Мсьціскае Эвангельле
Мсьці́скае Эва́нгельле — помнік старабеларускай пісьмова-кніжнай культуры XIII — XIV стст. Рукапіс зьберагаецца ў Летувіскай акадэміі навук.
Эвангельле напісанае царкоўнаславянскай мовай уставам на 187 пэргамэнтавых аркушах. Помнік складаецца з пачаткаў тэкстаў эвангельля ад Яна, Мацея, Лукі, чытаньняў ад Марка, Лукі і Яна, паказальніка эвангельскіх чытаньняў паводле сьвятых (саборнік). У помніку зьмешчана застаўка і каля 350 ініцыялаў (загалоўных літараў). Многія з ініцыялаў багата размаляваныя складанымі арнамэнтамі, упрыгожаныя выявамі чалавечых фігураў і жывёлін, жанравымі сцэнамі. На адным з ініцыялаў у літары «В» адлюстраваны селянін з рыдлёўкай. Дасьледчыкі лічаць, што гэта адна зь першых выяваў працы ў беларускім мастацтве. Аздобы ў рукапісным помніку выкананыя сінім, чырвоным, зялёным і жоўтым колерамі. Пераплёт Мсьціскага Эвангельля зроблены са скураных пасрэбраных пласьцінак, на якім выгравіраваны выявы эвангелістаў і Хрыста на крыжы.
На першай і апошняй старонках эвангельля ў XVI ст. зроблены запіс пра тое, што менскі бурмістар Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве Сьвятога Юр’я ў вёсцы Мсьціж на Барысаўшчыне.
Літаратура
рэдагаваць- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.