«Вялі́кая хро́ніка» (па-старабеларуску: Летопис, то ест Кройника великая з розных многих кройникаров диалектом русским написана) — беларуска-ўкраінскі помнік пісьмовасьці эпохі барока, своеасаблівая гістарычная энцыкляпэдыя свайго часу, першая сур’ёзная спроба выкладу сусьветнай гісторыі старабеларускай мовай. Укладзеная ў першай палове XVII ст. Месца ўзьнікненьня дакладна невядомае.

Раньняя рэдакцыя помніку, найбольш верагодна, беларускага паходжаньня, больш позьняя — украінскага. Мае кампіляцыйны характар. Паводле жанравай структуры — звод гістарычных аповесьцей, апавяданьняў і пагадовых запісаў. Складаецца з 3 асноўных частак: «Хронікі ўсяго сьвету» (грунтуецца пераважна на аднайменнай хроніцы польскага гісторыка М. Бельскага), «Хронікі славянарускай» («Хронікі славянаў») і «Хронікі літоўскай і жамойцкай» (абедзьве грунтуюцца на «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсей Русі» М. Стрыйкоўскага).

У 1-й частцы апісана далёкае мінулае чалавецтва ад стварэньня сусьвету да часоў Карла Вялікага, 2-я частка прысьвечаная гісторыі старажытнай Русі ад заснаваньня Кіеву да 1480 року. Адзін з разьдзелаў «Хронікі славянарускай» называецца «Хроніка Белай і Чорнай Русі». У 3-й частцы гісторыя ВКЛ ад легендарнага князя Палямона да 1588 року.

Літаратура

рэдагаваць