Аршанскае Эвангельле
Аршанскае Эвангельле — беларускі рукапісны помнік канца XII — пачатку XIII стагодзьдзяў Выяўленае ў Воршы ў 1812 годзе.
| |
Аршанскае Эвангельле, пачатак XIII ст. | |
Цэнтральная навуковая бібліятэка Акадэміі навук Украіны, Кіеў |
Верагодна, створанае на Полаччыне. Зьберагліся 142 аркушы (без пачатку і канца), пісаныя ўставам на высакаякасным пэргамэнце. У Аршанскім Эвангельле зьмешчаны 2 мініяцюры з выявамі эвангелістаў Лукі і Мацьвея (найбольш раньнія ва ўсходне-славянскіх рукапісах), 2 застаўкі і 310 ініцыялаў з варыяцыямі старабізантыйскіх і першапачатковых тэраталягічных формаў (у асобных ініцыялах — выявы чалавека). За рэлігійнай абалонкай праглядаецца жывая народная аснова, што збліжае іх з размалёўкамі Спаса-Эфрасіньнеўскага манастыру ў Полацку.
Ад рамы захавалася дубовая дошка, расколатая ўздоўж напалову, з трыма выпуклымі меднымі дэкаратыўнымі элемэнтамі. Рукапіс зьмяшчае чытаньні на працягу ўсяго году, без пачатку (першыя 25 старонак страчаны); пачынаецца з чытаньняў у суботу 7-га тыдня пасьля Вялікадня. Пасьля асноўнай часткі разьмешчаны месяцаслоў і нядзельныя ранішнія Эвангельлі.
Рукапіс патрапіў у музэй Кіеўскай духоўнай акадэміі ад памешчыка І. С. Мелянеўскага ў 1874 годзе.
Рукапіс зьберагаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Украіны, Ф. 301, № 555 п.
Глядзіце таксама
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Нікалаеў М. Палата кнігапісная. — Мн., 1993.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1996 Т. 1: А — Аршын. — С. 536.
- Суша А. А. Оршанское евангелие // Регионы Беларуси: энциклопедия. — Минск, 2011. — Т.2, кн.2. — С.260–261.