Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак (Горадня)

Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
Краіна Беларусь
горад Горадня
Каардынаты 53°40′37.68″ пн. ш. 23°50′9.84″ у. д. / 53.6771333° пн. ш. 23.8360667° у. д. / 53.6771333; 23.8360667Каардынаты: 53°40′37.68″ пн. ш. 23°50′9.84″ у. д. / 53.6771333° пн. ш. 23.8360667° у. д. / 53.6771333; 23.8360667
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Гарадзенская дыяцэзія 
Ордэнская прыналежнасьць брыгіткі
Архітэктурны стыль барока
Аўтар праекту Бенедэта Молі[d]
Заснавальнік Крыштап Весялоўскі
Дата заснаваньня XVII стагодзьдзе
Будаваньне 16341642 гады
Статус Ахоўная зона
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак на мапе Беларусі ±
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак
Касьцёл Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак на Вікісховішчы

Касьцёл Зьвестава́ньня Найсьвяце́йшай Па́нны Мары́і і кля́штар брыгі́так[1][a] — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Горадні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на рагу гістарычных Азёрскай і Брыгіцкай вуліцаў[b], адна з кампазыцыйных дамінанатаў гэтай мясцовасьці. Дзее. Твор архітэктуры раньняга барока (так званага любельскага тыпу рэнэсанснага касьцёла[3]) з элемэнтамі готыкі і рэнэсансу[4]. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Гарадзенскага брыгіцкага кляштару складаецца з касьцёла, кляштарнага корпуса і драўлянага лямуса, аточаных мурам зь вежамі і брамамі. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зьнішчылі інтэр'ер касьцёла, кляштарную званіцу і частку муру з брамай і дзьвюма вежамі. У архітэктурных дэталях касьцёла і кляштару адзначаюць прыметнае адхіленьне ад клясычных барокавых формаў. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэляў пілястраў карынцкага ордэру, у дэкаратыўным аздабленьні парталаў і асабліва — у архітэктурных матывах брамаў, якія ўжо толькі аддалена нагадваюць формы заходнеэўрапейскай архітэктуры[5]. На думку дасьледнікаў, касьцёл брыгітак ёсьць адным з найбольш раньніх аўтэнтычных узораў барокавага 2-вежавага фасаду ў сакральным дойлідзтве Беларусі, а спалучэньне ў ім рэнэсансных і барокавых рысаў надае яму адметнасьць[6]. У двары комплексу захаваўся ўнікальны і найбольш старажытны драўляны будынак Беларусі — лямус, у архітэктуры і канструкцыях гэтай пабудовы знайшлі сваё адлюстраваньне традыцыі беларускага драўлянага дойлідзтва[7]. Ансамбль мае вялікую архітэктурную цікавасьць, бо захаваўся да нашых дзён амаль безь перабудоваў.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Заснавальнік касьцёла Крыштап Весялоўскі
 
Лічыцца, што Гіляры Хаецкі на карціне «Сьвятое сямейства», выявіў сям’ю Весялоўскіх — фундатараў касьцёла
 
Грызэльда Сапега

Заснавальнікамі кляштара лічацца надворны маршалак Вялікага Княства Літоўскага Крыштап Весялоўскі і ягоная жонка Аляксандра Мар’яна з роду Сабескіх, якія ў 1634 годзе запрасілі ў Горадню ордэн брыгітак і падаравалі яму некалькі пляцаў у самім горадзе і фальваркі ў Гарадзенскім і Ваўкавыскім паветах[8]. Магчымай прычынай гэтага фундушу магла быць сьмерць жонкі і прыёмнае дачкі Грызэльды. Дзякуючы фундацыі Весялоўскага ў 1636 годзе спачатку збудавалі драўляны, а потым у 1642 годзе і мураваны будынак касьцёла паводле праекту італьянскага архітэктара Бэнэдэта Молі ў стылі раньняга барока[9]. Касьцёл паставілі на Азёрскай вуліцы[c] (пазьней Скідзельская, Купецкая, Брыгіцкая), забудова якой на той час была драўлянай[8]. У 1634 годзе першыя 8 сясьцёр-брыгітак на чале з Даротай Фірлей[9] прыбылі ў Горадню зь Любліна і пасяліліся спачатку ў драўляным лямусе, збудаваным у тым жа годзе[8]. Ужо 6 сьнежня 1636 году адбылася сьвяточная інтрадыкцыя гэтых сясьцёр-брыгітак. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Горадні захоўваецца «Рэестар маёмасьці кляштару брыгітак» 1636 году, у якім пералічваюцца званы, літургічныя шаты, палатно, посуд, скрыні і зялёная шафа[10]. У студзені 1637 году ў касьцёл перавезьлі зь Вільні парэшткі Грызэльды Сапегі, а ў красавіку тут пахавалі Крыштапа Весялоўскага. Кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў кляштару прывілеі ў 1638 і 1643 гадох[11].

У 1646 годзе мастак Яган Шрэтэр стварыў для касьцёла алтарныя карціны: «Зьвеставаньне», «Сьвятая Брыгіта», «Сьвятая Ганна», «Беззаганнае зачацьце Панны Марыі» і іншыя[12].

 
«Зьвеставаньне», абраз XVIII ст.

19 кастрычніка 1651 году касьцёл быў асьвечаны віленскім біскупам Юрыем Тышкевічам і атрымаў тытул Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі[9]. Касьцёл меў 7 алтароў, галоўны зь якіх адпавядаў тытулу — Зьвеставаньня[13], назвы іншых: Сьвятога Аўгустына, Сьвятога Язэпа, Сьвятой Брыгіты, Сьвятой Ганны, Сьвятога Казімера, Сьвятой Кацярыны Швэдзкай. Таксама ў касьцёле захоўваліся рэліквіі Сьвятога Клімэнта, які лічыўся заступнікам Горадні, сапраўднасьць рэліквіі пацьвярджалі дакумэнты Рымскай курыі (1768) і віленскага біскупа (1780)[14].

Першай ігуменьняй у 1640 годзе стала люблінская ваяводзіна Ганна Сабеская, родная сястра Аляксандры Весялоўскай. Пры ёй кляштару былі адпісаныя мястэчка Крамяніца, фальваркі Князева, Мартынаўшчына, Вузлаўцы, Шылавічы, Задвор’е, Рагозьніца, вылучаныя грошы на шпіталь[9].

Кляштар значна пацярпеў падчас швэдзкай акупацыі Горадні ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, калі сёстры-брыгіткі мусілі пакінуць Горадню і тры гады жыць у Гданьску, пакуль кляштар ня быў адноўлены[15].

Паводле Статуту і практыкі брыгіцкага ордэну, у кляштар прымалі дзяўчат з шляхецкіх і магнацкіх сем’яў, звычайна іх было каля 20—30 чалавек, а максымальная колькасьць дасягала 40 (у 1745 годзе — 31). Духоўнікамі гарадзенскіх брыгітак былі ксяндзы-бэрнардыны. Аднак у 1752 годзе брыгіткі адмовіліся ад апекі бэрнардынаў праз тое, што іх правінцыял Мадэст Унароўскі зьмяніў духоўніка бяз згоды манашак. Некаторы час духоўнікамі брыгітак былі дамінікане, кармэліты, езуіты. З 1759 году брыгіткі зноў вярнуліся да апекі бэрнардынаў. З канца XVIII стагодзьдзя ў кляштары выхоўваліся дзяўчынкі-сіраты з шляхецкіх сем’яў[16].

Галоўнымі касьцельнымі сьвятамі былі Зьвеставаньне Панны Марыі, сьвятых Кацярыны, Клімэнта, Аўгустына і Брыгіты, апостала Пятра.

У 1684 годзе ў Вільні для манашак адмыслова выдалі малітоўнік «Breviarium monialum» (спэцыяльны дапаможнік з малітвамі і апісаньнем правядзеньня набажэнства). Займаліся манашкі і гаспадарчай працай, выраблялі прадукты для жыхароў Горадні і навакольля. Кожны год у Караляўцы з маёнткаў, якія належалі кляштару, водным шляхам адпраўлялася збожжа, назад вязьлі соль, жалеза, посуд, духмяныя карані. Таксама кляштар брыгітак быў вядомы для жыхароў Горадні і навакольля вытворчасьцю воску[17].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Горадня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Па пажары 1827 году ў комплексе праводзіліся рамонтныя работы, дабудоўваецца яшчэ адна частка кляштару з боку касьцёла, якая замкнула кляштарны будынак і касьцёл, утварыўшы прастакутны ўнутраны падворак[10].

 
Плян 1830 году. Тэрыторыі ў Горадні, якія належалі кляштару брыгітак
 
Касьцёл, 1910 г.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) ў 1842 годзе расейскія ўлады выдалі загад аб ліквідацыі кляштару ордэну Сьвятой Брыгіты ў Горадні. Самім сёстрам аднак дазволілі заставацца ў старых мурах да канца іх жыцьця. Апроч таго, у кляштары пасялілі манашак з зачыненых кляштараў: бэнэдыктынак зь Нясьвіжу, брыгітак з Луцку і дамініканак з Наваградку[9][18].

У XIX стагодзьдзі расейскія ўлады выкарыстоўвалі брыгіцкі кляштар як турму (гэтак жа, як і езуіцкі). Сюды ў 1827 годзе зьмясьцілі паводле пастановы расейскага суду Карнэлію і Ксавэрыю Рукевіч, удзельніц руху дзекабрыстаў і сясьцёр вядомага філямата і сябра таварыства «Ваенныя сябры» Міхала Рукевіча (1794—1841). Паводле расейскага выраку, «сясьцёр шляхціца Рукевіча Ксавэрыю і Карнэлію замест вызначанай ім Яго Высокасьцю кары трымаць у кляштары: Ксавэрыю — адзін год, Карнэлію — шэсьць месяцаў». Сёстры правялі ў кляштары брыгітак тэрміны: Ксавэрыя — з 22 траўня 1827 па 3 чэрвеня 1828 году, Карнэлія — з 22 траўня па пачатак сьнежня 1827 году[19].

За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады наклалі кантрыбуцыю на рымска-каталіцкае сьвятарства. Гарадзенскі брыгіцкі кляштар, як кляштар першай катэгорыі, мусіў быў унесьці ў расейскі скарб 553 рублі, што было вялікай сумай[10]. Касьцёл і кляштар ацалелі ў час пажару 1885 году, хоць пашкоджаньні атрымала званіца, аплавіліся званы і нават згарэлі знадворныя дзьверы касьцёла. У 1891 годзе ў кляштары засталося 5 манашак, а ў 1907 годзе толькі дзьве састарэлыя сястры (і яшчэ дзьве так званыя «асьпіранткі»), для апекі над якімі арцыбіскуп віленскі Эдуард Роп дамогся ад уладаў прыняцьця кандыдатак. Апошняй зь сясьцёр-брыгітак была Элеанора Скжэндзеўская[20].

У 1908 годзе кляштар перадалі пад апеку ордэну Сьвятой сям’і з Назарэту. Першай абатысай кляштара назарэтанак у Горадні стала маці Паўла. У верасьні 1908 году маці Паўла (мастачка Марыя Гажыч, якая прадала свой маёнтак Тапаляны і ўсе атрыманыя грошы прызначыла на рэканструкцыю касьцёла і кляштару брыгітак; па сьмерці пахаваная на старых каталіцкіх могілках на вуліцы Антонава)[21], атрымала ад уладаў пацьверджаньне становішча ігуменьні брыгітак. Разам зь ёй прыехалі ў Горадню яшчэ дзьве сястры, а пазьней яшчэ тры[22]. З 1909 году пробашчам пры кляштары быў Францішак Грынкевіч (1884—1933) — беларускі рэлігійны і культурны дзяяч. У той жа год у касьцёле адбываецца першая так званая «чэрвеньская служба».

Па заняцьці Горадні войскамі Нямецкай імпэрыі сёстры-брыгіткі адкрылі першую ў Горадні польскую гімназію.

Найноўшы час

рэдагаваць
   
Касьцёл і кляштар брыгітак з паўночна-ўсходняга боку: у 1916 годзе (налева) і 2012 годзе (направа)

У міжваенны час у кляштарных будынках знаходзілася школа назарэтанак[9], у якой навучалася 200 дзяцей. У 1935 годзе ўлады Горадні разглядалі пытаньне аб выдзяленьні сродкаў на рэстаўрацыю будынка кляштару[23].

За часамі Другой Сусьветнай вайны сясьцёр-назарэтанак дэпартавалі ў Старабельск (Варашылаўградзкая вобласьць)[24].

25 сакавіка 1950 году савецкія ўлады пастановай гарвыканкаму зачынілі касьцёл, будынкі кляштару спачатку выкарыстоўваліся як дзіцячы садок, а потым як псыхіятрычная лячэбніца і іншыя мэдычныя ўстановы. У 1961 годзе дасьледніца архітэктуры Алена Квітніцкая знайшла ў сутарэньнях касьцёла архіў кляштару, мастацтвазнаўца Алена Аладава — партрэты Крыштапа і Аляксандры Весялоўскіх, Грызэльды Вадынскай. Яны былі адрэстаўраваныя ў Дзяржаўным Расейскім музэі і дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь ў Менску. У 1970—1980 гадох у касьцёле вяліся рэстаўрацыйныя працы, з прычыны добрай акустыкі памяшканьня плянавалася выкарыстоўваць касьцёл пад канцэртную залю[9].

У 1990 годзе касьцёл вярнулі каталікам і 2 чэрвеня 1992 году яго асьвяціў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пад гістарычным тытулам Зьвеставаньня Панны Марыі, а па пабудове новага будынка псыхіятрычнай лячэбніцы ў Горадні, будынак кляштару таксама перадалі вернікам.

Роля ў забудове Горадні

рэдагаваць
 
Асноўныя дамінанты Горадні — Фарны касьцёл (зялёны колер), Езуіцкі касьцёл (сіні колер) і Брыгіцкі касьцёл. Жоўтым колерам пазначаецца вуліца Азёрская

XVII стагодзьдзе стала для Горадні часам інтэнсіўнага будаваньня касьцёлаў і кляштараў: да ўжо існых Фарнага касьцёла (зьнішчаны савецкімі ўладамі), касьцёла Сьвятога Духа (часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі) і Бэрнардынскага мужчынскага кляштару з касьцёлам дадаліся Бэрнардынскі жаночы (зьнішчаны савецкімі ўладамі), Брыгіцкі, Езуіцкі, Дамініканскі (зьнішчаны расейскімі ўладамі, Францішканскі, Кармэліцкі (зьнішчаны расейскімі ўладамі), Баніфатэрскі (не захаваўся) кляштары і касьцёлы. Яны былі апорнымі пунтамі пляну Горадні і адыгрывалі вызначальную ролю ў будове ўсёй плянавальнай структуры і ўсяго архітэктурнага аблічча гораду.

Сыстэма разьмяшчэньня кляштараў была такой, што яны займалі ўсе важныя стратэгічныя пункты на подступах да гарадзкога цэнтру і стаялі на галоўных магістралях. Апроч абарончай ролі, будаўнікі кляштараў улічвалі і ансамбль вулічнай архітэктуры, плошчаў і гораду ў цэлым. Касьцёлы разьмяшчаліся так, што пры руху ў цэнтар гораду іх памеры павялічваліся, дзякуючы чаму стваралася паступовае нарошчваньне моцы архітэктурнага ўзьдзеяньня[25].

 
Касьцёл з боку Азёрскай вуліцы паводле эскізаў пачатку XIX ст.

Дзеля пабудовы комплексу касьцёла і кляштару брыгітак спатрэбіўся даволі вялікі пляц. Патрэбная тэрыторыя знайшлася пры самым канцы Азёрскай вуліцы, на рагу з Навікоўскай (пазьней Брыгіцкая, цяпер Моладзевая). Нягледзячы на тое, што плошча пляцу была даволі вялікай, знайшліся акалічнасьці, якія вымусілі праектоўніка адступіць ад канонаў тагачаснага будаваньня. Замест кананічнага 3-нэфавага невядомы архітэктар паставіў 1-нэфавы касьцёл алтаром на ўсход, а бакавым фасадам да Азёрскай вуліцы. Галоўны заходні фасад атрымаў манумэнтальную 3-часткавую кампазыцыю, акцэнтаваную вэртыкальлю. Пры гэтым касьцёл замыкаў пэрспэктыву Брыгіцкай вуліцы, якая ў тым месцы рабіла выгін. Замест двух будынкаў для манахаў і манашак, якія паводле статуту ордэну мусілі далучацца да касьцёла з поўдня і поўначы, тут збудавалі адзін разьвіты 2-павярховы кляштар з замкнутым нутраным дворыкам. З той прычыны, што кляштар разьмяшчаўся з паўднёвага боку касьцёла, зьявілася магчымасьць перасунуць касьцёл бліжэй да Азёрскай вуліцы, каб ён лепш успрымаўся ў пэрспэктыве. Аднак касьцёл усё ж не выходзіў на лінію забудовы вуліцы, таму што тэрыторыя комплексу атачалася мурам зь вежамі на кутох. Высокі мур закрываў ніжні ярус касьцёла, і пры гэтым выглядаў як яго моцны п’едэстал. З-за агароджы да неба рытмічна цягнуўся шэраг вузкіх аконных праёмаў і тонкіх пілястраў. Высокая і гладкая абарончая сьцяна з плястычнымі акцэнтамі надавала касьцёлу яшчэ больш велічнасьці[4].

Як і іншыя архітэктурныя дамінанты, комплекс кляштару брыгітак добра суадносіўся ня толькі з прылеглай забудовай, але і з усім горадам. На вуліцы Азёрскай стаялі два кляштары — Езуіцкі і Брыгіцкі. На Старым Рынку гэты кірунак замыкаўся Фарным касьцёлам. Усе касьцёлы атрымалі арыентацыю ўздоўж вуліцы і былі нібы выцягнутыя ў кільватэрную лінію ў кірунку да замкаў[26]. Дзьве архітэктурныя дамінанты на адной вуліцы фармавалі комплекс зь лякальнай восьсю, які падкрэсьліваў кірунак да гарадзкога цэнтру[27].

Архітэктура

рэдагаваць

Касьцёл — помнік архітэктуры раньняга барока. Месьціцца ў паўночнай частцы кляштарнага комплексу. Зрух усяго комплексу да паўночна-заходняга кута пляцу тлумачыўся абарончымі разьлікамі (такім чынам ажыцьцяўляўся кантроль важнага раздарожжа на подступах да гарадзкога цэнтру), таксама ўлічвалася і ансамблевая пабудова вуліцы. У пляне комплексу касьцёл арганічна зьвязваецца з кляштарам і ўтварае зь ім адзінае цэлае[28].

Экстэр’ер

рэдагаваць
 
Плян касьцёла і кляштару брыгітак
 
Галоўны фасад касьцёла

Гэта 1-нэфавая 2-вежавая базыліка з паўцыркульнай апсыдай, накрытая агульным высокім чарапічным дахам. Фасады падзяляюцца паўцыркульнымі высокімі аконнымі праёмамі і апрацоўваюцца ў прасьценках карынцкімі пілястрамі, аб’ядноўваюцца агульным антаблемэнтам. Асаблівую цікавасьць мае сьцяна галоўнага фасаду, па-барокаваму пышная, яна больш шырокая за нэф, таму што арганічна ўлучае ў сабе бакавыя вежачкі, дэкаратыўна аздобленыя вуглы збудаваньня[29]. Франтальны фасад — роўніца, якая ў складаным рытме апрацоўваецца карынцкімі пілястрамі, трыма ярусамі складана прафіляваных антаблемэнтаў, аркавымі праёмамі і нішамі для скульптуры. На ўзроўні карнізу нэфа галоўны фасад падзяляецца магутным 2-ярусным антаблемэнтам, ніжні фрыз якога аздабляецца расьлінным арнамэнтам у тэхніцы зграфіта (рэнэсансны элемэнт), а верхні фрыз у цэнтры — сэгмэнтным франтонам з дынамічным скульптурным рэльефам (барокавы элемэнт). Фасад завяршае шчыт з трыкутным франтонам, які бакавымі вітымі валютамі аб’ядноўваецца з 4-граннымі ярусамі бакавых вежаў з партатыўнымі сыгнатуркамі. Роўная вышыня вежаў і франтонаў надае фасаду тэктанічную цэласнасьць і завершанасьць[30]. На асноўным заходнім фасадзе можна вылучыць кампазыцыйныя прыёмы, якія адрозьніваюць яго ад іншых гарадзенскіх касьцёлаў, у першую чаргу Бэрнардынскага і Езуіцкага. Так, трыкутнае разьмяшчэньне нішаў атрымала ў брыгіцкім касьцёле адваротную пабудову. Аснова трыкутніка зьмясьцілася ўгору, а вяршыня ўніз. Такім парадкам, уся кампазыцыя атрымала большую дынамічнасьць і вастрыню[31].

Дэкор фасаднага фрызу выкананы ў тэхніцы зграфіты (расьлінны арнамэнт у спалучэньні з выявамі міталягічных істотаў). Ужываньне фантастычных алегорыяў, гратэску, наданьне натуральным формам штучных дэфармацыяў гавораць пра значны ўплыў маньерызму — вапняковыя парталы брыгіцкага касьцёла маюць элемэнты арнамэнтаў у форме акантоўкі, фантастычных грыфонаў і расьлінаў. Бадай самай адметнай рысаю касьцёла ёсьць зграфітавы фрыз: на ўсім фасадзе цягнецца арнамэнтавы пас, утвораны выскрэбваньнем верхняй белай тынкоўкі, пад якой знаходзіцца амаль чорная (у вапну дадаваўся драўнінны вугаль). Такім чынам атрымліваліся даволі яскравыя і рэльефныя выявы анёлаў, цмокаў, расьлінаў — на чорным фоне. Зграфітавы фрыз быў створаны на завяршальным этапе аздабленьня касьцёла (1643—1645). З той прычыны, што зграфіта ёсьць тыповай рэнэсанснай тэхнікай, то з разьвіцьцём барока зграфітавы пас затынкавалі. У 1980-я гады ў час дасьледаваньняў архітэктуры касьцёла былі знойдзеныя парэшткі зграфіты. Фрыз цалкам адрэстаўравалі[32].

На бакавых фасадах паўцыркулярныя вокны[33]. Цэнтральны і бакавы ўваходы ў касьцёл вылучаюцца парталамі. Усе элемэнты добра зьвязаныя паміж сабой і складаюць адзінае цэлае[34].

Інтэр’ер

рэдагаваць
 
Нутраны выгляд касьцёла

Ва ўнутраным аздабленьні касьцёла вылучаецца з аднаго боку большая прастата і стрыманасьць у адрозьненьне ад іншых гарадзенскіх касьцёлаў, з другога боку — тонкае хараство дэкаратыўнага ўбраньня[35].

Будынак мае 1-нэфавую структуру з паўкруглым алтарным завяршэньнем, якое ўпісваецца ў агульны прастакутны плян. Унутры нэф перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем даволі значнага пралёту з распарубкамі без падпружных арак. Адзіная падпружная арка на моцна высунутых пілёнах аддзяляе алтарную частку, перакрытую конхавым скляпеньнем з чатырма радыяльнымі распарубкамі. Ва ўваходнай частцы (адпаведна кроку капітальнай сьцяны кляштару) вылучаецца ніжні неканструкцыйны нартэкс.[36]

 
Інтэр'ер, да 1939 г.

Малітоўная заля перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем, умацаваным падпружнымі аркамі і прарэзаным над вокнамі распалубкамі. Паўцыркулярная апсыда аддзяляецца ад залі бакавымі пілёнамі і перакінутай паміж імі аркай, мае аднолькавую з нэфам вышыню. Над уваходам — узьнятая на два гранёныя слупы і патроеную аркаду шырокая галерэя хораў, злучаная з кансольным бакавым бальконам зь вітымі ўсходамі. Архітэктурная плястыка інтэр’еру, як і фасаду касьцёла, засноўваецца на падзеле сьценаў пілястрамі стылізаванага карынцкага ордару. Такім чынам, тут гатычна-рэнэсансны элемэнт падаецца ў новай барокавай трактоўцы[37]. У бакавых нэфах і пад хорамі разьмяшчаюцца 14 барэльефных сюжэтна-скульптурных пано на тэму Крыжовага шляху Хрыста. У глыбокай аркавай нішы бакавой сьцяны — скульптурная кампазыцыя «Хрыстос, які пакутуе і Марыя». Цікавай асаблівасьцю інтэр’еру брыгіцкага касьцёла ёсьць тое, што ў ім арган разьмяшчаецца не на хорах, а на бальконе з правага боку сьцяны[38].

У касьцёле захоўваліся рэліквіі Сьвятога Клімэнта — заступніка Горадні. Багаты ўнутраны строй касьцёла складаўся зь велізарных скульптурных кампазыцыяў і больш за 40 абразоў. Алтарныя выявы для яго пісаў вядомы віленскі мастак Яган Шрэтэр, а таксама мясцовыя мастакі: Гіляры Хаецкі, Францішак Лякшынскі, Якуб з Тыкоціну. Мастак-дамініканін Гіляры Хаецкі, які жыў у XVII стагодзьдзі, вядомы сваёй працай «Сьвятога сямейства», на якім, як лічыцца, выявіў сям’я Весялоўскіх — фундатараў касьцёла. Цяпер гэты твор захоўваецца ў Гарадзенскім дзяржаўным музэі гісторыі рэлігіі.

Галоўны алтар касьцёла — драўляны, гэтак жа як і чатыры бакавыя. Амбон мае кшталт тых, што ў віленскай капліцы Сьвятога Казімера. Арган быў выраблены вядомымі гданьскімі майстрамі. У 1964 годзе ў скрыптах касьцёла была знойдзеная вялікая колькасьць абразоў і малюнкаў (у тым ліку і заснавальнікаў кляштару) якія па рэстаўрацыі ў Эрмітажы аздобілі экспазыцыю Нацыянальнага мастацкага музэю ў Менску[39].

Кляштар арганічна зьвязваецца з касьцёлам і ўтварае зь ім адзінае цэлае. Архітэктура кляштарнага будынка, які знаходзіцца за мурам, што атачае комплекс, простая і ляканічная. Гэта помнік архітэктуры барока, 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак з унутраным дворыкам, злучаны з паўночна-заходняй сьцяной касьцёла. Невялікія скляпеністыя памяшканьні традыцыйна аб’ядноўваюцца нутранымі калідорамі-галерэямі пэрымэтрам замкнёнага прастакутнага двара. Фасады рытмічна падзяляюцца маленькімі прастакутнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, аб’яднанымі шырокім карнізам. На паўночным фасадзе захаваўся партал, аздоблены мастацкай тынкоўкай. Пэрымэтрам будынка з боку двара праходзіць калідор з кельлямі. У паўднёва-ўсходнім куце кляштарнага комплексу стаіць асобная прыбудова, на першым паверсе якой была трапезная, на другім — бібліятэка.

Забудова кляштару мае даволі добрую захаванасьць.

 
Драўляны лямус
 
Фасад лямуса

У двары кляштару захавалася ўнікальная драўляная пабудова гаспадарчага прызначэньня XVII стагодзьдзя — лямус. Гэта 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак з высокім вальмавым дахам (пачаткова дах быў чарапічным). Лямус збудавалі ў 1630-я гады[d] на бутавым падмурку з масіўных драўляных брусаў без адзінага цьвіка. Усе канструкцыйныя элемэнты зьвязаныя ўрубкамі і/ці драўлянымі клінамі. Галоўны паўночны фасад вылучаецца 2-яруснай аркавай галерэяй (падсенцамі) з балюстрадай на другім паверсе. Ніжнюю роўніцу падкосаў і бэлек над імі складаюць суцэльныя паўцыркулярныя праёмы. Лямус спалучаў у сабе гаспадарчыя і жылыя якасьці. Першы паверх выкарыстоўваўся як складзкое памяшканьне, другі быў жылым. Пазьней плян будынка зьмяніўся[40].

 
Плян кляштару (блакітным колерам пазначаецца мур)

Паводле дасьледваньняў В. Кудрашова, лямус ад пачатку будаваўся як манаскі жылы дом, аднак паводле дасьледваньняў гісторыка архітэктуры У. Чантурыя, у якасьці жылога быў толькі другі паверх, а першы паверх выкарыстоўвалі як сховішча. Па пабудове мураванага кляштарнага корпусу, другі паверх лямуса заняла абслуга[8]. На сёньняшні час лямус ёсьць адным з найстарэйшых драўляных збудаваньняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Да нашых дзён у Горадні захаваўся яшчэ адзін лямус XVIII стагодзьдзя (у адрозьненьне ад кляштару брыгітак — мураваны), які разьмяшчаецца паміж тэатрам лялек і гарадзкім домам культуры Горадні[41].

Увесь кляштарны комплекс атачаўся вялізным мурам, за якім разьбілі сад. У 1950-я гады савецкія ўлады разабралі ўвесь мур з паўднёвага боку разам зь дзьвюма вонкавымі вежамі і брамай, а таксама частку ўсходняга мура[42].

Захаваныя з боку вуліцы глухія мураваныя тынкаваныя сьцены маюць вышыню каля пяці мэтраў і квадратныя ў пляне невялікія 6-гранныя вежы на кутох. Сьцяну праразалі чатыры брамы, аформленыя ў стылі барока (захавалася тры зь іх). У глухой сьцяне, якая ідзе ўздоўж Брыгіцкай вуліцы, на якую выходзяць галоўныя фасады касьцёла і кляштару, разьмяшчаюцца дзьве брамы, яшчэ адна брама выходзіць у бок Азёрскай вуліцы. Брамы кляштару — адна з найбольш эфэктных частак комплексу. Найбольш манумэнтальная з брамаў разьмяшчаецца перад цэнтральным уваходам у касьцёл і арганічна суадносіцца зь ім сваім ідэнтычным барокавым архітэктурным разьвязкам.

На другім баку Азёрскай вуліцы раней існавала званіца касьцёла брыгітак. У 1950-я гады яе зьнішчылі савецкія ўлады ў рамках праграмы змаганьня з рэлігіяй. Хутчэй за ўсё час пабудовы званіцы ў стылі клясыцызму прыходзіўся на канец XVIII — пачатак XIX стагодзьдзя і яна ня мела агульных рысаў з архітэктурай асноўнага комплексу будынкаў. Падмурак званіцы захаваўся да нашых дзён і знаходзіцца ля дому № 26 на Азёрскай вуліцы.

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць
 
Кляштар на фота Яна Булгака

Хоць фатаграфія зьявілася ў Горадні яшчэ ў пачатку 1860-х гадоў, аднак да 1920-х гадоў комплекс кляштару брыгітак практычна не сустракаўся на старых здымках, што было зьвязана зь пераважна варожымі стаўленьнем да каталікоў з боку ўладаў Расейскай імпэрыі. Сытуацыя зьмянілася па ўваходжаньні Заходняй Беларусі ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі. З гэтага часу былы касьцёл брыгітак, гэтаксама як і Азёрская вуліца, сталі папулярным аб’ектам для гарадзенскіх фатографаў.

Кампазыцыйным цэнтрам Азёрскай вуліцы на старых фота часта служыў касьцёл Сьвятой Брыгіты. Ён быў адзіным буйным будынкам і зьмяшчаўся якраз пасярэдзіне кадра. Дзеля выразнага падзелу вуліцы паводле глыбіні выкарыстоўваліся бальконы дамоў направа і вежы агароджы налева. Лёгкі прадольны выгін вуліцы таксама спрыяў таму, што брыгіцкі касьцёл станавіўся кульмінацыйным цэнтрам выявы.

Калі чалавек праходзіў пару дзясяткаў мэтраў у бок цэнтру, на грэбні невялікага ўзвышша і ізноў у цэнтры кадра стаяў касьцёл Сьвятой Брыгіты. На другім баку з-за невысокіх збудаваньняў высунулася да восі вуліцы другая архітэктурная вэртыкаль — званіца кляштару. Цікавая і роля гладкай агароджы кляштара, супрацьпастаўленай паводле кантрасту плястычнай насычанасьці будынкаў другога боку вуліцы. У выніку вуліца як бы праціскалася паміж двума акцэнтамі.

Вядомы фатограф Ян Булгак зрабіў фота, прайшоўшы яшчэ далей у цэнтар. Галоўным зьвяном у відавай пэрспэктыве стала званіца брыгіцкага кляштару, якая як бы праходзіць праз вуліцу, падзяляючы яе паводле глыбіні[43].

Дзейнасьць. Набажэнствы

рэдагаваць
  • Сьвятая Імша ў нядзелю і сьвяты — 12:00, 17:00 (кожную другую нядзелю на ангельскай мове), 19:00
  • Сьвятая Імша ў будні — 7:30, 19:00 (травень, чэрвень, кастрычнік)

Адпуст: 25 сакавіка, 23 ліпеня, першы панядзелак па ўрачыстасьці Спасланьня Сьвятога Духу[44].

У мастацкай літаратуры

рэдагаваць
  У 17—18 стст. магутна раскінула каменныя хвалі франтонаў і мачты сваіх званіц барока. Той, хто ня бачыў гарадзенскага Фарнага, комплексу манастыра Брыгітак або Францішканскага касьцёла над Нёманам — уяўленьне таго ад нашага захаду заўсёды будзе ня поўным.  

Уладзімер Караткевіч. «Зямля пад белымі крыламі[45]»

  1. ^ Іншая назва — касьцёл Дабраве́шчаньня Найсьвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так'[2]
  2. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Карла Маркса, 27
  3. ^ Яна ж Язерская, у крыніцах падаецца і як Язерская, і як Азёрская. Дзеля папярэджаньня блытаніны тут і надалей выкарыстоўваецца Азёрская
  4. ^ Паводле меркаваньня дасьледнікаў, лямус, як і большая частка драўляных збудаваньняў Горадні, быў моцна пашкоджаны пажарам у 1753 годзе
  1. ^ Гродна — рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскі касцёл), Catholic.by
  2. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2000. — С. 45.
  3. ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Горадня. — С. 96. — ISBN 985-11-0147-8.
  4. ^ а б Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн.: Белорусская наука, 2007. — С. 130. — 303 с. — ISBN 978-985-08-0830-1
  5. ^ Чантурия В.А., Чантурия Ю.В. Памятники и памятные места Беларуси. — Смоленск: Русич, 2007. — С. 231. — 416 с. — ISBN 978-5-8138-0792-3.
  6. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 100. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X.
  7. ^ Чантурия В.А. Архитектурные памятники Гродно. — «Полымя». — Мн.: БелСЭ, 1983. — С. 11. — 31 с..
  8. ^ а б в г Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Абламскі, І. Чарняўскі, Ю. Барысюк. — Менск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — ISBN 978—985-6828-35-8
  9. ^ а б в г д е ё Кляштар на важнай магістралі
  10. ^ а б в Маліноўская Т., Маліноўская-Франке Н. Гродзенскі брыгіцкі кляштар і назарэтанкі (1790-я — 1930-я гг.)..
  11. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  12. ^ Лугаваене А. Шрэтэр // БЭ ў 18 т. Т. 17. — Менск, 2003. С. 466—467.
  13. ^ Марціновіч А. Горадна, Горадзен, Гродна. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008. — С. 45. — 112 с. — ISBN 978—985-02-0921-4.
  14. ^ {{кніга |аўтар = |частка = |загаловак = Памяць |арыгінал = |спасылка = |адказны = |выданьне = |месца = |выдавецтва = Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі |год = 1999 |том = {{Горадня (Гродна})} |старонкі = 697 |старонак = |серыя = |isbn = 985-11-0147-8 |тыраж = }}.
  15. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  16. ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Горадня. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8
  17. ^ Гардзееў Ю. Рамантык эпохі Асьветніцтва: Антон Тызенгаўз. — Менск: Тэхналёгія, 2008. — С. 36. — 67 с. — ISBN 978—985-458-171-2.
  18. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  19. ^ Калектыў аўтараў: Карнялюк В., Швэд В. і інш. Гродназнаўства. Гісторыя эўрапейскага горада.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 167..
  20. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 224. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  21. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 225. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  22. ^ Дом Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Паньне Марыі ў Горадні (з знойдзеных запісаў сястры назарэтанкі)
  23. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 225. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  24. ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Горадня. — С. 697. — ISBN 985-11-0147-8.
  25. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 44. — 127 с.
  26. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 45. — 127 с.
  27. ^ Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн.: Белорусская наука, 2007. — С. 131. — 303 с. — ISBN 978—985-08-0830-1
  28. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 55. — 127 с..
  29. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
  30. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 100. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
  31. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
  32. ^ Памяць. — Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 1999. — Т. Горадня. — С. 97. — ISBN 985-11-0147-8
  33. ^ Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с.
  34. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
  35. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 56. — 127 с.
  36. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
  37. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — С. 99. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
  38. ^ Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — С. 58. — 127 с.
  39. ^ Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 34. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230
  40. ^ Гродно. Энциклопедический справочник Белорус. Сов. Энцикл. / И. П. Шамякин (гл.ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с.
  41. ^ Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — С. 35. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230.
  42. ^ Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госьцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 223. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  43. ^ Кишик Ю. Н. Градостроительная культура Гродно. — Мн.: Белорусская наука, 2007. — С. 208. — 303 с. — ISBN 978—985-08-0830-1.
  44. ^ Рымакаталіцкі касьцёл на Беларусі
  45. ^ Уладзімер Караткевіч, „Зямля пад белымі крыламі“.

Літаратура

рэдагаваць
  • Вашкевіч А., Госьцеў А. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна — Уроцлаў: Уроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8
  • Габрусь Т. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока. — Менск: Ураджай, 2001. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-X
  • Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
  • Марціновіч А. Горадна, Горадзен, Гродна. — Менск: Мастацкая літаратура, 2008. — 112 с. — ISBN 978—985-02-0921-4
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Гродна. — Мн.: БелЭн, 1999. — 712 с. ISBN 985-11-0147-8.
  • Кудряшов В. И. Гродно. — М.: Государственное издательство литературы по строительству, архитектуре и строительным материалам, 1960. — 127 с.</ref>
  • Семенчук А. А., Гостев и др. Королевский город Гродно. — Рифтур, 2010. — 70 с. — ISBN 9-78956-919230

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000017