3].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў горадзе Патара (правінцыя Лікія і Памфілія, Рымская імпэрыя) на паўвостраве Анатолія ў заможнай хрысьціянскай сям'і. Пасьля сьмерці бацькоў стаў сьвятаром[2]. Ягоны дзядзька Мікола Патарскі быў япіскапам і прыняў яго на пасаду чытальніка[4]. Таемна ахвяраваў 3-м дочкам зьбяднелага месьціча па гаманцы з залатымі манэтамі, каб тыя мелі пасаг для шлюбу. Гэты ўчынак стаў падставай для вобразу Сьвятога Міколы як «Бацюхны Раства», які дорыць дзецям падарункі[5].

Паломнічаў у Ерусалім, па вяртаньні адкуль стаў мірлікійскім япіскапам замест свайго памерлага дзядзькі Міколы Патарскага. У 303 годзе бізантыйскі імпэратар Дыяклетыян выдаў эдыкт аб Вялікім ганеньні на хрысьціянаў, у выніку чаго Міколу Цудатворцу зьняволілі. У 313 годзе імпэратар Канстантын I Вялікі зацьвердзіў Мілянскі эдыкт аб верацярпімасьці, пасьля чаго Міколу Цудатворцу вызвалілі. Спыніў рабаўніцтва Міраў Лікійскіх жаўнерамі праз скаргу іх генэралам Флявію Ўрсу, Вірыю Нэпацыяну і Гэрпіліёну. Пры дапамозе тых 3-х генэралаў запабег сьмяротнай кары 3-х чалавек, якіх вырак губэрнатар Эўстат, атрымаўшы хабар. Пазьней вызваліў тых генэралаў з турмы, калі консул Флявій Аблябій зьняволіў іх, таксама атрымаўшы хабар, і зьвінаваціў у нездушэньні паўстаньня ў Фрыгіі. У 325 годзе быў 151-м наведнікам Першага Нікейскага сабору (правінцыя Бітынія і Понт), дзе падпісаў Нікейскі сымбаль веры.

Ушанаваньне

рэдагаваць

На 1-й палове V стагодзьзя бізантыйскі імпэратар Тэадосі ІІ загадаў пабудаваць базыліку Сьвятога Міколы ў Мірах Лікійскіх на месцы яго магілы. Яе ўзьвядзеньне скончылі ў 520 годзе. У VI стагодзьдзі яе перабудавалі на загад імпэратара Юстыніяна I. У ІХ стагодзьдзі храм перабудавалі ў царкву[5].

У культуры

рэдагаваць

У прыказках Мікола Цудатворца згадваецца ў якасьці апекуна бедных, мараплаўцаў і нямоглых:

  • «Калі ніхто не паможа, то апошняя надзея на Міколу»;
  • «Мікола на моры ратуе, Мікола мужыку воз падымае»;
  • «Мо ніхто так не ратуе на вадзе, у дарозе ці на вайне, як сьвяты Мікола»;
  • «Няма за мужыка паборніка большага за Міколу»;
  • «Прасі Міколу, а ён Спасу скажа»[6].

Таксама прыказка тлумачыць абед для бадзягаў, бедных і юродзівых у дзень памяці Міколы Цудатворцы 22 траўня: «Як не накорміш у Міколін дзень галоднага, дык сам увесь год галодны будзеш». Іншыя прымаўкі згадваюць гаспадарчыя звычаі і прыкметы:

  1. пачатак пасеву яравых — «А сьвятым Міколам яр засяваюць»;
  2. добры ўмалот пры выплываньні жыта на палетках — «На вешняга Міколу і варона ў рунь схаваецца»;
  3. сканчэньне пасадкі бульбы і пасеву гароха, льну і проса — «Авёс Мікольскі — ні гаспадарскі, ні конскі»;
  4. пачатак выгану коней на поле для начнога падножнага корму — «Вешні Мікола падножны корм коням нясе» і «Мікола вясновы коней накорміць, Мікола восеньскі на двор загоніць»[6];
  5. прыход цёплага надвор’я — «Да Міколы няма дабра ніколі» і «Мікола пагоду становіць»;
  6. пачатак стрыжкі авечак праз пачатак іх лінькі — «Да Міколы ня сей грэчкі, не стрыжы авечкі»[7].

У народных песьнях таксама сустракаюцца згадкі Міколы Цудатворцы:

  • «Сьвяты Мікола па межах ходзіць, жыта раўнуець… дзе вымакла — там падсушыць, дзе высахла — там падмочыць»;
  • «Мікола — стары сявец, ячмень сеець… зь левай ручкі засяваець, кінець рэдка — расьцець метка», «і траву расьціць, і скот пасьціць»[7].

Урэшце на вясновы дзень памяці Міколы Цудатворцы 22 траўня прыпадае звычай пачынаць купаньне. Таксама існуе звычай маліцца перад абразом Міколы Цудатворцы на караблі у буру[6].

На зімовы дзень Міколы Цудатворцы 19 сьнежня памяць пра яго адлюстроўваецца ў прымаўках:

  • «Безь Міколы не бывае ні зімы, ні лета»;
  • «Хвалі зіму па Міколе»;
  • «Да Міколы няма зімы ніколі»;
  • «Варвара (17 сьнежня) мосьціць, а Мікола марозам гвозьдзіць»;
  • «Зімовы Мікола каня заганяе»;
  • «Ніводнаму Міколе ня вер ніколі»[8];
  • «Мікола — сапраўдная зіма, Мікола — сапраўднае лета»;
  • «Беражы сена ад Міколы і да Мколы»[9].

Таксама ў зімовы дзень памяці Міколы Цудатворцы ладзіцца маскараднае хаджэньне па дамах са сьпевамі, якое ў Беларусі называецца «Салоха». Таксама выконваецца абрад «Мікольская сьвечка», гаспадары якой частуюць гасьцей блінамі. Затым запаленую сьвечку ставяць у лубок і пераносяць у суседні дом[8].

У нумізматыцы

рэдагаваць

19 сьнежня 2013 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне срэбраную памятную манэту «Сьвяціцель Мікалай Цудатворац. 2013» наміналам 500 рублёў зь нізкі «Праваслаўныя сьвятыя. 2013». Манэта вагой 500 грамаў якасьці «пруф» і накладам 999 асобнікаў мела пробу стопку 999. На пярэднім баку мэнэты разьмясьцілі выяву царквы Сьвятога Спаса ў Полацку, на адваротным — абраз сьвяціцеля Міколы Цудатворцы. Манэту адчаканіў «Манэтны двор Польшчы»[10].

  1. ^ Царкоўныя сьвяты і пасты // Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 2021 г. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  2. ^ а б Тэлеканал «Беларусь 1». Праваслаўная царква сёньня ўспамінае Мікалая Цудатворца // Белтэлерадыёкампанія, 19 сьнежня 2015 г. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  3. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Праваслаўныя ўспамінаюць Мікалая Цудатворца // Белтэлерадыёкампанія, 22 траўня 2017 г. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ Уладзімер Удовін. Праваслаўныя вернікі адзначаюць сёньня нараджэньне Мікалая Цудатворцы // Радыё «Спадарожнік», 11 жніўня 2019 г. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  5. ^ а б Турэцкія археолягі сьцьвярджаюць, што знайшлі магілу Мікалая Цудатворца // Газэта «Наша ніва», 5 кастрычніка 2017 г. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  6. ^ а б в Мікола Вясеньні // Народная газэта. — 22 траўня 2008. — № 4760. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ а б Народны каляндар. Май // Газэта «Раённы весьнік» (Ігумен), 8 траўня 2014 г. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  8. ^ а б Анатоль Ростаў. Мікола Зімовы // Газэта «Сельская праўда» (Жабінка), 24 сьнежня 2015 г. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  9. ^ Аляксандар Мізей. Сьвяціцеля Мікалая, архіяпіскапа Мір Лікійскіх, цудатворца (Мікола зімовы), 19 сьнежня // Прыход Петрапаўлаўскага сабору ў Менску, 30 кастрычніка 2012 г. Праверана 9 чэрвеня 2021 г.
  10. ^ Сяргей Куркач. Сьвяціцель Мікалай Цудатворац // Зьвязда : газэта. — 20 сьнежня 2013. — № 240 (27605). — С. 2. — ISSN 1990-763x.