Алесь Бачыла

беларускі паэт

Але́сь Бачы́ла, сапр. Алякса́ндар Мікала́евіч Бачы́ла (2 сакавіка 1918, в. Лешніца, Ігуменскі павет, Менская губэрня — 4 студзеня 1983) — беларускі паэт, драматург, перакладчык. Заслужаны дзяяч культуры БССР (1967).

Алесь Бачыла
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 сакавіка 1918(1918-03-02)
Памёр 3 студзеня 1983(1983-01-03) (64 гады) або 4 студзеня 1983(1983-01-04)[1] (64 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, перакладнік, паэт, празаік, лібрэтыст, рэдактар
Гады творчасьці 19341983
Мова беларуская мова[2], расейская мова[2], украінская мова[2] і латыская мова[2]
Узнагароды
ордэн Дружбы народаў ордэн Чырвонай Зоркі
Заслужаны дзяяч культуры Рэспублікі Беларусь

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся 2 сакавіка 1918 году ў в. Лешніца Ігуменскага павету Менскай губэрні (цяпер Пухавіцкі раён Менскай вобласьці) у сялянскай сям’і.

Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Каралішчавіцкай і Сінілаўскай школах на Меншчыне. У 1939 годзе завочна скончыў Менскі настаўніцкі інстытут. Восеньню 1939 году прызваны ў Чырвоную Армію, служыў да 1945 году. Удзельнічаў у паходзе ў Іран, у баях на Крымскім, Паўночна-Каўказскім (Чарнаморская група войск), Варонескім, 2-м Беларускім і 1-м Прыбалтыйскім франтах[3].

Пасьля вайны працаваў у «Настаўніцкай газэце», потым у газэце «Літаратура і мастацтва» — загадчыкам аддзелу, адказным сакратаром (1946—1951), намесьнікам галоўнага рэдактара (1952—1957). У 1951—1952 гадох — уласны карэспандэнт «Литературной газеты», рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. З 1952 года — намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Літаратура і мастацтва». У 1957—1972 г. — адказны сакратар часопісу «Полымя», у 1972—1978 гадох — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Памёр 4 студзеня 1983 году. Пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.

Творчасьць рэдагаваць

Дэбютаваў у друку ў 1934 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Шляхі» (1947)[2], «Зоры вясеньнія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і іншых, паэмы «Асеньняя аповесьць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра калектывізацыю, раскулачваньне, адвучваньне селяніна быць гаспадаром на зямлі.

Сюжэтнасць верша, напеўнасьць радка далі магчымасьць многія яго вершы пакласьці на музыку («Радзіма мая дарагая», музыка У. Алоўнікава, і іншыя). Аўтар лібрэта опер «Яснае світаньне» (1958, музыка А. Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісьце» (1968), «Зорка Вэнэра» (1970) і апэрэты «Паўлінка» (1973, усе на музыку Ю. Семянякі).

Аўтар кнігі пра М. Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выданьне, 1983). Пісаў сатырычныя творы (зборнік «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зборнік «Мне купілі самакат», 1981).

На беларускую мову перакладаў творы расейскіх, украінскіх, латыскіх паэтаў, «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А. Талстога, «Тараса Бульбу» М. Гогаля (з М. Пасьлядовічам), «Берасьцейскую крэпасьць» С. Смірнова (з. А. Бажко) і іншыя.

Бібліяграфія рэдагаваць

  • 3бор твораў. Т. 1—3. Менск, 1986—87;
  • Выбранае. Т. 1—2. Менск, 1978;
  • Крыло неспакою: Пошук, роздум, палеміка, успаміны. Менск, 1985.

Ушанаваньне памяці рэдагаваць

Імем Алеся Бачылы названы вуліцы ў Менску, Мар’інай Горцы і Міханавічах.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ нарматыўны кантроль Бібліятэкі Кангрэсу (анг.)Library of Congress.
  2. ^ а б в г Bačyla, Ales‘ // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  3. ^ Бачило Алесь // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 46. — 737 с.

Літаратура рэдагаваць

  • Алесь Бачыла // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя. У 5 т. Т. 5. — Мінск, 1981.
  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 2. — Мінск, 1996.
  • Беларусь: энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 1. — Мінск, 1984.