Крыштап Радзівіл
Крыштап Радзівіл (22 сакавіка 1585 — 19 лістапада 1640) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман польны літоўскі (1615—1635), кашталян і ваявода віленскі (з 1633), гетман вялікі літоўскі (з 1635).
![]() Крыштап Радзівіл. Невядомы мастак, XVII ст. | |
![]() Герб «Трубы» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 22 сакавіка 1585 |
Памёр | 19 лістапада 1640 |
Пахаваны | |
Род | Радзівілы |
Бацькі | Крыштап Радзівіл «Пярун» Кацярына з Астроскіх |
Жонка | Ганна з Кішкаў |
Дзеці | Мікалай, Юры, Стэфан, Януш |
Дзейнасьць | дыплямат, дзяржаўны службовец, палітык, ваенны камандзір |
Валодаў маёнткамі пераважна на тэрыторыі сучаснай Летувы (Біржы, Сьвядасьць, Яшуны і інш.), у Гарадзенскім павеце — Заблудавам. Трымаў Чачэрскае староства і Магілёўскую эканомію[1]. Князь Сьвятой Рымскай Імпэрыі на Біржах і Дубінках.
Біяграфія Рэдагаваць
Зь біржанска-дубінкаўскай лініі роду Радзівілаў, сын Крыштапа Мікалая «Перуна», гетмана вялікага літоўскага, і Кацярыны з Астроскія. Меў зводнага брата Януша.
Навучаўся ўва ўнівэрсытэтах Ляйпцыга і Гайдэльбэрга, падарожнічаў па Швайцарыі, Францыі, Ангельшчыне, Нідэрляндам. Прыхільнік кальвінізму.
Удзельнічаў у ваенных дзеяньнях супраць Швэцыі сьпярша пад камандай Яна Караля Хадкевіча, пазьней атрымаў урад гетмана польнага літоўскага і ў 1617—1618 адваяваў некалькі страчаных раней фартэцыяў. Каб узмацніць коннае войска агнявой сілай упершыню ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ўвёў драгунскія аддзелы[1]. У 1622 адбіў Мітаву ў колькасна большага войска супраціўніка, якім камандаваў кароль Швэцыі Густаў Адольф.
Канфліктаваў з Жыгімонтам Вазам (кароль не давяраў К. Радзівілу як кальвіністу). На элекцыю па ягонай сьмерці (1632) прывёў з сабою некалькі тысячаў узброенных жаўнераў і дамовіўся пра дапамогу з боку брандэнбурскага курфюрста для забесьпячэньня абароны сваіх аднаверцаў.
Вызначыўся ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634). Удзельнічаў у мірных перамовах, якія скончыліся падпісаньнем Палянаўскага міру (1634). За ваенныя заслугі атрымаў урады ваяводы віленскага і вялікага гетмана літоўскага.
Надаваў вялікую дапамогу кальвінісцкім супольнасьцям, за ўласны кошт утрымліваў студэнатаў зь Вялікага Княства Літоўскага ўва ўнівэрсытэтах Нямеччыны.
У шлюбе з Ганнай Кішчанкай меў сыноў Мікалая, Юрыя, Стэфана, Януша, а таксама 2 дачок[1].
Галерэя Рэдагаваць
Крыніцы Рэдагаваць
- ^ а б в Грыцкевіч А. Радзівіл Крыштоф // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 491.
Літаратура Рэдагаваць
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0