Рэспубліка Комі
Рэспу́бліка Ко́мі (комі: Коми Республика, па-расейску: Республика Коми) — рэспубліка ў складзе Расейскае Фэдэрацыі і яе раўнапраўны суб’ект[1]. Знаходзіцца ў складзе Паўночна-Заходняе фэдэральнае акругі Расеі. Мяжуе з Архангельскай вобласьцю, Ненецкай АА, Ямала-Ненецкай АА, Ханты-Мансійскай АА, Пермскім краем і Кіраўскай вобласьцю. Сталіца — места Сыктыўкар (літаральна ў перакладзе з комі-зыранскай мовы — Сысольск, Места на рацэ Сысала).
Рэспубліка Комі | |
комі. Коми Республика рас. Республика Коми | |
Сьцяг | |
Гімн | «Ылын-ылын Войвылын» |
---|---|
Агульныя зьвесткі | |
Краіна | Расея |
Статус | Рэспубліка |
Уваходзіць у | Паўночна-заходнюю фэдэральную акругу |
Адміністрацыйны цэнтар | Сыктыўкар |
Найбуйнейшыя гарады | Сыктыўкар, Варкута, Ухта |
Дата ўтварэньня | 26 сакавіка 1992 |
Кіраўнік Рэспублікі | Вячаслаў Гайзэр |
Афіцыйныя мовы | расейская, комі-зыранская |
Насельніцтва (2015) | 864 424 (59-е месца) |
Шчыльнасьць | 2,07 чал/км² чал./км² |
Нацыянальны склад | расейцы — 65,1%, комі-зыране — 23,7%, украінцы — 4,2%, татары — 1,3%, беларусы — 1,0% |
Плошча | 416 774 км² (13-е месца) |
Вышыня па-над узр. м. · найвышэйшы пункт | 1895 м |
Комі ў складзе Расеі | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | +4 |
Код ISO 3166-2 | RU-KO |
Інтэрнэт-дамэн | .ko |
Код аўтам. нумароў | 11 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гісторыя
рэдагавацьКомі заселеная зь верхняга палеаліту. Да пачатку II тыс. н.э. завяршылася фармаваньне племяннога аб’яднаньня прамых продкаў сучасных комі (зыранаў), якія ў рускіх пісьмовых крыніцах XI—XIV ст. згадваюцца як перм вычагодзкая. Яны займаліся пераважна паляўніцтвам і рыбалоўствам, а таксама лядна-агнявым земляробствам і жывёлагадоўляй; складваўся іх аселы побыт, узьнікалі рамесныя цэнтры. З распадам перабытнаабшчыннага ладу ў XI—XII ст. зараджаліся фэадальныя адносіны. У XII—XIV ст. перм вычагодзкая плаціла даніну Наўгародзкай Зямлі. У 1478 г. у выніку захопу Маскоўскай дзяржавай Наўгародзкіх земляў тэрыторыі, на якіх пражывалі зыране, апынуліся пад уладай маскоўскіх цароў[2].
У XV—XVIII ст. праз Комі праходзілі гандлёвыя шляхі з Вяцка-Камскага басэйну ў Архангельск і ад Вялікага Усьцюгу ў Сыбір, у выніку заснаваны Усьць-Сысольск (цяпер места Сыктыўкар), Усьць-Вым і іншыя гандлёвыя цэнтры[2].
У XVII—XVIII ст. узьніклі саляварныя й гарнарудныя прадпрыемствы, нафтаперагонны завод (1745). У 1-й палове XIX ст. адбываліся масавыя выступленьні сялянаў супраць самавольства ўладаў і нацыянальнага прыгнёту. Пасьля рэформы 1861 г. узмацніліся працэсы разьвіцьця капіталістычных адносінаў, кансалідацыя комі ў нацыю. Вялікае месца ў гаспадарцы занялі лесараспрацоўкі, пашыралася адыходніцтва[2].
За часамі Расейскай імпэрыі сучасная тэрыторыя Комі ўваходзіла ў Архангелагародзкую губэрню ў якасьці трох паветаў — Яранскага, Сольвычагодзкага й Пячорскага паветаў. Напярэдадні кастрычніцкага перавароту зямля комі была падзеленая паміж Архангельскай і часткова Валагодзкай, Вяцкай ды Пермскай губэрнямі.
22 жніўня 1921 году была ўтвораная АВ Комі (Зыранаў), якая падзялялася на 4 паветы: Сысольскі, Усьць-Вымскі, Усьць-Куломскі і Іжма-Пячорскі. У 1923 і 1929 гадох да аўтаномнае вобласьці былі далучаны адпаведна часткі Чардынскага павету Пермскае губэрні і Слудзкая воласьць разам зь сялом Усьць-Цыльма[2].
З 14 студзеня 1929 году па 5 сьнежня 1936 гады вобласьць уваходзіла ў Паўночны Край. 5 сьнежня 1936-га году вобласьць пераўтворана ў Комі Аўтаномную Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку і непасрэдна ўвайшла ў склад РСФСР як раўнапраўны яе суб’ект.
У 1930—1950-я Рэспубліка зьяўлялася адным з цэнтраў ГУЛАГу[2].
У верасьні 1990 г. Вярхоўны Савет Комі прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. У 1991 г. уведзеная пасада прэзыдэнта[2]. 26 сакавіка 1992 году падпісаны новая фэдэратыўная дамова з Расейскай Фэдэрацыяй, Комі АССР пераўтвораная ў Рэспубліку Комі ў складзе Расейскае Фэдэрацыі.
Прырода
рэдагавацьМесьціцца на паўднёвым усходзе эўрапейскай часткі Расеі. Рэльеф пераважна раўнінны, слабахвалісты. З паўднёвага захаду на паўднёвы ўсход цягнецца Ціманскі краж (вышыня да 471 м., Чэтласкі Камень). На ўсходзе адгор’і Паўночнага, Прыпалярнага й Палярнага Ўралу (вышыня да 1895 м., г. На́гарадная). Паміж Ціманскім кражам і Ўральскімі гарамі Пячорская нізіна. Карысныя выкапні: буйныя запасы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басэйн), прыроднага газу й нафты (Ціманска-Пячорская нафтагазаносная правінцыя), баксытаў (Сярэднеціманская група радовішчаў), тытанавых рудаў, золата, фасфарытаў, марганцавых і полімэталёвых рудаў; ёсьць разнастайныя будаўнічыя матэрыялы[2].
Клімат на большай частцы рэспублікі ўмерана кантынэнтальны з працяглай і суровай зімой і кароткім, параўнальна цёплым летам. Кантынэнтальнасьць клімату павялічваецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ў Сыктыўкары -15,1 °C, ліпеня 16,6 °C, у Варкуце адпаведна -20,6 °C, і 12,4 °C. Ападкаў 500—700 мм, у гарах Уралу да 1500 мм за год. На поўнач і паўночны ўсход (пераважна за Палярным кругам) шматгадовая мерзлата[2].
Буйныя рэкі: Пячора з Усой і Іжмай, Эжва з Сыктыў і Вым’ю, Мязень з Вашкай. Азёры — Ямвозера й Сындарскае.
7% тэрыторыі займаюць балоты. Пераважаюць падзолістыя глебы, паўночнай частцы — тундравыя; у поймах Пячоры й Вычэгды — поймавыя глебы, якія зьяўляюцца асновай для разьвіцьця сельскае гаспадаркі. Пад лесам каля 65% тэрыторыі, пераважна хваёвыя (хвоя, елка — 81% усіх лясоў), на поўдні трапляюцца лісьцевыя (бяроза, асіна); бліжэй да Ўралу кедравыя, піхтавыя й лістоўнічныя насаджэньні. Запасы драўніны каля 3 млрд. м³. На поўначы — тундра[2].
Шмат прамысловых зьвяроў: пясец, куніца, вавёрка, ліс, заяц, выдра; з птушак — цецярук, рабчык, глушэц, шэрая курапатка й інш. Рэкі багатыя каштоўнымі відамі рыб: сёмга, омуль, сіг, нельма й інш. Ёсьць Пячора-Ілыцкі запаведнік[2].
Культура
рэдагавацьЛітаратура
рэдагавацьВытокі літаратуры Комі, якая разьвіваецца на комі-зыранскай і расейскай мовах, у багатым і разнастайным фальклёры. Казкі, эпічныя й лірычныя песьні, прыпеўкі, паданьні, галашэньні й іншыя творы вуснае народнае творчасьці пачалі зьбіраць і запісваць расейскія навукоўцы ў XIX ст. Першыя помнікі пісьменства Комі адносяцца да XIV—XVI ст.
Заснавальнік пісьмовае літаратуры комі — паэт-дэмакрат XIX ст. Іван Куратаў(ru). Асноўныя жанры літаратуры — паэзія й драматургія — вызначыліся ў пачатку XX ст. У 1920-я г. плённа разьвівалася паэзія (Міхаіл Лебедзеў(ru), Васіль Лыткін(ru), Віктар Савін(ru), Веньямін Чысталёў(ru)). Каля вытокаў драматургіі творы Мікалая Папова(kv) (сацыяльна-бытавыя п’есы пра дарэвалюцыйнае жыцьцё вёскі), Міхаіла Лебедзева(ru) (аўтар першага на нацыянальнае мове драматычнага твора, вершавана-музыкальных камэдыяў подле фальклёрных матываў, твораў пра гістарычнае мінулае й сучаснасьць). Прадаўжальнікам традыцыяў у нацыянальнай мове стаў Мікалай Дзьяканаў(ru) (п’есы «Глыбокая запань», 1940, зь Сьцяпанам Ярмоліным(ru); «Вясельле з пасагам», пастаўлены ў 1940, Дзяржаўная прэмія СССР 1951; «Залаты мэдальён», 1971)[2]. Нарысы й апавяданьні пісаў Чысталёў.
У 1930—1950-я гады — пэрыяд станаўленьня тэматычна разнастайнай літаратуры. У 1934 г. створанае аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў рэспублікі Комі. Найбольшае разьвіцьцё атрымалі творы эпічнага жанру: аповесьці й раманы Ільлі Пысьціна(kv), Васіля Юхніна(ru), Якава Рочава(kv), Генадзя Фёдарава(kv). Традыцыі нацыянальнае літаратуры разьвіваліся ў гады Другой сусьветнай вайны (зборнікі паэзіі Івана Вавіліна(kv) «Ні кроку назад», 1942; «Савецкі воін», 1944)[2].
У пасьляваенны пэрыяд зьявіліся творы пра гістарычнае мінулае, пасьляваеннае адраджэньні: аповесьці Пысьціна «Франтавыя дні й ночы» (1946), Фёдарава «Ў дні вайны» (1952), раманы Юхніна «Ярка-чырвоная стужка» (1941, першы раман на мове комі), «Агні тундры» (ч. 1—3, 1949—1957), Рочава «Два таварышы» (1951), гістарычна-рэвалюцыйная раманы Фёдарава «На досьвітку», Бліскавіца (1982) і інш. Тэмы працоўнае клясы, урбанізацыі і інш. адлюстраваныя ў зборніках апавяданьняў і аповесьцяў «Дзе ты, горад?» (1971, Дзяржаўная прэмія Комі АССР 1972) Івана Торапава(ru), зборніку вершаў «Яснае рэха тайгі» (1970) і рамане «Чугра» (1981) Генадзя Юшкова(ru), паэтычных зборніках «Нарадзіўся я на Поўначы» (1960), «Блакітная тайга» (1972), «Сьнежная рэспубліка мая» (1977) Альбэрта Ванеева(ru)[2].
На беларускую мову перакладзеныя асобныя творы Куратава (перакладчык Мікола Аўрамчык)[2].
Музыка
рэдагавацьМузыка комі да 1917 г. існавала ў вуснай традыцыі. Музычны фальклёр уключае абрадавыя, працоўныя, сямейна-бытавыя, лірычныя, эпічныя, дзіцячыя песьні, баляды, прыпеўкі. Пашыраныя сольныя й харавыя сьпевы, звычайна 2—3-галосыя. Сярод народных інструмэнтаў: сігудэк (3-струнны смычковы й шчыпковы), чыпсаны й пэляны (дудкі, разнавіднасьць шматствольных флейтаў), этыка пэлян (берасьцяная дудка з падвойным язычком), сярган (бразготка), тотшкэдчан (калатушка) і інш., а таксама расейская балалайка й гармонік[2].
На аснове музычнага фальклёру напісаныя нацыянальныя творы: музычная драма «Усьць-Куломскае паўстаньне» Аляксандра Варанцова (1942), «Юбілейная кантата» Сяргея Кандрацьева(ru) (1946), опэры «Навальніца над Усьць-Куломам» Г. Дзехцярова (1960), «Домна Калікава» Б. Архімандрытава (1967), «На Ілычы» Якава Перапяліцы (1971); балет «Лясны чалавек» (1961), апэрэта «Песьні да зорак» (1963) Перапяліцы й інш[2].
Дзейнічаюць: Рэспубліканскі музычны тэатар (з 1958), філярмонія (з 1939), Дзяржаўны ансамбль песьні й танца «Ранішні досьвітак» (з 1939); музычная вучэльня (Сыктыўкар), музычныя школы. У 1978 годзе створаны Саюз кампазытараў Комі[2].
Адміністрацыйны падзел
рэдагавацьУ нашыя часы рэспубліка Комі падзяляецца на 4 мескія акругі (Сыктыўкар, Інта, Ухта, Усінск, Варкута) і 15 раёнаў.
Нумар раёну на мапе | Назва | Назва ў арыґінале |
---|---|---|
1 | Сыктыўкар | Сыктывкар, Сыктывкар |
2 | Варкута | Воркута, Вöркута |
3 | Інта | Инта, Инта |
4 | Усінск | Усинск, Ускар |
5 | Ухта | Ухта, Уква |
6 | Муніцыпальны раён Вуктыл | Муниципальный район Вуктыл, Вуктыл район |
7 | Іжэмскі муніцыпальны раён | Ижемский муниципальный район, Изьва район |
8 | Княжпагосцкі муніцыпальны раён | Княжпогостский муниципальный район, Княжпогост район |
9 | Кайгародзкі муніцыпальны раён | Койгородский муниципальный район, Койгорт район |
10 | Корткераскі муніцыпальны раён | Корткеросский муниципальный район, Кöрткерöс район |
11 | Муніцыпальны раён Пячора | Муниципальный район Печора, Печора район |
12 | Прылускі муніцыпальны раён | Прилузский муниципальный район, Луздор район |
13 | Муніцыпальны раён Саснагорск | Муниципальный район Сосногорск, Сӧснагорт район |
14 | Сыктыўдзінскі муніцыпальны раён | Сыктывдинский муниципальный район, Сыктывдін район |
15 | Сысальскі муніцыпальны раён | Сысольский муниципальный район, Сыктыв район |
16 | Траецка-Пячорскі муніцыпальны раён | Троицко-Печорский муниципальный район, Мылдін район |
17 | Удорскі муніцыпальны раён | Удорский муниципальный район, Удора район |
18 | Вусьць-Вымскі муніцыпальны раён | Усть-Вымский муниципальный район, Емдін район |
19 | Вусьць-Куломскі муніцыпальны раён | Усть-Куломский муниципальный район, Кулöмдін район |
20 | Вусьць-Цылемскі муніцыпальны раён | Усть-Цилемский муниципальный район, Чилимдін район |