Савецка-фінляндзкая вайна (1939—1940)

Савецка-фінляндзкая вайна 1939—1940 гадоў (у фінскай літаратуры — talvisota, «Зімовая вайна»), ваенныя дзеяньні з 30 лістапада 1939 году па 12 сакавіка 1940 году паміж савецкімі і фінляндзкімі войскамі. Вайна фармальна не абвяшчалася, але СССР афіцыйна разарваў дыпляматычныя адносіны зь Фінляндыяй.

Прычыны і перадгісторыя

рэдагаваць

Падставай да сутыкненьня дзьвюх краінаў было імкненьне СССР — у стратэгічным кантэксьце Другой сусьветнай вайны — адсунуць дзяржаўную мяжу далей ад Ленінграду. Фінляндыі быў прапанаваны тэрытарыяльны абмен (СССР абяцаў удвая большую плошчу ў Карэліі), ад якога яна адмовілася.

Да гэтага, на працягу дзесяцігодзьдзяў, савецка-фінскія адносіны пасьля сэрыі войнаў 1918—1922 гадоў заставаліся нестабільнымі, характарызаваліся ўзаемным недаверам.

Хада вайны

рэдагаваць

Прычынай для вайны быў названы інцыдэнт артылерыйскага абстрэлу тэрыторыі СССР. Праз шмат гадоў Мікіта Хрушчоў (на той час ужо былы кіраўнік СССР) пісаў, што гэты абстрэл быў арганізаваны камандармам 1-га рангу Рыгорам Куліком. Савецкі бок адмовіўся ад прапановы Фінляндыі стварыць сумесную камісію дзеля расьсьледаваньня інцыдэнту і праз 2 дні разарваў дамову аб ненападзе, а яшчэ праз 2 — пачаў вайну.

Войскі Ленінградзкай вайсковай акругі ўступілі на тэрыторыю Фінляндыі. Галоўныя падзеі вайны адбываліся на Карэльскім перашыйку па «Лініі Манэргэйма». Дзеяньні сухапутных войск СССР падтрымліваў Балтыйскі флёт, у складзе якога ваяваў падшэфны карабель БССР — лідэр эсьмінцаў «Мінск». Вайна праходзіла ў цяжкіх умовах, пацягнула вялікія страты з абодвух бакоў.

У сьнежні 1939 году ў раёне баявых дзеяньняў былі маразы ніжэй за 30 градусаў. Фінскае войска было значна лепш падрыхтавана да халадоў, ад якіх памерзла шмат савецкіх салдат. Амаль поўная адсутнасьць дарог, багністая і лясістая мясцовасьць значна ўскладнялі рух Чырвонай арміі.

Пасьля прарыву савецкімі войскамі ў пачатку сакавіка 1940 году «Лініі Манэргэйма» і захопу 12 сакавіка Выбаргу, у той жа дзень у Маскве была падпісана мірная дамова. СССР забіраў патрэбныя яму землі, адсунуўшы граніцу на поўнач ад Ленінграду, атрымаў у арэнду востраў Ханка з правам стварэньня на ім вайскова-марской базы.

Вынікі вайны

рэдагаваць

Стратэгічнае становішча СССР па выніках вайны пагоршылася: быў падарваны яго міжнародны аўтарытэт, Ліга Нацый выключыла яго са сваіх сябраў, Фінляндыя адышла ад палітыкі нэйтралітэту і зьблізілася з Нямеччынай. З пачаткам Нямецка-савецкай вайны Фінляндыя выступіла на баку Нямеччыны, назваўшы сваю рэваншысцкую акцыю «Вайной-працягам».

Таксама шматлікія праяўленыя ў вайне слабыя бакі Чырвонай арміі і вялікія людзкія страты СССР (22 830 забітых фінаў супраць 131 476 забітых і згінуўшых безь весткі савецкіх салдат) умацавалі Гітлера імкненьні нападу на Савецкі Саюз. Акрамя таго СССР страціў 406 самалётаў супраць 62 фінскіх, 653 танка супраць 50 фінскіх. Асноўнымі прычынамі было горшае ўзбраеньне савецкай арміі (амаль адсутнічала аўтаматычная зброя), неадпаведнасьць часткі службовых асобаў і неадэкватнае ўяўленьне савецкага ўраду аб сацыяльна-палітычным клімаце ў Фінляндыі. Лічылася, што фінскі пралетарыят паўстане супраць пануючага ў Фінляндыі ладу і далучыцца да Чырвонай арміі. Але на самой справе ўзровень жыцьця насельніцтва ў Фінляндыі быў вышэйшы, чым у СССР, нацыя была кансалідаванай і таму аказала аб’яднаны супраціў савецкім войскам.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць