Лебедзева
Ле́бедзева[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Нявежы. Цэнтар сельсавету Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1047 чалавек. Знаходзіцца за 12 км на захад ад Маладэчна, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Пруды; на шашы Менск — Вільня і на аўтамабільнай дарозе, якая злучае вёску з Крэвам.
Лебедзева лац. Lebiedzieva | |
Капліца-пахавальня | |
Першыя згадкі: | 25 красавіка 1387 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Маладэчанскі |
Сельсавет: | Лебедзеўскі |
Насельніцтва: | 1047 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1773 |
Паштовы індэкс: | 222315 |
СААТА: | 6238820056 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°18′41.5″ пн. ш. 26°42′28.6″ у. д. / 54.311528° пн. ш. 26.707944° у. д.Каардынаты: 54°18′41.5″ пн. ш. 26°42′28.6″ у. д. / 54.311528° пн. ш. 26.707944° у. д. |
± Лебедзева | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Лебедзева — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).
Назва
рэдагавацьВарыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Лебедев (1553 год)[2].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПершы пісьмовы ўпамін пра Лебедзева зьмяшчаецца ў даравальнай грамаце Ягайлы, якую ён падпісаў на Троцкае, Мінскае і Полацкае княжаньні брату князю Скіргайлу «пад нашею печатью завесистою», і датуецца 25 красавіка 1387 году. Пры тым былі «чесные люди» пан Храшчэнька Зяглоўскі і доктар Сьвятаслаў. Сярод розных пералічаных месцаў названа «так жь село Лебедево, што и к Лебедеву тягло и тягнет, и то Лебедевская волостка, люди все и села, тая околица»[a][3]. Гэта значыць, што Лебедзева у XIV стагодзьдзі было валасным цэнтрам, і знаходзілася ў валоданьні адной асобы. Хутчэй за ўсё яно ў той час цягнулася да княскага цэнтру — Крэва.
Згодна з археалягічнымі дасьледаваньнямі ў Лебедзеве існавала гарадзішча, якое датуецца 1 тысячагодзьдзем да н. э. Мясцовая назва — Царковішча. Знаходзілася за 1,5 км на захад ад вёскі, за 0,5 км налева ад дарогі ў вёску Маркава. Разбуранае ў часе будаваньня дарогі. Дасьледнікі канца XIX стагодзьдзя ў сваіх працах, што цяпер захоўваюцца ў Вільні, зазначалі:
М. Лебедзева, Лебедзеўскай воласьці, Вялейскага павету. За 1,5 вярсты на захад ад мястэчка знаходзіцца сярод поля ўзвышэньне ў форме капнападобнай горкі, няшмат большай за 20 саж. у акружыне, паверхня роўная. Перавозячы адтуль каменьне для будаваньня царквы ў 1866 годзе, сяляне знайшлі камень з выдаўбленым углыбленьнем усярэдзіне. Такія камяні звычайна ставілі на ўваходзе ў касьцёл для вады. Месца гэта завуць Царковішча, ці старое месца. Паводле легендаў, тут была царква, што зьнікла пад зямлю». | ||
У XV ст. Лебедзева знаходзілася ў валоданьні князёў Гальшанскіх. У 1476 годзе яны збудавалі тут касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. У 1519—1557 гадох паселішча — уладаньне вялікіх князёў, шляхецкае мястэчка. Паводле інвэнтару ад 7 чэрвеня 1535 году, у Лебедзеве існавалі млын, возера, дзе гадавалі рыбу. Возера было аб’ектам судовых спрэчак. Адзначаецца, што паселішча мела «Ловы зьвярыныя, пташныя і рыбныя, гоны бабровыя і ўсякімі грунтамі зямельнымі, на якіх жыла шляхта з людзьмі путнымі, валаснымі з парабкамі, з чэлядзьдзю нявольнай…»
У 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст з мэтаю падрыхтоўкі да падпісаньня уніі склікаў ў Лебедзеве 30 тысячаў літоўскай шляхты. Магнаты Вялікага Княства Літоўскага прапаноўвалі гэтак званы «мяккі» варыянт Рэчы Паспалітай, які адкідаў далучэньне да Каралеўства Польскага і прадугледжваў захаваньне асобнага Сойму. На вусным шляхецкім рэфэрэндуме тут далі згоду на скліканьне агульнага з палякамі Сойму, дзе мусіла разьвязвацца пытаньне уніі.
Лебедзева — колішняе ўладаньне князёў Радзівілаў. Яны збудавалі тут мураваны кальвінскі збор, апякункай якога была П. К. Радзівіл, маркграфіня брандэнбурская. З 1704 году збор ня меў свайго настаяцеля, таму сюды прыяжджаў пастар з Жупранаў для адпраўленьня службы. У 1754 годзе тутэйшы збор быў прыпісаны да жупранскага. Падтрыманы матэрыяльна Радзівіламі, ён праіснаваў да канца XVIII ст., адзін з нямногіх у ВКЛ перажыў контррэфармацыю. Нават калі не было пастара, мясцовая супольнасьць сама сабою працягвала дзеяць.
Паводле інвэнтару 1579 году, у Лебедзеве існавалі вуліцы Вялікая, Віленская, Хажоўская, Вялікасадзкая. У канцы Віленскай да паселішча далучаліся Старое Сяло (з чатырма шнурамі), і Асанаўшчына. Пры рэчцы Нявежы быў вялікі «двор» з 14 гаспадарчымі пабудовамі (піваварня з 14 бочкамі, саладоўня, стадола, аборы, гумно, хлявы і інш.). У маёнтку налічвалася 29 «дымоў», а ў мястэчку 134 дымоў. Для параўнаньня ў суседняй вёсцы Мароські тады было 52 «дымы». Сярод залежных ад Лебедзеўскага двара адзначаюцца фальваркі і засьценкі — Маліноўшчына, Тарашкова, Хвашчоўка, Кухмістрава, Іваноўшчына, Паташня, Уша, Слабодка, Даманава, Татаршчына, Зубкова, Азярышча, Лабачоўка, Высокаўшчына, Ярашова, Рудоўка, Марозкі (Мароські), Старая і Новая Боркаўшчына.
У 1588 годзе Альбрэхт Радзівіл прадаў Лебедзева Юзэфу Галаўню. У пачатку XVII ст. тут павялічыўся гандаль. Ухіл рабіўся на продаж алькагольных напояў. У мястэчку тым часам на 149 дамоў прыходзілася 48 корчмаў і заезных двароў. Дакумэнты захавалі імёны і прозьвішчы тагачасных жыхароў Лебедзева: Антон Мацулевіч, Сымон Глод, Рыгор Блін, Сымон Корсак, Лявон Харлап, Казімер Шчасны, Мацей Габрыновіч, Язэп Тамашэвіч, Лявон Жыр, Юрка Сулела. У XVI ст. на палях маёнтку вырошчвалі: ячмень, авёс, грэчку, жыта, каноплі, лён, боб і інш. Апроч розных палявых работ (паншчыны), лебедзеўцы выходзілі на «гвалты»: будавалі масты, пракладалі грэблі і інш. Паводле археалягічных зьвестак, у цэнтры мястэчка была пракладзена каналізацыя.
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе Лебедзева зьнішчылі маскоўскія захопнікі. 8 траўня 1667 году ў мястэчку адбыўся сялянскі бунт. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у 1708 годзе празь Лебедзева праходзілі швэдзкія войскі. У 1751 годзе інвэнтары зафіксавалі тут 125 сядзібаў, прытым 60 іх уладальнікаў мелі па паўвалокі (валока — 21,3 га) і трохі больш зямлі, астатнія — значна меней. Паводле інвэнтару 1762 году, Лебедзева належала кашталяну Тадэвушу Агінскаму. У мястэчку тады было 29 дымоў і 233 чалавекі. Бровар і саладоўня давалі гадавы прыбытак у 600 злотых. Існавала кузьня з майстрамі-кавалямі. Побач — пушча, багатая зьверам і інш. жыўнасьцю. Так было да канца XVIII ст., калі ўладальнік пушчы Якуб Саковіч не прадаў яе генэралу Паўлу Равінскаму, які пачаў прамысловую высечку, што ў выніку прычынілася да зьнікненьня лесу. У 1766 годзе ў Лебедзеве налічвалася 20 крамак і свіранкаў[4].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лебедзева апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце. У вайну 1812 году 4 сьнежня празь мястэчка праяжджаў Напалеон на сустрэчу з сваім генэралам Гогендорпам у Беніцу. У 1830—1831 і 1863—1864 гадох тут фармаваліся аддзелы паўстанцаў. У 1831 годзе мястэчка вызваліў аддзел Міхала Ходзька, пры гэтым жыхары мястэчка сабраліся на галоўным пляцы і абвясьцілі пра стварэньне паўстанцкага аддзелу, які будзе вясьці змаганьне за вольнасьць роднай зямлі. Лебедзеўскі паўстанцкі аддзел пратрымаўся дастаткова доўга, не абмяжоўваў сваёй дзейнасьцю толькі Лебедзева, але даходзіў і да Маладэчна, і да Беніцы.
У першай палове XIX ст. у Лебедзеве існаваў шпіталь пры касьцёле. У мястэчку працавалі вольнапрактыкуючыя лекары: Рамуальд Шмідт, Бэнціян Задзінскі, Лейба Блумбэрг, Дзьмітры Саковіч (у маёнтку Агароднікі), зубны лекар — Ісак Цукерман. Існавала аптэка Іцкі Цукермана.
З 1860 году ў Лебедзеве працавала расейская народная пачатковая вучэльня. Апроч таго, дзеяў тэатар. Узгорыстая мясцовасьць не дазваляла мець доўгіх вуліцаў, апроч Віленскай. У 1861 годзе ў Лебедзеве было 182 хаты. 3 29 чэрвеня да 9 ліпеня штогод зьбіраўся кірмаш. Наяжджала да 2 тыс. купцоў зь Вільні, Смаргоні, Крэва, Менску, Маладэчна, Гарадку. Прадавалі сукно, керамічныя вырабы, кажухі, дзіцячыя цацкі, ласункі. Тут складаліся гандлёвыя дамовы. Апроч кірмашоў, кожны панядзелак у мястэчку праводзіліся так званыя «таргі».
Зь Лебедзевам зьвязаны стары шляхецкі род Цівінскіх. Іван Цівінскі арганізаваў таварыства філянтропіі. Зянон Цівінскі ў XIX ст. быў вядомым акулістам. У розныя часы маёнткам валодалі Гарбоўскія, Давідовічы, Капытоўскія, Міцкевічы, Радзішэўскія. У канцы XIX ст. у Лебедзева было каля 160 дамоў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод. У гэты час мястэчкам валодалі Сьвентажэцкія.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Лебедзева занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лебедзева абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[5]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Лебедзева ўвайшло ў склад Беларускай ССР[6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Маладэчанскім павеце Віленскага ваяводзтва. За польскім часам у 1937 годзе ўтварылася Лебедзеўская харавая капэла.
У 1939 годзе Лебедзева ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 17 верасьня 1941 да 5 ліпеня 1944 году Лебедзева знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У гэты час у вёсцы існавала гета, дзе нацысты зьнішчылі больш за 600 жыдоў. 24 чэрвеня 1942 году апошніх сагналі пад выглядам вываду на працу у хлеў, які знаходзіўся за 1 км ад Лебедзева ў бок вёскі Маркава і належаў А. Субачу. Тамака іх расстралялі і спалілі разам з хлявом. На месцы трагедыі паставілі памятны знак — помнік з савецкай сымболікай.
На 1997 год у Лебедзеве было 472 двары, на 1998 год — 468. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
-
Рынак і касьцёл, 1897 г.
-
Рынак і брама сядзібы, 1897 г.
-
Касьцёл, каля 1900 г.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XIX стагодзьдзе: 1866 год — 1099 чал.[7]; 1900 год — 1290 чал.
- XX стагодзьдзе: 1997 год — 1172 чал.[8]; 1998 год — 1153 чал.[9]; 1999 год — 1108 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 1047 чал.
Інфраструктура
рэдагавацьУ Лебедзеве працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, лякарня, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Забудова
рэдагавацьВуліцы і пляцы
рэдагавацьУ тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Рынак (Рынкавы пляц)[10].
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьСлавутасьці
рэдагаваць- Капліца-пахавальня (1910-я)
- Царква Сьвятой Тройцы (1869; мураўёўка)
- Могілкі: старыя каталіцкія; юдэйскія
Страчаная спадчына
рэдагаваць- Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (1840-я)
Галерэя
рэдагаваць-
Капліца з боку апсыды
-
Пілён брамы
-
Старыя каталіцкія могілкі
Асобы
рэдагавацьУраджэнцы
рэдагаваць- Раман Семашкевіч (1900—1937) — беларускі мастак, нарадзіўся ў сям’і панскага садоўніка[11].
Жыхары
рэдагаваць- Генадзь Каханоўскі — беларускі гісторык; навучаўся ў Лебедзеўскай школе
- Барыс Кіт — беларускі грамадзкі дзяяч, матэматык; у 1941 годзе з пачаткам нацысцкай акупацыі Беларусі, каб унікнуць арышту, некаторы час жыў у Лебедзеве, дзе пазьней працаваў настаўнікам у мясцовай народнай школе
- Ёсіф Сушко — Заслужаны артыст БССР; працаваў у Лебедзеве[12].
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Грамата вялікага князя Ягайлы ад 28 красавіка 1387 году яго брату Скіргайлу
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 286.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 167.
- ^ Jakubowski J. Opis Księstwa Trockiego z 1387 r. // Przegląd Historyczny. T. 5, z. 1, 1907. S. 44—46.
- ^ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 2. Беларусь у часы Рэчы Паспалітай (А. Вабішчэвіч і інш.); рэдкал. М. Касцюк (гал. рэдактар і інш. — Менск: Экаперспектыва, 2004. С. 206.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 111.
- ^ ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 343.
- ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 172.
- ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 32.
- ^ Атрошчык Г. Карціны студэнта з Лебедзева трапілі ў Траццякоўку // Рэгіянальная газета. 1 кастрычніка 2012 г.
- ^ Хруцкая З. Іосіф Сушко — заслужаны артыст з Маладзечна, які прайшоў праз ГУЛАГ, Рэгіянальная газета. 4 сьнежня 2013 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Лебедзева , Radzima.org
- Новыя падарожжы дылетанта — Лебедзева HQ
- Лебедзева (рас.), Глёбус Беларусі
- Легенда пра Лебедзева(недаступная спасылка)
- Лебедзева — парафія Найсьвяцейшага Сэрца Езуса