Вялейскае вадасховішча
Вялейскае вадасховішча (Вялейскае мора) — найбуйнейшае вадасховішча Беларусі, на сутоках Вяльлі з Сэрваччу, Ільліяй, Касуткай. Знаходзіцца ў Вялейскім раёне Менскай вобласьці, за 5 км на ўсход ад места Вялейкі. Галаўное гідразбудаваньне Вялейска-Менскай воднай сыстэмы. Плошча паверхні 64,6 км². Даўжыня 27 км, найбольшая шырыня 3 км. Найбольшая глыбіня дасягае 13 м, сярэдняя складае 3,7 м. Аб'ём запаўненьня 238 млн. м³[1].
Вадасховішча
Вялейскае
| |||||||||||||||||||||
Месцазнаходжаньне Вялейскага вадасховішча
Вялейскае |
Уздоўж берагоў вадасховішча стаяць места Вялейка, гістарычнае мястэчка Вязынь, вёскі Рабунь, Сосенка, Чыжэвічы. На плаціне вадасховішча разьмяшчаецца Вялейская ГЭС.
Апісаньне
рэдагавацьКатлавіна рачнога тыпу, выцягнутая з захаду на ўсход. Схілы спадзістыя, пераважна пад лесам. Берагавая лінія слабапарэзаная, у месцах утоку рэкаў буйныя затокі. Берагі нізкія, маюць вышыню 0,5—1 м, складаюцца зь пяскоў і суглінкаў. Вадазбор (плошча 4120 км²) знаходзіцца ва ўсходняй частцы Нарачанска-Вялейскай нізіны. Рэльеф спадзіста-хвалісты, грунты — розназярністыя пяскі, у паніжэньнях тарфянікі. Каля 35% пад мяшаным лесам і хмызьняком, 7% пад балотамі і забалочанымі землямі, 30% пад ворывам.
Дно высьцілаецца розназярністымі пяскамі, пад тарфянікамі да 15% плошчы. На паўднёвым беразе пясковыя пляжы. Мае 10 выспаў, берагі якіх актыўна размываюцца.
Вадасховішча сярэднеэўтрофнае. Упадаюць рэкі Жучка, Орпа і Грэзьніца. Зарастае нязначна, агульная плошча зарастаньня каля 10%.
Флёра і фаўна
рэдагавацьНа мелкаводьдзі асобныя дзялянкі рдзестаў і драсёну земнаводнага.
У вадасховішчы водзяцца шчупак, лешч, акунь, карась, плотка, верхаводка ды іншыя віды рыбаў.
На выспах гняздоўі чаек, качак, у асобныя гады — лебедзяў[2].
Гісторыя
рэдагавацьБудаваньне вадасховішча пачалі ў 1968 годзе, пры тым затапілі 9 вёсак[3]. Дзеля павелічэньня водазабесьпячэньня Менску частку сьцёку больш паўнаводных рэк Беларусі перакінулі ў раку Сьвіслач. Адначасна з будаваньнем вадасховішча зрабілі водны канал, якім воды Вяльлі пачалі перакідваць у Сьвіслач з уздымам на ўзровень больш за 70 мэтраў. У 1973 годзе перакрылі раку Вяльлю. У пачатку 1975 году воды вадасховішча накіравалі каналам да Менску.
У кастрычніку 1995 году пачалося будаваньне Вялейскай ГЭС, а ў красавіку 1998 году першую чаргу ГЭС увялі ў эксплюатацыю з падлучэньнем у энэргасыстэму «Менскэнэрга». У красавіку 2002 году пачала працаваць другая чарга. Агульная ўсталяваная магутнасьць ГЭС склала 1000 кВт (за год 7,5 млн кВт электраэнэргіі).
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. С. 453.
- ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. С. 454.
- ^ Лазоўская Т. Памяці былых вёсак // Мясцовае самакіраваньне. — 3 траўня 2012. — № 9 (281). — С. 1.
Літаратура
рэдагаваць- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 574 с.: іл.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с, 40 л. ил.