Алег Бембель

беларускі філёзаф, паэт, публіцыст, антыкамуністычны дысыдэнт

Але́г Андрэ́евіч Бе́мбель (16 сьнежня 1939, Менск, БССР; Мянушкі: Зьніч, А. Зьніч) — беларускі філёзаф, паэт, публіцыст, антыкамуністычны дысыдэнт[1], вядомы найперш як аўтар выдадзенай у Лёндане працы «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» (1985).

Алег Бембель
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 16 сьнежня 1939(1939-12-16) (84 гады)
Бацькі Андрэй Бембель
Вольга Дзядок[d]
Дзеці Тацяна Бембель[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці публіцыст, паэт
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Бембель.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся 16 сьнежня 1939 року ў Менску. Сын народнага мастака Беларусі Андрэя Бембеля. Чалец КПСС (да 1986). У 1969 року скончыў Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю[2]. У 1971-1974 роках быў асьпірантам Інстытуту філязофіі й права АН БССР (1971—1974), аднак дысэртацыя пра народныя і інтэрнацыянальныя элемэнты ў літаратуры не была абароненая, таму што працу прызналі «нацыяналістычнай»[3]. У 1983-1984 роках працаваў на Беларускім тэлебачаньні, у 1984–1986 гадах — у Акадэміі навук БССР. За выданьне ў Лёндане сваёй працы быў рэпрэсаваны ў 1986 годзе. Сябра Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1989 году. Працаваў у Нацыянальным навукова-дасьледчым цэнтры імя Скарыны з 1991 году. З 1996-га ― у послуху ў праваслаўным манастыры ў Жыровічах.

Напрыканцы 1980-х – пачатку 1990 гадоў Алег Бембель стаў актыўным удзельнікам беларускага нацыянальнага руху; пад мянушкай «Зьніч» публікаваў свае вершы ў самвыдаце й незалежнай прэсе (паэзія Алега Бембеля выдавалася ў ЗША й Польшчы). У 1989 року супрацоўнічаў з часопісам «Праваслаўная думка»; як літаратурны дадатак да часопіса, зборнік вершаў Бембеля «Малітвы за Беларусь» быў упершыню выдадзены ў Беларусі. У Жыровіцкім манастыры выдаваў рэлігійна-культурны часопіс «Жыровіцкая абіцель».

Творчасьць

рэдагаваць

Працу над кнігай «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» зьдзяйсьняў у 1979–1981. Кніга была прысьвечаная моўнай сытуацыі ў БССР і рэальнаму стану беларускае мовы ў СССР. Падчас напісаньня кнігі Бембель праводзіў шырокае анкетаваньне паводле гэтай тэмы, што тады было забароненай тэмай для савецкіх сацыёлягаў; дадзеныя анкетаваньня былі выкарыстаныя ў кнізе.

У тэарэтычнай частцы сваёй працы Бембель зацьвярджаў, грунтуючыся на прынцыпах экалёгіі культуры, што ва ўмовах узмацненьня маральнай і эстэтычнай паўпэрызацыі чалавека яго родная мова, як найбольш унівэрсальнае й цэльнае выражэньне этасу й эстэтыкі народу, можа й павінна стацца магутным сродкам адраджэньня й захаваньня духоўнасьці чалавека. Таксама ў працы востра крытыкаваліся савецкая моўная палітыка й адмоўна ацэньвалася дзейнасьць дзеячаў культуры, адказных за ахову беларускае мовы.

Спачатку Бембель зьбіраўся выдаць кнігу афіцыйна, але пасьля таго, як стала зразумелым, што гэта немагчыма[3], працу пачалі распаўсюджваць у машынапісным варыянце; з дапамогай Аляксея Каўкі і Юрыя Туронка праца трапіла ў Лёндан, дзе й была надрукаваная Таварыствам беларусаў Вялікабрытаніі ў 1985 року. Пасьля выхаду кнігі Алег Бембель быў рэпрэсаваны: выключаны з КПСС (1986) і звольнены з Інстытуту філязофіі й права, а аддзел эстэтыкі й псыхалёгіі, дзе ён працаваў, быў расфармаваны. Ва ўстановах навукі й культуры зьбіраліся сходы дзеля «асуджэньня» яго дзейнасьці.

Некаторыя працы і творы

рэдагаваць
  • Рэха малітвы. Вершы зь Беларусі. New York, 1988.
  • Саната ростані. Białystok, 1988.
  • Малітвы за Беларусь. Менск, 1989.
  • Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс. London, 1985; часткова выд.: Myśl białoruska XX wieku. Filozofia, religia, kultura (Antologia), opr. J. Garbiński, Warszawa 1998.

Песьні на вершы Алега Бембеля

рэдагаваць

Бард Андрэй Мельнікаў запісаў цыкль песень на вершы Зьніча (Алега Бембеля).

  1. ^ Паводле Фонду Цэнтра «Карта» (Польшча)
  2. ^ Таксама навучаўся «некалькі гадоў» у БПІ й у 1959—1963 у Менскай музычнай вучэльні. Łarysa Androsik. Biembiel Aleh // Słownik dysydentów.
  3. ^ а б Łarysa Androsik. Biembiel Aleh // Słownik dysydentów.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць