Глушэц (птушка)

птушка

Глушэ́ц (па-лацінску: Tetrao urogallus) — птушка сямейства цецеруковых атраду курападобных.

Глушэц (птушка)
Клясыфікацыя
Бінамінальная намэнклятура
Tetrao urogallus

У Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей на мохавых балотах Паазер’я, Прыпяцкага Палесься, у Белавескай пушчы. Народная назва на Палесьсі когут. У Бярэзінскім запаведніку вывучаецца вальернае ўтрыманьне і разьвядзеньне ў няволі.

Самы буйны з баравой дзічыны. Даўжыня самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, сьпіна шэрыя зь цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, вальлё чорнае з мэталічным бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсьцінкамі. Палігам. Вясной глушцы зьбіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час сьпеваў («скірканьня») глушэц нічога ня чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Корміцца ігліцай, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Колькасьць скарачаецца, у шэрагу краін, у тым ліку у Беларусі, пад аховай.

Глушэц

У кулінарыі

рэдагаваць

Мяса жорсткае, перад абскубаньнем здабыты глушэц мусіць вісець уніз галавой да 14 дзён у халодным праветраным месцы. Пасьля абскубаньня абсмаліць, вытрыбушыць, адцяць галаву і крылы. Маладых птушак дастаткова вымачыць на ноч у малацэ, старэйшых лепш у марынадзе (з дадаткам ядлоўцу і імбіру) на працягу 2—3 дзён. Глушца лепш тушыць, чым запякаць, але ў старапольскай кухні быў славуты глушэц, запечаны з валоскімі арэхамі, шынкай і грыбамі. Раней існавала павер’е, нібыта мяса глушца «карыснае для глузду».

Беларусь

рэдагаваць

На 2014 год у Беларусі налічвалася каля 10 000 глушцоў[1].

  1. ^ Сяргей Расолька. Палюй, але галавы не губляй // Зьвязда : газэта. — 17 красавіка 2014. — № 71 (27681). — С. 5. — ISSN 1990-763x.

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць