Зграфіта
Зграфі́та ці графі́та (па-італьянску: sgraffito, graffito — літ. выдрапаны) — від манумэнтальнага дэкаратыўнага жывапісу, прынцыпы і тэхніка якога заснаваныя на прадрапваньні верхняга тонкага слою тынкоўкі да наступнага слою, паводле колеру кантраснага першаму. Вылучаецца трываласьцю і ўстойлівасьцю да атмасфэрных зьмен. Выкарыстоўваецца пераважна для аздабленьня фасадаў і інтэр’ераў будынкаў.
Тэхніка зьявілася ў эпоху Адраджэньня ў Італіі. На Беларусі зьявілася ў XVI стагодзьдзі ў помніках рэнэсансавае архітэктуры.
Этымалёгія
рэдагавацьІтальянскае слова sgraffito паходзіць ад graffiare («драпаць»), якое ў сваю чаргу паходзіць ад грэцкага γράφειν (gráphein, «пісаць»). Падобнае паходжаньне маюць і графіта(d) ды графіці.
Беларусь
рэдагавацьНа Беларусі рэшткі зграфіта захаваліся на мурох Старога замку (XVI стагодзьдзе, цяпер затынкаваны) і фрызе касьцёлу кляштара брыгітак (сярэдзіна XVII стагодзьдзя, рэстаўраваны ў 1978) у Горадні. Цікавасьць да сграфіта ў пэўнай ступені адрадзілася ў творах стылю клясыцызму, прыкладам чаго могуць служыць фрагмэнты сграфітавага дэкору ў Ружанскім палацы.
З другой паловы XX стагодзьдзя выкарыстоўвалася ў манумэнтальным мастацтве: дэкаратыўныя кампазыцыі ў фае кінатэатру «Кіеў» у Менску (мастакі Г. Гаркуноў, А. Кішчанка), у кінатэатры «Беларусь» у Берасьці (маст. Я. Крупскі), палацы культуры Менскага камвольнага камбінату (мастакі Г. Вашчанка, У. Стальмашонак) і інш. У тэхніцы зграфіта працавалі беларускія мастакі Г. Вашчанка, С. Дамарад, Г. Жарын, А. Жгун, Л. Каленік, А. Кішчанка, У. Крываблоцкі, З. Літвінава, С. Рабашчук, С. Сакалоў, У. Стальмашонак, В. Чайка.
Літаратура
рэдагаваць- Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў / Уклад. Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2001. ISBN 985-01-0124-5.
- Сграфіта. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — 512 с. — ISBN 985-11-0238-5
- Якимович, Ю. А. Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в. — Мн., 1991.