Лаўрышаўскае эвангельле
Лаўрышаўскае эвангельле — рукапіснае ілюмінаванае напрастольнае Эвангельле-апракос, створанае на пачатку XIV стагодзьдзя[2][1] для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Навагародкам, выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі ў Сярэдневякоўі.
| |
Лаўрышаўскае эвангельле, пач. XIV стагодзьдзя[1], вокладка XVI стагодзьдзя | |
Рукапіс. | |
Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя: Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр, в. Лаўрышава, Наваградзкі павет, Гарадзенская губэрня. Цяпер: Бібліятэка Чартарыйскіх, вул. Сьвятога Марка, 17, г. Кракаў, 31-018, Малапольскае ваяводзтва, Польшча |
Першая ўкладная грамата ў Эвангельле датаваная 1329 рокам, што дае падставы для датаваньня самога Эвангельля[3]. Некаторыя дасьледнікі[1] зьвязваюць стварэньне Эвангельля са зьяўленьнем на пачатку XIV стагодзьдзя Літоўскае мітраполіі і зь дзейнасьцю князя наваградзкага Міхаіла-Карыята Гедымінавіча (у першай укладной грамаце ў Эвангельле згаданае заснаваньне князем царквы пасля яго вяртаньня з ардынска-маскоўскага палону).
Напісанае на царкоўнаславянскай мове, прысутнічаюць надпісы на старабеларускай.
Зьмест
рэдагавацьЛаўрышаўскае эвангельле ўяўляе сабой тып так званага поўнага апракосу, то бок зьмяшчае богаслужбовыя эвангельскія чытанкі на круглы год, акрамя шасьці тыдняў Вялікага посту, для якіх прыведзеныя толькі суботнія і нядзельныя тэксты. Царкоўнаславянскі тэкст рукапісу займае 374 старонкі, для выдзяленьня ініцыялаў (вялікіх літараў) выкарыстаныя чырвоныя і зялёныя фарбы.
Кніга складаецца з дзьвюх частак. Першая зьмяшчае чытаньні ў парадку літургічнага року — ад Пасхі да Вялікай суботы — і займае старонкі ад 3 да 320. Другая частка значна меншая (займае старонкі 320—366). Тут знаходзяцца чытаньні (або пазначэньні на адпаведныя месцы ў першай частцы) па днёх каляндарнага верасьнёўскага року — ад 1 верасьня да 29 жніўня (аркушы з тэкстамі на 30 і 31 жніўня не захаваліся).
У прыпісцы да Эвангельля знаходзіцца адно з раньніх рускіх гімнаграфічных сачыненьняў — «Канон і плач Багародзіцы» (сярэдзіна XIV стагодзьдзя)[4].
Мініятуры
рэдагавацьМастацкае аздабленьне Лаўрышынскага эвангельля стварае складанае ўражаньне і ў некаторых сваіх тэндэнцыях супрацьстаіць рускаму кніжнаму майстэрству XI—XII стагодзьдзяў. Рукапіс багата ілюстраваны 18 мініятурамі. Акрамя традыцыйных мініятураў з чатырма эвангелістамі ў ёй знаходзіцца яшчэ 14 мініятураў (12 на сюжэт эвангельскай гісторыі, выявы праведнага Ёва і арханёла Міхаіла)[5].
Л. М. Яўсеева[6], правёўшы ўважлівы аналіз працы мініятурыста, прыйшла да высновы, што ілюстрацыі эвангельскіх сюжэтаў узыходзяць да бізантыйскага мастацтва: групаваньне фігураў, дынаміка і маштабнасьць сцэнаў захоўваюць асаблівасьці бізантыйскіх ансамбляў комнінаўскай эпохі. Аднак пры гэтым адзначыла, што пераважная тэхніка мініятураў Лаўрышаўскага эвангельля паказвае падабенства да найстаражытнейшых заходніх іконаграфічных твораў X—XIII стст. — нямецкіх кніжных мініятураў XII—XIII стст., што гаворыць пра даволі нечаканую арыентацыю на заходнеэўрапейскія ўзоры, зьмяшэньне бізантыйскага і заходнеэўрапейскага стыляў.
Ёсьць паралелі таксама з паўночна-рускім мастацтвам: так, мініятура, што адлюстроўвае «Прыповесьць пра слодыч гэтага сьвету», мае відавочнае падабенства да выявы на Васільеўскай браме 1336 року — медных царскіх варотах наўгародзкага Сафійскага сабору.
Высокамастацкім творам зьяўляецца пераплёт кнігі (XVI ст.), які аздоблены бірузой, рубінамі, ізумрудамі. У цэнтры акладу на срэбнай пласьціне выява сьвятога з кап’ём і шчытом. В. Ластоўскі лічыў гэтую выяву партрэтам вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Войшалка (аднаго з заснавальнікаў Лаўрышаўскага манастыра), гэтае меркаваньне і цяпер можна сустрэць у даведачнай літаратуры і падручніках. Іншыя дасьледчыкі лічаць, што гэта — заступнік воінаў св. Дзьмітры Салунскі[7].
Укладныя запісы
рэдагавацьКніга зьмяшчае 14 укладных запісаў, найранейшы зь якіх датаваны 1329 рокам і адносіцца да заснаваньня царквы сьв. Мікалая. 9 з 14 запісаў маюць непасрэдныя пазнакі на Лаўрышаўскі манастыр як на адрасата ўкладаньня, астатнія пяць паводле зьместу і сэнсу таксама маюць дачыненьне да Наваградзкай зямлі.
Сярод укладальнікаў: князь наваградзкі Міхаіл-Карыят Гедымінавіч, князь Дзьмітры Альгердавіч, кіеўскі князь Алелька Ўладзімеравіч[8], а таксама баяры[1].
Лёс кнігі
рэдагавацьЗа часам расейскага ўраду (між 1842—1882 рокамі) кніга была вывезеная ў Кракаў. У 1842 акадэмік Аляксандар Вастокаў зрабіў першае навуковае апісаньне Лаўрышаўскага эвангельля, заўважыўшы: «…Эвангельле разам з Пулаўскай бібліятэкай кн. Чартарыйскага перавезенае ў Санкт-Пецярбург і знаходзіцца цяпер у Імпэратарскай публічнай бібліятэцы». Частка Пулаўскай бібліятэкі ўвайшла ў 1833 року ў склад фондаў пецярбурскай Публічнай бібліятэкі, аднак ніякіх зьвестак пра паступленьне Лаўрышаўскага эвангельля няма.
Магчыма, Эвангельле зьнікла разам з тымі рукапісамі і старадрукаванымі кнігамі, адсутнасьць якіх спрычыніла «бутурлінская» рэвізія 1843—1844 рр. У кожным разе, у 1882 Лаўрышаўскае эвангельле ўжо знаходзілася ў Кракаве, у бібліятэцы князёў Чартарыйскіх[1]. Абставіны, пры якіх кніга трапіла ў Кракаў, невядомыя. У 1887 кніга была адрэстаўраваная.
У 2009 року ў Беларусі было ўзнятае пытаньне пра вяртаньне Лаўрышаўскага эвангельля з Польшчы[9]. Намесьнік міністра культуры Беларусі Ўладзімер Грыдзюшка заявіў, што «размова ў прынцыпе пра тое, каб перадаць у Беларусь копію гэтага Эвангельля»[10]. У тым самым року было абвешчана, што выдавецтва Беларускага экзархату плянуе выдаць факсымільнае выданьне Эвангельля[11].
Месца захоўваньня
рэдагавацьУ цяперашні час арыгінал Эвангельля захоўваецца ў навуковай Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх(pl) (вуліца Сьвятога Марка(pl), 17, 31-018, Кракаў, Польшча). Бібліятэка зьяўляецца ўласнасьцю Фонду князёў Чартарыйскіх, кіраваньне ёю ажыцьцяўляе Нацыянальны музэй у Кракаве.
Факсымільнае выданьне
рэдагавацьУ 2018 року ўкраінскае выдавецтва «Гарабец» ажыцьцявіла факсымільнае выданьне Лаўрышаўскага эвангельля. У Беларусі кніга маецца ў царкоўна-гістарычным музэі Сьвята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра ў в. Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет Наваградзкага раёну), Наваградзкім гісторыка-краязнаўчым музэі, Наваградзкай раённай бібліятэцы, Нацыянальнай бібліятэцы і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі.
Выявы
рэдагаваць-
Пласціна з выявай на акладзе.
-
Жанчыны-міраносіцы. Мініятура Лаўрышаўскага эвангельля.
-
Размова Варлаама з Ясафатам. Мініятура Лаўрышаўскага эвангельля.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д Нікалаеў, М. Пачаткі кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага / Нікалаеў, М., Антонаў, В. // Спадчына. 2003. № 4—5.
- ^ Friedelówna, T. Ewangeliarz ławryszewski: Monografia zabytku. — Wrocław etc., 1974; Smorag-Różycka, M. Miniatury «Ewangeliarza ławryszewskiego». Zagadnienie stylu // Folia historiae artium. T. 28. — Kraków, 1992. (пол.)
- ^ З гісторыі Лаўрышаўскага манастыру
- ^ Гимнография // Православная энциклопедия. (рас.)
- ^ Smorąg-Różycka, M. Miniatury «Ewangeliarza Ławryszewskiego». Zagadnienie stylu // Folia Historiae Artium. — Kraków, 1992. — T. 28. — S. 13 — 38. (пол.)
- ^ Евсеева, Л. Афонская книга образцов XV в. О методе работы и моделях средневекового художника. — Москва, 1998. — С. 109. (рас.)
- ^ Свентицкий, И. С. Лаврашевское евангелие начала XIV века (палеографическо-грамматическое описание) // Известия отделения Русского языка и словесности имп. Академии наук. — Санкт-Петербург, 1913. — Т. 18, кн. 1. (рас.)
- ^ Сын Уладзімера Альгердавіча.
- ^ Беларусь хочет вернуть реликвию XIV века Лавришевское Евангелие (рас.)
- ^ Минкульт Беларуси ведет переговоры с польской стороной о передаче Лавришевского евангелия (рас.)
- ^ У Беларусі плануецца факсімільнае аднаўленне шэрагу старадаўніх царкоўных рарытэтаў
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Маслюкоў, Т. Лаўрышаўскае евангелле — высокамастацкі твор кніжнай культуры // lavra.by.