Мянту́з звыча́йны (па-лацінску: Lota lota) — адзіная прэснаводная рыба сямейства трасковых атраду траскападобных.

Мянтуз
Клясыфікацыя
Бінамінальная намэнклятура
Lota lota

Пашыраны ў рэках і азёрах Эўразіі і Паўночнай Амэрыкі, у плыткіх прыбярэжных водах Балтыкі. У Беларусі жыве ў вадаёмах з халоднай чыстай вадой і камяністым дном, у ямах, пад берагамі. Актыўны ўвосень і зімой, летам упадае ў спячку. Народныя назвы: калека, мень, мянёк. Даўжыня да 1,7 м, маса да 32 кг (у Беларусі да 5 кг). Цела падоўжанае, акруглае, звужанае да хваста, ўкрытае вельмі дробнай луской. Сьпіна зяленаватая або аліўкава-зялёная з чорна-бурымі плямамі і палосамі. Галава шырокая, прыплюснутая. Верхняя сківіца выступае ўперад. На ніжняй сківіцы 1 вусік, 2 вусіка – ля ноздраў. Зубы шматлікія, шчацінкападобныя. Драпежнік. Прамысловае значэньне мае ў Браслаўскіх і Нарачанскіх азёрах. Нерасьціцца пры блізкай да нуля тэмпэратуры вады і адкладае ікру пад ільдом. Аддае перавагу вадаёмам з камяністым дном і халоднай крынічнай вадой[1].

Мяса белае, шчыльнае, без дробных костак, смачнае, дыетычнае (19 % бялку, 0,6 % тлушчу). Далікатэсам лічыцца вялікая тлустая пячонка ментуза (51 – 67 % тлушчу, багатага вітамінамі A і D), у некаторых краінах яе ядуць сырой. Мянтуз асабліва папулярны ў фінскай нацыянальнай кухні, дзе далікатэсам лічыцца і ікра ментуза. Вельмі смачныя юшка з ментуза, смажаны, заліўны мянтуз, пірагі з начынкай з ментуза. Увогуле, ментуза можна гатаваць як траску.

Беларусь

рэдагаваць

Мянтуз сустракаецца ў басэйнах Дзьвіны, Нёмана, Буга, Дняпра, Сажа і Прыпяці, а таксама на Браслаўскіх (Віцебская вобласьць) і Нарачанскіх азёрах (Менская вобласьць). Дазваляецца яго лоўля з сакавіка па сьнежань[1].

  1. ^ а б Сяргей Расолька. У Ментуза — нераст // Зьвязда : газэта. — 24 сьнежня 2013. — № 242 (27607). — С. 2. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Мянтузсховішча мультымэдыйных матэрыялаў