Васіль Маргелаў

савецкі вайсковы дзяяч беларускага паходжаньня
(Перанакіравана з «Васіль Маркелаў»)

Васі́ль Пілі́павіч Марге́лаў (сапр. Маркелаў; 14 сьнежня 1908 па ст.ст., цяпер Дняпро, Украіна — 1990, Масква, цяпер Расея) — савецкі вайсковы дзяяч беларускага паходжаньня.

Васіль Маргелаў
Васіль Маркелаў
27 сьнежня 19084 сакавіка 1990
Мянушка Дзядзька Вася
Месца нараджэньня Кацярынаслаў, Расейская імпэрыя
Месца сьмерці Масква, Расейская СФСР, СССР
Прыналежнасьць СССР
Род войскаў паветрана-дэсантныя войскі (з 1948 году)
Гады службы 1928—1990
Званьне генэрал арміі (1967)
Камандаваў Паветрана-дэсантныя войскі СССР (1954—1959, 1961—1979)
Бітвы/войны Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Ўкраіну 1939 году, Савецка-фінляндзкая вайна (1939—1940), Нямецка-савецкая вайна, Савецкае ўварваньне ў Чэхаславаччыну
Узнагароды
Мэдаль Залатая Зорка
Мэдаль Залатая Зорка
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Суворава II ступені
Ордэн Суворава II ступені
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Чырвонай Зоркі
Ордэн Чырвонай Зоркі
Мэдаль «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
Мэдаль «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.»
Дзяржаўная прэмія СССР
Сувязі 5 сыноў: Генадзь (1931, Касьцюковічы — 2016), Васіль, Анатоль (1938, Беларуская ССР — 2008), Віталь (1941—2021) і Аляксандар (1945—2016)

8-ы камандзір Паветрана-дэсантных войскаў СССР (1954—1959, 1961—1979). Герой Савецкага Саюзу (1944), генэрал арміі (1967) і кандыдат ваенных навук (1968). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1975)[1].

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Васіль Піліпавіч Маркелаў нарадзіўся ў беларускай сям’і. Бацька Піліп Іванавіч Маркелаў працаваў мэталюргам. Маці Агап’я Сьцяпанаўна была родам з Бабруйскага павету Менскай губэрні. У сьнежні 1913 году сям’я вярнулася на радзіму бацькі ў мястэчка Касьцюковічы Клімавіцкага павету (Магілёўская губэрня)[1]. Навучаўся ў царкоўна-прыходзкай школе. У 1921 годзе ў 13-гадовым узросьце скончыў 6-клясную школу і пачаў працаваць у гарбарнай майстэрні. У 1923 годзе стаў работнікам касьцюковіцкага «Хлебапрадукта» (Беларуская ССР)[1]. Таксама працаваў лесьніком і старшынём работніцкага камітэту лесапрамысловай гаспадаркі ў Касьцюковічах[2]. У 1925 годзе па камсамольскай пуцёўцы на 3 гады адправіўся працаваць гарняком ва Ўкраінскую ССР на Данбас. Праз абвал прабыў у рудніку 3 дні бязь ежы, сьвятла і вады. У выніку пасьля выхаду зь лякарні яму забаранілі працаваць гарняком па стане здароўя. Пасьля 1926 году ўступіў ва Ўсесаюзную камуністычную партыю. У 1928 годзе быў закліканы ў Чырвоную армію[1]. Прысягу прымаў на беларускай мове. У асабістай справе самавызначыўся як беларус[3]. У верасьні 1928 году паступіў у групу снайпэраў Аб’яднанай беларускай вайсковай школы (АБВШ) ў Менску[1], якую скончыў у красавіку 1931 году. Затым заняў пасаду камандзіра кулямётнага ўзводу 99-га стралковага палка 33-й стралковай дывізіі ў Магілёве. Пазьней стаў камандзірам кулямётнай роты ў Менскай вайсковай пяхотнай вучэльні[2].

Пасьля 1933 году ў ходзе абмену партыйных білетаў, які працягваўся да 1936 году, Васілю Маркелаву выдалі дакумэнт з памылковым напісаньнем прозьвішча праз «г» замест «к», як Маргелаў. Той улік у палітычным аддзеле вялі інструктар Мірціц Неўлер, палітычны кіраўнік Залман Эркін і машыністка Соня Міскевіч. 25 кастрычніка 1938 году заняў пасаду камандзіра 2-га батальёну 23-га стралковага палка 8-й стралковай дывізіі імя Фэлікса Дзяржынскага і ў сьнежні 1938 году пакінуў Менск[4]. У верасьні 1939 году ўдзельнічаў у паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь[1]. У якасьці начальніка аддзелу выведкі штаба 8-й стралковай дывізіі Дзяржынскага здабыў у немцаў найноўшы адмысловы супрацьгаз на заданьне выведвальнай управы Беларускага фронту. У ходзе апэрацыі атрымаў раненьне твару, якое пакінула шнар на шчацэ[1]. У 1939—1940 гадах удзельнічаў у Савецка-фінскай вайне ў складзе 596-га палка 122-й стралковай дывізіі 24-га стралковага корпусу 4-й арміі. У званьні капітана быў камандзірам лыжнага выведвальнага батальёну. Пры прасоўваньні на 10 км углыб Фінляндыі паланіў афіцэраў[4] Галоўнага штабу Швэцыі. Пасьля вайны ў званьні маёра стаў памагатым камандзіра 596-га палка па страявой частцы. У кастрычніку 1940 году заняў пасаду камандзіра 15-га дысцыплінарнага батальёну Ленінградзкай вайсковай акругі[2].

Нямецка-савецкая вайна

рэдагаваць

Падчас Нямецка-савецкай вайны ваяваў на 6 франтах — Ленінградзкім, Паўночна-Заходнім, Сталінградзкім, Паўднёвым, 3-м і 4-м Украінскіх. Быў камандзірам палка, начальнікам штабу дывізіі і камандзірам дывізіі. Удзельнічаў у баях пад Ленінградам і Сталінградам, на Дняпры і Днястры, у Румыніі і Баўгарыі, Югаславіі і Чэхаславаччыне, Вугоршчыне і Аўстрыі[1]. У лістападзе 1941 году ў званьні маёра ўзначаліў у абложаным Ленінградзе 1-ы лыжны полк марскіх пехацінцаў. Падпарадкоўваўся наўпросту загадніку Балтыйскага флёту віцэ-адміралу Ўладзімеру Трыбуцу. У сьнежні 1941 году высадзіўся на ўзьбярэжжы Ладагі ў напрамку Ліпкі-Шлісельбург (Кіраўскі раён). Гэта вымусіла нямецкага генэрала-фэльдмаршала Вільгельма фон Лееба, які загадваў групай арміяў «Поўнач», зьняць частку войскаў з-пад Пулкава[4]. Таксама ў сьнежні 1941 году пазнаёміўся з вайсковай лекаркай Ганнай Куракінай, зь якой выхаваў 5 сыноў[2]. У траўні 1942 году пры заходзе 200 нямецкіх вайскоўцаў у тыл расстраляў 79 зь іх з кулямёта «Максім»[4]. Пасьля раненьня і лячэньня ў шпіталі заняў пасаду камандзіра стралковага палка 54-й арміі Ленінградзкага фронту, якая пазьней ваявала на Волхаўскім фронце[2].

У кастрычніку 1942 году ў званьні падпалкоўніка гвардыі стаў загадваць 13-м гвардзейскім стралковым палком, які ўваходзіў у 2-ю гвардзейскую армію Радзівона Маліноўскага. Цягам 2-х месяцаў навучаў бранябойнікаў, якія стаялі ў рэзэрве ў Прыволжы, супрацьтанкаваму бою з дапамогай адмысловых ружжаў, гранатаў і кактэйляў Молатава. Цягам 5 дзён баёў 19—24 сьнежня 1942 году на рацэ Мышкаўка (Сталінградзкая вобласьць) 13-ы полк падбіў і спаліў большасьць цяжкіх танкаў «Тыгр» 4-й танкавай арміі генэрал-палкоўніка Германа Гота. У выніку прарыў нямецкага танкавага кліна да 6-й арміі генэрала Фрыдрыха Паўлюса праваліўся. Сам Маргелаў атрымаў у баі кантузію. 1 студзеня 1943 году ўдзельнічаў ва ўзяцьці Кацельнікаўскага хутара ў ходзе Сталінградзкай бітвы[4]. На Паўднёвым фронце быў намесьнікам камандзіра 3-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якая ўдзельнічала ў прарыве «Мівус-фронту» ў Растоўскай вобласьці.

Цягам 1943 году ўдзельнічаў у адваёве Ўкраіны, у тым ліку ў жніўні на Данбасе (Данбаская апэрацыя 1943 году). З 1944 году ў званьні палкоўніка ўзначаліў 49-ю гвардзейскую стралковую дывізію 28-й арміі 3-га Ўкраінскага фронту, на чале якой атрымаў 13 падзякаў ад вярхоўнага галоўнакамандуючага Ёсіфа Сталіна. У сакавіку 1944 году яго дывізія фарсіявала Дняпро і авалодала Хэрсонам (Мікалаеўская вобласьць) у ходзе Беразьнегавата-Сьнігіроўскай апэрацыі[4]. 19 сакавіка 1944 году атрымаў званьне герой Савецкага Саюзу[1]. Пазьней 49-я дывізія заняла Мікалаеў і Адэсу. У жніўні 1944 году браў удзел у Яска-Кішынёўскай апэрацыі (Малдаўская ССР), пасьля чаго 49-я дывізія ўвайшла ў Румынію. Пасьля баёў у Баўгарыі і Югаславіі 49-я дывізія ўдзельнічала ва ўзяцьці Будапэшту (Вугоршчына) і Вены (Аўстрыя)[2]. У траўні 1945 году на мяжы Аўстрыі і Чэхаславаччыны паланіў 2-і танкавы корпус ахоўных атрадаў, у склад якога ўваходзілі дывізіі «Вялікая Нямеччына» і «Мёртвая галава». 24 чэрвеня 1945 году ў званьні генэрал-маёра гвардыі ўдзельнічаў у Парадзе Перамогі ў Маскве на чале зводнага палка 2-га Ўкраінскага фронту[4]. Ад 1946 году займаў кіраўнічыя пасады ў Савецкай арміі[1].

Паветрана-дэсантныя войскі

рэдагаваць
 
У Паветрана-дэсантных войсках СССР (справа)

У 1948 годзе скончыў Вышэйшую вайсковую акадэмію імя Кліма Варашылава ў Маскве (Расейская СФСР). 30 красавіка 1948 году міністар узброеных сілаў СССР Мікалай Булганін прызначыў яго загадваць 76-й паветрана-дэсантнай дывізіяй у Пскове. Падчас 1-га прызямленьня з парашутам разьбіў сабе нагу, таму 2 тыдні хадзіў зь перавязанай нагой. Агулам выканаў звыш 60 скокаў з парашутам, апошні зь якіх у 1973 годзе ў 65-гадовым веку[4]. З красавіка 1950 году па 1954 год у званьні генэрала быў камандзірам 37-га гвардзейскага корпусу ў Прыморскім краі (Манастырышча, Чарнігаўскі раён)[2]. У 1954—1959 і 1961—1979 гадах загадваў Паветрана-дэсантнымі войскамі СССР[1]. У 1967 годзе стаў генэралам арміі. У 1968-м атрымаў ступеню кандыдат ваенных навук[5]. У сакавіку 1970 году падчас апэратыўна-стратэгічных вучэньняў «Дзьвіна» ў Беларускай ССР высадзіў з самалётаў дэсантны полк за 22 хвіліны. Высадку ажыцьцявілі з 280 самалётаў «Ан-12» і 4-х Ан-22 «Антэй». Агулам даставілі 8000 дэсантнікаў і 152 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку артылерыю[2]. Падчас падзякі дэсантнікам за вучэньні «Дзьвіна» заявіў: «А вось калі б давялося скакаць, знаходзячыся ўнутры машыны ў баі? Разумею, што гэта складана, але ніхто, акрамя нас, гэтага ня зробіць». У выніку выраз «Ніхто, акрамя нас!» стаў дэвізам Паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ) СССР. Пазьней 76-я павэтрана-дэсантная дывізія брала ўдзел у вучэньнях «Дняпро»[4].

У 1972 годзе выпрабавалі рухавік тармажэньня «Кентаўр» для высадкі людзей унутры баявой машыны на парашуце. Таксама ў 1972 годзе Маргелаў увёў у форму дэсантнікаў цяльняшку з блакітнымі палоскамі і блакітныя бэрэты[4]. 5 студзеня 1973 году пад Тулай накіраваў свайго малодшага сына Аляксандра на 1-ю высадку з самалёта баявой машыны дэсанта (БМД-1) на парашуце з вайскоўцамі ўнутры. Гэтую высадку правялі вайскоўцы 339-га палка, які месьціўся ў Віцебску (Беларуская ССР)[6], маёр Леанід Зуеў і лейтэнант Аляксандар Маргелаў. Апошні быў інжынэрам навукова-тэхнічнга камітэту ПДВ[4]. У 1975 годзе Васіль Маргелаў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за пасьпяховую высадку людзей унутры баявой машыны[5]. У 1976 годзе ўкаранілі дэсантны рухавік «Рэактаўр», які 4-кратна павысіла хуткасьць зьніжэньня за кошт рэактыўных соплаў, што зьменшыла ўразьлівасьць ад агню. У 1976—1991 гадах «Рэактаўр» пасьпяхова скарысталі каля 100 разоў. У лютым 1978 году ў Беларусі прайшлі вучэньні «Бярэзіна» з удзелам парашутна-дэсантнага палка 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі зь Віцебску. Падчас вучэньня вайсковую частку ўпершыню поўным складам з тэхнікай і ўзбраеньнем высадзілі з самалёта Іл-76[2]. Затым былі вучэньні «Поўдзень». Таксама 76-я дывізія вылятала з Пскова і высаджвалася пад Фэрганой (Узбэцкая ССР) і Кіравабадам (Азэрбайджанская ССР), а таксама ў Манголіі. У 1979 годзе Маргелаў перайшоў на працу ў Групу генэральных інспэктараў Міністэрства абароны СССР, дзе працягваў працаваць да канца жыцьця[4].

Узнагароды

рэдагаваць

Цягам жыцьця быў узнагароджаны 13 ордэнамі і 19 мэдалямі Савецкага Саюзу, у тым ліку 4 ордэнамі Леніна. Ад замежных дзяржаваў атрымаў 34 ордэны і мэдалі[4].

Яго імя носіць Разанская вышэйшая паветрана-дэсантная камандная вучэльня (Расея), а таксама вуліцы і плошчы ў гарадах некалькіх краінаў. Штогод на Дзень паветрана-дэсантных войскаў 2 жніўня вэтэраны і дэсантнікі ладзяць шэсьце да помніка Маргелаву на Новадзявочых могілках у Маскве (раён Хамоўнікі, Цэнтральная адміністрацыйная акруга)[4]. Маргелаву паставілі каля 20 помнікаў, у тым ліку ў Беларусі ў Берасьці, Касьцюковічах (Магілёўская вобласьць) і Менску. У 2008 году рэжысэр Алег Штром зьняў 8-сэрыйны фільм «Дэсантны Баця» пра Маргелава, дзе галоўную ролю сыграў Міхаіл Жыгараў[2].

Меў 5 сыноў. Малодшы зь іх Аляксандар служыў у 339-м палку ў Віцебску (цяпер Беларусь) і выканаў 5 студзеня 1973 году 1-ю высадку з самалёта ў баявой машыне дэсанту[4]. Жонкі: 1) Марыя, 2) Феадосія Яфрэмаўна Сяліцкая, 3) вайсковая лекарка Ганна Аляксандраўна Куракіна (са сьнежня 1941 году). Сыны:

  1. Генадзь Маргелаў (1931, Касьцюковічы, цяпер Беларусь — 2016) — савецкі вайсковы дзяяч. Удзельнік Нямецка-савецкай вайны. Генэрал-маёр (1973). Начальнік Вайсковага інстытуту фізычнай культуры|Вайсковага інстытуту фізычнай культуры ў Ленінградзе (Расейская СФСР, 1979—1982).
  2. Васіль Маргелаў (нарадзіўся ў Беларусі).
  3. Анатоль Маргелаў (1938, Беларуская ССР — 2008) — савецкі навуковец-вынаходнік 220 сродкаў сувязі. Доктар тэхнічных навук.
  4. Віталь Маргелаў (1941—2021) — савецкі і расейскі выведнік. Намесьнік кіраўніка Службвы вонкавай выведкі Расеі (1997—2003), дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі 6-га скліканьня (2003—2007). Генэрал-палкоўнік (2001).
  5. Аляксандар Маргелаў (1945, Кішынёў, Малдоўская ССР — 2016) — савецкі інжынэр-вынаходнік. Герой Расеі (1996), палкоўнік.

Унук Міхаіл Віталевіч Маргелаў (нар. 1964) — дзяржаўны дзяяч Расеі. 4-ы старшыня Камітэту Савета Фэдэрацыі Расеі ў міжнародных справах (2001—2014). Палкоўнік (2014). Намесьнік старшыні «Транснафты» (зь 2014 году).

  1. ^ а б в г д е ё ж з і к Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 27 сьнежня 2013. — № 243 (27608). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в г д е ё ж з і Мікалай Шаўчэнка. Дэсантнік нумар адзін // Зьвязда. — 19 сьнежня 2018. — № 244 (28860). — С. 5.
  3. ^ Міхась Скобла. «А што павінен быў зрабіць капітан ці маёр у сваім падразьдзяленьні – паўстаньне падняць?» // Народная воля : газэта. — 3 верасьня 2021. — № 67 (4627). — С. 3. — ISSN 2071-9647.
  4. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о Анатоль Сланеўскі. Васіль Маргелаў: зь любых вышыняў — у любое пекла // Зьвязда. — 12 сьнежня 2015. — № 241 (28099). — С. 5.
  5. ^ а б Маргелаў Васіль Піліпавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 10. — С. 108. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  6. ^ Вікенцій Ключнік. Віцебск – дэсантная сталіца // Зьвязда. — 14 жніўня 2013.