Вяльля
Вяльля́ — рака ў Беларусі і Летуве, правы прыток Нёману. Даўжыня 498 км, у тым ліку ў Беларусі — 264 км. Плошча вадазбору 25,1 тыс. км², у тым ліку на тэрыторыі Беларусі — 11 тыс. км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰. Выдатак вады ў вусьці каля 186 м³/с.
Вяльля лац. Vialla | |
Рака Вяльля каля сутокаў з Нарачанкай | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | каля в. Вялікага Поля |
Вусьце | Нёман |
Краіны басэйну | Беларусь, Летува |
Вобласьці | Гарадзенская вобласьць, Віцебская вобласьць, Менская вобласьць, Віленскі павет і Ковенскі павет |
Даўжыня | 498 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 186 м³/с |
Плошча басэйну | 25,1 тыс. км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,3 ‰ |
Месцазнаходжаньне | |
Асноўныя прытокі | |
Левыя | Дзьвінаса, Кабылянка, Ілія, Белавароціца, Вільня, Вуша, Ашмянка, Газоўка |
Правыя | Сэрвач, Нарачанка, Страча, Дудка |
Асноўныя прытокі
рэдагаваць- Правыя: Сэрвач, Нарачанка, Страча, Дудка, Балошынка, Сарачанка, Жаймяна, Сьвятая
- Левыя: Дзьвінаса, Кабылянка, Ілія[a], Белавароціца, Вільня, Вуша, Ашмянка, Газоўка, Кужэц, Лонва, Оксна
Амаль усе прытокі Вяльлі каналізаваныя. У басэйне ракі больш за 40 каналаў агульнай даўжынёй каля 300 км.
На рацэ
рэдагавацьНазва
рэдагавацьУ гістарычных крыніцах упамінаецца пад назвай Веля, або Велья, або Велея, то бок 'вялікая'. Індаэўрапейскі корань назвы адсылае да значэньня 'заходні кірунак' і культу продкаў, а значыць зьвязвае і з культам бога Вялеса[1][2]. Тым часам беларускі мовазнаўца Язэп Лёсік зьвязваў назву ракі з племем вільцаў-люцічаў, званых таксама велетамі[3].
Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай і павелічэньні ўплыву польскай культуры і мовы назва ракі пачала пісацца па-польску: Вілія або Вілья, што захавалася ў афіцыйным напісаньні да сёньняшніх дзён. Такім чынам, рака страціла свой першасны сэнс і набыла новы: Вілія — нібыта таму, што віляе[1][2].
Летувісы завуць раку Neris. Зь фінска-вугорскага нэріс — 'узвышша, пагорак' (у Летуве рака цячэ паміж пагоркамі)[4].
Агульныя зьвесткі
рэдагавацьПачынаецца зь невялікага балота за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Вялікага Поля Докшыцкага раёну, перасякае граніцу зь Летувой за 2 км на паўночны захад ад вёскі Жарнэляў Астравецкага раёну, упадае ў Нёман на тэрыторыі Летувы каля места Коўны. На рацэ створана Вялейскае вадасховішча, частка вады якога Вялейска-Менскай воднай сыстэмай перапампоўваецца ў раку Сьвіслач.
Даліна зьвілістая, добра распрацаваная, у верхняй плыні шырынёй 1—3 км, бліжэй да вусьця звужаецца да 0,2—0,4 км. Амаль на ўсім працягу тэрасы. Абалона ў верхняй плыні ў асноўным забалочаная, шырыня яе 200—400 м, ніжэй перарывістая, шырынёй 50—70 м, месцамі да 600 м; на дзялянцы паміж вёскамі Стахамі і Раздорамі Вялейскага раёну шмат старыцаў. Рэчышча ў вярхоўі моцназьвілістае, шырыня яго ад 1 м да 2 м, каля вусьця Вушы 40—60 м (месцамі да 100 м), да ўтоку ракі Балошынкі 60—70 м; шмат выспаў, адмелінаў, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя дзялянкі. Берагі стромкія, у вярхоўі тарфяністыя. Веснавое разводзьдзе пачынаецца ў канцы сакавіка і доўжыцца каля 50 дзён[5].
Рэжым адметны інтэнсіўным веснавым разводзьдзем (каля 45% сярэдняга сьцёку) і нізкім стаяньнем вады ў летнюю межань. Па ўводзе ў эксплюатацыю Вялейскага вадасховішча ўзроўневы й сьцёкавы рэжым плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Замярзае ў верхняй плыні ў пачатку сьнежня, у сярэдняй і ніжняй — у канцы сьнежня — пачатку студзеня, крыгалом у 2-й палове сакавіка ад вусьця да вярхоўя. Сярэдняя тэмпэратура вады ўлетку 18—20 °С, найбольшая ў ліпені (27,9 °С, 1956 год).
Тэрыторыя басэйну Вяльлі ўтварае гістарычны рэгіён Павільле[6], які, у сваю чаргу, складаў частку Літвы[7].
Рэльеф
рэдагавацьРэльеф складаецца з канцова-марэнавых утварэньняў, збытных пагорыстых градаў і групаў пагоркаў з забалочанымі паніжэньнямі паміж імі. Найбольш прыпаднятая паўднёва-ўсходняя частка вадазбору з адноснымі вышынямі да 100 м (асобныя пагоркі Менскага ўзвышша) у ніжняй частцы пераходзіць у Нарачанска-Вялейскую нізіну.
Расьліннасьць
рэдагавацьЛясныя масівы ў асноўным сустракаюцца ў верхняй і сярэдняй плынях і абмяжоўваюцца левабярэжжам ракі Нарачанкі, ніжэй яны памяншаюцца і значна радзейшыя. Агульная лясістасьць складае 30%, у тым ліку 5% складае забалочаны лес.
Азёры
рэдагавацьАзёры займаюць 2% плошчы, большай часткай разьмяшчаюцца па правабярэжжы. Найбольш значныя зь іх: Нарач, Мястра, Сьвір, Вішнеўскае, Вялікая Швакшта.
Жывёльны сьвет
рэдагавацьГаспадарчая дзейнасьць
рэдагавацьНа вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы, у выніку якіх, на 1 студзеня 2006 году 14% плошчы басэйну мэліяраваныя. Працягласьць адкрытай асушальнай сеткі складае 7790 км[8]. У 1997 годзе на плаціне Вялейскага вадасховішча пачала працаваць Вялейская ГЭС магутнасьцю 2000 кВт.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Упадае ў паўднёвую затоку Вялейскага вадасховішча, перад будаваньнем вадасховішча ўпадала беспасярэдне ў раку Вяльлю.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Волат-Лужынская, Э. (19 красавіка 2007) Гісторыя мястэчка Вялейка. vialejka.org. Архіўная копія ад 18 верасьня 2009 г.
- ^ а б Ефимова Н. А. История Вилейки 15—18 веков // Вілейскі краязнаўчы зборнік: [Матэрыялы краязн. навук. канф. «Вілейшчына — погляд у мінулае і сучаснасць» (27 мая 1999 г.) / Склад. В. Коласава. — Менск: МГА «Бел. кнігазбор», 2001. — С. 28—45. — ISBN 985-6638-23-2
- ^ Лёсік Я. Літва-Беларусь: гістарычныя выведы. — Менск, 2016. С. 15.
- ^ Ласкоў І. Летапісная літва: Сваяцтва і лёс. — Вільня: Наша будучыня, 2011. — С. 203.
- ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 96.
- ^ Звяруга Я. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. Мінск, ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005
- ^ Лойка П. Унутраная палітыка ВКЛ (XIV — сярэдзіна XV ст.), Бібліятэка гістарычных артыкулаў
- ^ Река Вилия (рас.). Гідрамэтцэнтар Беларусі.
Літаратура
рэдагаваць- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 96.
- Звяруга Я. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі // Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. — Мінск: ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005.
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 574 с.: іл.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн.: 2005. — 135 с.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ / Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с. 40 л. ил.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. — Л.: 1971 Т. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Мястэчка Буйвіды над Віліяй атрымала герб, Рэгіянальная газета 24 ліпеня 2012 г.
- Экспедыцыя — не паўтарэнне пройдзенага, Рэгіянальная газета 2 ліпеня 2010 г.