Людвік I Вялікі
Лю́двік I Вялі́кі (Loys, Lajos, Ludwik Węgierski; 5 сакавіка 1326 — 11 верасьня 1382) — кароль Вугоршчыны (Лаяш, з 1342 году) і Польшчы (Людвік, з 17 лістапада 1370 году).
Людвік I Вялікі | |
кароль Вугоршчыны | |
---|---|
1342 — 1382 | |
Папярэднік | Карл Робэрт Анжуйскі |
Наступнік | Марыя |
кароль Польшчы | |
17 лістапада 1370 — 1382 | |
Папярэднік | Казімер III Вялікі |
Наступнік | Ядвіга Анжуйская |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся |
5 сакавіка 1326,
|
Памёр | 10 верасьня 1382 (56 гадоў), |
Пахаваны | |
Нашчадкі |
Кацярына Вугорская (1370—1378) Марыя (1371—1395) Ядвіга Анжуйская |
Дынастыя | Анжу |
Жонкі |
Маргарэта Люксэмбурская Лізавета Босьніяцкая |
Бацька | Карл Робэрт Анжуйскі |
Маці | Эльжбета Польская (1305—1380) |
Узнагароды | Залатая Ружа |
З францускай дынастыі Анжу. Сын караля Карла Робэрта Анжуйскага і Эльжбеты, сястры польскага караля Казімера III, з 1335 году палітычны саюзьнік апошняга, спадкаемца польскага трону. З 1340 году дапамагаў Казімеру ў барацьбе за Галіцка-Валынскае княства, прасьледуючы пры гэтым вугорскія інтарэсы, што выклікала яго сутыкненьне з валынскім князем Любартам. У лютым 1345 году ўдзельнічаў у бесьпасьпяховым паходзе крыжакоў у бок Трокаў. Прымаў актыўны ўдзел у паходах Казіміра на Валынь, Падляшша й Берасьцейшчыну ў 1349—1351 гадах, цягам якіх вугорскія войскі часова авалодвалі паўднёва-заходнімі землямі Вялікага Княства Літоўскага. Асабліва няўдалай для ВКЛ была вайна ў ліпені — жніўні 1351 году, калі Людвік захапіў у палон Любарта і Кейстута. 15 жніўня 1351 году прымусіў іх падпісаць дагавор, паводле якога ВКЛ мусіла заплаціць вялікі выкуп, адмаўлялася ад прэтэнзіяў на Галічыну. Дагавор вядомы з хронікі ананімнага вугорскага манаха-францысканца, удзельніка выправы Людвіка (магчыма, Янаша Кецьі). Кейстут разам зь Людвікам адправіўся ў Вугоршчыну як гарант дагавора і для хрышчэньня, але здолеў уцячы. У 1354 годзе Людвік паранены пры асадзе літоўскай крэпасьці Белз на захадзе Валыні. Пасьля заняцьця польскага трону ўзнавіў войны з ВКЛ (1372—1377), у выніку якіх Белз і Холм далучаныя да Галічыны (якая пры Людвіку часова ўвайшла ў склад Вугоршчыны, што выклікала незадавальненьне польскіх фэадалаў), а Любарт, як і падольскія князі Аляксандар і Барыс Карыятавічы і ратненскі князь Фёдар Альгердавіч (якому належаў і Кобрынь з акругай) былі вымушаны прызнаць сюзэрэнітэт Вугоршчыны. Некалькі разоў высоўваў праекты хрысьціянізацыі Літвы. Ініцыяваў стварэньне Луцкай каталіцкай япархіі ў 1375 годзе, юрысдыкцыя якой ахоплівала і паўднёва-заходнія землі сучаснай Беларусі, на якія пазьней, у XIV—XVIII стагодзьдзях, пашыраліся вугорскія экспансіянісцкія пляны (глядзіце Радноцкі дагавор 1656 году й інш.)
Праўленьне Людвіка супала з «залатым векам» эўрапейскага рыцарства, да пашырэньня ідэалёгіі й эстэтыкі якога ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ён істотна спрычыніўся. Празваны вугорскімі гісторыкамі Вялікім за значнае пашырэньне межаў каралеўства, якое пры ім зазнала росквіт эканомікі і культуры: адчынены першы ўнівэрсытэт у горадзе Пэч, пачаў чаканіцца залаты дукат, які ў XIV—XVI стагодзьдзях адыгрываў ролю рэгіянальнай залатой валюты Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, у тым ліку Літвы («залаты вгорскі»). У 1374 годзе выдаў першы агульнапольскі (Кошыцкі) прывілей, паводле якога шляхце гарантаваўся ўзровень імунітэту, якім дагэтуль карысталіся толькі вышэйшыя фэадалы (асабістая недатыкальнасьць, сымбалічныя падаткі на карысьць дзяржаўнага скарбу й інш.), што паклала пачатак стварэньню асаблівага дзяржаўнага лада Польшчы, а ў будучым і ВКЛ. Пасьля сьмерці Людвіка польскай каралевай была абрана яго дачка Ядвіга.
Літаратура
рэдагаваць- Алесь Белы // . — Мн.: .
- Historiae Hungaricae Fontes Domestici. V. III, Lipsiae, 1884.
- Dabrowski J. Ostatnie lata Ludwika Wielkiego. — Krakow: 1918.
- Halecki O. O genezie i znaczeniu rzadow andegawenskich w Polsce // Kwartalnik historyczny. R. 35. Lwow, 1921.
- Sacerdoteanu A. Lupta moldovenilor cu litvanii in 1377. — Bucuresti: 1936.
- Шабульдо Ф. М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. — К.: 1987.