Анаталійскія мовы
Анаталі́йскія мовы (таксама вядомыя як ге́та-люві́йскія) — галіна вымерлых моваў у складзе індаэўрапейскай сям’і, гістарычна распаўсюджаная ў Малой Азіі, найбольш засьведчанай зь якіх зьяўляецца гецкая мова.
анаталійская галіна | |
гета-лювійскія | |
Народнасьць | старажытныя анаталійцы |
---|---|
Арэал | гістарычная Анатолія |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Склад |
гецкая,
паляйская, лідыйская мовы, лювійская група моваў |
Колькасьць носьбітаў | невядома |
Асноўныя рысы
рэдагавацьГецкая марфалёгія ў цэлым прасьцешая ў параўнаньні зь іншымі старажытнымі індаэўрапейскімі мовамі. Некаторыя індаэўрапейскія рысы былі страчаныя, але пры гэтым гецкая мова мела архаізмы, страчаныя ў іншых індаэўрапейскіх. Іншым характэрным адрозьненьнем ёсьць адсутнасьць граматычнага роду й існаваньне замест яго супрацьпастаўленьня паводле адушаўлёнасьці/неадушаўлёнасьці. Нягледзячы на гэта, пытаньне існаваньня роду ў анаталійскіх мовах застаецца дыскусійным.
Клясыфікацыя
рэдагавацьНа цяперашні час лінгвісты вылучаюць у складзе анаталійскай галіны некалькі асобных моваў і невялікую групу, якая складалася зь дзьвюх моваў. Адзін з выбітных унёскаў у разьвіцьцё пытаньня ўнутранай клясыфікацыі анаталійскіх моваў зрабіў нідэрляндзкі лінгвіст Р. Бэкес, які ў 2010 годзе падрыхтаваў уласную вэрсію ўнутранае клясыфікацыі анаталійскае галіны. Гэты варыянт засноўваецца на дрэвавіднай мадэлі, пачаткам якой зьяўляецца праанаталійская мова — мова, якая вылучыліся пры распадзе праіндаэўрапейскай мовы, і якая пазьней распалася на асобныя роднасныя мовы, запачаткаваўшы галіну анаталійскіх моваў[1]. Іншыя варыянты клясыфікацыі дзеляць анаталійскую галіну на гецкую мову і заходнеанаталійскую групу, якая, у сваю чаргу, уключае лідыйскую, паляйскую мовы, а таксама лювійскую групу[2].
Склад
рэдагавацьГецкая мова
рэдагавацьГецкая мова (уласная назва ў транскрыпцыі: nešili) зьяўлялася моваю гетаў, заснавальнікаў Гецкай імпэрыі, што кіравала большай часткай Анатоліі ў пэрыяд 1600—1200 гг. да н. э., аднак найранейшыя пісьмовыя сьведчаньні мовы датуюцца ўжо ХІХ ст. да н. э., якія былі зробленыя акадыйскімі гандлярамі, якія пасяліліся ў Карум Канэш, што ў цэнтральнай частцы сучаснай Турэччыны. Гэтыя сьведчаньні ў асноўным уключалі ўласныя імёны, а таксама гецкія запазычваньні ў акадзкую мову. Гецкая назва гораду ў транскрыпцыі гучала як Neša, у наступным гэты назоў палёг у аснову саманазвы мовы. Зьвесткі пра існаваньне ў рэгіёне ня-гецкага анкляву і факт паходжаньня саманазвы ад назвы места дазваляюць гісторыкам меркаваць пра дастатковую ступень уплыву ў гетаў у гэты пэрыяд.
Асноўны здабытак пісьмовай гецкай мовы складаюць каля 30 тысячаў гліняных таблічак, адшуканых пры раскопках сталіцы гетаў Гатушы, рэшткі якога месьцяцца ў цэнтральнай частцы Турэччыны. Параўнальна невялікая частка гэтых таблічак расшыфраваная, але наяўныя зьвесткі дазваляюць судзіць пра паступовае выцісканьне гетамі карэнных неіндаэўрапейскіх гатаў, у выніку чаго паступова панаваньне ў рэгіёне перайшло пад кантроль гетаў, якія запазычылі ў гатаў саманазву. Расшыфраваныя надпісы ўключаюць у сябе апісаньні рытуалаў, мэдыцынскія працы, лісты, законы, іншыя афіцыйныя дакумэнты, што надае ўяўленьне пра тагачасную гецкую культуру.
Большасьць гэтых пісьмовых помнікаў датуецца ХІІІ ст. да н. э. (позьні Бронзавы век). Яны складзеныя клінапісным пісьмом, які быў запазычаны з Мэсапатаміі і засноўваўся на сылябічным прынцыпе. Гэтая акалічнасьць, а таксама частае выкарыстаньне акадзкіх, шумэрскіх запазычваньняў і выкарыстаньне лягаграмаў (знакаў) у значэньні цэлых паняцьцяў часта ўводзяць пэўную нявызначанасьць у працэс расшыфроўкі мовы і, адпаведна, дасьледаваньня асноўных рысаў мовы. Тым ня менш, у пісьмовасьці існуе й фанэтычны крытэр, што дазволіла лінгвістам аднавіць структуру гецкага складу: V, CV, VC, CVC (дзе V — галосны, С — зычны)[3].
У гісторыі гецкае мовы ўмоўна вылучаюць тры пэрыяды, старажытнагецкі, сярэднегецкі і навагецкі. Даты пэрыядаў некалькі хістаюцца і засноўваюцца на супадзеньні гістарычных пэрыядаў і варыянтаў пісьмовасьці: пэрыяд Старажытнага Царства адпавядае старой пісьмовасьці, Сярэдняга — сярэдняй пісьмовасьці, Новага — новай; тым ня менш, гэтыя даты не засноўваюцца на глётахраналёгіі. На думку Б. Фортсана гісторыя гецкае мовы дзялілася на тры пэрыяды, абмежаваныя 1570-1450, 1450-1380 і 1350-1200 гадамі да н.э.
Пісьмовая гецкая мова зьнікае прыкладна ў 1200 гг. да н.э. па разбурэньні Гатушы й канцы імпэрыі гетаў[4].
Паляйская мова
рэдагавацьПаляйская мова — мова насельніцтва былога гістарычнага рэгіёну Пала (паўночная частка цэнтральнай Анатоліі), распаўсюджаная прыкладна да ХІІІ ст. да н.э. Вядомая толькі паводле фрагмэнтаў тэкстаў літургічнага характару. Зьнікла ў выніку нападу плямёнаў каскаў.
Лювійская група
рэдагавацьГіпотэза лювійскае групы ў складзе анаталійскай галіны была прапанаваная К. Мэлчэртам, паводле якой у лювійскай групе аб’ядноўваюцца анаталійскія мовы, што маюць між сабою больш агульных рысаў у параўнаньні з астатнімі анаталійскімі[5].
Лювійская група ўключае мілійскую, пралювійскую і ліцыйскую мову, пры гэтым пралювійская звычайна разглядаецца ў дзьвюх формах: клінапіснай і герагліфічнай[2].
- Клінапісная лювійская:
Клінапісная лювійская мова ў асноўным прадстаўленая глёсамі і невялікімі ўрыўкамі з гецкіх тэкстаў, знойдзеных у Нэшы; прыкладна дзьвесьце таблічак з усіх 30 тысячаў гецкіх пісьмовых помнікаў зьяўляюцца апісаньнямі гецкіх рытуалаў, перакладзенымі на лювійскую.
Гісторыя мовы, як правіла, зьвязваецца зь сярэднім і новым пэрыядамі гецкае мовы, як і ў выпадку з гецкай, пасьля 1200 гг. да н.э. пісьмовыя помнікі мовы зьнікаюць. На думку Б. Фортсана лювійская мова зьяўлялася моваю рытуалаў, засвоеных гетамі[4]. Дакладна зьяўляецца ўсталяваным падзел абедзьвюх моваў прыкладна зь сярэдзіны другога тысячагодзьдзя да н.э.
- Герагліфічная лювійская:
Герагліфічная лювійская зьяўляецца ў пэўнай ступені старэйшай формай лювійскай мовы ў адрозьненьне ад клінапіснай, некаторыя з гэтых тэкстаў былі знойдзеныя ля Нэшы. Сярод дасьледчыкаў дагэтуль не ўстаноўлены лёс абодвух варыянтаў лювійскае мовы: так, некаторыя дасьледчыкі мяркуюць, што клінапісная й герагліфічная лювійская мовы зьяўляліся дзьвюма часткамі дыялектнага кантынуўму.
Узоры герагліфічнай лювійскай мовы знаходзяцца на гліне, ракавінах, чарапкох, кераміцы, мэтале, камянёх, будаўнічным каменьні, а таксама на скульптурах (у прыватнасьці, на фігурах ільвоў); надпісы маглі быць выціснутымі або рэльефнымі, подпіс ставіўся ў выглядзе знакаў. Герагліфічная пісьмовасьць лювійскай мовы складалася прыкладна з 500 знакаў, 225 зь якіх зьяўляліся лягаграмамі, астатнія — дэтэрмінатывамі і сылябаграмамі. Склад меў структуру V, CV або, радзей CVCV[6].
Герагліфічная лювійская зьяўляецца ўжо ў XIV ст. да н.э. у выглядзе тытулаў і пячатак, знойдзеных ля Гатушы; першыя тэксты паўстаюць у ХІІІ ст. да н.э. Як мяркуецца, герагліфічная лювійская працягвала выкарыстоўвацца да 1000-700 гг. да н.э., маючы ўжытак, у тым ліку, пасьля падзеньня Гецкай імпэрыі. Пісьмовыя помнікі герагліфічнай лювійскай адшукваюцца таксама ў старажытных гарадох-дзяржавах поўдня Анатоліі й поўначы Сырыі[6].
- Ліцыйская мова:
Ліцыйская мова (таксама вядомая як ліцыйская А) — мова старажытнай Ліцыі, што на паўднёвым захадзе сучаснай Турэччыны. Засьведчаная дзякуючы 172 надпісам[7], зь якіх 150 ёсьць эпітафіямі, астатнія належаць да афіцыйных дакумэнтаў. Апрача таго, знойдзена прынамсі 200 манэтаў зь ліцыйскімі ўласнымі імёнамі. Найранейшыя манэты датуюцца 500 гг. да н.э.[7] Тэксты зьяўляліся дзьвюхмоўнымі (ліцыйская і старажытнагрэцкая) або трохмоўнымі (ліцыйская, старажытнагрэцкая, арамэйская). Найдаўжэйшым тэкстам зьяўляецца стэла з Ксанту, якая зьмяшчае каля 250 радкоў. Падрабязны аналіз стэлы паказаў, што апроч старажытнагрэцкай і ліцыйскай, стэла зьмяшчала іншую роднасную мову, г.зв. ліцыйскую 2 (таксама вядомая як ліцыйская В або мілійская).
Пісьмовасьць засноўвалася на грэцкім альфабэце, пры гэтым ня ўсе сымбалі адпавядалі гукам грэцкіх аналягаў.
Меркавана носьбіты мовы былі цалкам элінізаваныя ў IV ст. н.э.[7]
- Мілійская мова:
Адна з анаталійскіх моваў, сьведчаньні якой знойдзеныя ў пісьмовым выглядзе на стэле з Ксанту. Раней лічылася дыялектам ліцыйскай, аднак цяпер лічыцца асобнай мовай. Таксама вядомая як ліцыйская В або ліцыйская 2.
- Карыйская мова:
Мова Карыі (на поўнач і паўночны захад ад Ліцыі), першыя пісьмовыя сьведчаньні прыпадаюць на VII ст. да н.э. Фрагмэнтарна засьведчаная карыйскімі наймітамі й іншымі перасяленцамі ў тагачасным Эгіпце, а таксама ў якасьці асабістых імёнаў і дваццацю надпісамі з Карыі (у тым ліку чатыры дзьвюхмоўных), якія былі знойдзеныя ў розных часткай Эгейскага рэгіёну[8].
- Сыдэцкая мова:
Вядомая з надпісаў на манэтах V—III ст да н.э., знойдзеных у месьце Сыдэ на беразе Памфіліі (поўдзень Турэччыны, на ўсход ад Ліцыі), а таксама з грэцка-сыдэцкіх надпісаў ІІІ—ІІ стст. да н.э. Грэцкі гісторык Флявіюс Арыян згадвае таксама пра існаваньне ў Сыдэ асаблівай мясцовай мовы.
Сыдэцкая мова была роднасная іншым мовам лювійскае групы і, мажліва, займала прамежкавае становішча паміж лідыйскай і ліцыйскай. Мела ўласны альфабэт, выцісканая грэцкай каля ІІ—І ст. да н.э.
- Пісыдыйская мова:
Была распаўсюджаная ў Пісыдыі, на поўнач ад Ліцыі. Прадстаўленая некалькімі дзясяткамі кароткіх надпісаў паміж ІІ і І стст. да н.э. Верагодна найбліжэйшымі з анаталійскіх моваў зьяўляліся лікійская й сыдэцкая мовы, аднак маюцца шматлікія фрыгійскія запазычваньні (індаэўрапейская мова, але не адносілася да анаталійскіх). Паводле некаторых гіпотэзаў зьяўлялася крэольскай анаталійска-фрыгійскай мовай.
Лідыйская мова
рэдагавацьМова гістарычнай Лідыі, што на поўнач ад Карыі (цэнтральная частка захаду Турэччыны). У клясыфікацыйным дачыненьні займае вельмі адасобленае становішча адносна іншых анаталійскіх моваў, што ўскладняецца маленькім аб’ёмам наяўных зьвестак і існаваньнем асаблівасьцяў, не ўжываных у іншых анаталійскіх мовах[9].
Засьведчаная ў надпісах і манэтах з канца VIII—пачатку VII стст. да н.э. да ІІІ ст. да н.э., але найбольш добрая захаванасьць тэкстаў прыпадае на пэрыяд IV—V стст. да н. э. у часы пэрсыдзкага панаваньня. Нацяпер налічваецца трохі больш за сто захаваных лідыйскіх тэкстаў, якія, аднак, у асноўным зьяўляюцца фрагмэнтарнымі.
Іншыя верагодныя мовы ў складзе анаталійскай галіны
рэдагавацьУ склад анаталійскай галіны верагодна маглі ўваходзіць мовы Лікаоніі й Ісаўрыі, а таксама лютэская (місійская) і памфілійская мовы. Першыя дзьве не пакінулі пісьмовых помнікаў, што значна ўскладняе іх клясыфікацыю, астатнія дзьве засьведчаныя надзвычай бедна, што таксама не дазваляе вызначыць іх клясыфікацыю.
Гісторыя
рэдагавацьАнаталійская галіна ў індаэўрапэістыцы звычайна лічыцца галіной, што найраней аддзялілася з праіндаэўрапейскай мовы. Пэрыяд існаваньня адасобленай анаталійскай галіны і астатніх праіндаэўрапейскіх дыялектаў вядомы як інда-гецкія мовы або сярэднепраіндаэўрапейская мова. Адасабленьне анаталійскай галіны датуецца звычайна прыкладна сярэдзінай IV тысячагодзьдзя да н. э. Згодна з курганнай гіпотэзай(en) раньнія носьбіты праанаталійскіх дыялектаў маглі пранікнуць у Анатолію з Каўказу або Балканаў. Незважаючы на гэта, існуюць гіпотэзы анаталійскай (што, такім чынам, сьведчыць, што праанаталійцы наогул ня ўдзельнічалі ў міграцыях) або армянскай (такім чынам, праанаталійцы мігравалі прама з усходу) прарадзімы індаэўрапейцаў.
Статыстычныя дасьледаваньні К. Аткінсана ды іншых з выкарыстаньнем г. зв. Баесавай высновы і глётахраналягічных падлікаў даводзяць паходжаньне індаэўрапейцаў з Анатоліі, што, між іншым, аспрэчваецца з пункту гледжаньня мэтадаў гэтых дасьледаваньняў[10].
Праанаталійскі пэрыяд
рэдагавацьАнаталійскія мовы, як і большая частка моваў адзінага моўнага таксону, маюць агульную прамову (мову-продак), якая шляхам свайго распаду дала пачатак мовам гэтага таксону. У выпадку з анаталійскімі мовамі падобнай мовай зьяўляецца праанаталійская мова, якая, у сваю чаргу, вылучылася шляхам адасабленьня з праіндаэўрапейскай мовы. Як і іншыя шматлікія прамовы, праанаталійская мова не засьведчаная пісьмова — гэтая мова аднаўляецца пры дапамозе кампаратывісцкіх (параўнальная лінгвістыка) мэтадаў.
- Фаналёгія:
У большай сваёй частцы праанаталійская мова рэканструявалася на аснове гецкай мовы з прычыны яе найбольшай пісьмовай фіксацыі ў параўнаньні зь іншымі анаталійскімі (гл. вышэй). Тым ня менш, гецкі клінапіс абмяжоўвае разуменьне й рэканструкцыю фаналёгіі, паколькі сыстэма пісьмовасьці, запазычаная зь іншай мовы (гл. вышэй), ня ў поўнай ступені адлюстроўвала гукавы лад гецкай мовы; цяжкасьці таксама дадаюць пісцовыя гецкія практыкі. Гэтая акалічнасьць асабліва выяўляецца ў блытаніне звонкіх/глухіх зубных выбухных зычных, калі знакі для гукаў -dV- ды -tV- (дзе V — любы галосны) маглі чаргавацца ў адным і тым жа слове[2]. Акрамя таго, у складох структуры VC звычайна выкарыстоўваліся толькі сымбалі для пазначэньня глухіх выбухных зычных. Напісаньне адзінарных і гемінаваных (падвойных) зычных у найстарэйшых помніках паказвае, што рэфлексы праіндаэўрапейскіх глухіх выбухных пазначаліся як падвойныя зычныя, рэфлексы праіндаэўрапейскіх звонкіх выбухных — як адзінарныя. Гэтая заканамернасьць зьяўляецца найбольш пасьлядоўным шляхам перадачы старых зубных выбухных зычных[2], у пазьнейшых помніках гэтае правіла звычайна парушаецца.
У сыстэме галосных адзначаецца практычна нязьменнае захаваньне праанаталійскай мовай сыстэмы галосных гукаў праіндаэўрапейскай мовы. Некаторыя дасьледчыкі лічаць зьліцьцё праіндаэўрапейскага */o/ з */a/ інавацыяй праанаталійскай мовы[2], але згодна з К. Мэлчэртам гэтая зьява зьяўлялася выключна другаснай рысай гецкай, паляйскай і лювійскай моваў, якая не існавала ў ліцыйскай[11]. Увогуле, згодна з большасьцю дасьледаваньняў, праанаталійская мова мела наступны інвэнтар галосных гукаў: */i/, */u/, */e/, */o/, */a/. Статус супрацьпастаўленьня галосных паводле даўжыні/кароткасьці зьяўляецца спрэчным, але вядома, што гэты працэс не зьяўляецца захаваным з праіндаэўрапейскіх часоў: гецкая пісьмовасьць па сваёй сутнасьці дазваляе зь цяжкасьцю вызначыць даўжыню галоснага. Нават позьнія тэксты маюць больш кансэрватыўныя й пасьлядоўныя прадстаўленьні гэтых гукаў, існуюць значныя варыяцыі па даўжыні галосных у розных формах аднае й той жа лексэмы. Пры гэтым высоўваліся гіпотэзы, што г.зв. scriptio plena адлюстроўвае ня доўгія галосныя, а, хутчэй, націскныя галосныя, якія засталіся ў спадчыну ад вольнага націску ў праіндаэўрапейскай мове[12]. Інтэрпрэтацыя паводле Карубы прымаецца ня ўсімі лінгвістамі. Паводле Мэлчэрта адзіная функцыя scriptio plena заключалася ва ўказаньні якасьці галосных — згодна з гэтым меркаваньнем, гецкае супрацьпастаўленьне a/ā зьяўляецца спадчынай праанаталійскага, */ā/ ёсьць рэфлексам праіндаэўрапейскіх */o/, */a/, */ā/, праанаталійскае */a/ — праіндаэўрапейскага */a/. Паводле Мэлчэрта падаўжэньне націскных кароткіх галосных у адкрытых складох не магло зьяўляцца рысай праанаталійскай мовы, як і падаўжэньне ў націскным закрытым складзе[3]
Зьнікненьне
рэдагавацьПа заваёвах Аляксандра Македонскага ў Анатоліі пачалася хуткая элінізацыя (засваеньне грэцкай мовы й культуры), у выніку чаго ўсе мовы анаталійскай галіны вымерлі прыкладна ў І ст. да н.э, што робіць анаталійскія мовы першай поўнасьцю мёртвай галіной індаэўрапейскіх моваў. Іншай мёртвай галіной індаэўрапейскай сям’і зьяўляецца тахарская (захад сучаснага Кітаю), мовы якой вымерлі ў VIII ст. н. э. Некаторая колькасьць словаў армянскай мовы верагодна мае анаталійскае паходжаньне, якія былі запазычаныя з гецкай або лювійскай мовы.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Beekes, R S P; Cor de Vaan, Michiel Arnoud. Comparative Indo-European linguistics: an introduction. — 2-е выд. — Amsterdam; Philadelphia: John Benjamins Publishing Company, 2011. — С. 20-22.
- ^ а б в г д Luraghi, Silvia. The Anatolian Languages / Ramat, Anna Giacalone; Ramat, Paolo. — The Indo-European Languages. — Routledge Language Family Descriptions, London; New York: Routledge, 1993, 1998.
- ^ а б Melchert, H Craig. 3 // Anatolian historical phonology. — Leiden studies in Indo-European. — Amsterdam [u.a.]: Rodopi, 1994. — С. 11-12.
- ^ а б Fortson, Benjamin W. Indo-european language and culture: an introduction. — Blackwell textbooks in linguistics, 19 (2-е выд.). — Chichester, U.K.; Malden, MA: Wiley-Blackwell, 2010.
- ^ Melchert, H. Craig. The Position of Anatolian. — 2012.
- ^ а б Payne, Annick. Hieroglyphic Luwian: An Introduction with original Texts. — Subsidia et Instrumenta Linguarum Orientis (2-е выд., абноўленае). — Wiesbaden: Harrassowitz, 2010.
- ^ а б в Keen, Anthony G. Dynastic Lycia: A Political History of the Lycians & Their Relations with Foreign Powers, c. 545-362 BC. — Mnemosyne: bibliotheca classica Batavia. Supplementum. — Leiden, Boston, Köln: Brill, 1992, 1998.
- ^ Adiego, I.J.; Chris Markham. Greek and Carian / Christidis, A.F.; Arapopoulou, Maria; Chriti, Maria. — A History of Ancient Greek From the Beginning to Late Antiquity. — Cambridge University Press, 2007. — С. 759, 761. — ISBN 0-521-83307-8
- ^ Melchert, Craig. Cambridge Encyclopedia of the World's Ancient Languages. — Cambridge University Press, 2004. — С. 601-607.
- ^ Russell D. Gray & Quentin D. Atkinson. Language-tree divergence times support the Anatolian theory of Indo-European origin. — Auckland 1020, New Zealand: Department of Psychology, University of Auckland, Private Bag 92019.
- ^ Craig Melchert. Historical Phonology of Anatolian // Journal of Indo-European Studies, 21. — 1993. — С. 237-257.
- ^ Carruba (1981)
Літаратура
рэдагаваць- Fortson, Benjamin W (2010). Indo-european language and culture: an introduction. Blackwell textbooks in linguistics, 19 (2nd ed.). Chichester, U.K.; Malden, MA: Wiley-Blackwell.
- Keen, Anthony G. (1998) [1992]. Dynastic Lycia: A Political History of the Lycians & Their Relations with Foreign Powers, c. 545-362 BC. Mnemosyne: bibliotheca classica Batavia. Supplementum. Leiden; Boston; Köln: Brill.
- Luraghi, Silvia (1998) [1993], „The Anatolian Languages”, in Ramat, Anna Giacalone; Ramat, Paolo, The Indo-European Languages, Routledge Language Family Descriptions, London; New York: Routledge. (Le Lingue Indoeuropee).
- Mallory, J.P. (1989). In Search of the Indo-Europeans. London: Thames and Hudson Ltd.
- Melchert, H. Craig (2012). „The Position of Anatolian”.
- Patri, Sylvain (2007). L'alignement syntaxique dans les langues indo-européennes d'Anatolie. Studien zu den Bogazkoy-Texten 49. Wiesbaden: Otto Harrassowitz. ISBN 978-3-447-05612-0.
- Payne, Annick (2010). Hieroglyphic Luwian: An Introduction with original Texts. SILO: Subsidia et Instrumenta Linguarum Orientis (2nd revised ed.). Wiesbaden: Harrassowitz.
- Steiner, G. (1990). „The immigration of the first Indo-Europeans into Anatolia reconsidered”. Journal of Indo-European Studies 18: 185–214.
- Баюн Л. С. Хетто-лувийские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: СЭ, 1990.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАнаталійскія мовы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Лювійская пісьмовасьць (анг.), ancientscripts.com
- Лювійскі клінапіс (анг.), MultiTree:A Digital Library of Language Relationships
- Анаталійская галіна моваў (анг.), Linguistics Research Center