Зоська Верас

беларуская пісьменьніца, грамадзкая дзяячка
(Перанакіравана з «З. Верас»)

Зо́ська Ве́рас, сапр. Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік (30 верасьня 1892, пас. Мяджыбаж, цяпер Летычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласьць, Украіна — 8 кастрычніка 1991, Вільня; псэўданімы: Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка) — беларуская пісьменьніца й грамадзкая дзяячка. Адна з пачынальніц беларускага адраджэнцкага руху, пад псэўданімам Мірко друкавалася ў 1911 годзе ў «Нашай Ніве»[2][3], актыўная ўдзельніца падзеяў беларускай гісторыі часоў БНР[4]. Аўтарка і складальніца «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (1924), брашуры «Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні» (1934), кнігі вершаў і апавяданьняў для дзяцей «Каласкі» (1985), перакладаў п’есаў на беларускую мову, выданьняў сваіх успамінаў і іншага.

Зоська Верас
лац. Zośka Vieras
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік
Псэўданімы Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка
Нарадзілася 18 (30) верасьня 1892
Памерла 8 кастрычніка 1991(1991-10-08) (99 гадоў)
Пахаваная
Бацькі Антон Сівіцкі[d]
Эмілія Садоўская[d]
Сужэнец Фабіян Шантыр і Антон Войцік[d]
Дзеці Галіна Войцік і Антон Шантыр[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік, паэтка, перакладніца
Мова беларуская мова[1], расейская мова[1] і украінская мова[1]
Творы на сайце Knihi.com
 
Зоська Верас у сцэнічным касьцюме. 1913 год

Нарадзілася ў сям’і вайскоўца Антона Сівіцкага й Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны[5] ў 1892 годзе. Як і ў шмат якіх шляхецкіх сем’ях, дома размаўлялі па-польску[5][6].

Гісторык Генадзь Каханоўскі зацікавіўся постацьцю прадзеда Людвікі Сівіцкай Ігната Кулакоўскага, які яшчэ ў 1834 годзе ў лісьце на імя расейскага міністра асьветы пісаў пра неабходнасьць даць беларускаму народу адукацыю «с учётом национальной самобытности здешних людей». Праўнучка захавала дыплём аб выбраньні дасьледчыка беларускіх старажытнасьцяў і пэдагога Ігната Кулакоўскага сябрам Навуковага таварыства ў Даніі. Ён меў гонар таксама быць сябрам навуковых таварыстваў у Вільні, Варшаве, Пецярбургу[5].

Дзед Людвікі па матчынай лініі Людвік Садоўскі быў знатным пчаляром і садаводам, ён вучыўся ў Варшаве ў К. Лявіцкага, імем якога названая канструкцыя рамачнага вульля, прапанаваная Лявіцкім у 1882 годзе.[7] Людвік добра ведаў беларускую мову й карыстаўся ёю ў размовах зь сялянамі[5].

Бацька Людвікі, Антон Міхайлавіч Сівіцкі, быў родам з Горадні, скончыў Гарадзенскую мужчынскую гімназію[8], называў сябе ліцьвінам[6], ён шмат чытаў, любіў паэзію, ягонымі ўлюбёнымі паэтамі былі Адам Міцкевіч і Ўладзіслаў Сыракомля[6].

Біяграфія

рэдагаваць
 
Фабіян Шантыр
 
Пасьведчаньне сябра Рады БНР на імя Людвікі Сівіцкай

Пачатковую адукацыю, у тым ліку й музычную, атрымала ад бацькоў[6][9], а ў 1904 паступіла ў прыватную гандлёвую вучэльню Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні. Пасьля сьмерці бацькі ў 1908 пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі (па іншых крыніцах — маёнтак Крыштапарова) Сакольскага павету. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая месьцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Горадні (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы[9] й 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914).

3 1915 у Менску. Працавала сакратаркай у Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацыяў, Беларускай сацыялістычнай грамадзе. У тым жа годзе пазнаёмілася з Фабіянам Шантырам, які быў на 5 гадоў старэйшым за яе[10]. У іх завязаліся рамантычныя адносіны. Фабіян жыў у Бабруйску, але часта наведваўся ў Менск. Ён удзельнічаў у рабоце клюбу «Беларуская хатка» ў 1916—1917 і быў актыўна залучаны ў грамадзкім жыцьці. Зоська таксама наведвала яго ў Бабруйску, нават пасьля арышту Фабіяна, які адбыўся ў 1918 годзе, у выніку чаго Шантыр апынуўся ў Бабруйскай турме. У сваіх лістах і ўспамінах З. Верас называе Ф. Шантыра мужам, але расьпісацца ім ня склалася[10]. У лісьце да Ванды Лявіцкай Зоська ўскладае віну за гэта на Рамуальда Зямкевіча, які, па яе словах, узьвёў паклёп на яе ў вачах Шантыра[10].

У канцы 1918 году З. Верас пакідае Менск з прычыны хваробы маці й вяртаецца ў маёнтак дзеда — Альхоўнікі[10]. У 1919 годзе ў Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, ягоны бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны ў 1920 г[5]. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка Антонаўна пісала вершы, прысьвечаныя найчасьцей малому сыночку. У 1922 годзе Людвікін дзед памёр, і маёнтак давялося прадаць[9].

У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з Антонам Войцікам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэваў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася ва Ўкраіне[9] У 1926 годзе Зоська Верас выйшла замуж за Антона Войціка, маладыя павянчаліся ў віленскім Касьцёле Сьвятога Міколы[11]. У гэтым шлюбе 1 ліпеня 1927[12] нарадзілася дачка Галіна Войцік, па мужы Луцкевіч.

У 1924—1929 гг. працавала адміністратаркай рэдакцыі газэтаў Беларускай сялянска-рабочай грамады, у 1927—1931 гг. — рэдактар дзіцячага часопіса «Заранка», пісала для яго апавяданьні, а ў 1934—1935 гг. — дзіцячага часопіса «Пралескі», у 1928—1939 гг. — старшыня Беларускага каапэратыўнага таварыства «Пчала», адначасова (1934—1938) — рэдактар пчалярскага часопіса «Беларуская борць» (Вільня).

У 1946 годзе Антона Шантыра арыштавалі і асудзілі. Ні маці, ні сястра ня ведалі, дзе знаходзіцца Антон й што зь ім[13]. Пасьля таго, як у 1944 годзе была закрытая Віленская беларуская гімназія, у 1945 годзе ліквідаваны Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, а ў 1948 годзе раптоўна памёр муж, у жыцьці пісьменьніцы наступіў цяжкі пэрыяд, які пазьней яна звала «летаргічным сном».

У 1956 годзе Антон нечакана вярнуўся дамоў са сталінскіх лягераў, цяжка хворы[14]: 10 гадоў ён быў пазбаўлены права ліставацца з маці[5].

Толькі ў 1961 годзе Зоська Верас была «адкрытая» Арсенем Лісам, які зьбіраў у віленскіх архівах матэрыял для сваёй дысэртацыі, пасьля гэтага яе пачалі наведваць пісьменьнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты. У канцы 1980-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільні. Чалец СП СССР (з 1982).

Памерла ў 1991 г., пахаваная на Панарскіх могілках побач з магіламі маці, мужа й сына[5].

Грамадзкая дзейнасьць

рэдагаваць
 
Запіска Максіма Багдановіча Зосьцы Верас, напісаная падчас гульні моладзі на вечарыне г. Менск. 1917 г.
 
Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч

Удзельніца Гарадзенскага гуртку беларускай моладзі (1909—1913), дзе працавала бібліятэкарам і сакратаром[9]. Падчас удзелу ў гуртку грала ў пастаноўцы п’есы «Па рэвізіі» ў лютым 1910 году Пантурчыху, а ў «Модным шляхцюку» ў лютым 1911 году — Ганку. Паказ апошняй прайшоў на кватэры ў Верас[8]. Удзельнічала ў выданьні альманаха «Колас беларускай нівы» (Горадня, 1913). Кантактавала з газэтай «Наша Ніва», віленскімі выдавецтвамі, перапісвалася з Іванам Луцкевічам, Вацлавам Ластоўскім, Аляксандрам Уласавым.

У час Першай сусьветнай вайны разам з маці, Эміліяй Сівіцкай, эвакуявалася ў Менск. Супрацоўнічала зь «Беларускай хаткай», дзе пазнаёмілася зь Ядвігіным Ш. і яго дачкой Вандай Лявіцкай, а таксама з Аркадзем Смолічам і Уладзіславам Галубком, пасябравала з Максімам Багдановічам. У 1916—1917 працавала ў Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917 годзе Зоська Верас удзельнічае ва Ўсебеларускім кангрэсе. У 1918 годзе Людвіка Сівіцкая — сябра Рады БНР[15].

З 1923 годзе жыла ў Вільні. Апекавала беларускіх палітычных вязьняў, якія сядзелі ў віленскай турме «Лукішкі». Вынесла з «Лукішак» вершы Міхася Машары й выдала за свой кошт яго першы зборнік «Малюнкі» (1928)[16]. Друкуе свае творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка», дзе выступае разам з Натальляй Арсеньневай.

Верас вяла перапіску й сябравала са шматлікімі беларускімі грамадзкімі дзеячамі ды літаратурнымі асобамі[2]: Віталем Скалабанам, Янкам Саламевічам, Данутай Бічэль-Загнетавай, Зыгмунтам Абрамовічам, Ларысай Геніюш, Вольгай Іпатавай, Сяргеем Панізьнікам, Уладзімерам Содалем і г. д.

У «Лясной хатцы» бывалі пісьменьнікі Ўладзімер Караткевіч, Яраслаў Пархута, Рыгор Барадулін, Ларыса Геніюш, Данута Бічэль-Загнетава, Алесь Бачыла, мастакі Аляксей Марачкін, В. Маркавец, Яўген Кулік, Мікола Цэлеш, Вячаслаў Целеш, А. Цыркуноў, вучоныя-літаратуразнаўцы Адам Мальдзіс, Янка Саламевіч, Генадзь Кісялёў, Віталь Скалабан[5].

Рыгор Барадулін падкрэсьліў непаддзельную цікавасьць З. Верас да грамадзкага жыцьця на працягу амаль цэлага стагодзьдзя такімі радкамі[17]:


  Да часу маючы інтэрас,

Не зачыняючы дзьвярэй,
Гаворыць зь векам
Зоська Верас,
Як з братам,
Што крыху старэй.

 

У 1988 годзе Зоська Верас разам зь зяцем Лявонам, сынам Антона Луцкевіча ўтварылі спачатку клюб «Сябрына», а 4 лютага 1989 году было заснаванае Таварыства беларускай культуры ў Летуве[18].

Творчасьць

рэдагаваць
 
Зоська Верас

Дэбютавала ў 1907 (часопіс «Падснежник», Кіеў). На беларускай мове выступіла з «абразкамі» пад псэўданімам Мірко[19] ў 1911 (газэта «Наша Ніва»). У час эвакуацыі ў Менску Зоська Верас піша вершы, лірычныя абразкі. Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніку» (Вільня, 1924; арыгінал захоўваецца ў Нью-Ёрку), брашуры «Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні» (1934), кнігі вершаў і апавяданьняў для дзяцей «Каласкі» (1985). Напісала ўспаміны пра Максіма Багдановіча («Пяць месяцаў у Менску»)[20], У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш. Для дзіцячага тэатру з украінскай мовы пераклала п’есы Р. Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю. Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з расейскай — «Лясныя хаткі» Віталя Біянкі (Вільня, 1931).

Батанічная й пчалярская дзейнасьць

рэдагаваць

З. Верас была рэдкім чалавекам, які зь беларусканавуковымі мэтамі займаўся батанікай[5]. У сваёй аўтабіяграфіі яна адзначала, што зацікаўленьне батанікай зьявілася яшчэ ў гімназіі[6].

Пасьля курсаў «Агародніцтва, садоўніцтва й пчалярства», якія Людвіка скончыла да 1 ліпеня 1914 году, яна атрымала пасьведчаньне «аб’яздовага інструктара»[9]. Практыку адбывала ў свайго дзеда, заўзятага садоўніка й пчаляра. Яшчэ ў 1912—1913 гадах яна пачала складаць «Батанічны зельнік», ставячы на першае месца назовы расьлінаў у беларускай мове. На радзіме дзеда яна працягвала далей запісваць назовы расьлінаў[9].

Падчас працы сакратаром у «Камітэце Таварыства дапамогі ахвярам вайны», ёй было даручана арганізаваць вырошчваньне капусты ня так ужо й блізка ад Менску. Яна разьлічыла колькасьць неабходнай расады, насеньня, угнаеньняў, але, калі выехала на месца, аказалася, што глеба там гліністая, вады блізка няма й капуста там ня вырасьце. На гэтым «Капусныя праекты Аляксандра Уласава», як яна іх называла, былі згорнутыя.

З. Верас чытала лекцыі на 45-дзённых курсах агародніцтва й пчалярства для бежанцаў з дазволу Міністэрства Земляробства. У 1918 годзе вярнулася ў Альхоўнікі, дзе пражыла пяць гадоў. Там яна працавала над батанічным слоўнікам, а сумесна з украінскім аграномам Міхалам Бароўскім над кніжкай «Медадайныя расьліны»[9].

Вакол хаткі З. Верас у Вільні рос багаты батанічны сад, які меў багацейшую калекцыю расьлінаў, сабраных Людвікай Антонаўнай[9], там жа была й аранжарэя зь цяпліцай. Там расьлі ўнікальныя гатункі кветак, дрэваў, папараці, кітайскія, японскія, галяндзкія ружы, цытрыны, лаўр, арэхі. Кветкамі займалася Галіна — дачка гаспадыні, а ў цяпліцы працаваў Яраслаў, сын Галіны, і Лявон, яе муж[21].

У 1924 годзе выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік». У слоўнік увайшлі 302 расьліны, якія мелі 424 беларускія назвы. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу[5][9]. У 1927 годзе падрыхтавала кнігу «Мядовыя расьліны», у якой ёсьць беларуска-польска-маскоўска-ўкраінска-лацінскі слоўнік мядовых расьлінаў, дэталёвыя апісаньні кожнае расьліны.[22] З 1928 году займае пасаду старшыні Беларускага каапэратыўнага таварыства «Пчала». У 1935 годзе таварыства «Пчала» арганізуе завочныя курсы па зборы медадайна-лекарскіх і лекарскіх зёлак. Гэтыя курсы апрацоўвала ўдваіх са студэнтам-мэдыкам Вітаўтам Тумашам[5][9].

Яшчэ для «Заранкі», а пасьля й для «Пралесак», пісьменьніца пісала навуковапапулярныя артыкулы на тэму прыроды[5].

Рэдактар-выдавец часопіса «Беларуская борць» (1934—1938). Свае артыкулы па сельскай гаспадарцы, пчалярству й агародніцтву друкавала таксама ў газэтах «Беларуская ніва» й «Народная справа», а парады на гэтыя тэмы ў Віленскіх беларускіх адрыўных календарах, якія яна выдавала з 1926 да 1939 году[5][9].

Маючы вялікі аўтарытэт у асяродзьдзі мастакоў, яна запрашала іх да сябе ў сад замаляваць расьліны ў розныя пэрыяды вэгетацыі, зьбірала, сушыла зёлкі, расфасоўвала ў шкляныя баначкі. Так яна параіла стварыць залу народнай мэдыцыны ў Гудзевічах[23][24] і сама рабіла экспанаты для аддзелу зёлкавых расьлінаў Гудзевіцкага школьнага музэю. Адначасова стварала рэцэпты зёлкавых збораў. Яе сябра па Гарадзенскім гуртку з Амэрыкі даслаў кнігу пра лекавыя расьліны, і ў свае 98 гадоў яна начамі рабіла пераклад гэтай кнігі на беларускую мову[9].

Уладзімер Караткевіч, зьвяртаючыся да З. Верас у перапісцы, называў яе «паважаны наш батанічны бог»[25].

Унук З. Верас, Вячаслаў Войцік, стаў батанікам і прыродазнаўцам[26].

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

Зосьцы Верас прысьвяцілі вершы Віктар Шніп[27], Рыгор Барадулін[17][28], Сяргей Панізьнік[29] Людміла Рублеўская[30], яна ж сумесна з гісторыкам Віталём Скалабанам напісала паэму «Людвіка і Фабіян», прысьвечаную каханьню Людвікі й Фабіяна Шантыра[31][32].

Зосьцы Верас прысьвечаны фільм, зьняты на «Беларусьфільме»[33]. Галіна Войцік напісала кнігу «Зоська Верас», якая выйшла ў 2002 годзе[34].

Ларыса Геніюш пісала:


  Вільня, Вільня, наша Мекка, вера,

Каліноўскага святая кроў.
Там жыве, бы ў казцы, Зоська Верас
ля высокіх віленскіх муроў…

 

Партрэт З. Верас напісаў Анатоль Крывенка й адліў Мікалай Несьцярэўскі[35][36]. Іван Пратасеня напісаў карціну «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год».

Эксьлібрыс для З. Верас стварыў Вячка Целеш[37][38].

У 2013 годзе ў кніжнай сэрыі «Гарадзенская Бібліятэка» выйшла кніга «Зоська Верас. Я помню ўсё». У кнізе надрукаваны ўспаміны Зоські Верас, яе прыватная карэспандэнцыя, фатаздымкі. Упершыню апублікаваныя 367 лістоў, датаваныя 1967—1989 гадамі. Лісты і ўспаміны сабраў, апрацаваў і ўклаў Міхась Скобла.[39]

Бібліяграфія

рэдагаваць
  • Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985.
  • ["Заранка"] // Полымя. 1968. № 4.
  • Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975.
  • Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.
  • Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976.
  • Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980.
  • Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У.Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6.
  • Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981.
  • Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
  • Лісты Зоські Верас да Апалёніі Савёнак / Падр. да друку й камэнт. Н. Гардзіенкі // Запісы = Zapisy. — 2004. — Кн. 27. — С. 251—257.
  • Зоська Верас. «Дасьпела душа мая ў цярпеньні...» Вершы і імпрэсіі. // Наша Вера : часопіс. — 2012. — № 3 (61). — С. 46, 47.
  • Зоська Верас. Я помню ўсё. Успаміны, лісты. / Укладальнік Міхась Скобла. — Гародня; Wrocław: 2013. — 476 с. — (Гарадзенская бібліятэка). — ISBN 978-83-7893-104-1

Фільмаграфія

рэдагаваць

Крыніцы й заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б Міхась Скобла//«Радыё свабода»:Партызанка Зоська Верас
  3. ^ Зоська Верас, біяграфія
  4. ^ Валянціна Аксак//«Радыё Свабода»: 120-годзьдзе Зоські Верас амаль не заўважылі
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Галіна Войцік. ЗОСЬКА ВЕРАС. СЭРЫЯ «ПАРТРЭТЫ ВІЛЕНЧУКОЎ»
  6. ^ а б в г д Зоська Верас. З АЎТАБІЯГРАФІІ
  7. ^ Улей Левицкого — немного в историю  (рас.)
  8. ^ а б Сівіцкая-Войцік Людвіка Антонаўна
  9. ^ а б в г д е ё ж з і к л м Старая Гродзенская патрыётка Зоська Верас!(недаступная спасылка)
  10. ^ а б в г Фабіян! Фабіян!..
  11. ^ Обретение Вильни  (рас.)
  12. ^ Памерла Галіна Войцік
  13. ^ Боль воспоминаний(недаступная спасылка) (рас.)
  14. ^ Д. Бічэль. Сустрэчы з Зоськай Верас
  15. ^ Пасьведчаньне раднай БНР Людвікі Сівіцкай
  16. ^ Імёны свабоды
  17. ^ а б Бяседа(недаступная спасылка)
  18. ^ Мы стаім ніжэй за цыганоў
  19. ^ т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  20. ^ Пяць месяцаў у Мінску
  21. ^ Мікола Купава. Мая Вільня
  22. ^ Патрэбная кніжка. // Студэнцкая думка : часопіс. — 1925. — № 1 (2). — С. 42.
  23. ^ ГУДЗЕВІЦКІ ЛІТАРАТУРНА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ
  24. ^ Як лячылі прастуду нашы продкі
  25. ^ Ліст У. Караткевіча да беларускай пісьменніцы Зоські Верас. 6 жніўня 1980 г.(недаступная спасылка)
  26. ^ Pawet № 29 (715)
  27. ^ Баляда Зоські Верас
  28. ^ Р. Барадулін. Вяртанне Максіма
  29. ^ Сяргей Панізнік. Зоська Верас
  30. ^ ЗОСЬКА ВЕРАС
  31. ^ Советская Белоруссия № 52 (23443). Вторник, 23 марта 2010 года(недаступная спасылка)
  32. ^ Ад архіўнага дакумента — да мастацкага твора(недаступная спасылка)
  33. ^ На «Беларусьфільме» здымаюць стужку пра Зоську Верас
  34. ^ Зоська Верас
  35. ^ ВЕРАС Зоська
  36. ^ Зоська Верас
  37. ^ Вячка (Вячаслаў) Міхайлавіч ЦЕЛЕШ
  38. ^ Экслібрыс З. Верас(недаступная спасылка)
  39. ^ «Я помню ўсё». Выйшла кніга творчай спадчыны Зоські Верас

Літаратура

рэдагаваць
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік у 6-ці тамах / АН Беларусі, Інстытут літаратуры ім. Я. Купалы; рэд. А. І. Мальдзіса.Т. 2: Верабей — Іваноў. — Мн.: БелЭн, 1993. — 543 с.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Данута Бічэль. Сустрэчы з Зоськай Верас. // Наша вера : часопіс. — 2005. — № 4 (34).
  • Леакадзія Мілаш. «Агеньчык, які не затухае»: (да 110-годдзя з дня нараджэння Зоські Верас) // Кантакты і дыялогі № 10-12. — Вільня: 2002.
  • Галіна Войцік. Зоська Верас. — Вільня: 2002. — («Партрэты Віленчукоў»). — ISBN 9955-427-03-5
  • Лойка А. Зоська Верас // Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 выд. Мн., 1989. Ч. 2;
  • Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі… Мн., 1992.
  • Пяткевіч А. М. Верас З. // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2.—Мн.: Бел. Энцыклапедыя, 1993.
  • Саламевіч І. Верас Зоська // БЭ ў 18 т. Т. 3. Мн., 1997.
  • Скобла, Міхась. Шарая пташка панарскага лесу. // Наша Вера : часопіс. — 2012. — № 3 (61). — С. 43—45.
  • Ягоўдзік Ул. Ластаўка з лясной хаткі // ЛіМ. 2001. 11 мая.
  • Маргарыта Яфімава. «Баюся жыці без ідэалу...» : зборнік «Каласкі» Зоські Верас. // Роднае слова : штомесячны навуковы і метадычны часопіс. — 2008. — № 2 (242). — С. 23―25.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць