Літаратура ў Вялікім Княстве Літоўскім
Літаратура ў Вялікім Княстве Літоўскім
Гісторыя разьвіцьця
рэдагавацьПачаткі вялікалітоўскай літаратуры (XIII—XIV стагодзьдзі) грунтавалася на пісьмова-моўных традыцыях тых земляў Русі, якія ўвайшлі ў склад Вялікага Княства Літоўскага. На гэтым этапе пераважала перапісаная літаратура царкоўна-рэлігійнага характару часьцей на царкоўнаславянскай мове. З XIV ст. старабеларуская стала мовай дзяржаўнага справаводзтва ВКЛ, што ў сваю чаргу спрыяла ейнаму разьвіцьцю.
У эпоху позьняга сярэднявечча ў ВКЛ працягвалася станаўленьне ўласна беларускай літаратуры, якое адбывалася даволі марудліва. Слаба разьвіваліся аратарская проза і публіцыстыка, перажывала крызіс агіяграфія. «Жыціе віленскіх мучанікаў», тэматычна зьвязанае зь беларуска-літоўскім рэгіёнам, узьнікла па-за межамі ВКЛ. Тым жа часам новыя якасьці набыла паломніцкая проза.
У XVI ст. зьявілася плеяда высокаадукаваных і таленавітых пісьменьнікаў, зарадзіліся новыя віды і жанры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гістарычна-мэмуарная літаратура, драматургія). Літаратура набыла большую публіцыстычнасьць і сацыяльную завостранасьць, у ёй зьяўляліся творы, напісаныя з пазыцыяў рэнэсансавага гуманізму, узмацняўся асабовы пачатак, зараджаліся індывідуальныя стылі.
Этапнае значэньне ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры ВКЛ мела дзейнасьць беларускага гуманіста-асьветніка, заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукаваньня, пісьменьніка і перакладчыка Францішка Скарыны. Рацыяналістычна-асьветніцкі дух ягоных камэнтароў, сьвецкі характар афармленьня кніг садзейнічалі сэкулярызацыі і дэмакратызацыі літаратуры на землях Вялікага Княства Літоўскага. Скарына быў пачынальнікам беларускага вершаскладаньня і гімнаграфіі, ён давёў да высокай дасканаласьці жанр прадмоваў — зародкаў беларускага літаратуразнаўства і крытыкі, беларускай філялёгіі.
У 2-й палове XVI стагодзьдзя ў сувязі з актывізацыяй усяго грамадзка-палітычнага і культурнага жыцьця ВКЛ больш хутка разьвівалася і літаратура. У многіх беларускіх, летувіскіх і ўкраінскіх местах былі адкрытыя друкарні і школы розных кірункаў (пратэстанцкія, праваслаўныя, каталіцкія), выдаваліся буквары, граматыкі, слоўнікі. Творы пісаліся і друкаваліся на беларускай, царкоўна-славянскай, летувіскай, польскай і лацінскай мовах. Найбольшае разьвіцьцё атрымала палемічная публіцыстыка. На гэты ж час прыпадае зараджэньне летувіскамоўнага пісьменства на тэрыторыі ВКЛ, ягоным пачынальнікам быў Мікалоюс Даўкша. Важную ролю ў разьвіцьці старалітоўскага пісьменства гэтага часу адыгралі Канстанцін Шырвід, укладальнікі і перакладчыкі духоўных твораў Мэркеліс Пяткявічус(en), Сьцяпонас Яўгеліс-Цялега(lt), Саламонас Славачынскіс, Багуслаў Самуэль Хілінскі(lt).
У цэлым літаратура ВКЛ эпохі контрарэфармацыі разьвівалася ў барокавым рэчышчы. Характэрныя асаблівасьці гэтага стылю прыкметныя ўжо ў асобных творах панегірычнай паэзіі, драматургіі, палемічнай і аратарскай прозы канца XVI — пачатку XVII ст. Ідэйна-мастацкія прынцыпы барока, сьветаадчуваньне той складанай эпохі найбольш пасьлядоўна выявіліся ў філязофска-рэлігійнай лірыцы. Дасягненьню пэўнага адзінства творчых прынцыпаў літаратуры садзейнічалі тэарэтычныя працы, напрыклад, паэтыка Мацея Казімера Сарбеўскага.
У вельмі складаных умовах агульнага сацыяльна-эканамічнага і грамадзка-палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай, у складзе якой знаходзіліся Беларусь і Летува, разбуральных войнаў, напружанай ідэалягічнай барацьбы і рэлігійнай канфрантацыі, узмацненьня сацыяльнага і нацыянальнага ўціску, палянізацыі адбываўся працэс разьвіцьця беларускай і летувіскай літаратураў у пераходны пэрыяд (2-я палова XVII — 1-я палова XVIII ст.). Адмірала старая эстэтычная сыстэма, занепадалі традыцыйныя літаратурныя жанры. Далейшая сэкулярызацыя і дэмакратызацыя, уплыў фальклёру й інш. прывялі да ўзьнікненьня інтымнай лірыкі, парадыйна-сатырычнай і гумарыстычнай прозы, зьяўленьня новых традыцый. Разам з тым далейшае разьвіцьцё атрымала гістарычна-мэмуарная літаратура, у стварэньні якой найбольшую ролю адыгралі прадстаўнікі шляхты.
Ідэі Асьветніцтва садзейнічалі пераасэнсаваньню і пераадоленьню ў другой палове XVIII ст. старых літаратурных традыцый, узмацненьню новых эстэтычных тэндэнцый, зьяўленьню якасна новых мастацкіх твораў, якія паклалі пачатак фармаваньню нацыянальнай беларускай і летувіскай літаратураў на народных мовах.
Рэлігійная літаратура
рэдагавацьКазані, агіяграфія, хаджэньні
рэдагавацьУ XIII—XIV стагодзьдзях перапісваліся асобныя кнігі Бібліі, зборнікі богаслужэбнага прызначэньня, словы, прытчы, павучаньні, жыцьці сьвятых, духоўныя аповесьці й інш., напісаныя на царкоўнаславянскай мове. Захаваліся Полацкае, Друцкае, Аршанскае, Лаўрышаўскае, Мсьціскае Эвангельлі — выдатныя помнікі кніжнай культуры таго часу.
Відным прадстаўніком царкоўнага красамоўства быў Рыгор Цамблак, абраны ў 1415 у Новагародку кіеўскім мітрапалітам. Ягоныя ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай, былі значнаю зьяваю ў царкоўнай аратарскай прозе таго часу.
Апісаньні падарожжаў на Блізкі Ўсход зьмястоўна ўзбагаціліся: апрача «сьвятых» мясьцінаў аўтары пачалі цікавіцца іншымі краінамі, падзеямі грамадзка-палітычнай і культурнай гісторыі розных народаў. Асобныя творы паломніцкай літаратуры нагадвалі дзёньнікі падарожжаў. Значным крокам у разьвіцьці гэтага жанру было «Хаджэньне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец XIV ст.), напісанае назіральным і таленавітым аўтарам.
У непасрэднай сувязі з царкоўна-рэлігійнай палемікай у літаратуры ВКЛ разьвіўся жанр пропаведзі (Лявонці Карповіч, Іпаці Пацей, Мялеці Сматрыцкі, Канстанцінас Сырвідас, Ёнас Брэткунас(lt) і інш.).
Палемічная літаратура
рэдагавацьФэўдальна-каталіцкая рэакцыя, якая пачалася ў ВКЛ у 1570-я гг., надала літаратуры іншы кірунак. Кнігадрукаваньне і літаратурная дзейнасьць праваслаўных брацтваў, публіцыстыка і палемічная літаратура XVI—XVII стагодзьдзяў зьяўляюцца агульным здабыткам беларускай і ўкраінскай літаратураў. Многія выдатныя дзеячы культуры гэтага пэрыяду (Мялеці Сматрыцкі, Хрыстафор Філалет, Лаўрэнці і Стафан Зізані, Сыльвэстар Косаў), нягледзячы на ўваходжаньне пасьля Люблінскай уніі 1569 земляў Украіны ў склад Польскай Кароны, былі адначасова беларускімі і ўкраінскімі пісьменьнікамі.
Асноўным зьместам іхняй публіцыстыкі стала палеміка вакол царкоўнай уніі. Важную ролю адыгралі ў той час брацтвы, якія садзейнічалі кансалідацыі патрыятычных сіл беларускага і ўкраінскага народаў у іх барацьбе супраць наступленьня каталіцкай царквы і асымілятарскай палітыкі Польшчы. У палеміцы ўдзельнічалі людзі розных клясавых інтарэсаў, нацыянальна-культурнай і рэлігійнай арыентацыі, літаратурнага густу і таленту; яна была вострай зброяй ідэалягічнай барацьбы, таму нямала твораў выйшла ананімна або пад псэўданімамі («Апокрысіс», «Перасьцярога», «Унія», «Гармонія» й інш.).
Непрымірымымі змагарамі за веру продкаў і нацыянальныя традыцыі былі Лявонці Карповіч — яркі прадстаўнік аратарскай прозы пачатку XVII ст. і Афанасі Берасьцейскі — аўтар палемічна-публіцыстычнага «Дыярыюшу». Складальнікам першай грунтоўнай граматыкі царкоўнаславянскай мовы быў Мялеці Сматрыцкі, які ў розны час заўзята абараняў і праваслаўе («Фрынас»), і унію («Апалёгія»). Лягер каталіцка-ўніяцкіх палемістаў прадстаўлялі Пётар Скарга (аўтар «Казаньняў сеймовых» і трактату «Пра адзінства Царквы Божае»), Іпаці Пацей (аўтар публіцыстычных твораў на беларускай і польскай мовах, прасякнутых духам кампрамісу з каталіцкай царквой). Багаслоўскія і палемічныя творы многіх украінскіх пісьменьнікаў эпохі раньняга барока (Івана Вышанскага(uk), Ёва Барэцкага(uk), Лазара Барановіча(uk), Янікія Галятоўскага(uk), Захарыя Капысьценскага(uk), Пятра Магілы, Касіяна Саковіча(uk) й інш.) былі вядомыя і ў Беларусі і ўдзельнічалі ў шмат у чым агульным беларуска-ўкраінскім літаратурным працэсе таго часу.
Пераклады
рэдагавацьУ XV ст. зьявіліся і першыя пераклады на беларускую мову твораў рэлігійнага характару (асобныя кнігі Бібліі, аповесьці «Пакуты Хрыста», «Жыцьцё Аляксея, чалавека божага» й інш.), што засьведчыла пачатак працэсу дэмакратызацыі на беларускіх землях царкоўна-рэлігійнага пісьменства і паказала вялікія лексіка-стылістычныя багацьці і мастацка-выяўленчыя магчымасьці беларускай літаратурнай мовы таго часу.
На пачатку XVI ст. зьявіліся дасканалыя пераклады Скарынам 23-х кніг Бібліі (Прага, 1517—1519), «Малой падарожнай кніжкі» і «Апостала» (Вільня, 1522—1525). У канцы XVI ст. Мікола Даўкша зрабіў дасканалы пераклад на летувіскую мову «Катэхізіса» Якуба Лядэсмы (1595) і зборніка казаняў Якуба Вуека «Пастыльля каталіцкая» (1599).
Сьвецкая літаратура
рэдагавацьДзелавое пісьменства
рэдагавацьЗ XIV ст. старабеларуская выконвала ролю мовы дзяржаўнага справаводзтва, што спрыяла ейнаму ўдасканаленьню і шырокаму распаўсюджаньню. З умацаваньнем цэнтралізаванай улады колькасьць складзеных граматаў, лістоў, прывілеяў, дамоваў і актаў службовага прызначэньня, якія выдаваліся вялікімі князямі і мясцовымі ўладамі, у тым ліку буйных местаў, увесь час павялічвалася. У той жа час пачала складацца шматтомная Мэтрыка. Помнікі дзелавога пісьменства на старабеларускай мове зьяўляюцца агульнай культурнай спадчынай беларускага і летувіскага народаў. У стасунках з замежнымі краінамі, прадстаўнікамі вярхоўных духоўных каталіцкіх уладаў карысталіся лацінскай мовай. Лацінамоўнае пісьменства з канца XIV ст. стала паволі пашырацца на землях этнічнай Летувы ў сувязі зь ейнай хрысьціянізацыяй па каталіцкім абрадзе, а пасьля і на беларускіх землях.
Істотныя сацыяльна-палітычныя і культурныя зрухі ў жыцьці грамадзтва (XVI ст.), зараджэньне гуманістычнага сьветапогляду, пашырэньне ўзаемасувязяў зь перадавымі краінамі Эўропы, узьнікненьне кнігадрукаваньня й іншыя фактары спрыялі больш актыўнаму разьвіцьцю літаратуры ВКЛ. Узьніклі Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588, складзеныя адпаведна пад кіраўніцтвам канцлераў Альбрэхта Гаштольда, Мікалая Радзівіла Чорнага, Астафея Валовіча і падканцлера Льва Сапегі — выдатныя, эўрапейскага ўзроўню помнікі дзелавога пісьменства, прававой думкі і культуры беларускага і летувіскага народаў.
Панэгірыкі
рэдагавацьУ XV — пач. XVI стагодзьдзяў узьнік панэгірычны жанр пахвалаў, што прысьвячаліся асобным дзяржаўным дзеячом ВКЛ («Пахвала Вітаўту», «Пахвала гетману Канстанціну Астроскаму» й інш.).
Прадмовы і пасьляслоўі
рэдагавацьШырокае бытаваньне атрымаў жанр прадмоваў, якому спрыяў росквіт кнігадрукаваньня ў 2-й палове XVI—XVII ст.
Мікалоюс Даўкша, які зрабіў пераклад на летувіскую мову «Катэхізіса» Якуба Лядэсмы (1595) і зборнік казаняў Якуба Вуека «Пастыльля каталіцкая» (1599), акрамя лацінскага прысьвячэньня, дадаў да «Пастыльлі» 2 прадмовы: адну летувіскай, другую польскай мовамі. Асабліва прыкметная другая, у якой аўтар, падаючы прыклады з гісторыі і жыцьця прыроды, горача адстойвае думку, што роднае слова зьяўляецца неадменнай умовай існаваньня нацыі. Прадмова Даўкшы — глыбока патрыятычны помнік гуманістычных ідэй эпохі, узор высокага рытарычнага мастацтва.
Драматургія
рэдагавацьЗ узьнікненьнем школьнага тэатру зараджаецца драматургія. Першыя ейныя спробы — інсцэніроўкі біблейскіх сюжэтаў. Паміж актамі школьных драмаў разыгрываліся камэдыйныя сцэнкі — інтэрмэдыі, па паходжаньні і характару паўфальклёрныя творы, прасякнутыя народным гумарам. 3ь імі зьвязана зьяўленьне ў беларускай, украінскай і летувіскай літаратурах дэмакратычнага героя — прадстаўніка трэцяга саслоўя (студэнта, рамесьніка, селяніна).
Паэзія
рэдагавацьПачынальнікам рэнэсансавай паэзіі ў ВКЛ быў Мікола Гусоўскі — паэт-лацініст, аўтар вершаў і паэм, у тым ліку глыбокапатрыятычнай «Песьні пра зубра» (Кракаў, 1523). 3ь вялікай мастацкай сілаю і любоўю паказаная ў паэме прыгажосьць прыроды роднага краю, апетыя ратныя і мірныя справы, заняткі і звычаі беларусаў і летувісаў, услаўленае іхняе гераічнае мінулае. У творы выявіўся рэнэсансавы эстэтычны ідэал аўтара зь ягонай верай у чалавека дзейнага, гарманічна разьвітага, духоўна і фізычна дасканалага. «Песьня пра зубра» — першы ў беларускай і летувіскай літаратурах буйны вершаваны твор, першая песьня пра «Літву», складзеная для заходнеэўрапейскага чытача.
Новай зьявай у літаратуры XVI — 1-й паловы XVII стагодзьдзяў была кніжная паэзія, пачатак якой паклалі яшчэ Скарына і Мажвідас. Яна вызначалася ідэйна-тэматычнай і жанрава-стылявой разнастайнасьцю. Вяліся пошукі ў жанры паэмы, папулярнасьцю карыстаўся жанр эпіграм — рытарычных пахвал, пададзеных у форме вершаваных надпісаў да гербаў мэцэнатаў. Бытавалі таксама дэклямацыі, элегіі, сатырычныя і духоўныя вершы, грамадзянская лірыка, найлепшы ўзор якой у даўняй беларускай паэзіі — верш Яна Казімера Пашкевіча «Польска квитнет лациною…». Некаторыя тагачасныя паэты ВКЛ пісалі на польскай (Андрэй Рымша, Гальяш Пельгрымоўскі, Ян Пратасовіч, Тамаш Яўлевіч) і лацінскай мовах (Ян Радван, Даніель Набароўскі, Саламон Рысінскі й інш.). Сярод лацінамоўных твораў 2-й паловы XVI ст. вылучаецца «Радзівіліяда» (Вільня, 1588) Радвана. У гэтай напісанай гекзамэтрам (на ўзор «Энэіды» Вэргіліюса) патрыятычнай паэме аўтар узьвялічыў заслугі Мікалая Радзівіла як палкаводца і палітыка, уславіў гераічныя подзьвігі абаронцаў Айчыны. 3 твораў, напісаных па-польску, вылучаюцца ананімныя «Пратэй» (1564, Берасьце, магчымы аўтар — Цыпрыян Базылік) і «Лямант на сьмерць Рыгора Осьціка» (Вільня, 1580). У «Пратэі» ў сатырычным асьвятленьні закранаюцца надзвычай важныя пытаньні грамадзка-палітычнага і культурна-рэлігійнага жыцьця Польшчы і ВКЛ, паказваецца, да якой бяды можа давесьці дзяржаву неабдуманасьць дзеяньняў з боку шляхецкага стану. «Лямант на сьмерць Рыгора Осьціка» на прыкладзе аднайменнага героя ўздымае ня менш актуальныя пытаньні шляхецкай здрады Радзіме і пакараньня за гэтае злачынства з боку дзяржавы, грамадзтва і сям’і. «Дзесяцігадовая аповесьць пра ваенныя справы… Крыштафа Радзівіла» (Вільня, 1585) паэта-панэгірыста Рымшы, аўтара эпіграм на беларускай мове і вершаванай «Храналёгіі» (Астрог, 1581), — найбуйнейшы са створаных у той час на тэрыторыі ВКЛ польскамоўных эпічных твораў, прысьвечаны апісаньню вайсковых выправаў К. Радзівіла на працягу 10 гадоў (1572—1582). Важныя пытаньні грамадзка-палітычнага жыцьця, міждзяржаўных узаемаадносін ВКЛ і Расеі канца XVI — пач. XVII стагодзьдзяў узьнімаў у сваіх багатых зьместам паэмах Гальяш Пельгрымоўскі, сакратар пасольства Льва Сапегі ў Маскву ў 1600—1601. Значнай зьявай у літаратурным жыцьці было зьяўленьне першай вершаванай энцыкляпэдыі «Вынаходнікі рэчаў» Яна Пратасовіча (Вільня, 1608). Найбольш значнае дасягненьне беларускай паэзіі таго часу — ананімная лірычная паэма «Лямант на сьмерць Лявонція Карповіча» (Вільня, 1620), напісаная па-беларуску ў стылі элегіі.
Разьвіцьцё летувіскай паэзіі адбывалася пераважна ў рэлігійным рэчышчы, хаця пэўнае разьвіцьцё зьведалі жанры эпітафіі (Б. Пятравічус) і прысьвячэньня (Сьцяпонас Яўгеліс-Цялега). У сярэдзіне XVII ст. пачаў літаратурную дзейнасьць паэт, драматург і асьветнік Сімяон Полацкі. Ён узбагаціў беларускую паэзію новымі тэмамі й ідэямі, формамі і жанрамі, узьняў сылябічнае вершаскладаньне ўсходніх славянаў на вышэйшую ступень.
Найбольш яркімі і выдатнымі літаратурнымі помнікамі эпохі Асьветніцтва на землях ВКЛ былі паэма Крысьціёнаса Данэлайціса «Поры году» і «Камэдыя» Каятана Марашэўскага. Лацінамоўная творчасьць паэта-асьветніка Міхала Карыцкага, хоць і была значнай літаратурнай зьявай свайго часу, аднак ужо не вызначала вядучыя тэндэнцыі ў станаўленьні новых беларускай і летувіскай літаратураў.
Дыярыюшы, лісты і прамовы
рэдагавацьУ XVI — 1-й палове XVII стагодзьдзяў актыўна разьвівалася і беларуская проза сьвецкага кірунку. Характэрнай ейнай рысай была бэлетрызацыя гістарычна-дакумэнтальных дзелавых запісаў, што выявілася ўжо ў «Хроніцы Быхаўца». У гэтым рэчышчы зьявіліся лісты Філона Кміты-Чарнабыльскага (1573—1574), напісаныя каларытнаю моваю, перасыпанай народнымі прымаўкамі. Працэс бэлетрызацыі і дэмакратызацыі беларускай публіцыстычнай прозы працягвалі парадыйна-сатырычная «Прамова Мялешкі» (1-я палова XVII ст.) і «Ліст да Абуховіча» (1655) — творы вялікага грамадзка-палітычнага гучаньня, яркія і самабытныя.
Глыбокую трансфармацыю перажывала гістарычна-дакумэнтальная проза. Замест агульнадзяржаўных летапісаў і хронік узьніклі новыя літаратурныя жанры: мэмуары (дыярыюшы), мясцовыя летапісы і хранографы. У пач. XVII ст. новагародзкі шляхціц Фёдар Еўлашоўскі стварыў адзін зь першых беларускіх дыярыюшаў, у якім малюнкі жыцьця і побыту беларускай шляхты пададзеныя ў сувязі зь біяграфіяй аўтара. Багатыя і цікавыя зьместам напісаныя па-польску дыярыюшы Самуіла Маскевіча і Багуслава Казімера Маскевіча(pl), у якіх занатаваныя бурныя падзеі вайны з Расеяй у пач. XVII ст. і нацыянальна-вызвольнай вайны беларускага і ўкраінскага народаў сярэдзіны XVII ст.
Гісторыяграфічныя творы
рэдагавацьНа раньнім этапе гісторыі ВКЛ найбольшага росквіту дасягнула летапісаньне, якое адчула значны ўплыў старажытнарускага і адыграла выдатную ролю ў станаўленьні беларускай і летувіскай гістарычнай прозы. На зьмену мясцовым летапісам зьявіліся агульнадзяржаўныя беларуска-літоўскія, у якіх адлюстраванае багатае мінулае беларускага і летувіскага народаў. 3 агульнадзяржаўных пазыцыяў асьвятляліся падзеі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (1-я трэць XV ст.) і Беларуска-літоўскім летапісе 1446 року. У іх выявіліся погляды грамадзкіх колаў Беларусі і Летувы, што падтрымлівалі вялікакняскую ўладу ў ейнай барацьбе з фэўдальнай раздробленасьцю, за палітычнае адзінства і магутнасьць сваёй краіны. Істотна зьмянілася і жанравая прырода беларуска-літоўскіх летапісаў, асаблівасьцю якой стала спалучэньне традыцый пагадовай формы выкладу з прагматычным апавяданьнем пра мінулае. Быў выпрацаваны своеасаблівы летапісны стыль, ляканічны, выразны, блізкі да стылю дзелавога пісьменства. Важным гістарычным падзеям прысьвячаліся невялікія аповесьці — асобныя творы са сваімі героямі і самастойным сюжэтам.
У эпоху Адраджэньня ў ВКЛ ва ўмовах росту грамадзка-палітычнай і нацыянальнай самасьвядомасьці народаў узмацнілася цікавасьць да мінулага. У 1-й палове XVI ст. ўзьнікла «Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», у якой прыводзілася легендарная гісторыя ўзьнікненьня гэтай дзяржавы, сьцьвярджалася высакароднае паходжаньне літоўскіх князёў і паноў (ад рымскіх патрыцыяў). Найвышэйшае дасягненьне агульнадзяржаўнага беларуска-літоўскага летапісаньня — Хроніка Быхаўца (2-я чвэрць XVI ст.), напісаная ў форме гістарычнай аповесьці і прысьвечаная палітычнай гісторыі Беларусі і Літвы ад легендарных часоў да пач. XVI ст. У хроніках удасканальваліся прыёмы і формы бэлетрызацыі гісторыі, хоць у цэлым яны захавалі сярэдневяковы характар (ананімнасьць, кампіляцыйнасьць, сынкрэтызм, апісаньне падзеяў па іх зьнешняй сувязі й інш.). Беларуска-літоўскія летапісы і хронікі прыкметна паўплывалі на польскую хранаграфію XVI—XVII стагодзьдзяў. Пераважна паводле гэтых твораў выклаў гісторыю ВКЛ Мацей Стрыйкоўскі, які доўгі час жыў, служыў і працаваў у Літве і Беларусі. Ягоная «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (Каралявец, 1582) была першай друкаванай гістарыяграфічнай працай, у якой мінулае летувіскага і беларускага народаў пададзенае ў агульнаэўрапейскім кантэксьце і ў сувязі з гісторыяй Польшчы і старажытнай Русі.
Шырокую вядомасьць набыла сухая, аднак надзвычай працяглы час папулярная лацінамоўная «Гісторыя Літвы» (1650—1669) Альбэрта Каяловіча. Мясцовым сьвятаром з Магілёўшчыны складзены Баркулабаўскі летапіс, у якім апісаныя важныя гістарычныя падзеі канца XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў, праўдзіва пададзеныя запамінальныя малюнкі цяжкага жыцьця беларускай вёскі таго часу. Яскравым прыкладам жанру хранографа была «Вялікая хроніка», складзеная ў XVII ст. на аснове перакладзеных на беларускую мову польскіх хронік Марціна Бельскага, МацеяСтрыйкоўскага, сярэдневяковых гістарычных аповесьцей ды іншых крыніц.
У пераходны пэрыяд, у канцы XVII — 1-й палове XVIII стагодзьдзяў Трафім Сурта і Юры Трубніцкі напісалі Магілёўскую хроніку, выдатны помнік мескага летапісаньня Беларусі, каштоўную крыніцу па гісторыі ВКЛ таго часу. Яркай зьявай стала творчасьць драматурга і паэткі Францішкі Ўршулі Радзівіл.
Публіцыстыка
рэдагавацьУ 1560—1570-я гг. літаратура разьвівалася пад моцным уплывам рэфармацыйных ідэяў, што было абумоўлена бытаваньнем на беларуска-літоўскіх землях рэлігійнага вальнадумства, гуманістычнага рацыяналізму, пранікненьнем у ВКЛ розных плыняў заходнеэўрапейскага пратэстантызму (лютэранства, кальвінізму, антытрынітарызму). Прапаведніцкая і асьветніцкая дзейнасьць рэфарматараў па сутнасьці мела антыфэўдальны, раньнебуржуазны характар і адыграла важную ролю ў абуджэньні грамадзкай думкі, спрыяла пашырэньню ідэй рацыяналізму і ўмацаваньню рэлігійнай верацярпімасьці. Рэфармацыйная публіцыстыка ўзбагаціла ідэйны зьмест беларускай і летувіскай літаратур, іхнюю тэматыку і праблематыку, жанры і стылі.
Рэфармацыя ў ВКЛ вылучыла плеяду публіцыстаў, сярод якіх найбольш значныя Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Волян, Міхалон Літвін і Аўгустын Ратундус. Бліскучы палеміст, ідэоляг антытрынітарыяў ВКЛ Будны ўвайшоў у гісторыю славянскай культуры як аўтар «Катэхізісу» (Нясьвіж, 1562) з антыклерыкальнай прадмовай, публіцыстычных трактатаў, у тым ліку «Пра сьвецкую ўладу» (1583), як перакладчык (на польскую мову) і адзін з заснавальнікаў філялягічнай крытыкі Бібліі ў Эўропе.
Пасьлядоўнік скарынаўскіх традыцый Цяпінскі ўпершыню пераклаў на беларускую мову «Эвангельле» (1570-я), з патрыятычных пазыцыяў абараняў родную мову і культуру, гнеўна асудзіў своекарысьлівасьць і рэнэгацтва беларускага духавенства і сьвецкіх фэўдалаў.
Больш за 20 публіцыстычных твораў апублікаваў на лацінскай і польскай мовах Волян, які зьедліва высьмейваў у іх абскурантызм рэлігійных фанатыкаў, адстойваў свабоду асобы. Шырока вядомыя ягоныя палемічныя выступленьні супраць езуітаў; іх перавыдавалі нямецкія пратэстанты і францускія гугеноты, а каталіцкая царква занесла ў індэкс забароненых кніг.
Сярод аўтараў, якія пісалі на летувіскія тэмы на латыні, асабліва вылучаецца Міхалон Літвін зь ягоным трактатам «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў» (1550, часткова надрукаваны ў 1615, Базэль). Аўтар супастаўляе быт літвінскай шляхты з бытам падданых Маскоўскай Русі і татар. Ён крытыкуе «вольнасьці» літвінскай шляхты як крыніцу магчымай анархіі. Разам з тым Літвін захапляецца Кіевам і прыроднымі багацьцямі Падняпроўя, падрабязна апісвае культурнае і сацыяльна-палітычнае становішча Русі.
Бурнае грамадзка-палітычнае жыцьцё спрыяла разьвіцьцю сьвецкага красамоўства. Найбольш відным аўтарам аратарскай прозы быў Сапега.
Пераклады
рэдагавацьАктывізацыя перакладніцкай дзейнасьці сьведчыць пра павелічэньне попыту, у сваю чаргу яна ўзмацняла культурныя ўзаемасувязі зь іншымі народамі сьвету. Сярод перакладаў на старабеларускую мову пачалі пераважаць творы сьвецкага характару, бэлетрыстычная проза: зборнікі дыдактычных навэляў («Вялікае зярцала», «Зорка прасьветлая», «Рымскія дзяяньні»), воінскія аповесьці («Гісторыя пра Атылу», «Аповесьць пра Скандэрбэга»), рыцарскія раманы («Аповесьць пра Трышчана», «Аповесьць пра Баву»), прыгодніцкая літаратура («Гісторыя пра Апалёна Цірскага»), але ні адзін зь беларускіх перакладаў ня быў надрукаваны.
Адметнай рысай літаратуры ВКЛ XVI—XVII стагодзьдзяў было павелічэньне польскамоўных перакладаў з заходнеэўрапейскіх літаратур. Пераважна гэта былі гістарыяграфічныя і біяграфічныя крыніцы па антычнай і сярэдневяковай гісторыі, як, напрыклад, «Жыцьцё Юрыя Кастрыёта» альбанца Марына Барлеція(sq) ў перакладзе берасьцейскага друкара Цыпрыяна Базыліка (1569) або «Гісторыя юдэйскай вайны» Флявіюса (1617, Любча). Часам падобныя творы адвольна скарачаліся перакладчыкам або бэлетрызаваліся ў інтарэсах чытача. Так, Беняш Будны да «Апафэгматаў» (1614, Любча), апрацоўкі 80 анэкдотаў з аднайменнага твора Плютарха, дадаў шэраг польскіх, а «Гісторыя пра Тэагеніса і Харыклею» новагародзкага шляхціца А. Захарэўскага (1588, б. м.) зьяўляецца пераробкай «Этыёпікі» Геліядора.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4