Бітва на Дурбэ

(Перанакіравана з «Бітва ля возера Дурбэ»)

Бітва на Дурбэ — бітва паміж войскамі Тэўтонскага ордэну пад камандаваньнем Лівонскага магістра Бургарда фон Гарнгаўзэна і маршала Прусіі Гэнрыха Ботэля й іхніх хаўрусьнікаў з аддзеламі жамойтаў і куршаў 13 ліпеня 1260. Бітва скончылася перамогай войскаў жамойтаў. Параза ордэну паслужыла штуршком для маштабных паўстаньняў прусаў у 1261—1270 роках.

Перадгісторыя

рэдагаваць

Мэтай заваявальнага паходу Тэўтонскага ордэну быў захоп Жамойці і тэрытарыяльнае злучэньне дзьвюх частак Ордэну — Тэўтонскай і Лівонскай — і стварэньне адзінай нямецкай дзяржавы на ўсходнім беразе Балтыйскага мора. Разам з войскамі Ордэну ў бітве ўзялі ўдзел дацкія і швэдзкія аддзелы на чале з прынцам Карлам, сьвецкія рыцары эўрапейскіх краінаў, заваяваныя мясцовыя жыхары. Войска хаўрусьнікаў склала прыблізна 3000 чалавек.

Жамойтаў было каля 4000, мяркуецца, што на чале іх стаяў Транята, пляменьнік Міндоўга, аднак дакумэнтальных пацьверджаньняў гэтаму няма. 15 чэрвеня 1260 року Тэўтонскі ордэн, асьцерагаючыся за свае паўднёвыя тэрыторыі, заключыў мірны дагавор з мазавецкім князем Земавітам.

Магчыма, вырашальнай была адмова немцаў на просьбу куршаў вызваліць пасьля бітвы паланёных жамойтамі курскіх жанчын і дзяцей, пра што паведамляе Пётар з Дусбургу. Немцы лічылі, што здабыча пасьля бітвы мусіць быць падзеленая пароўну.

Калі аб’яднанае нямецкае войска ішло да Юргенбургу (цяпер Юрбаркас) для захопу Жамойці, жамойты ўварваліся ў Курляндыю. Гэтым манэўрам жамойты вярнулі немцаў у Курляндыю, зблытаўшы іхнія пляны. Бітва адбылася 13 ліпеня 1260 каля броду праз рэчку, якая выцякае з возера Дурбэ. У аснове нямецкага строю, як і ва ўсіх рыцарскіх бітвах Сярэднявечча, была цяжкаўзброеная рыцарская коньніца колькасьцю ў 200 чалавек, яе атачала лёгкая кавалерыя ляяльных і той часткі прусаў, якая на той момант была падпарадкаваная рыцарам. У пачатку бітвы куршы і эсты пакінулі войска Ордэну і напалі на яго ззаду. Жамойты адразу ж напалі на ворага і зьнішчылі яго. Паводле Лівонскай Рыфмаванай хронікі[1] і хронікі Пятра з Дусбургу загінула 150 рыцараў Ордэнаў, шмат простых ваяроў, магістар Бургард фон Гарнгаўзэн, маршал Гэнрых Ботэль, прынц Карл. У палон трапіла каля 15 рыцараў. Адразу ж па бітве жамойцкія войскі адступілі разам з ваеннымі трафэямі ў Літву, не працягваючы кампанію ў Курляндыі.

Наступствы

рэдагаваць

Дзякуючы бітве было спынена прасоўваньне нямецкіх рыцараў у гэтым рэгіёне да 1280-х. Пасьля вялікіх страт у бітве ня толькі не былі дасягнутыя мэты Ордэну па сувязі Лівоніі і Прусіі па сушы, але было пастаўлена пад пытаньне само існаваньне Тэўтонскага Ордэну на тэрыторыі Прусіі і Лівоніі. Яны таксама прывялі да шматлікіх паўстаньняў заваяваных прыбалтыйскіх народаў, у першую чаргу — прусаў (больш вядомае як «другое вераадступніцтва прусаў»). Князь Літвы, Міндоўг, адмовіўся ад хрысьціянства, прыняцьце якога да гэтае вайны выкарыстоўваў як зьнешнепалітычны манэўр з мэтаю адвядзеньня плянаў Ордэну ад Літвы, і пачаў вайну зь немцамі. Нягледзячы на ўнутраныя звады ў Вялікім Княстве Літоўскім у гэты час, быў атрыманы час для ўмацаваньня ўлады ВКЛ у Жамойці да 1280-х. Разам з тым, выправы на ордэнскія землі працягнуліся як пры Міндоўгу (паход на Лівонскі ордэн поруч з Аляксандрам Неўскім), так і пры ягоных пераемніках Трайдзеню й Віценю, маючы параўнальна пасьпяховыя вынікі.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Бітва пры Дурбэ ў 1260 годзе // Лівонская Рыфмаваная хроніка.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць