Мармоны
Мармоны — неафіцыйная назва Царквы Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён.
Гісторыя ўзьнікненьня
рэдагавацьУзьнікненьне Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён звязана з асобай Джозэфа Сьміта (1805, Вэрмонт, ЗША — 1844, Мізуры, ЗША). Паводле ягоных словаў, вясной 1820 году ў адказ на яго малітву яму зьявіліся асабіста Бог Айцец і яго Сын Ісус Хрыстос. Яны сказалі Джозэфу, што з усіх існуючых у той час цэркваў ніводная не зьяўляецца праўдзівай, бо тая Царква, якая была заснаваная самім Хрыстом, паступова адступіла ад ісьціны. Яны таксама сказалі яму, што ў яго ёсьць вельмі важная жыцьцёвая місія, аб дэталях якой, аднак, адразу не было сказана. Праз чатыры гады пасьля гэтага першага відзежу Джозэф Сьміт заявіў пра наступную сустрэчу з Нябесным пасланьнікам — у гэты раз з анёлам, імя якога было Мароній. Гэты пасланьнік расказаў Джозэфу пра старажытны манускрыпт, які быў напісаны старажытнымі прарокамі на Амэрыканскім кантынэньце. Гэты манускрыпт быў схаваны ў зямлі, і місія Джозэфа Сьміта была ў тым, каб перакласьці старажытныя пісаньні на сучасную мову. Яшчэ праз тры гады Джозэф Сьміт атрымаў памянёны манускрыпт, які быў перакладзены на ангельскую мову і выдадзены у 1830 годзе пад назвай «Кніга Мармона». Хутка пасьля гэтага, а менавіта 6 красавіка 1830 году была заснаваная Царква Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён. Джозэф Сьміт стаў першым прэзыдэнтам і Прарокам гэтай Царквы, якая, як было заяўлена, зьяўляецца адзінай праўдзівай Царквой на ўсёй Зямлі, бо менавіта Ісус Хрыстос праз свайго Прарока Джозэфа Сьміта аднавіў яе.
Далейшая гісторыя
рэдагавацьАдразу пасьля заснаваньня прыхільнікі і члены Царквы падвяргаліся сур’ёзным рэпрэсіям. З гэтай прычына яны часта зьмянялі месца жыхарства. З 1830 па 1836 год цэнтрам мармонаў стаў горад Кіртланд (Агаё). Пасьля выгнаньня з Кіртланду, пераадольваючы цяжкія перасьледаваньні, члены Царквы мармонаў спрабавалі замацавацца ў штаце Мізуры, але толькі ў 1839 годзе яны здолелі на некаторы час асесьці ў штаце Ілінойс, дзе заснавалі горад Наву. Пасьля пакутніцкай гібелі Джозэфа Сьміта мармоны былі змушаныя пакінуць і гэтае месца, накіраваўшыся на неасвоеныя землі ў Скалістых гарах. Іх вёў пераемнік Джозэфа Сьміта Брыгам Янг. Мармоны вельмі трывала замацаваліся на новым месцы і, нягледзячы на новыя перасьледаваньні, паступова ўмацаваліся як эканамічная і грамадзянская сіла. Новым цэнтрам мармонаў стаўся Солт-Лэйк-Сіці. Зь сярэдзіны 19 стагодзьдзя пачынаецца інтэнсіўная праца мармонскіх місіянэраў за межамі ЗША, вынікам чаго сталася інтэрнацыяналізацыя Царквы мармонаў.
У Беларусі першыя мармонскія місіянэры зьявіліся напачатку 1993 году. На гэты час мармоны маюць дзьве невялікія абшчыны (прыходы) у Менску і адну ў Віцебску.
Рэлігійныя погляды
рэдагавацьЦарква Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён верыць у тое, што была адноўленая самім Хрыстом праз адкрыцьцё сучасным прарокам. Сьвятыя апошніх дзён вераць у тую ж структуру Царквы, якая была ў часе зямнога служэньня Ісуса Хрыста, а менавіта: у Апосталаў (Царквой Сьвятых апошніх дзён кіруе Прарок і рада Дванаццаці Апосталаў), сямідзясятых, прасьвітараў і г. д. Важнай часткай рэлігіі сьвятых зьяўляецца няспыннае адкрыцьцё ад Бога, якое атрымлівае Прарок і Апосталы. Такім чынам, іх словы і вучэньні зьяўляюцца для Сьвятых такім жа Словам Божым, як і словы старажытных Апосталаў і Прарокаў. Сьвятыя вераць ня толькі ў Біблію, але і ў тое, што Кніга Мармона зьяўляецца Сьвятым Пісаньнем. Апроч Бібліі і Кнігі Мармона ў іх канон уваходзяць таксама кнігі Вучэньне і Запаветы, Каштоўная Пярліна. Важнай часткай вучэньня Царквы Сьвятых апошніх дзён зьяўляецца так званы закон здароўя: Сьвятыя ня п’юць алькаголь, ня паляць, ня п’юць чорнай и зялёнай гарбаты і кавы, аднак могуць піць каву з цыкорыю, а таксама не зялёную і ня чорную гарбату. У апошні час кіраўніцтва Царквы Сьвятых апошніх дзён вельмі шмат выступала супраць парнаграфіі, азартных гульняў.