Алег Трубачоў

савецкі і расейскі мовазнаўца

Але́г Мікала́евіч Трубачо́ў (рас. Алег Николаевич Трубачёв; 23 кастрычніка 1930 — 9 сакавіка 2002) — расейскі савецкі мовазнаўца. Доктар філялягічных навук (1966 год), сябра-карэспандэнт АН СССР (1972 год), акадэмік РАН (1992 год)[2]. Меў вучня Ўладзімера Тапарова.

Алег Трубачоў
Дата нараджэньня 23 кастрычніка 1930(1930-10-23)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 9 сакавіка 2002(2002-03-09) (71 год)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак мовазнавец
Навуковая сфэра мовазнаўства
Месца працы
Сябра ў Расейская акадэмія навук і Акадэмія навук СССР[d]
Навуковая ступень доктар філялягічных навук[d]
Навуковы кіраўнік Samuil Bernstein[d]
Вучні Aleksandr Anikin[d] і Leonid Gindin[d]
Узнагароды
Сайт trubachev.ru
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Трубачоў (неадназначнасьць).

Біяграфія

рэдагаваць

У 1952 годзе скончыў філялягічны факультэт Днепрапятроўскага ўнівэрсытэту.

Атрымаў запросіны ў Маскву, у замежны аддзел газэты «Камсамольская праўда» (орган ЦК Камуністычнага саюзу моладзі) і ў Антыфашысцкі камітэт савецкай моладзі (у 1952—1953 гадох быў рэфэрэнтам камітэту). У 1953 годзе паступіў у асьпірантуру ў Інстытут славяназнаўства АН СССР, дзе засяродзіўся на этымалёгіі.

Як супрацоўнік савецкай прапагандысцкай газэты і Антыфашысцкага камітэту, здолеў зьездзіць у капіталістычную краіну — Аўстрыю, каб узяць удзел у Сусьветным фэстывалі моладзі і студэнтаў (1959 год).

У 1958 годзе атрымаў навуковую ступень кандыдата філялягічных навук. З гэтага часу браў удзел ва ўсіх міжнародных зьездах славістаў. З 1960 году сябра Савецкага камітэту славістаў.

У 1966 годзе атрымаў навуковую ступень доктара філялягічных навук. З 28 лістапада 1972 году сябра-карэспандэнт АН СССР ў Аддзеле літаратуры і мовы (мовазнаўства). З 1987 году сябра Навуковай рады з праблемаў расейскай культуры АН СССР.

Летувізацыя

рэдагаваць

У 1964—1973 гадох пераклаў на расейскую мову і выдаў з уласнымі дапаўненьнямі этымалягічны слоўнік расейскай мовы нямецка-расейскага філёляга Макса Фасмэра, сябры некалькіх навуковых акадэміяў Нямеччыны і замежнага сябры-карэспандэнта Акадэміі навук СССР, дзе дзеля абгрунтаваньня этымалёгіі назвы Літва зь летувіскай мовы падавалася сфальсыфікаваная старажытнаруская форма Литъва з спасылкай на Аповесьць мінулых часоў[3]. Аднак гісторык Валянцін Янін і лінгвіст Андрэй Залізьняк зьвяртаюць увагу на тое, што напраўду ў адпаведнай крыніцы — як і ў іншых старажытных рускіх крыніцах — бытуе выняткова форма Литва, што фактычна зьняпраўджвае гіпотэзу пра запазычаньне славянамі назвы Літва зь летувіскага Lietuvа[4].

Распрацоўваў гіпатэтычныя рэканструкцыі «балтыйскіх гідронімаў», якія сьцьвярджаюць колішнюю «балтыйскасьць» (нібы блізкую да летувіскасьці) ня толькі ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, але і ваколіцаў Масквы, Кіева і Варшавы[5]. На падставе гэтых рэканструкцыяў летувіскія аўтары спрабуюць азначаць летувізацыю (нягледзячы на брак гістарычных сьведчаньняў пра «гвалтоўную славянізацыю» мясцовага насельніцтва) як «аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці» — «вяртаньне да каранёў»[6].

Дасьледнік Іван Ласкоў зьвяртае ўвагу на наступную супярэчлівасьць балтыйскіх этымалёгіяў: «Гідранімія Летувы, Латвіі і Ўсходняй Прусіі такімі дасьледнікамі, як А. Трубачоў і Ў. Тапароў і іх школа, без усякага аналізу абвяшчаецца наскрозь балтыйскай, хоць у большай частцы сваёй з балтыйскіх моваў не разьвязваецца. І знайшоўшы дзесьці такія ж, як у Балтыі, тапонімы, балтафілы сьцьвярджаюць: тут былі балты. Даходзіць да сьмешнага: балты, на погляд іх, сягалі аж да Ўфы — на той падставе, мабыць, што назва Ўфа нагадвае летувіска-латыскае ўпэ 'рака'»[7].

Дасьледнік тапаніміі Вадзім Жучкевіч з 400 пералічаных Трубачовам і Тапаровым меркаваных балтызмаў, пашыраных на тэрыторыі Беларусі, пагаджаўся залічыць да балтыйскіх запазычваньняў толькі 18. Ен зазначаў, што, карыстаючыся такой мэтодыкай, можна ўсе славянскія назвы растлумачыць з пазыцыяў балтыйскіх моваў. Тым часам археоляг Вольга Мельнікоўская ў зьвязку з дасьледаваньнямі Трубачова і Тапарова прывяла наступнае выказваньне лінгвіста Мікалая Надзеждзіна: «Слова — усё ў нашай уладзе. Яно безабароннае, і зь яго этымалягічным катаваньнем можна вымучыць розны сэнс»[8].

Археоляг Васіль Супрун зьвяртае ўвагу на тое, што калі неаб’ектыўнасьць Казімера Бугі можна патлумачыць яго летувіскім нацыянальным патрыятызмам, то тэндэнцыйнасьць Трубачова і Тапарова, якія фактычна рабілі не навуковы аналіз паходжаньня гідронімаў, а адвольнае дапасаваньне іх да балтыйскай лексыкі і тапанімікі, немагчыма патлумачыць з пункту гледжаньня лёгікі[8].

Узнагароды

рэдагаваць
  • Мэдаль «За доблесную працу. У азнаменаваньне 100-годзьдзя з дня нараджэньня Ўладзімера Ільіча Леніна» (1970 год)
  • Ордэн «Знак Пашаны» (1975 год)
  • Залаты мэдаль імя Ўладзімера Даля РАН «за фундамэнтальную лексыкаграфічную працу „Этымалягічны слоўнік славянскіх моваў (праславянскі лексічны фонд)“» (1994 год)
  • Ляўрэат прэміі імя Аляксандра Пушкіна РАН за працу «Этнагенэз і культура найстаражытнейшых славянаў. Лінгвістычныя дасьледаваньні» (2001 год)
  1. ^ а б Трубачёв Олег Николаевич // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
  2. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 533.
  3. ^ Литва // Фасмер М. Р. Этимологический словарь русского языка. — М.: Прогресс, 1964—1973.
  4. ^ Янин В. Л., Зализняк А. А. Новгородские грамоты на бересте. — М., 1993. С. 245.
  5. ^ Тапароў У., Трубачоў А. Лінгвістычны аналіз гідронімаў верхняга Падняпроўя // Спадчына. № 4, 1993. С. 53—62.
  6. ^ Алесь Краўцэвіч: Ліцвінства — выдумка ворагаў, якую падтрымалі дурні, Наша Ніва, 28 сакавіка 2017 г.
  7. ^ Ласкоў І. Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойць // Літаратура і мастацтва, № 19, 1993. С. 14.
  8. ^ а б Супрун В. За смугою часу: (даследаванні і меркаванні). — Менск: Полымя, 1994. С. 24—43.

Літаратура

рэдагаваць