Тракі́йская мова — адна з моваў індаэўрапейскае сям’і моваў, у старажытныя часы распаўсюджаная на поўдні Ўсходняй Эўропы ў гістарычным рэгіёне Тракія, які ахопліваў сучасныя Баўгарыю, Паўночную Македонію, эўрапейскую частку Турэччыны, а таксама паўднёвы ўсход сучаснае Румыніі (Дабруджа) і некаторыя часткі Грэцыі й Сэрбіі; была распаўсюджаная сярод гістарычнага этнасу тракійцаў. Раньнім Сярэднявеччам датуецца сьмерць мовы.

Тракійская мова
Арэал тракійскае мовы ў часы яе існаваньня (Duridanov 1985)
Ужываецца ў Тракіі (суч. Баўгарыя, Паўночная Македонія, эўрапейская частка Турэччыны, паўднёвы ўсход Румыніі, пэўныя рэгіёны Грэцыі й Сэрбіі)
Рэгіён Усходняя Эўропа
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
  • Тракійская мова
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Дапаможная мова ў
Коды мовы
ISO 639-1
ISO 639-2(Т) txh
ISO 639-3 txh

Даведзены індаэўрапейскі характар мовы, аднак не ўсталяваная яе дакладная клясыфікацыя сярод індаэўрапейскіх моваў. Як і іншыя падобныя старажытныя мовы Балканскага паўвостраву, тракійская мова часта аб’ядноўваецца пад паняткам палеабалканскія мовы, які не зьяўляецца генэтычным аб’яднаньнем і ўключае толькі шэраг неклясыфікаваных індаэўрапейскіх моваў рэгіёну.

Мова вядомая толькі дзякуючы досыць абмежаванаму корпусу пісьмовых помнікаў, які ўключае ў сябе сэрыю глёсаў у старажытнагрэцкіх крыніцах і некалькі надзвычай кароткіх надпісаў. Граматыка мовы дагэтуль не рэканструяваная, часам да тракійскае мовы адносяць словы няяснай этымалёгіі баўгарскае й румынскае моваў.

Гісторыя

рэдагаваць

Тракійцы згадваюцца ўжо ў часы Гамэра як хаўрусьнікі траянцаў, пазьней сьведчаньні Герадота згадвалі тракійцаў як другі паводле колькасьці народ пасьля індыйцаў. У V ст. да н.э. тракійцам удалося стварыць уласную дзяржаву, якая, аднак ужо ў наступным стагодзьдзі была заваяваная македонцамі. Пачынаючы з ІІ ст. да н.э. Тракію пачынаюць паступова заваёўваць рымляне.

Прыкладна не пазьней за V ст. н.э. большасьць тракійцаў зьведала раманізацыю або элінізацыю (моўную асыміляцыю зь пераходам на лаціну або грэцкую мовы). Іншыя зьвесткі падаюць поўнае выцясьненьне тракійскае мовы на пэрыяд VI ст. н.э., што адбывалася дыялектамі славянаў, якія на той час перасяліліся ў Тракію. У якасьці доказу на карысьць асыміляцыі тракійцаў славянамі, а не ранейшымі грэкамі, разглядаецца тое, што назва баўгарскага Плоўдзіву ўзыходзіць да тракійскага Pulpuldeva, а не да старажытнагрэцкага Φιλιππούπολις[1]. Некаторыя лінгвісты таксама дапускаюць мажлівасьць існаваньня тракійскага субстрату ў румынскай мове.

Клясыфікацыя

рэдагаваць

На цяперашні час агульнапрызнаным зьяўляецца індаэўрапейскі характар тракійскае мовы, аднак не ўсталяванае яе дакладнае месца сярод іншых моваў гэтае сям’і.

Адной з найбольш распаўсюджаных гіпотэзаў клясыфікацыі тракійскае мовы адносна іншых індаэўрапейскіх зьяўляецца гіпотэза аб утварэньні асобнае галіны з тракійскай і дакійскай моваў (апошняя была ў асноўным распаўсюджаная да раманізацыі сучаснае Румыніі й Малдовы на тэрыторыі гэтых сучасных краінаў). Раней таксама ставіліся спробы па выяўленьні асаблівых сувязяў між тракійскай мовай і іншай індаэўрапейскай мовай няяснай клясыфікацыі — фрыгійскай, аднак на цяперашні час гіпотэза аб трака-фрыгійскіх сувязях у асноўным адхіленая[2]. Існуюць таксама гіпотэзы аб паходжаньні тракійскае мовы як даччыннае мовы адносна дакійскай.

Прадстаўленыя таксама гіпотэзы аб трака-ілірыйскіх сувязях і гіпотэзы, паводле якіх тракійская мова зьяўлялася асобнай галіной у складзе індаэўрапейскае сям’і моваў (для параўнаньня, падобная клясыфікацыя прынятая для альбанскае й армянскае моваў). Высоўваюцца гіпотэзы, паводле якіх мяркуецца пра паходжаньне альбанскае мовы з ілірыйскае мовы з тракійскім уплывам або непасрэдна з тракійскай. На думку баўгарскага лінгвіста У. Георгіева, дакійская, тракійская й альбанская мова ўтвараюць уласную галіну ў складзе індаэўрапейскіх моваў[3].

Тым ня менш, у сувязі зь вельмі маленькай ступеньню пісьмовае фіксацыі дакійскай, ілірыйскай і фрыгійскай моваў дадзеныя гіпотэзы зьяўляюцца малаабгрунтаванымі[4][5]. Іншыя пункты гледжаньня адмаўляюць гэтыя гіпотэзы паводле іншых крытэраў: так, гіпотэза трака-ілірыйскіх сувязяў крытыкуецца ў сувязі з мажлівым узаемным уплывам дзьвюх моваў[6].

Пастулююцца сувязі меркаванае трака-дакійскае галіны з альбанскай, старажытнагрэцкай або балтыйскімі[7] мовамі. Прапаноўваліся гіпатэтычныя сувязі тракійскае мовы зь іншай палеабалканскай мовай, пэанійскай, што, аднак, таксама зьяўляецца сумніўным праз слабую зафіксаванасьць апошняй.

Румынскім лінгвістам С. Алцяну была высунутая гіпотэза, паводле якой дакійская й тракійская мова першапачаткова зьяўляліся «кентумнымі» мовамі, пасьля чаго абедзьве мовы зазналі сатэмізацыю[8].

На падставе пэўных паралеляў у тапаніміцы высоўвалася гіпотэза аб збліжэньні з тракійскай мовай балтыйскіх моваў, на карысьць чаго выступаў, у прыватнасьці, Э. Палямэ[9]. Гіпотэзы цесных генэтычных сувязяў між балтыйскімі мовамі й тракійскай, ілірыйскай і шэрагам іншых моваў Балканаў прытрымліваўся савецкі дасьледчык балтыйскіх моваў У. Тапароў[10].

Дасьледаваньне

рэдагаваць

На цяперашні час у распараджэньні дасьледчыкаў знаходзіцца мала сьведчаньняў тракійскае мовы, асноўныя захаваныя пісьмовыя помнікі мовы ўяўляюць сабою кароткія фразы зь некалькіх словаў, дэшыфроўка якіх ня можа быць цалкам дакладнай. Некаторыя з гэтых сьведчаньняў могуць адлюстроўваць уласныя імёны або магічныя формулы[11]. Тракійская мова запісвалася грэцкім альфабэтам, вядомыя лацінскія надпісы пазьнейшых пэрыядаў[12]. Першыя помнікі тракійскае мовы ўзыходзяць да V ст. да н.э., існуе 80-90 глёсаў у Гесыхіюса й Фотыюса, зь якіх блізу 30 лічацца дакладна тракійскімі[5][13].

Захаваныя лексэмы тракійскае мовы сьведчаць на карысьць прыналежнасьці тракійскае мовы да індаэўрапейскае сям’і моваў, пры гэтым у іх складзе тракійская належала да г.зв. «сатэмных» моваў — моваў, у якіх праіндаэўрапейскія палятальныя зычныя далі рэфлексы ў выглядзе сьвісьцячых (да сатэмных індаэўрапейскіх моваў адносяцца, напрыклад, славянскія мовы). Акрамя вышэйзгаданых сьведчаньняў, зьвесткі пра тракійскую мову адшукваюцца дзякуючы асабістым імёнам, тапонімам (у тым ліку аронімам і гідронімам), назвам расьлінаў, імёнам божышчаў і невялікім корпусам лексэмаў, якія прыводзіліся ў старажытнагрэцкіх тэкстах як спэцыфічна тракійскія[14]. Шэраг іншых лексэмаў прасочваецца ў старажытнагрэцкіх тэкстах, дзе гэтыя лексэмы не памянёныя ў якасьці тракійскіх, або празь мясцовыя тапонімы й уласныя імёны. Ніжэй прыведзеныя некаторыя ўзоры тракійскіх лексэмаў, атрыманыя праз уласныя імёны, або знойдзеныя непасрэдна з улікам кагнатаў (роднасных словаў аднаго паходжаньня) іншых індаэўрапейскіх моваў і пералікам субстратных словаў сучасных моваў рэгіёну. Некаторыя з гэтых лексэмаў могуць мець неіндаэўрапейскае паходжаньне.

Зафіксаваная форма Пераклад Этымалёгія Кагнаты
alopekis крышка, вечка
asa бэсійская назва падбелу
aspios, esvas, asbe-, конь PIE *h₁éḱwos санскр. áśva- (тое ж), авэст. aspa, (тое ж), асэт. jäfs, пруск. aswinan «кабылінае малако», лет. ašvíenis «жарабец», дыял. ešvà «кабыла».
bolinthos бык PIE *bʰel-, «набухаць» анг. bull «бык», альб. buall, тое ж (дыскусійна)
bria мястэчка PIE *wriyeh₂ або *gʷer- «моцны» мікенск. rijo «мыс», баўг. рид, тое ж, тах. А. ri, тах. B rīye «мястэчка»; грэц. barus «моцны».
bríloun цырульнік PIE *bʰrī-l- ст.-слав. briti «галіць», ст.-ірл. brissim «разбураю», лац. friare «церці, крышыць», альб. brej, brêj «грызьці», санскр. bhrīn.anti «шкодзяць», лет. briauna «вастрыё [нажа]».
bríza пшаніца, жыта 1) PIE *wrīǵʰ- або *breǵʰ- баўг. brica (назва гатунку зерневай расьліны), санскр. vrīhis «рыс», нарв. brok (назва віду травы).
brynchos назва музычнага інструмэнту PIE *bʰrm-kos стар.-грэц. phórmynx (у эалійскім дыялекце); ст.-ням. brumme «дуда»[15], баўг. brămči «звон», рум. broancă «струнны інструмэнт», лет. braukyti «шчыпаць [струны інструмэнту]»|-
brytos, bryton, brutos, bryttion ячменевае піва PIE *bʰrūto- анг. broth «пахлёбка»; сяр.-верх.-ням. briu, альб. bruz «сіні, блакітны», brumë «цеста», вал. brwd «бровар», лац. defrutum «звараны», стар.-грэцк. apéphrysen «бурліць», санскр. bhurati «дрыжыць».
deiza, disza, diza, dizos умацаванае паселішча PIE *dʰeigʰ- «мясіць гліну» стар.-грэцк. teichos «сьцяна», авэст. daeza (тое ж), анг. dough «цеста».
dinupula, *sinupyla (рэканструяваная форма) дзікі гарбуз лет. šúnobuolas (тое ж), альб. thënukël «кізіл», баўг. dinja «дыня», польск. dynia «гарбуз».
embades боты альб. mbath (тое ж), ст.-верх.-ням. ambahte «староста».
génton мяса PIE *gʷʰento- «біць, рэзаць» лац. fendere «біць, штурхаць», ст.-анг. gūth «баявы», альб. gjuaj «перасьледваць, паляваць», вал. gwannu «закалоць», стар.-грэцк. theínein «біць, забіваць», арм. ganem «б’ю», санскр. hánti «б’е, забівае», hatyá (тое ж), гецк. kuenzi «б’е», ст.-слав. žętva «ураджай, жніво, ужынак», žęteljĭ «жнец».
germe «цёплы» PIE *gʷʰer-, тое ж стар.-грэцк. thermos (тое ж), лац. formus (тое ж), гіндз. gharam «цёплы, гарачы», пэрс. gærm‎ «цёплы», пруск. gorme «цеплыня», альб. zjarm, zjerm (мн. л., дыял.), zjermë, zjarme «агонь», лет. garmėti «акунуцца, апусьціцца».
kalamindar плятан
kemos назва віду фруктовага дрэва
ktistai (мн. л.) людзі ва ўстрыманьні, манахі
manteia шаўкавіца (дыскусійна) ілірыйск. mantía, альб. mandë (гескі дыялект), альб. mën, man «ягада, шаўкавіца».
mendruta мэскі назоў бурака або чамярыцы чорнай
mezēnai (а таксама атрыманае mezēna) «вершнік, конь» адпаведна альб. mëz «жарабя», рум. mânz (тое ж), мэсапск. Menzana.
para, pera, peron мястэчка санскр. pura «места, горад», альб. pjerr «згінаць, схіляць», пруск. pera «сукупнасьць», peroni «грамада», лет. pilis «замак».
rhomphaia дзіда, меч (пазьнейшае) альб. rrufë, rrufeja «пярун, маланка, бліскавіца», баўг. roféja, rufija (дыял., тое ж), лац. rumpere «разьбіваць, ірваць», ст.-анг. reofan (тое ж).
sica назва кароткай колючай зброі, таксама згадваецца як ілірыйская лексэма PIE *sek- «рэзаць» альб. thikë (тое ж, ранейшая рэканструяваная форма — *sica), лац. secula «серп», ст.-анг. sagu «піла», арм. şiş «кінжал, шампур», польск. siekać «сячы», лет. seikėti «мерыць».
skálmē нож, меч PIE *skolmeh₂ ст.-сканд. skalm «нож, кароткі меч», альб. shkallmë «меч, нож».
skárke манэта PIE *skerg- «зьвінець, бражджаць» ст.-сканд. skark «шум», санскр. Sanskrit kharjati «рыпець», лет. skarda «волава».
spinos від камянёў альб. finjë (< пр.-альб. *spinā) «мыльная пена»
titha з выразу Diana Germetitha «Дыяна цеплагрудая» грудзі (некаторыя этымалёгіі) стар.-грэцк. titthos (тое ж), лац. *titia (тое ж), альб. thitha «саскі», баўг. tsitsa (тое ж), рум. ţâţă (тое ж)
torelle плач альб. torrë «глупы» (гескі дыялект)
zalmós, zelmis скура PIE *ḱelm-, *ḱolm- ням. helm «шлем», альб. thelmë «ануча, павязка», лет. šálmas, пруск salmis «шлем», ст.-слав. šlĕmъ (тое ж), санскр. śárman «вечка, крышка»
zeira, zira назва віду вопраткі
zelas віно PIE *ǵʰēlo- ст.-макед. kalithos (тое ж), санскр. hālā (назва віду алькагольнага напою), альб. dhallë «кіслае малако», стар.-грэцк. khális «віно», бел. зельле, рас. зелье (тое ж)
zetraía гаршчок PIE *ǵʰeutr- стар.-грэцк. khútra «міска»
zibythides арыстакратыя лет. žibut «сьветлы», баўг. šibam «біць, хвастаць», альб. thupër, геск.thupën «палка».

Іншай важнай крыніцай тракійскіх лексэмаў лічацца археалягічныя сьведчаньні апісаньняў г.зв. тракійскага вершніка — пэрсанажа тракійскага эпасу, якія адшукваюцца па ўсёй Тракіі. На падставе існых дадзеных, а таксама кагнатаў іншых індаэўрапейскіх моваў, мяркуецца, што ў тракійскай мове значэньне «конь», хутчэй за ўсё, перадавалася словам mezēna (< PIE *mend-); акрамя таго, большасьць дасьледчыкаў тракійскае мовы прыходзяць да высновы аб існаваньні ў мове сынанімічных формаў aspios, esvas, asb-, якія ўзыходзяць да PIE *ekwo і, зыходзячы з адпаведнасьці сьвісьцячага тракійскага праіндаэўрапейскай палятальнай, сьведчаць на карысьць існаваньня ў гэтай мове сатэмізацыі — гэтыя формы атрыманыя праз старажытныя пісьмовыя сьведчаньні Outaspios ды Utaspios, якія, імаверна, зьяўляліся часткай тэкстаў адпаведнае тэматыкі. На падставе праіндаэўрапейскага *ud- і некаторых іншых тракійскіх элемэнтаў фармант Ut- трактуецца са значэньнем «наверх, дагары»[16]. У сваю чаргу, значэньне іншых лексэмаў можа хістацца (напрыклад, дыскусійнае значэньне выразу Germetitha) або не зьяўляцца кагнатамі іншым індаэўрапейскім мовам нягледзячы на зьненшяе падабенства лексэмы.

Сярод захаваных урыўкаў тэкстаў або фразаў у распараджэньні сучасных лінгвістаў знаходзіцца толькі чатыры надпісы, якія могуць быць ідэнтыфікаваныя як тракійскія. Адным з узораў гэтага выразу зьяўляецца выраз, выбіты на залатым кольцы грэцкім альфабэтам, кальцо было знойдзенае ў Баўгарыі ў 1912 годзе й было вырабленае меркавана ў V ст. да н.э. У лацінскай трансьлітарацыі надпіс мае выгляд rolisteneas/nerenea/tiltean/ēsko/ara/zea/domean/tilezupta/miē/era/zēlta, баўгарскім дасьледчыкам Дзімітрам Дэчавым ён быў дэшыфраваны як «Я Ролістэнэас, сын Нэрэнэаса; Тылезыпта, жанчына з Аразіі, пахавала мяне». Пазьней Х. Сьпірыдэсам падзел словаў у сказе быў аспрэчаны: на ягоную думку, парадак словаў складаўся паводле бустрафэдону (старажытнагрэцкі спосаб запісу, калі парадак запісу слова чаргуецца ў залежнасьці ад цотнасьці: напрыклад, першы радок зьлева направа, другі — наадварот) і, такім чынам, прадстаўляў сабою выраз ΡΟΛΙΣ / ΤΕΝΕΑΣΝ / ΛΙΤΑ / ΕΝΕΠΕ / ΤΕΑΝΗΣ / ΚΟΑΜ / ΟΔΑΕΖ / ΑΡΕΑΝ / ΤΙΑ / ΕΖΥΕΗΙ / ΜΑΤΕΡΑ / ΖΗΛΤΑ, які трактуецца як «Места людзей з Тэа, накіраваных да Арэі, вышэйшай жрыцы Кабэйры, якая прывяла нас да Тэа, дзе мы сталі насельнікамі места віна».

Другі надпіс быў знойдзены ў 1965 годзе паблізу вёскі Кёлмэн (паўднёвы ўсход Баўгарыі) і датуецца VI ст. да н.э. Надпіс складаецца з 56 сымбаляў грэцкага альфабэту і верагодна зьяўляецца надпісам з надмагільля. Надпіс трансьлітаруецца як ebar. zesasn ēnetesa igek. a / nblabaēgn / nuasnletednuedneindakatr. s.

Іншы надпіс быў знойдзены ў Дуванлі (цэнтральная Баўгарыя), гэты надпіс таксама выбіты на кольцы й узыходзіць да V ст. да н.э. Надпіс выбіты вакол выявы вершніка, пры гэтым з усяго 21 сымбалю дакладнай ідэнтыфікацыі паддаюцца толькі шаснаццаць. Надпіс мае выгляд ēuziē.....dele / mezēnai і трактуецца як «Вершнік Эўзі абараняе».

Сьведчаньні захаваных тракійскіх пісьмовых помнікаў адлюстроўваюць поўнае захаваньне ў тракійскай мове праіндаэўрапейскіх *i, *e, *a, *u, , , , , і пераход праіндаэўрапейскіх *o, ў a[17].

  1. ^ J. P. Mallory, Douglas Q. Adams. Encyclopedia of Indo-European culture. — London: Fitzroy Dearborn Publishers, 1997. — С. 575-576. — ISBN 9781884964985
  2. ^ C. Brixhe. Ancient languages of Asia Minor. — Cambridge University Press, 2008. — С. 3ff.
  3. ^ Vladimir Gheorghiev. Raporturile dintre limbile dacă, tracă şi frigiană. — Studii Clasice. — 1960 Т. ІІ. — С. 39-58.
  4. ^ Bičovský J. Vademecum starými indoeuvropskými jazyky. — Praha: Nakladatelství Univerzity Karlovy, 2009. — С. 248. — ISBN 978-80-7308-287-1
  5. ^ а б Fortson B. Indo-European language and culture. An Introduction. — Padstow: Blackwell Publishing, 2004. — С. 404.
  6. ^ Hemp, Georgiev, et al.
  7. ^ Holst (2009):66.
  8. ^ Olteanu S. The TDM Palatal.
  9. ^ Polomé, Edgar Charles. 1 // Balkan Languages (Illyrian, Thracian and Daco-Moesian). — Cambridge Ancient History. — 1982 Т. ІІІ.
  10. ^ Топоров В. Н. Балтийские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: 1990. — С. 64.
  11. ^ Olteanu et al.
  12. ^ Bičovský J. Vademecum starými indoeuvropskými jazyky. — Praha: Nakladatelství Univerzity Karlovy, 2009. — С. 249. — ISBN 978-80-7308-287-1
  13. ^ J. P. Mallory, Douglas Q. Adams. Encyclopedia of Indo-European culture. — London: Fitzroy Dearborn Publishers, 1997. — С. 576. — ISBN 9781884964985
  14. ^ Duridanov, Ivan. The Language of the Thracians.
  15. ^ Hermann Fischer, Adelbert von Keller, Wilhelm Pfleiderer. Schwäbisches Wörterbuch. — H. Laupp, 1994.
  16. ^ Georgiev, Olteanu et al.
  17. ^ Дуриданов И. Езикът на траките. — София: Наука и изкуство, 1976. — С. 24.

Літаратура

рэдагаваць
  • Crossland, R. A.; Boardman, John. 3 // Linguistic problems of the Balkan area in the late prehistoric and early Classical period. — The Cambridge Ancient History. — Cambridge University Press, 1982. — Т. 1. — ISBN 978-0-521-22496-3
  • I. I. Russu. Limba Traco-Dacilor. — Bucharest: 1967-1969.
  • J. H. Holst. Armenische Studien. — Wiesbaden: 2009.
  • Paul Kretschmer. Glotta // Zeitschrift für griechische und lateinische Sprache. — 1915. — № 7.
  • Polomé, Edgar Charles. 1 // Balkan Languages (Illyrian, Thracian and Daco-Moesian). — Cambridge Ancient History. — 1982 Т. ІІІ.
  • V. I. Georgiev. Introduction to the History of the Indo-European Languages. — Sofia: 1981.
  • V. I. Georgiev. The Genesis of the Balkan Peoples // The Slavonic and East European Review. — 1966. — В. 44. — № 103.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць