Вулькан

геалягічнае ўтварэньне

Вулька́н — геалягічная структура, якая ўзьнікае пры выхадзе магмы (распалены камень) на паверхню плянэты (напрыклад, Зямлі). Усе суправаджальныя працэсы, якія ўзьнікаюць пры выхадзе лявы на паверхню, называюць вульканізмам. На глыбіні звыш 100 кілямэтраў тэмпэратура зямных парод дасягае 1000—1300 градусаў Цэльсія, пры гэтых умовах парода плавіцца да вязкай магмы, якая зьбіраецца вялікімі капляпадобнымі формамі на глыбіні ад 2 да 50 кілямэтраў. Калі ціск дасягае крытычнай велічыні, магма ўздымаецца на паверхню праз шчыліны літасфэры. Магма, якая такім шляхам дасягае паверхні зямлі, называецца лявай.

Схематычны малюнак, які адлюстроўвае працэс вывяржэньня вульканаў.

Вульканы Зямлі ўзьніклі таму, што ейная кара разьбіта на 17 асноўных, цьвёрдых тэктанічных плітаў, якія рухаюцца па гарачым і мяккім пласьце мантыі[1]. Такім чынам, на Зямлі вульканы звычайна сустракаюцца ў месцах, дзе тэктанічныя пліты разыходзяцца альбо збліжаюцца, і большасьць зь іх знаходзяцца пад вадой. Напрыклад, у сярэдняакіянскім хрыбце, як то Сярэдня-Атлянтычным хрыбце, ёсьць вульканы, якія стварыліся праз разыходжаньні дзьвюх тэктанічных плітаў, у той час як Ціхаакіянскае вогненнае кола складаецца з вульканаў, чыньнікам зьяўленьня якіх ёсьць зьбліжэньня тэктанічных плітаў. Вульканы таксама могуць утварацца там, дзе адбываецца расьцяжэньне і прарэджваньне пліты зямной кары, напрыклад, ва Ўсходнеафрыканскім рыфце, вульканічным полі Ўэлз Грэй-Клірўотэр і ў рыфце Рыё-Грандэ ў Паўночнай Амэрыцы. Існаваньне такога тыпу вульканізму адносіцца да тэорыі мантыявых плюмаў[2]. Гэтыя так званыя «гарачыя пункты», напрыклад, Гаваі, як пастулююцца, узьнікаюць у выніку нарасталых дыяпіраў з магмай ад мяжы Гутэнбэргу на глыбіні 3 тысячаў км. Вульканы звычайна не ўзьнікаюць там, дзе дзьве тэктанічныя пліты сьлізгаюць міма адна з адной.

Вывяржэньне вульканаў можа стварыць шмат небясьпекі ня толькі ў непасрэднай блізкасьці ад вывяржэньня. Адной з такіх небясьпек зьяўляецца тое, што вульканічны попел можа стаць пагрозай для самалётаў, у прыватнасьці, для рэактыўных рухавікоў, дзе часьцінкі попелу могуць раставаць пры высокай працоўнай тэмпэратуры; заплаўленыя часьцінкі прыляпляюцца да лапатак турбіны і зьмяняюць іхную форму, парушаючы працу турбіны. Вялікія вывяржэньні могуць паўплываць на тэмпэратуру, бо попел і кропелькі сернае кісьлі засланяюць Сонца і астуджаюць зямную ніжнюю атмасфэру (або трапасфэру); аднак яны таксама паглынаюць выпраменьваньне цяпла ад Зямлі, тым самым саграваючы верхнюю атмасфэру (або стратасфэру). Гістарычна вульканічныя зімы выклікалі катастрафічны голад сярод людзей.

Слова «вулькан» паходзіць ад назвы італьянскага вострава Вулькана. У рымскай міталёгіі гэты востраў лічыўся кузьняй Вулькану — рымскага бога агню.

Вульканічная актыўнасьць

рэдагаваць

Вульканы дзеляцца ў залежнасьці ад ступені вульканічнай актыўнасьці на дзейсныя, сьпячыя, патухлыя і дрымотныя. Дзейсным вульканам прынята лічыць вулькан, які вывяргаўся ў гістарычны пэрыяд часу або ў галяцэне. Паняцьце «актыўны» досыць недакладнае, бо вулькан, які мае дзейсныя фумаролы, некаторыя навукоўцы адносяць да актыўных, а некаторыя — да патухлых. Сьпячымі лічацца нядзейсныя вульканы, на якіх магчымыя вывяржэньні, а патухлымі — на якіх яны малаверагодныя.

Асноўныя рэгіёны вульканічнай актыўнасьці — Паўднёвая Амэрыка, Цэнтральная Амэрыка, Ява, Мэланэзія, Японскія астравы, Курыльскія астравы, Камчатка, Аляска, Алеуцкія астравы, Ісьляндыя, Атлянтычны акіян.

Поствульканічныя зьявы

рэдагаваць

Пасьля вывяржэньняў, калі актыўнасьць вулькану альбо спыняецца назаўжды, альбо ён «дрэмле» на працягу тысячаў гадоў, на самім вулькане і яго ваколіцах захоўваюцца працэсы, зьвязаныя з астуджэньнем магматычнага ачагу і званыя поствульканічнымі. Да іх адносяць фумаролы, тэрмы, гейзэры.

  1. ^ «Earthquakes, Volcanoes, and Tsunamis». Resources for Environmental Literacy.
  2. ^ Foulger, Gillian R. (2010). «Plates vs. Plumes: A Geological Controversy». Wiley-Blackwell. ISBN 978-1-4051-6148-0.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць